Авары

АВАРЫ (грэч. Avapoi; лац. Avares), старажытны, верагодна, цюркамоўны народ. Цалкам або часткова авары атаясамліваюць з жужанямі (кітайскія жуань-жуані), якія былі вядомы ў Цэнтр. Азіі, дзе ў сяр. 5 ст. ўтварылі дзяржаву. У 552-555, пад час стварэння Цюркскага каганата, яе разграмілі цюркі-паўстанцы на чале з родам Ашына. Частка авар пазбегла знішчэння і пайшла на захад, далучаючы да сабе інш. плямёны. Верагодна, гэтае аб'яднанне ў 558 уварвалася ў Паўн. Прычарнамор'е і пакарыла некаторыя мясцовыя, у асноўным качэўніцкія, групоўкі. Паводле сцвярджэння пасольства цюркаў у Канстанцінопалі, еўрапейскія авары - разнароднае аб'яднанне, якое толькі ўзяло сабе грознае імя азіяцкага народа.

У Еўропе авары па згодзе з Візантыяй разграмілі протабалгарскае аб'яднанне утыгураў, якое панавала ў Паўночным Прычарнамор'і (каля 560), ваявалі з франкамі (562 і 566); у саюзе з лангабардамі разграмілі і захапілі каралеўства гепідаў на прытоку Дуная Цісе і, паводле дагавору, занялі землі лангабардаў, якія пайшлі ў Італію, на правабярэжжа Сярэдняга Дуная (567-568). Так быў створаны Аварскі каганат [1-ы каган - Баян; адны з апошніх кіраўнікоў, хрысціўшыся, мелі імёны Феадор (упамянуты ў 805) і Аўрам; інш. - невядомы], які кантраляваў большую частку Карпацкай катлавіны, падпарадкаваўшы мясцовыя германскае, раманізаванае, славянскае і інш. насельніцтва. Пасля каганат пачаў экспансію супраць Візантыі, захапіў стратэгічна важны г. Сірмій (582), у пач. 7 ст. на некаторы час устанавіў кантроль над часткай Далмацыі. Выкуп, які ён атрымліваў ад Візантыі, дасягаў 120 тыс. солідаў у год. Істотную ролю ў гэтых поспехах адыграла эфектыўнасць ваеннай арганізацыі і рыштунку авараў (у т.л. прынесеных імі ў Цэнтр. Еўропу жалезных страмён), мабілізацыя імі сіл падпарадкаваных груповак. Канец аварскай экспансіі быў пакладзены паражэннем аб'яднанай арміі на чале з аварамі ад візантыйцаў пад Канстанцінопалем у 626. Знешнепалітычныя няўдачы, унутраныя спрэчкі 630-х г., паўстанні славян (у т.л. на чале з Само ў 623) сталі прычынай крызісу і перабудовы структуры каганата, што завяршылася ў к. 7 ст. У знешняй палітыцы праводзілася асваенне паўночных далін Карпацкай катлавіны, занятых у асноўным славянамі. Войны франкаў Карла Вялікага (першы паход у 791), балгар хана Крума, славянскіх аб'яднанняў у к. 8 - пач. 9 ст. прывялі да разгрому каганата авар. Апошняе ўпамінанне аб аварскіх паслах адносіцца да 822. У Вярдэнскім дагаворы (843) згадваецца "каралеўства авар", якое належала наследнікам Карла. Паўд.-ўсх. землі каганата ўвайшлі ў склад Балгарскага царства, на некаторых тэрыторыях узніклі славянскія палітычныя аб'яднанні, з якіх частка пазней увайшла ў Вялікую Маравію. З канца 10 ст. практычна ўсе землі, што некалі ўваходзілі ў каганат авар, падпарадкавалі венгры і ўтварылі тут сваё каралеўства. Памяць пра авар ("обраў") як мучыцеляў і волатаў, пакараных багамі за гордасць і бясследна загінуўшых, доўгі час захоўвалася ў славянскіх паданнях (напр., у "Аповесці мінулых гадоў"). Сведчаннем цесных кантактаў авар са славянамі з'яўляюцца знаходкі асобных рэчаў аварскага кола на гарадзішчах Верхняга Падняпроўя ў Беларусі (Вежкі, Нікадзімава) і інш.

Авары
Авары. Перыядызацыя раменных гарнітураў, завушніц, паказальныя тыпы зброі. Познааварскі перыяд (ПА), фазы па матэрыялах могільніка Леаберсдорф (паводле Ф.Дайма). Сярэднеаварскі перыяд, позняя фаза па матэрыялах могільнікаў Дэндыяш і Мёдлінг (СА2), ранняя - па "княжацкім" пахаванні Кунбабонь(САІ). Раннеаварскі перыяд (PA) па матэрыялах могільніка Кёлькед-Фекетэкапу 1 і пахаваннях з манетамі к.6 - пач. 7ст.

Археалагічныя помнікі, пакінутыя аварамі і падпарадкаванымі імі народамі ў Сярэднім Падунаўі, прадстаўлены ў асноўным грунтавымі могільнікамі. Раскапана больш за 50тыс. пахаванняў, у асноўным па абраду трупапалажэння (трупаспаленні на зах. і паўн. перыферыі нешматлікія і звязаны з некаторымі групамі славян), вядомы пахаванні з канём ці чучалам каня і з інш. рознакультурнымі ці лакальнымі асаблівасцямі. Некаторыя пасяленні авар узніклі на месцы больш ранніх (у т.л. антычных). Вывучаліся селішчы з паўзямлянкамі, шматлікімі гаспадарчымі ямамі і інш. пабудовамі, у т.л. з адрэзкамі равоў (адна з інтэрпрэтацый - загоны для жывёлы); вядомы металургічныя печы, калодзежы. Вылучаюць 3 перыяды з дзяленнем на фазы (суіснуюць некалькі храналагічных схем, якія адрозніваюцца дэталямі). Помнікаў раннеаварскага перыяду (каля 568-620/640) вядома параўнальна нямнога. яны гетэрагенныя ў культурных адносінах: адметнасцю з'яўляюцца своеасаблівыя паясы з радам падвешаных рамяшкоў і гладкімі наканечнікамі, паказальны шэраг рэчаў візантыйскага і германскага кола. Вылучаюць асобую "культуру Кестхей" (асн. цэнтр назах. узбярэжжы воз. Балатан) з характэрнымі жаночымі ўпрыгажэннямі, што маюць аналагі ў Адрыятыцы; у розных формах праіснавала да познааварскага часу. Помнікаў сярэднеаварскага перыяду (каля 620/640 - 690/710) больш; з ix раннія (у т.л. "княжацкія" тыпу Боча, Кунбабонь, багатыя пахаванні рамеснікаў тыпу Фелнак, Кунсенмартон і інш.) шэраг даследчыкаў адносіць да позняй фазы раннеаварскага перыяду, працягваючы яго да 650/670-х г. У гэты час афармляюцца і некаторыя спецыфічныя для каганата авар стылі рэчаў; у позніх комплексах з'яўляюцца шаблі, страмёны з прамой падножкай і інш. Інавацыі ў асн. у воінскай культуры (менавіта іх шэраг венгерскіх даследчыкаў пачынаючы з І.Боны адносяць да сярэднеаварскага перыяду, але гіпотэза аб сувязі гэтых помнікаў з міграцыяй балгар Кувера цяпер практычна не мае прыхільнікаў). Помнікі познааварскага перыяду (у асн. 8 ст.; падзяляюць на 3-4 фазы) найбольш шматлікія, але і найбольш уніфікаваныя (хаця лакальныя групы вылучаюць і сярод іх); асабліва паказальныя літыя раменныя гарнітуры ў стылі "грыфа" і "расліннага парастка". Гіпотэза Д.Ласла, які звязваў гэтыя і інш. інавацыі са з'яўленнем пасля заваявання Арпадаў новага (уграмоўнага) насельніцтва, што вызначыла мову венграў Падунаўя, у сучасных даследаваннях не падтрымліваецца. Захаваліся нямногія руны авар. Найбольш познія помнікі - самыя скупыя; вылучэнне аварскіх старажытнасцей 9 ст. лічыцца спрэчным.

І.А.Гаўрытухін.

Літаратура:

  • Свод древнейших письменных известий о славянах. Т. 1-2. М., 1991-1995;
  • Гавритухин И.О. Хронология "среднеаварского" периода // Степи Евразии в эпоху средневековья. Донецк, 2002. Т. 2;
  • Дайм Ф. История и археология авар // Материалы по археологии, истории и этнографии Таврии. Симферополь, 2002. Вып. 9;
  • Яго ж. Авары и Византия. Исторня любви и ненависти // Там жа. Симферополь, 2008. Вып. 14;
  • Pohl W. Die Awaren. Ein Steppenfolk in Mit¬teleuropa. 567-822 n. Chr. München, 1988; Awarenfor-schungen. Bd. I-II. Innsbruck, 1992;
  • Caram Ё. Das awarenzeitliche Gräberfeld von Tiszafüred. Cemetries of the Avar Period (567-829) in Hungary 3. Budapest, 1995;
  • Reitervölker aus dem Osten: Hunnen+Awaren. Eisenstadt. 1996;
  • Kiss A. Das awarenzeitlich gepidesche Gräberfeld von Kölked-Feketekapu A. Studien zur Archäologie der Awaren 5. Innsbruck. 1996;
  • Szentpdteri J. Archäo-logishe Denkmäler der Awarenzeit in Mitteleuropa. Bd. 1-2. Budapest, 2002; Antaeus. Vol. 29-30. Budapest, 2008.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.