Арнаментацыя керамікі

Арнаментацыя керамікі, аздабленне керамічных вырабаў (посуду, кафлі) арнаментам, выкананым у розных тэхніках - гравіравання (рыфлення), глянцавання, рэльефу, роспісу. Гравіраванне (рыфленне) - тэхніка заглыбленага дэкарыравання сырых ці злёгку падсушаных вырабаў наколваннем, прадрапваннем арнаменту з дапамогай драўляных кіёчка, нажа ці пласціны, грабеньчыка, драцяной пятлі ці скрабка. Вядома з часоў неаліту (самы старажытны спосаб арнаментацыі керамікі). Неалітычная кераміка аздоблена гарызантальнымі, вертыкальнымі, дыяганальнымі кампазіцыямі на 2/з ці па ўсёй паверхні начыння. У бронзавым веку арнаментавалі верхнюю трэць гаршка. Асноўным арнаменцірам таго часу былі шнур (наносілі шнуравы, "вусеневы" і ружанцовы арнамент) і лінейны штамп (рабілі кампазіцыі на аснове трохкутнікаў), хаця працягвалі выкарыстоўваць грабеньчык і кіёчкі. З вынаходніцтвам ручнога ганчарнага круга кардынальна змяніўся спосаб нанясення арнаменту: яго пачалі наносіць на рухомы посуд статычным арнаменцірам. У 10- 11 ст. на раннеганчарную кераміку ў тэхніцы гравіравання наносілі суцэльны лінейны арнамент кіёчкам ці драўлянай пласцінай; у 12 ст. таксама хвалісты арнамент тымі жа інструментамі і пазногцямі; у 15-16 ст. шматраднае рыфленне і хвалісты арнамент - грабеньчыкам (Гродна). Тэхніку рыфлення (пераважна хвалісты арнамент) выкарыстоўвалі і пры аздабленні керамікі, зробленай на нажным крузе. Разнавіднасць гравіравання - А.к. з дапамогай рэльефнага штампа-пячаткі - інструмента з дрэва, косці ці гліны рознага памеру і формы, які меў заглыблены арнамент на рабочай паверхні. У 12 ст. такі арнаменцір выкарыстоўвалі для нанясення рэльефнага (заглыбленага) дэкору на керамічны посуд (Гродна), цагліны (Мірскі замак), пячныя дугі (Полацк). З дапамогай корбу (валіка з дрэва ці косці з выразаным на ім геаметрычным арнаментам) наносілі штампаваны арнамент на паліваны і дымлены посуд к. 16 - сяр. 17 ст. ў тэхніцы накату (т.зв. карбоўка); часам пакрывалі паліваю. Гэты спосаб быў распаўсюджаны на тэрыторыі ВКЛ. Глянцаванне - спосаб механічнай апрацоўкі спецыяльным інструментам (крамушкай) з косці ці крэменя паверхні тэракотавых ці дымленых начынняў з тэхналагічнымі (ушчыльненне паверхні і памяньшэнне вільгацепранікальнасці) і дэкаратыўнымі (на вырабах з'яўляўся бляск) мэтамі. З часоў неаліту вядомы першыя тэракотавыя глянцаваныя вырабы. Іх паверхню старанна выглянцоўвалі пры падрыхтоўцы гаршкоў да арнаментацыі (разнавіднасць паліроўкі). Глянцаванне надымленай кераміцы вядома з жалезнага веку ў плямёнаў паморскай і асабліва зарубінецкай культур (пахавальная кераміка). Адзначана ў 2-й чв. 1-га тыс. ў плямёнаў вельбарскай і кіеўскай культур (цэнтр. і зах. Палессе ў Беларусі), пасля чаго знікла. Аднавілася толькі з 2-й пал. 17 ст. на дымленай кераміцы заходняга Палесся, Панямоння, Падняпроўя. Для розных відаў посуду былі выпрацаваны свае арнаментальныя сістэмы, якія захоўваліся да 2-й пал. 20 ст. ў пружанскай кераміцы. Рэльефны арнамент на посудзе вядомы з часоў жалезнага веку ў выглядзе наляпных валікаў, зашчыпаў, гафрыраваных вянцоў. Валікамі прамавугольнай формы і з пальцавымі адбіткамі ўпрыгожвалі макотры ў 15-16 ст. (Віцебск, Мірскі замак). Наляпнымі шышачкамі аздаблялі паліваныя збаны к. 16 ст. на Падняпроўі (Магілёў, Крычаў). Рэльефны арнамент найбольш распаўсюдзіўся ў кафлярстве (каробчатая кафля к. 15 ст.). Роспіс па сырым чарапку ці па ангобным фоне з дапамогай ражка распаўсюдзіўся ў к. 16 - сяр. 17 ст., пэндзлем - у к. 17-18 ст. Адрозніваюць суцэльны адвольны роспіс белым ангобам па чырвоным ці чырвоным па белым вырабе), а таксама контурны роспіс белым ангобам з наступным запаўненнем малюнка падфарбаваным ангобам. Апошняя тэхніка імітавала роспіс маёліка- вага посуду вокісламі металаў. У тэхніцы фляндроўкі (адмысловай разнавіднасці роспісу), нанесенай эмалямі, рабілі керамічныя пісанкі ў 12 ст.

Літаратура:

  • Исаенко В.Ф. Неолитическая керамика Полесья // Беларускія старажытнасці. Мінск, 1972;
  • Здановіч Н.І., Трусаў А.А. Беларуская паліваная кераміка XI-XVIII стст. Мінск, 1993.

Н.І.Здановіч.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.