Адзенне

АДЗЕННЕ, штучнае покрыва цела чалавека; у шырокім сэнсе ўключае галаўныя ўборы, абутак і інш. Агульны выгляд адзення залежыць ад прыродна-кліматычных умоў, відаў і спосабаў гаспадарчай дзейнасці, нацыянальных традыцый, узроўню развіцця вытворчых сіл, маёмасна-прававых адносін, этычных поглядаў і патрабаванняў. Выконвае эстэтычную, магічную і абрадавую функцыі. Мае адрозненні ў залежнасці ад полу, узросту, сямейнага становішча, саслоўнай, этнічнай і рэлігійнай прыналежнасці, роду заняткаў і службовага становішча. Паводле археалагічных даследаванняў адзенне са скур звяроў вядома з часоў палеаліту. У эпоху неаліту пачалі вырабляць вопратку з тканіны. Па знаходках упрыгажэнняў даследчыкі мяркуюць, што адзенне прадстаўнікоў днепра-дзвінскай і штрыхаванай керамікі культур нагадвала балцкі і зах.-еўрап. (гальштацкі) касцюм, мілаградскай культуры - касцюм скіфаў. З 9-13 ст. захаваліся рэшткі льняных, пераважна белых, пяньковых, шарсцяных (гарады Заслаўе, Мінск, Полацк, вёскі Псуя і Чарневічы Глыбоцкага, Сакольнікі Віцебскага раёнаў) і шаўковых (гарады Гродна, Давыд-Гарадок, Мінск) розных колераў тканін. У эпоху сярэдневякоўя асноўным прадметам адзенне была тунікападобная кашуля. Мела круглы, чатырохвугольны або косы выраз каўняра, які аздабляўся вышыўкай ніткамі, пацеркамі, бронзавымі пранізкамі (г. Браслаў, в. Кублішчына Міёрскага раёна) або тасьмой (г. Гродна). Кашулі часта зашпільваліся фібуламі, гузікамі, завязваліся шнурком. Знойдзены жаночыя кашулі са стаячым шаўковым каўняром з вышыўкай (в. Лісна Верхнядзвінскага р-на). Доўгая кашуля жанчын дапаўнялася спадніцай, панёвай, андаракам, пашытымі з 3-6 полак, часта адкрытымі спераду альбо збоку, з рознакаляровай даматканай шарсцяной ці паўшарсцяной тканіны ў клетку або палоску. У мужчын кашуля спалучалася з порткамі. Верхняе адзенне (світы, плашчы, вілайнэ, кажухі, футры) насілі і мужчыны, і жанчыны. Яго шылі з цёплай тканіны або з аўчыны (кажухі) жоўта-карычневага, вохрыста-цаглянага, зрэдку белага колеру (г. Заслаўе, в. Чаркасова Аршанскага раёна). На поўдні і ў цэнтральнай частцы Беларусі мужчыны і жанчыны насілі наплечныя пакрывалы з шарсцяной і льняной клятчастай сіняй альбо цёмна-карычневай тканіны; па краях іх упрыгожвалі бронзавымі спіральнымі пранізкамі, вышыўкай, махрамі. Адзенне заўсёды падвязвалася поясам з тканіны, плеценым, скураным са спражкамі або фібуламі.

Упрыгажэнні на адзенні мелі этнічныя адрозненні: крывічанкі насілі бранзалетападобныя, радзімічанкі - сяміпрамянёвыя, дрыгавічанкі - пярсцёнкападобныя з зярнёнымі меднымі паперкамі скроневыя кольцы. Знаць шыла вопратку з больш дарагіх, часта прывазных тканін, упрыгожвала яе вышыўкай залатымі ніткамі, каштоўнымі камянямі. Доўгія рукавы жаночых кашуль сцягвалі бранзалетамі. Паверх кашулі апраналі кароткую сукенку з шырокімі кароткімі рукавамі, падпяразаную залататканым поясам. Зверху пакрываліся доўгім плашчом, які зашпільваўся на правым плячы.

Л.У.Дучыц.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.