Арбалет

Арбалет [франц. arbalete, позналац. arcubalista ад arcus (лук) + balista кідальная зброя], ручная кідальная зброя далёкага бою. Складаўся з лука, прымацаванага да ложа, прыстасавання для ўтрымання цецівы ў нацягнутым стане і спускавога механізму. Першыя згадкі аб выкарыстанні арбалета паходзяць з Грэцыі (4 ст. да н.э.). У 3-5 ст. іх прымянялі ў рымскім войску. У сярэдневяковай Еўропе арбалет распаўсюджваецца з 11 ст. пасля першых крыжовых паходаў. Першапачаткова нацягванне арбалета ажыццяўлялася ўручную. У 13 ст. сталі выкарыстоўваць адмысловыя прыстасаванні: нацяжны крук, "казіная нага", калаўрот, якія павялічвалі сілу нацяжэння арбалета, што зрабіла магчымым пераход да больш магутных лукаў, у т.л. з рога ці сталі. Прабіўная здольнасць стралы (балта), выпушчанай з дасканалага арбалета, была вышэйшай, чым у звычайнага лука, аднак па хуткастрэльнасці арбалет, асабліва са складаным нацяжным механізмам, саступаў луку ў некалькі разоў. У Беларусі арбалеты з'яўляюцца ў к. 12 - пач. 13 ст. ў выніку кантактаў з крыжакамі. Былі вядомыя пад назвамі баліста, самастрэл, куша. Да к. 14 ст. арбалет выступае як тыловая зброя воінаў ВКЛ. Ён ужываўся пешымі і коннымі воінамі, у адкрытым баі, абароне і здабыванні ўмацаванняў, як ручная зброя і ў якасці цяжкіх кідальных машын. Апошнія згадванні аб ужыванні арбалетаў ў ВКЛ прыпадаюць на пач. 16 ст. У далейшым яны выходзяць з баявога ўжытку. У археалагічным матэрыяле дэталі арбалета. прадстаўлены ў асноўным элементамі спускавых механізмаў. У пласце 15 ст. Мсціслаўскага замчышча выяўлены 2 простыя спускавыя куркі-рычажкі. У познасярэдневяковых пластах Гродна (14 ст.) і Брэста (15 ст.) знойдзены касцяныя шайбы - "арэхі", якія ўтрымлівалі цеціву ў напятым стане. Нацяжны крук з падвоенай асновай, на якой маюцца 2 адтуліны для мацавання да пояса, знойдзены ў Лідскім замку; датуецца 14 ст.

Арбалет
Арбалет (1), цэнтральнаеўрапейскі арбалет з прыстасаваннем для нацяжэння (нямецкі калаўрот), к. 15 ст. (2), канструкцыя спуско¬вого механізму (3), "арэхі" (4-5, Брэст), касцяная накладка (6, Брэст), спускавыя куркі-рычажкі (7-8, Мсціслаў), балты (9-11, Мінск), паясны нацяжны крук (12, Ліда).

Літаратура:

  • Бохан Ю.М. Вайсковая справа ў Вялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV - канцы XVI ст. Мінск, 2008.

Ю. М. Бохан, М. А. Плавінскі.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.