Абпальванне

АБПАЛЬВАННЕ керамікі, спосаб апрацоўкі ганчарных вырабаў. У Беларусі вядома з эпохі неаліту. Найбольш старажытны спосаб абпальвання керамічнага посуду - на адкрытым агні (на паверхні зямлі ці ў ямах рознай глыбіні). Старажытны посуд абпальваўся ў акісляльным і аднаўленчым газавым асяроддзі. Бурая афарбоўка чарапка сведчыць пра абпальванне ў акісляльным (з доступам кіслароду) асяроддзі, цёмна-шэрая і чорная - у аднаўленчым (без доступу кіслароду; найбольш старажытны спосаб). Аднаўленчы абпал патрабуе больш нізкіх тэмператур, патрабаванні да якасці паліва таксама менш строгія. Пры такім спосабе абпальванне маглі выкарыстоўваць аднакамерныя закрытыя прыстасаванні (простыя печы ў паглыбленнях і інш.), якія нельга зафіксаваць археалагічным метадам. Для атрымання цёмнага чарапка таксама ўжываліся розныя тэхналагічныя прыёмы (задымленне і інш.). Даволі часта чарапок мае двухколерную афарбоўку, якая ўзнікае ў нявытрыманым газавым асяроддзі, часта пры абпальванні на вогнішчах. Тэмпературы абпалу глінянага посуду пры гэтым знаходзіліся ў дыяпазоне 500-850 °С. У апошняй чв. 1-га тыс. н.э. на тэрыторыі Беларусі стаў распаўсюджвацца пячны абпал глінянага посуду. Тэмпературы абпальвання ў пячах таксама не перавышалі 850 °С. Толькі з 16-17 ст. посуд сталі абпальваць у спецыяльных горнах пры тэмпературы да 1000 °С і вышэй.

Н.М.Дубіцкая.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.