Антрапасацыягенез

АНТРАПАСАЦЫЯГЕНЕЗ (ад грэч. anthropos чалавек + лац. societas грамадства + грэч. genesis паходжанне), паходжанне чалавека і грамадства; раздзел антрапалогіі. Праблема антрапасацыягенеза разглядаецца як прыватнае пытанне біялагічнай эвалюцыі, якая адлюстроўвае гістарычнае развіццё жывой прыроды, уключае змяненні генетычнага складу папуляцый, фарміраванне адаптацый, утварэнне і выміранне відаў, пераўтварэнне біягеацэнозаў і біясферы ўвогуле. Выдзяляюць біялагічную эвалюцыю чалавека - фарміраванне марфалагічных асаблівасцей чалавека (прамахаджэнне, развіццё рукі як органа працы, развіццё мозга з цэнтрамі членараздзельнай мовы) і сацыягенез - станаўленне грамадскіх адносін, характэрных для чалавека (паходжанне форм грамадскай свядомасці, выяўленчага мастацтва, сям'і і інш.).

Тэорыя эвалюцыі была сфармулявана Ч.Дарвінам у 1859 у працы "Паходжанне відаў" на падставе ўскосных доказаў блізкасці жывёл і чалавека - рудыментарных органаў і атавізмаў, падабенства псіхічнай дзейнасці чалавека і вышэйшых чалавекападобных малпаў. Пазней яна была пацверджана прамымі доказамі - выкапнёвымі знаходкамі, паводле якіх будуецца эвалюцыйны рад ад ніжэйшых і вышэйшых прыматаў да чалавека. У далейшым рознымі навукамі - генетыкай, малекулярнай і агульнай біялогіяй, палеанталогіяй, геалогіяй і антрапалогіяй - атрыманы дадзеныя, якія дазваляюць лічыць эвалюцыйную тэорыю неабвержным фактам.

Да першапачатковай фазы папярэдніка чалавека аднеслі дрыяпітэкаў - высокаразвітых выкапнёвых малпаў, якіх большасць даследчыкаў лічыць агульнымі продкамі гарылы і шымпанзе. Яны не маюць прамых адносін да лініі сучаснага чалавека, але іх блізкасць абумоўлена асаблівым этапам развіцця, які прайшлі ўсе сучасныя антрапоіды і чалавек. У міяцэне дрыяпітэкі і блізкія да іх формы былі шырока распаўсюджаны на тэрыторыі Еўропы, Каўказа, Азіі, Афрыкі, Індыі і Пакістана. У тых жа месцах былі знойдзены астанкі рамапітэкаў (жылі 10-14 млн. гадоў таму), якіх пачалі лічыць папярэднікам чалавека. Сярод іх выдзяляюць 2 лініі - рамапітэкаморфных, звязаных у большай ступені з азіяцкім кантынентам (у вышку іх развіцця з'явіліся азіяцкія чалавекападобныя - арангутаны і гібоны), і дрыяпітэкаморфных, больш распаўсюджаных у Афрыцы (далі пачатак развіццю афрыканскіх чалавекападобных малпаў і чалавека). У біялагічнай эвалюцыі чалавека выдзяляюць паслядоўныя этапы: аўстралапітэкаў (з'явіліся ў канцы міяцэна, звыш 5 млн. гадоў назад; у т.л. Homo habilis - чалавек умелы, каля 3 млн. гадоў назад), з якімі звязваюць пачатак сямейства чалавека і з'яўленне прамахаджэння; архантрапаў (Homo erectus - чалавек прамаходзячы, каля 1 млн. 200 тыс. гадоў назад), самых старажытных жыхароў Еўропы; палеаантрапаў (жылі больш за 100-35 тыс. гадоў назад); сучаснага чалавека (Homo sapiens - чалавек разумны; з'явіўся больш за 50 тыс. гадоў назад). Найбольш важныя фактары антрапасацыягенеза - прыстасаванне (адаптацыя) да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя праз працоўную дзейнасць і пераход ад расліннай ежы да мясной. Гэтыя змены ў паводзінах былі выкліканы пагаршэннем умоў існавання ў ледавіковую эпоху.

Развііццё грамадства (сацыягенез) адбывалася разам з біялагічнай эвалюцыяй чалавека. Першыя прылады працы паявіліся на стадыі чалавека ўмелага. Мова як сродак зносін людзей сфарміравалася на стадыі архантрапа. На стадыі палеаантрапаў пачалі фарміравацца ідэалагічныя ўяўленні, а таксама выявіліся культ, адрозненні - аснова сучасных этнічных адметнасцей, якія прасочваліся ў асаблівасцях вырабу прылад працы.

На тэрыторыі былой СССР стаянкі верхнепалеалітычнага чалавека, які жыў каля 30 тыс. гадоў таму, выявлены ва Украіне, Беларусі, Расіі, на Каўказе, Паміры, Сярэдняй Азіі, у басейнах рэк Кама, Індзігірка, Пячора, Дзясна, на Камчатцы. Неаантрапы знешне ўяўлялі сабой розныя расавыя тыпы. Тэрыторыя Беларусі пачала засяляцца ў палеаліце чалавекам неандэртальскай стадыі, пра што сведчаць археалагічныя стаянкі Бердыж і Юравічы. Пасля адступлення ледніка ў эпоху мезаліту тэрыторыя Беларусі канчаткова засялялі краманьёнцы - людзі сучаснага тыпу.

Літаратура:

  • Бунак В.В. Род Homo, его возникновение и последующая эволюция. М., 1980;
  • Джохансон Д., Иди М. Люси: истоки рода человеческого. М. 1984; Дерягина М.А. Эволюционная антропология. М., 1999;
  • Бахолдина В.Ю. Происхождение человека: находки, термины, гипотезы. М, 2004;
  • Зубов А.А. Палеоантропологическая родословная человека. М., 2004; Доисторический человек: биол. и социал. аспекты. М., 2006;
  • Тегако Л.И., Марфина О.В. Основы антропологии. Минск, 2008;
  • Значение молекулярно-генетического исследования мезмайского неандертальца для палеоантропологии и генетики // Вестн. Московского ун-та. 2009. № 1.

Л.І.Цягака.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.