Абразок

АБРАЗОК, іконка, выява аднаго або некалькіх святых у выглядзе партрэта. На тэрыторыі Беларусі вядомы з часоў прыняцця хрысціянства. Выраблялі з каменю, металу, косці. Насілі ў асноўным на шыі, радзей - у мяшэчках. Знойдзены ў час археалагічных раскопак у Ваўкавыску, Мінску, Навагрудку, Пінску, Полацку, Тураве і інш. На каменным абразку з Полацка (сяр. 12 ст., памер 62 х41 мм) рэльефная выява імператара Канстанціна і імператрыцы Алены, якія трымаюць перад сабой 8-канцовы крыж. Абразок Спаса Эмануіла знойдзены ў Пінску, выява святога нагрудная, выканана ў высокім рэльефе. На каменным абразку з замчышча ў Мінску (к. 12 - 1-я пал. 13 ст.) святыя Мікола і Стафан выкананы на ўвесь рост, над імі - паясная выява Спаса Эмануіла з распасцёртымі рукамі. На падвесным бронзавым абразку з Копысі выявы ў рост Барыса і Глеба. Пласцінка ад трыпціха з Ваўкавыска (12 ст.) зроблена з косці, на ёй змешчаны 3 нагрудныя выявы: зверху архангел Гаўрыіл або Міхаіл, пасярэдзіне, магчыма, Пётр, унізе - Юрый ці Пракопій; на адваротным баку - рэльефны 4-канцовы крыж з медальёнам на перакрыжаванні. У Мінску на замчышчы знойдзены двухбаковы серпенцінны абразок (12-13 ст.): на адным яго баку паясная выява Маці Божай, на другім - апостала Пятра. З Турава вядомы 4 авальныя абразкі (13 ст.) з алавяна-свінцовага сплаву, якія, магчыма, выкарыстоўваліся для ўпрыгожвання буйных прадметаў рэлігійнага культу. На адным з іх - Маці Божая, на другім - святы з раздвоенай барадой і кнігай у руках; на думку некаторых даследчыкаў, гэта відарыс Кірылы Тураўскага.

В.Г.Пуцко, Г.В.Штыхаў.

Літаратура:

  • Старажытныя скарбы Беларусі. Мінск, 1971; Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1. Мінск, 1987.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.