Адбіткі зярнят

АДБІТКІ ЗЯРНЯТ, рэшткі раслінных дамешак у кераміцы часоў неаліту, бронзавага і ранняга жалезнага вякоў. Вывучэнне ляпной керамікі з мэтай ідэнтыфікацыі ўключэнняў насення раслін з дапамогай метадаў біялагічных навук - адзін з накірункаў археабатанікі. Ганчары наўмысна падсыпалі ў глінянае цеста, падрыхтаванае для лепкі посуду, разнастайныя арганічныя дамешкі, у т.д. расліннага паходжання. У раннім жалезным веку ў якасці штучных абястлушчвальнікаў выкарыстоўвалі зерне збожжавых-мяккай альбо цвёрдай пшаніцы, ячменю, проса, з бабовых - гароху і бобу. Разам з насеннем культурных раслін у фармавое цеста трапляла і пустазелле. Яно прадстаўлена адбіткамі мяшэя зялёнага і нізкага, жыта, куколю звычайнага, драсёна звычайнага і павойнага. У працэсе абпалу ляпнога посуду на звычайным вогнішчы пры тэмпературы 450-750 °С зярняты выгаралі, утвараючы пустоты-адбіткі. Уключэнні зярнят у посудзе насельніцтва мілаградскай культуры складаюць 0,5-2,5% (гарадзішчы Атрубы, Асарэвічы, Гарошкаў, Ліпнякі, Ліскі, Рассвет, Старакраснае, Чорнае, Чырвоная Горка, Ястрабка). Падобная з'ява зафіксавана на помніках днепра-дзвінскай культуры (гарадзішчы Крывель, Новае Сяло, Эсьмоны), культуры штрыхаванай керамікі (гарадзішчы Паліцкае, Прылепы, Пятровічы, Сарачы, Старыя Юркавічы, Шчаткава) і зарубінецкай культуры (гарадзішча Чаплін, селішчы Давыд-Гарадок, Рамель, Струга 1, Хотамель, могільнікі Атвержычы, Чаплін).

М.І.Лашанкоў.

Літаратура:

  • Лашанкоў М., Траццякоў Д. Палеаэтнабатанічныя даследаванні матэрыялаў з помнікаў ранняга жалезнага веку пауднёва-ўсходняй Беларусі // ГАЗ. Мінск, 2005. № 20;
  • Iх жа. Археабатанічныя матэрыялы жалезнага веку ў зборы Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі // ААА. 2007. № 1;
  • Лошенков М.И. Археоботанические материалы с зарубинецкого селища Хотомель// Ботаника (исследования): сб. науч. тр. Минск, 2008. Вып. 35;
  • Яго ж. Новые материалы по земледелию у населения милоградской культуры //Там жа. Минск, 2009. Вып. 37.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.