Апрацоўка жалеза

Апрацоўка жалеза. На тэрыторыі Беларусі вядома з часоў засваення вытворчасці жалеза з мясцовых балотных і лугавых руд (сяр. 1-га тыс. да н.э.). Яна звязана з дзейнасцю майстроў мілаградскай культуры, аб чым сведчаць знаходкі жалезных вырабаў і адыходаў металургічнай вытворчасці (шлакаў) на археалагічных помніках (каля вёсак Мохаў Лоеўскага, Гарошкаў Рэчьшкага раёнаў). Па функцыянальным прызначэнні вырабы з жалеза і сталі, што выяўлены на паселішчах ранняга жалезнага веку Беларусі умоўна падзяляюць на 4 групы: прылады працы, прадметы гаспадарчага ўжытку, зброя, рыштунак конніка і каня. На першапачатковым этапе асваення жалеза майстры сумяшчалі ў адной асобе і металурга, і каваля. Выраб прылад працы на раннім этапе апрацоўкі жалеза вёўся прыёмам коўкі для падрыхтоўкі крычнага металу і надання яму неабходнай формы. Практыкавалася т.зв. свабодная коўка металу, нагрэтага ў горне да адпаведнай тэмпературы. Горнавая зварка дазваляла атрымліваць масіўныя загатоўкі шляхам злучэння невялікіх пракаваных крыц "унакладку" і пакетаваннем сыравіны (спалучаліся аперацыі коўкі, складання і зваркі). У выніку атрымлівалася шматпалосная структура металу. З дапамогай зваркі выраблялі ўтулкі сякер-кельтаў, наканечнікаў коп'яў і інш. Большасць прадукцыі рабілі з крычнага жалеза пі нераўнамерна навугляроджанай сталі. Такая тэхналогія апрацоўкі жалеза была ў плямён зарубінецкай і штрыхаванай керамікі культур. Прадукцыя кавалёў днепра-дзвінскай культуры мала чым адрознівалася, але асобныя прылады працы (сярпы, сякеры і інш.) вызначаліся своеасаблівай формай. Майстры кіеўскай культуры (2-5 ст.) часцей выкарыстоўвалі цэментацыю (насычэнне паверхні вырабаў вугляродам) і загартоўку стальных вырабаў. Кавалі пражскай, калочынскай і банцараўскай культур у 3-й чв. 1-га тыс. карысталіся традыцыйнымі прыёмамі пластычнай дэфармацыі і зваркі, але найбольш пакетаваннем сыравіны для вырабу ляза сякер, нажоў, сярпоў. У эпоху Кіеўскай Русі ў апрацоўцы жалеза адбыўся ўздым узроўню апрацоўчай тэхнікі і тэхналогіі. Кавалі валодалі прыёмамі злучэння жалеза з вугляродзістай сталлю. У 10-11 ст. шырока ўжывалася трохпалосная тэхналагічная схема вырабу камбінаваных прылад працы з жалеза і сталі: да цэнтр. стальной рэжучай пласціны з абодвух бакоў прыварвалі жалезныя пласціны; на заключным этапе апрацоўкі праводзілі загартоўку вырабу. У 12-13 ст. з павелічэннем асартыменту кавальскай прадукцыі мянялася і тэхналогія яе вытворчасці: на жалезную аснову ляза наварвалі стальную рабочую частку, якую потым загартоўвалі. З ускладненнем формы кавальскага інструменту павялічылася прадукцыйнасць працы майстроў. Выкарыстанне горнавага паяння (прыпой - медзь і яе сплавы) у складаных канструкцыях значна скарачала час вытворчасці прадукцыі. Апрацоўка жалеза ўскладнялася вырабам узорыстага ляза, аздабленнем вырабаў насечкай, пакрыццём прадметаў ахоўнымі плёнкамі з каляровых металаў і інш.

У часы ВКЛ тэхналагічныя схемы выканання традыцыйных вырабаў спрасціліся. Паступова адбыўся падзел працы ў металургіі і апрацоўцы жалеза. Вытворчасць жалеза і сталі перамясцілася бліжэй да месцазнаходжання сыравіны, г.зн. у вёскі. Гарадскія рамеснікі (кавалі, слесары, збройнікі) пачалі абмяжоўваць сваю дзейнасць толькі апрацоўкай металаў. Павялічыўся выраб суцэльнастальной прадукцыі, хаця па-ранейшаму наварка стальнога ляза на жалезную аснову часткова захавалася. У познафеадальны перыяд пачалася масавая выплаўка чыгуну. З дапамогай замежнага вопыту і спецыялістаў у ліцейных майстэрнях Беларусі выраблялі гарматы і боепрыпасы, прадметы гаспадарчага ўжытку, дэталі машын і механізмаў. Паверхню вырабаў і іх рэжучыя часткі апрацоўвалі шліфавальна-тачыльнымі кругамі і брускамі (знойдзены ў Віцебску, Мінску, Полацку, на селішчах каля вёсак Мачуліна Ваўкавыскага, Сямёнавічы Уздзенскага, Чэрнічы Жыткавіцкага раёнаў і інш.).

Літаратура:

  • Гурин М.Ф. Древнее железо Белорусского Поднепровья (I тысячелетие н.э.). Минск, 1982;
  • Яго ж. Кузнечное ремесло Полоцкой земли IX-XIII вв. М., 1987;
  • Яго ж. Кавальская тэхналогія на тэрыторыі Беларусі ў XVI-XVIII стст. // ВАНБ. 1988. № 5.

М.Ф.Гурын.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.