Азёры

АЗЁРЫ, археалагічныя помнікі - стаянкі і селішча каля в. Азёры Гродзенскага раёна. Вядомы з канца 19 ст. Стаянку-1 выявіўу 1958 Л.С.Клейн. Стаянкі-2, 3, 4 і селішча даследаваў у 1972, 1986 Міх.М.Чарняўскі.

Стаянка – І за 3 км ад вёскі, на паўн.-зах. беразе воз. Рыбніца, на пясчаным плато выш. 5 м над узроўнем вады. Памеры 250 х 120 м. Верхняя частка культурнага пласта разараная. Пераважная большасць знаходак - пласціністыя крамянёвыя вырабы (нажы, лістападобныя наканечнікі стрэл, канцавыя скрабкі, скоблі, рэтушаваныя разцы і інш.) фінальнага палеаліту і мезаліту, адзінкавыя рэчы бронзавага веку.

Стаянкі - 2, 3, 4 за 0,8 - 1 км на поўдзень ад стаянкі-1, на адлегласці 0,2-0,5 км адна ад адной. Найбольш значная з іх - стаянка-4 на ўзгорыстым выгіне заходняга берага возера. Яе памеры 140 х 50 м. Культурны пласт да 0,5 м. Сярод знаходак крамя¬нёвыя прылады працы, фрагменты глінянага посуду неалітычнай нёманскай культуры, кераміка брон¬завага веку.

Селішча за 0,1 км на паўднёвы захад ад стаянкі-4, на ўзгорку прыазёрнага балота. Памеры 60 х 60 м, выш. 1,5 м. Культурны пласт да 0,5 м. Знойдзены ганчарная кераміка позняга сярэдневякоўя, перапаленыя камяні ад печаў. Нешматлікія расшчэпленыя крамяні сведчаць, што ў каменным веку тут знаходзілася невялікая стаянка. Помнік пашкоджаны пры ўзвядзенні дачных будынкаў. На паўднёвы захад ад селішча, за вусцем меліяраванай рэчкі, на ўзвышэннях паўночнага берага заходняй азёрнай затокі сустракаюцца стаянкі каменнага веку.

Міх. М. Чарняўскі.

Літаратура:

  • Исаенко В.Ф. Археологическая карта Белоруссии. Вып. 1. Памятники каменного века. Минск, 1968;
  • Яго ж. Археологическая карта Белоруссии. Вып. 3. Памятники бронзового века. Минск, 1976.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.