Абуховая зброя

АБУХОВАЯ ЗБРОЯ, зброя бліжняга бою, якая складаецца з рукаяці і сякучай альбо ўдарнай рабочай часткі. Эфектыўнасць выкарыстання абуховай зброі дасягалася ўзмацненнем сякучага дзеяння ці аглушальна-дробячага ўдарнага эфекту за кошт даўжыні рукаяці, якая павялічвала кінетычную энергію зброі. У Беларусі найбольш старажытная абуховая зброя прадстаўлена каменнымі свідраванымі шліфаванымі сякерамі (3-е тыс. да н.э.) і булавамі (к. 3-га - пач. 2-га тыс. да н.э.), у жалезным веку - сякерамі. У стараж.-рус. час акрамя шырокага асартыменту сякер (у т.л. чаканы), выкарыстоўваліся булавы і кісцяні. Асартымент абуховай зброі эпохі ВКЛ складалі сякеры і чаканы, кляўцы, дубіны, булавы, перначы, кісцяні, баявыя цапы. Большасць сякер гэтага часу мелі універсальнае прызначэнне, г.зн. маглі выкарыстоўвацца і як прылады працы, і як зброя. Мела месца працяглае, да 17 ст., бытаванне сякер даўніх тыпаў, што сфарміраваліся яшчэ ў 12- 13 ст. Шырокае распаўсюджанне атрымалі кляўцы, якія ў дакументах пазначаны як "кірка", "kilof", "nadziak". Клявец 14 ст. ў выглядзе сякеркі з надзвычай вузкім лязом выяўлены ў Гомелі, з дзюбападобнай баявой часткай і малаткападобным абухом - у пластах 16 ст. Крычава. У той жа час традыцыйны від абуховай зброі - кісцяні - паступова выцясняўся з баявога ўжытку. Жалезная гірка кісцяня з шыпамі, знойдзеная на помніку Лучна-1 (Полацкі р-н), датуецца 1-й пал. 16 ст.

Ю.М.Бохан, М.А.Плавінскі.

Літаратура:

  • Ткачоў М.А., Мяцельскі A.A. Зброя і рыштунак вершніка з раскопак Крычава // ГАЗ. Мінск, 1994. № 4;
  • Клімаў М.В. Зброя, ваенны рыштунак вершніка і каня з помніка Лучна-1 // МАБ. 2001. N° 3;
  • Бохан Ю.М. Вайсковая справа ў Вялікім княстве Літоўскім у другой палове XIV - канцы XVI ст. Мінск, 2008.
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.