Адкрыты ліст

АДКРЫТЫ ЛІСТ, дазвол (з 1992), афіцыйны дакумент, які выдаецца навуковымі ўстановамі на права правядзення даследчыкамі археалагічных разведак і раскопак. Усе самавольныя аматарскія доследы, звязаныя з пашкоджаннем помнікаў, забаронены.

У Беларусі першы адкрыты ліст (грамату) атрымаў 14.12.1818 А.Чарноцкі (З.Я.Даяенга-Хадакоўскі). Напісаны ён на пергаменце на рускай, лацінскай і польскай мовах, падпісаны рэктарам Віленскага універсітэта; зберагаецца ў Мінскім абл. краязнаўчым музеі ў Маладзечне. У Расійскай імперыі самавольныя раскопкі старажытных помнікаў былі забаронены царскім указам 1846. У СССР з 1971 дзейнічаў закон аб ахове помнікаў гісторыі і культуры.

У Беларусі ўсе археалагічныя помнікі - гарадзішчы, курганы, рэшткі архітэктурных і культавых збудаванняў, умацаванняў, каменныя выявы (ідалы, крыжы) і г.д. - складаюць гісторыка-культурную спадчыну краіны і з'яўляюцца ўсенародным багаццем, знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Гэтыя помнікі даследуюцца ўстановамі (навук. і навук.-рэстаўрацыйнымі, ВНУ, музеямі і дзяржаўнымі органамі, дзе ёсць спецыялісты-археолагі), якія атрымалі адкрыты ліст на права вядзення палявых работ. Адкрытыя лісты выдаюцца IГ НАН Беларусі (пасля разгляду заяўкі, пададзенай не пазней як за 2 тыдні да пачатку работ) паводле інструкцыі, распрацаванай у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны" (2006), "Палажэннем аб ахове археалагічных аб'ектаў пры правядзенні земляных і будаўнічых работ" (прынята Пастановай СМ Рэспублікі Беларусь ад 22.5.2002). Рэгіструюцца Упраўленнем па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Адмовіць выдаць адкрыты ліст могуць у тым выпадку, калі ён ужо выдадзены іншай асобе альбо прэтэндэнт на атрыманне дакумента не мае адпаведнай навуковай кваліфікацыі. У адкрытым лісце ўказваецца пасада, месца працы, прозвішча даследчыка, назва адміністрацыйнага пункта і аб'екта, дзе вядуцца археалагічныя работы, віды работ (раскопкі, шурфоўка, назіранне, разведачнае даследаванне). Перадавяраць права работ іншай асобе забараняецца. У залежнасці ад характару даследаванняў выдаюць адкрытыя лісты 4 форм: формы 1 - на права выканання раскопак і разведак; формы 2 - на права вядзення разведак з абмежаваным (да 24 м на помніку) ускрыццём невялікіх участкаў паселішчаў і грунтавых могільнікаў; формы 3 - на права пра-вядзення разведак без якіх-небудзь земляных работ; формы 4 - на права ахоўных даследаванняў (назіранне і тэрміновыя раскопкі) помнікаў, якія знаходзяцца ў аварыйным стане ці ў зоне будаўнічых работ. Пасля завяршэння палявых работ і камеральнай апрацоўкі рэчавых матэрыялаў даследчык абавязаны падрыхтаваць навуковую справаздачу па выніках палявых даследаванняў і прадставіць яе ў ІГ НАН Беларусі; ён нясе персанальную адказнасць за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, фіксацыю і захаванне знаходак у адпаведнасці з палявым вопісам да іх перадачы на пастаяннае захоўванне ў музей ці навуковыя археалагічныя фонды IГ НАН Беларусі.

Літаратура:

  • Кохановский Г.А. Открытый лист З.Доленги-Ходаковского // Белорусские древности. Минск, 1967;
  • Левко О.Н. Практическая археология. Могилев, 2006.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.