Арнамент

Арнамент (ад лац. ornamentum упрыгажэнне), узор з рытмічна размешчаных геаметрычных, раслінных і жывёльных элементаў для аздаблення твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прадметаў хатняга ўжытку, архітэктурных збудаванняў. Паводле тэхнікі выканання, у залежнасці ад матэрыялу бывае разны, маляваны, тканы, вышываны, плецены. У шэрагу вырабаў арнаменту надаваўся сэнсавы, часам магічны характар, меў канкрэтны рэлігійна-міфалагічны змест. Зарадзіўся ў эпоху позняга палеаліту. Па археалагічных знаходках вядомы арнамент на гліняным посудзе (з часоў неаліту), металічных і касцяных жаночых упрыгажэннях і предметах побыту (з 10-12 ст.), архітэктурных пабудовах. У асяроддзі сялян і гараджан пераважаў геаметрычны арнамент, а ў дружынна-баярскім - з раслінных і жывёльных форм. У 10-11 ст. з'явілася традыцыя арнаментальнага ўпрыгожвання чаравікоў, росквіт якой прыпаў на к. 12-13 ст.; на тэрыторыі Беларусі найбольш распаўсюджанымі былі арнаменты з выявай распушчанай кветкі-крына, падобнай да сэрца, пальметы і прошвы. З к. 13 ст. раслінны арнамент пры захаванні геаметрычнага ўзору пашырыўся на бранзалетах (знаходкі каля в. Маскаўцы Браслаўскага раёна, г. Навагрудак). З пач. 2-га тыс. распаўсюдзіўся архітэктурны арнамент, якім упрыгожваліся сцены, падлогі ў культавых і свецкіх пабудовах (Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку, Навагрудская Барысаглебская царква, гродзенскія Ніжняя і Каложская цэрквы, замкі ў Лідзе, Міры і інш.).

Літаратура:

  • Рыбаков Б.А. Язычество древних славян. М., 1981;
  • Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1. Мінск, 1987;
  • Лазука Б.А. Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1. Мінск, 2007.

Л.У.Дучыц, С.В. Торасау.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.