Ахоўны знак

АХОЎНЫ ЗНАК на помнік археалогіі, доўгачасовы знак, які ўстанаўліваюць на мяжы ахоўнай зоны археалагічнага помніка як сведчанне пра ахову яго дзяржавай. У Беларусі першы ахоўны знак быў распрацаваны па прапанове М.А.Ткачова (эскіз М.М.Чарняўскага, маст. Н.У.Малчанава), зацверджаны Міністэрствам культуры БССР у 1976. Уяўляў сабой дошку ў выглядзе французскага геральдычнага шчыта памерамі 400 х 440 мм, адлітую з сілуміну - сплаву на аснове алюмінію; з надпісам "Міністэрства культуры БССР. Помнік археалогіі..." і указаннем тыпу помніка (гарадзішча, селішча, курганны і г.д.) і што ён ахоўваецца дзяржавай. Устаноўка ахоўнага знака прадугледжвалася Законам БССР аб ахове і выкарыстанні помнікаў гісторыі і культуры ад 1978, Пастановай з'езда Рэспубліканскага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ад 1980 і Пастановай СМ БССР ад 1984; ажыццяўлялася па рашэнні мясцовых улад. Усяго ў Беларусі ў 1981-87 было ўстаноўлена каля 1200 ахоўных знакаў.

Ахоўны знак
Ахоўны знак у мястэчку Гальшаны. Фота ©Таццяны Шатуновай (radzima.org)

На пачатку 1990-х г. частка ахоўных знакаў была разбурана ці вывезена як каляровы метал. Новы ахоўны знак (эскіз Дз.С.Бубноўскага) зацверджаны ў 1999 Камітэтам па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у 2006. Уяўляе сабою дошку ў выглядзе нямецкага геральдычнага шчыта памерамі 300 х 420 мм з відарысам герба Рэспублікі Беларусь, надпісам "Рэспубліка Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць" і датаваннем гісторыка-культурнай каштоўнасці згодна з Дзяржаўным спісам гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Унізе ахоўнага знаку папярэджанне: "Прычыненне шкоды караецца па закону". Дазваляецца часова ставіць знакі з падручных матэрыялаў. Ставяць ахоўныя знакі каля помніка з найбольш даступнага да агляду боку, павернутага да дарогі альбо сцежкі на мяжы ахоўнай зоны, на адлегласці 15-20 м ад помніка, якая ахоплівае ўсе валы, схілы, равы. Вакол курганоў мяжу праводзяць з улікам прыкурганных раўкоў, для паселішчаў - на адлегласці 15-20 м, дзе культурны пласт ужо не назіраецца. Размяшчэнне ахоўных знакаў не павінна шкодзіць помніку, таму забаронена ўмацоўваць яго на вяршыні кургана, на грэбені вала гарадзішча, у культурным пласце паселішча і г.д. Пашкоджанне ахоўных знакаў разглядаецца і караецца, як і пашкоджанне помніка.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.