Апытальны ліст

Апытальны ліст у археалогіі, анкета са звесткамі пра археалагічны помнік у пэўнай мясцовасці. У апытальны ліст уключаюць кароткае апісанне помніка (наяўнасць чорнага пласта зямлі, або культурнага пласта, валоў, насыпных узгоркаў і інш.), указваюць дакладнае месцазнаходжанне помніка, а таксама яго мясцовыя назвы: як правіла, для месцаў вытворчасці гэта гута, крыца, млынок, печы, паташня, рудня, смольня і інш.; для паселішчаў - дворышча, сяло, селішча, стадола, стараселле, царкавішча і інш.; для гарадзішчаў - гара, гарадзец, гарадок, замак, замчышча, курган, акоп, востраў, вал, груд, рог, роў і інш.; для курганных могільнікаў - валатоўкі, капцы, гамола, гурбы, малатоўкі, пагосты, шведскія (французскія) магілы і інш. Сукупнасць атрыманых звестак дазваляе іншы раз высветліць тып помніка для навукі. У 19 ст., калі пачалося складанне археалагічных карт, апытальныя лісты рассылалі асобныя даследчыкі (Ф.В. Пакроўскі, Я.П.Тышкевіч, Г.Х.Татур, Е.Р.Раманаў, А.М.Семянтоўскі, В.А.Шукевіч і інш.), губернскія статыстычныя і царкоўна-археалагічны камітэты, мінскі губернатар (1882), Віленскі аддзел Маскоўскага падрыхтоўчага камітэта 9-га археалагічнага з'езда, у 20 ст. - навукова-эксперыментальная камісія пры Наркамаце асветы БССР, пазней - Гісторыка-археалагічная камісія Інстытута беларускай культуры і інш. У сувязі з высокім узроўнем развіцця археалагічнай навукі ў Беларусі апытальныя лісты цяпер ужываюцца рэдка.

У. Ф. Ісаенка

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.