Абутак

АБЎТАК. Першым абуткам для чалавека была скура жывёлы, абкручаная вакол нагі. Паводле археалагічных знаходак вядомы абутак скураны (поршні, чаравікі, боты) і плецены (лапці). Ад сучаснага адрозніваўся адсутнасцю цвёрдых дэталей (падэшва, заднік, абцас). На тэрыторыі Беларусі да 13 ст. найбольш былі пашыраны поршні (пасталы) простыя і ажурныя, зробленыя з аднаго (пазней з 2) кавалка скуры. У поршнях па баках і ў наску праразалі дзіркі. у якія працягвалі скураны раменьчык або пяньковую вяровачку (абору) для мацавання на назе. У розных варыянтах такі абутак праіснаваў (пераважна ў вясковага насельніцтва) да пач. 20 ст. Чаравікі (вядомы з 11 ст.) кроілі з 2-3 кавалкаў скуры, якія сшывалі патайным швом паміж сабой і прышывалі да падэшвы вываратным спосабам; халявы закрывалі шчыкалатку, мацаваліся раменьчыкам, прасунутым у проразі па верхнім краі. У 10- 13 ст. з пераходам ад мяккіх тыпаў абутку да цвёрдых з'явілася неабходнасць умацоўваць падэшву, якая стала шматслойнай. У 13 ст. халявы чаравікаў арнаментавалі дарожкамі з праколатых дзірачак, вышыўкай т.зв. крынамі (Віцебск, Полацк. Мінск), салярнымі знакамі (Віцебск, Полацк), геаметрычным арнаментам (Мінск). У 14 ст. на чаравіках, як правіла, арнамент адсутнічае. У 15- 16 ст. у чаравікаў паявіліся цвёрдая сцілка, абцас. Адбываўся працэс спецыялізацыі рамеснікаў. У Віцебску зафіксавана асобная "кожемятская" слабада з царквой (пач. 17 ст., Заручаўе). У 1609 у Мінску ўзнік цэх шаўцоў, які аб'ядноўваў рамеснікаў 4 спецыяльнасцей: майстроў абутку чорнага (для простага насельніцтва), гусарскага, "влоскага" (італьянскага), саф'янавага (для шляхты і заможных гараджан). Шылі таксама "коркавыя" чаравікі (нагадваюць сучасныя чаравікі на платформе) на абцягнутай скурай драўлянай калодцы таўшч. 1-2 см, падбітай па перыметры цвікамі. Боты вядомы з 11 ст. Мяккія былі распаўсюджаны пераважна да 14 ст., але паступова зніклі з паўсядзённага ўжытку са з'яўленнем абцаса і наладжваннем у к. 16 - пач. 17 ст. вытворчасці цвёрдых ботаў. Халявы (звычайна выш. 20- 30 см) упрыгожвалі вышыўкай ці арнаментам з геам. фігур і палосак, ціснёных па вільготнай скуры. Наскі мелі закругленую форму. Лапці паводле пісьмовых крыніц вядомы з 10 ст. пад назвай "лычніцы" (плялі з лыка, пянькі, лазовай і вязавай кары, прамым і косым пляценнем). Пераважна іх насілі вяскоўцы, у гарадах сустракаліся рэдка.

Абутак
Абутак. Чаравікі 15-17 ст.: Віцебск (1-6, 8-11); Гродна (7).

Абутак
Абутак. Туфлі 17-18 cm.: Віцебск (1-6, 8-11), Гродна(7).

Л.У.Калядзінскі, С.В.Тарасаў.

Літаратура:

  • Шут К.П. Обувь древнего Минска: (по архе-ол. материалам) // Вопросы истории: материалы IX конф. молодых ученых. Минск, 1965;
  • Молчанова Л.А. Материальная культура белорусов. Минск, 1968;
  • Собаль В.,Тарасаў С. Абутак сярэдневяковага Мінска//ПГКБ. 1985. № 4;
  • Тарасаў С.В.Арнаменты мінскіх чаравікаў // Мастацтва Беларусі. 1985. № 12.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.