Апрацоўка скуры

Апрацоўка скуры. На тэрыторыі Усходняй Еўропы вядома з эпохі палеаліту, пра што сведчаць археалагічныя знаходкі неабходных для работы са скурай каменных прылад: скрабкі, скрэблы, нажы, праколкі. На тэрыторыі Беларусі апрацоўка скуры была распаўсюджана з глыбокай старажытнасці. З вырабленай скуры шылі вопратку, абутак, чахлы для нажоў, грабянёў, зброі, кашалькі, якія часта аздаблялі вышыўкай і цісненнем. У дафеадальны час была хатнім рамяством на патрэбу сям'і і непарыўна звязана з шавецтвам. Апрацоўка скуры складалася з некалькіх этапаў: вымочванне скур і ачыстка ад бруду, зняцце рэшткаў мяса, тлушчу, мяздры і скураной клятчаткі, выдаленне і саскрабанне валасоў (вапнай і попелам), прамыўка, квашанне (надавала скуры мяккасць і гнуткасць), дубление (карой дуба ці вярбы, скура набывала трываласць, лепш захоўвалася), канчатковая апрацоўка. У залежнасці ад якасці і спосабу апрацоўкі атрымлівалі скуру рознага прызначэння (на абутак, кажухі і інш.). У стараж.-слав. мове скуру буйной рагатай жывёлы называлі юфць, казы - хъз, ніжняй часткі тулава жывёлы - чарэўе. У археалагічных знаходках у Беларусі часта сустракаецца апоек (скура малочных цялят), вырастак (скура цялят з раслінным харчаваннем), скура з маладняку буйной рагатай жывёлы, авечак, зрэдку трапляецца замша (са скуры лася, паўночнага аленя, казулі) і свіная скура. У жалезным веку для апрацоўкі скуры карысталіся металічнымі нажамі з закругленымі вастрыямі, скрабкамі, шыламі, стругамі. Працэс апрацоўкі скуры патрабаваў вялікай колькасці вады, у т.л. праточнай, раслінных матэрыялаў, таму майстэрні размяшчалі на берагах рэк, ручаін, невялікіх азёр. На месцах былых майстэрняў па апрацоўцы скуры знаходзяць скураныя абрэзкі. Пры даследаванні Полацкага Верхняга замка выяўлена майстэрня гарбара 13 ст., знойдзены чан-попельнік з поўсцю жывёл і вапнай.

Апрацоўка скуры
Скураныя рукавіцы, кашалькі, пуга паясы 14-18ст: Полацк (1-2, 4-7, 9), Магілёў (3, 14), Гродна (8, 10), Віцеьск (11-12), Мінск (13).

Літаратура:

  • Штыхаў Г.В. Гарбарнае рамяство старажытнага Полацка // ВАНБ. 1961. № 3;
  • Тарасов С.В. Технология и инструменты кожевенно-сапожного ремесла Полоцка и Минска (XI-XVIII вв.) // Памятники науки и техники, 1987-1988. М., 1989.
  • С. В. Тарасаў.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.