Апрацоўка каменю

Апрацоўка каменю. У Беларусі вядома па археалагічных знаходках з часоў палеаліту, як і апрацоўка крэменю. Камень у старажытнасці быў асноўнай сыравінай, з якой выраблялі прылады працы, зброю, прадметы культу. Зручную форму гэтым вырабам надавалі шліфаваннем і свідраваннем. У неаліце з камянёў пачалі вырабляцьсякеры, цёслы, долаты, кінжалы, наканечнікі стрэл і коп'яў, матыкі, сярпы. Знойдзеныя сякеры-молаты бронзавага веку з гранёным целам і веерападобным лязом, магчыма, былі знакамі ўлады ці прадметамі культу. З 10 ст. вядома апрацоўка каменю для стварэння выяў язычніцкіх багоў (каменныя бабы, ідалы), сімвалаў веры і прадметаў культу продкаў (каменныя крыжы, камяні з надпісамі, камяні са знакамі). З розных парод каменю выраблялі жорны, зерняцёркі, з пясчаніку і сланцу - тачыльныя брускі, з мяккіх парод - фузікі для рыбалоўных сетак, прасліцы, састаўныя ліцейныя формы, нацельныя абразкі, пячаткі і інш. У Мазыры знойдзены сланцавыя дыскі-загатоўкі з круглымі адтулінамі пасярэдзіне. Паяўленне металу паступова адцясняла камень пры вырабе прылад працы і зброі. У будаўнічай справе апрацоўка каменю пашырылася ў 12 ст. Камяні падбіралі па пародах і колерах, адзін з бакоў часта шліфавалі. Вялікія камяні ўмуроўвалі ў ніжнія часткі сцен і абапал уваходаў у храмы. Камяні меншых памераў уводзілі ў цагляную муроўку. Акрамя гранітных валуноў выкарыстоўваліся абчасаныя блокі вапняку або туфу, якія апрацоўвалі на будаўнічай пляцоўцы (Дабравешчанская Віцебская царква, Навагрудская Барысаглебская царква, Мінская замкавая царква). У 12-13 ст. апрацоўвалі пірафітавы сланец (шыфер), які здабывалі ў ваколіцах Оўруча або прывозілі са Скандынавіі. З яго выраблялі прасліцы, крыжыкі і саркафагі (Полацк, Тураў). Адыходы апрацоўкі вырабаў сланцавых пліт выяўлены на мазырскім гарадзішчы Кімбараўка, каля в. Гарадзішча Мінскага раёна на б. р. Менка і інш.

У 14-16 ст. з граніту, пясчаніку, вапняку выраблялі ядры для гармат і каменямётаў, надмагільныя пліты і крыжы, у 16 ст. і пазней - прафіляваныя парталы дзвярэй і акон, кансолі і балясіны балконаў, аконныя рамы (Гродзенскі Стары замак, Мірскі замак і касцёл, Гродзенскі касцёл брыгітак). Каменныя жорны 14-18 ст. выяўлены ў Віцебску, Гродне, Мінску, Заслаўі.

Літаратура:

  • Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 2. Минск, 1972;
  • Трусаў А.А. Выкарыстанне каменю ў беларускім мураваным дойлідстве // Из истории науки и техники Белоруссии. Минск, 1988.

В.Л.Ліпніцкая, А.А. Трусау.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.