Апрацоўка косці

Апрацоўка косці. Гэты працэс займаў значнае месца ў жыццядзейнасці насельніцтва на тэрыторыі Беларусі з ранняга каменнага веку да позняга сярэдневякоўя з-за даступнасці і добрых фізіка-механічных уласцівасцей касцяной сыравіны, магчымасці вырабу з яе разнастайных прадметаў высокай спажывецкай якасці. Апрацоўвалі некалькі тыпаў касцяной тканкі: жывёльныя косці, у асноўным метаподыі (ніжнія аддзелы канечнасцей) буйной рагатай жывёлы, каня, лася; рогі лася, а таксама зубы, птушыныя і рыбныя косткі. Гэты від сыравіны вельмі прыдатны для апрацоўкі і здольны падвяргацца многім яе відам: у старажытныя часы імі былі расшчапленне, рэзанне, скрабенне, шліфоўка, свідраванне, паліроўка; у сярэдневякоўі таксама сячэнне, рэзанне, пілаванне, гравіроўка, разьба, апрацоўка на такарным станку і інш. З косці выраблялі як масавыя утылітарныя прадметы (праколкі, амулеты, прывескі, гарпуны, іголкі, шылы, грабяні, гузікі, дзяржанні, накладкі, праселкі), так і мастацкія рэчы (навершы, капавушкі, медальёны, абразкі, пячаткі) і інш. Для вырабу невялікіх рэчаў (іголкі, шпількі) расшчаплялі трубчастыя косці. Адтуліны свідравалі ці пракалупвалі крамянёвымі адшчэпамі, асколкамі камянёў, цвёрдымі касцямі. Шліфавалі рэчы дробназярністымі камянямі. Пры вырабе шылаў, іголак першапачатковую форму косці ў працэсе апрацоўкі толькі прыстасоўвалі для практычных мэт. Для вырабу рэчаў больш складанай формы (шпілек для ўпрыгажэння, грабеньчыкаў) косці перад апрацоўкай вымочвалі, награвалі, а ў больш познія часы выварвалі ў шчолаку (для выдалення тлушчу), потым пад ціскам ператваралі ў плоскія загатоўкі. Неабходную форму надавалі састругваннем, заточваннем, шліфоўкай, паліроўкай. Прылады апрацоўкі косці падзяляюць на 2 групы: для атрымання загатовак (паўфабрыкатаў) і для вырабу і апрацоўкі прадметаў. Тэхнікі апрацоўкі косці і апрацоўкі дрэва блізкія паміж сабою, і таму ў гэтых вытворчасцях прымяняліся універсальныя інструменты: сякеры, пілы, нажы, свердлы, скоблі, разцы, долаты, напільнікі, рашпілі, цыркулі, шылы, такарныя станкі. Спецыялізаваны кастарэзны інструментарый адрозніваўся крыху меншымі памерамі спецыяльнымі формамі. Існавалі таксама адмысловыя прылады, якія прымяняліся толькі пры косцеапрацоўцы (нажы з "гарбатымі" спінкамі, цыркульныя разцы і інш.). Большасць касцяных вырабаў (у т.л. утылітарнага прызначэння) была аздоблена разнастайным арнаментам, які наносілі нажом, разцом, шылам, цыркулем ці інш. інструментамі.

На тэрыторыі Беларусі самыя раннія касцяныя і рагавыя вырабы адносяцца да мезаліту. Найбольшую колькасць іх паходзіць са жвіровага кар'ера на р. Вілія каля г. Смаргонь і са дна воз. Вячэра (Азярное-2Б): наканечнікі дроцікаў і дзід, сякеры, востраканечнікі, арнаментаваныя дзяржанні, рэшткі майстравання прылад. Лічыцца, што ў мезаліце склаліся асноўныя спосабы апрацоўкі косткі і рога. Ранненеалітычныя вырабы з косткі і рога паходзяць з паселішчаў Зацэнне, Асавец-4, Бярэшча: наканечнікі стрэл і гарпуноў, кінжалы, сякеры, цёслы, матыкі, праколкі, вырабы са шчапаных іклоў дзікоў і мядзведзяў, падвескі з зубоў звяроў. Найбольш прадстаўлены касцяныя і рагавыя матэрыялы сяр. неаліту-сяр. бронзавага веку: Крывінскага тарфяніку (Асавец-2,3,5,7, Крывіна-1,2,3), Камень-2, 8, Азярное-2Б. Значная калекцыя рагавых шахцёрскіх інструментаў выяўлена пад час даследавання крэменездабыўных шахтаў позняга неаліту-рання га бронзавага веку. У сяр. неаліту- бронзавым веку на тэрыторыі Беларусі выкарыстоўваліся наступныя тыпы вырабаў: наканечнікі стрэл, дзід, гарпуноў, кінжалы, зубчастыя вастрыі, рыбалоўныя кручкі і "крукі", жэрліцы, сякеры, цёслы, долаты, рыдлёўкі, праколкі, адціскальнікі, рэтушоры, шпатэлі, арнаменціры, вырабы са шчапанага ікла дзіка ("рыбныя" нажы), лыжкі, дзяржанні, амаль трохвугольныя невялікія вырабы сплюшчанага сячэння, колючыя вырабы з адросткаў рагоў, кіркі, капачы, прылады з рагавых пласцін, муфты, вырабы з ласінага рога з захаваным адросткам і часткай лапаты, скобля-рэзальныя з ніжніх сківіц баброў са збітымі кручкападобнымі адросткамі, падвескі, заа- і антрапаморфныя скульптуры, музычныя інструменты (флейты і флейты "Пана"). Разнастайныя вырабы з косці былі пашыраны ў плямён жалезнага веку мілаградскай, днепра-дзвінскай, штрыхаванай керамікі, зарубінецкай культур і інш. У доўгіх курганах 2-й пал. 1-га тыс. на Полаччыне выяўлены касцяныя фігуркі качак, каня.

Апрацоўка косці
Расшчапленне (1), гравіроўка (2), свідраванне (3), шліфаванне (4) пры апрацоўцы косці

Найбольшага росквіту апрацоўка косці дасягнула ў 12-13 ст. (Полацк, Віцебск, Мінск, Гродна, Ваўкавыск, Навагрудак, Брэст, Тураў, Гомель, Мсціслаў, Дрысвяты, Пашавічы і інш.). Прадметы з косці выкарыстоўвалі паўсюдна і па колькасці і значнасці саступалі толькі рэчам з гліны і металу. На гарадзішчы Маскаўцы знойдзены шматлікія косці з рунічнымі і кірылічнымі надпісамі, знакамі, малюнкамі на ваенную тэматыку. Рэчы кастарэзнай вытворчасці адлюстроўвалі ўсе сферы тагачаснага жыцця: матэрыяльную, духоўную, культурную. З 12 ст. рамеснікі-кастарэзы пачалі надаваць большую ўвагу вырабу высокамастацкіх твораў, якія з'яўляюцца ўзорамі сярэдневяковага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: шахматы, шашкі, кубікі, капавушкі, культавыя прадметы і інш. Знойдзены шахматныя фігуркі каралёў (Брэст, Слуцк), ферзя (Лукомль), ладдзі-тура і пешкі-барабаншчыка (Ваўкавыск), капавушкі-музыканта (Навагрудак) і інш. У 14-18 ст. пласцінамі накладкамі з косці аздаблялі абклады кніг, абразоў, лукі, калчаны, налуччы, ножны, шкатулкі, куфэркі і г.д. (Гродна, Полацк, Віцебск, Навагрудак, Мсціслаў, Чачэрск).

Рэшткі кастарэзных майстэрняў 12-18 ст. выяўлены ў Віцебску (3), Полацку (2), Копысі, Друцку, Мінску, Мсціславе. Ускосна аб іх існаванні можна меркаваць па знаходках у Гродне, Ваўкавыску, Навагрудку, Лідзе, Брэсце, Тураве, Пінску, Слуцку, Маскаўцах, Дрысвятах, Лукомлі, Гомелі.

Літаратура:

  • Чарняўскі М.М., Кудрашоў В.Я., Ліпніцкая В.Л. Старажытныя шахцёры на Росі. Мінск, 1996;
  • Археалогія Беларусі. Т. I. Мінск, 1997;
  • Мядзведзева В.У. Майстэрства касцярэзаў Лукомля і яго акругі X-XIII стст. // Лепельскія чытанні: матэрыялы навук.-практ. канф., прысвечанай 565-год- дзю г. Лепеля. Лепель, 2004;
  • Яе ж. Копыская касцярэзная майстэрня XII стагоддзя // Вестн. Полоцкого гос. ун-та. Сер. А. Гуманитарные науки. 2005. № 7; Я е ж. Рамесныя касцярэзныя майстэрні XII-XVIII стст. // Романовские чтения: материалы Междунар. науч. конф. Могилев, 2005;
  • Яе ж. Вытворчасць касцяных прадметаў Полацкай зямлі // МАБ. 2005. Вып. 9; Я е ж. Касцярэзнае рамяство Магілёўшчыны XII-XVIII стст. // Романовские чтения-2: сб. тр. Междунар. науч. конф., 10-11 нояб. 2005 г. Могилев, 2006;
  • Чарняўскі Макс. М. Касцяныя і рагавыя вырабы на паселішчах Крывінскага тарфяніку (неаліт-бронзавы век). Мінск, 2007.

В.У.Мядзведзева, А.А. Трусаў, Макс. М. Чарняўскі.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.