Тэрыторыя і варыянты мілаградскай культуры

Як вядома, мілаградская археалагічная культура сваю назву атрымала па адным з помнікаў - гарадзішчу каля в. Мілаграды ў Рэчыцкім раёне, даследаванні якога пачаў Ю.У. Кухарэнка. Ім жа была прапанавана і назва. Роднасныя старажытнасці на Украіне называюць падгорцаўскімі, ці мілаградска-падгорцаўскімі, падкрэсліваючы гэтак іх культурнае адзінства з беларускімі помнікамі.

Адносна межаў і велічыні арэала мілаградскай культуры ў Беларусі існуе тры розныя меркаванні. Згодна з высновамі В.М. Мельнікоўскай, мілаградскія старажытнасці цалкам займалі тэрыторыю на поўдзень ад умоўнай мяжы, якую даследчыца праводзіла ад вусця Гарыні, праз нізоўі Пцічы і Бярэзіны, далей да Дняпра ў раёне Рагачова і Сажа ў раёне Крычава (Мельнйковская, 1967. С. 17- 18). Па А.А. Егарэйчанку, мілаградскі арэал абдымаў нейкі час таксама і Сярэдняю Беларусь (Егорейченко, 1982 а; ЁН жа, 1996 а С. 66 і наст). На думку Л.Д. Побаля, тэрыторыя гэтай культуры ўключала ўвесь басейн Бярэзіны і значнаю частку Панямоння, дасягаючы беларуска-літоўскага памежжа і днепра-дзвінскага водападзелу (Поболь, 1983 Карта 1). Аднак падставы для падобнага занадта шырокага тлумачэння тэрытарыяльнага аспекта вывучэння мілаградскай культуры, мусіць, вельмі ненадзейныя. У прыватнасці, Л Д Побалю давялося рабіць свае вызначэнні таго ці іншага помніка ў якасці мілаградскага літаральна па адзінкавых, выпадковых знаходках нейкага акруглага днішча (Чаркасоўскае гарадзішча каля Оршы) ці нават аднаго венчыка мілаградскай культуры (гарадзішча Бароўна на Лепельшчыне) (Поболь, 1983 С. 18). Але ж вядома, што кругладоннасць ці выразная прафіляванасць венчыкаў не з'яўляюцца спецыфічнымі прыкметамі, уласцівымі выключна мілаградскай кераміцы. У эпоху жалеза падобныя рэчы былі даволі шырока распаўсюджаныя. Таму менавіта мілаградская прыналежнасць як вышэй названых, так і шмат якіх іншых центральна- і паўночнабеларусюх гарадзішчаў даволі сумніўная. Між іншым Я.Г. Звяругам адзначалася, што сярод керамікі паўночнабеларускага гарадзішча Гарані таксама есць падобная на мілаградскую, але даследчык гаворыць толькі аб яе "мілагроіднасці", а зусім не аб мілаградскай прыналежнасці (Зверуго, 1981 С. 33). Аднясенне да мілаградскага арэала басейна Свіслачы і верхняй-сярэдняй Бярэзіны А.А. Егарэйчанкам таксама выглядае недастаткова абгрунтаваным А.А. Егарэйчанка спасылаецца на наяўнасць на помніках дадзенай часткі Беларусі керамічных форм, тыпаў жытлаў і ўпрыгожванняў, падобных ці нават тоесных мілаградскім класічным. Мусіць, пытанне аб ступені гэтага падабенства варта будзе разгледзець ніжэй, калі размова пойдзе об лакальных варыянтах мілаградскіх старажытнасцей у межах Беларусі. А цяпер трэба толью падкрэсліць, што матэрыялы тыпу ніжняга пласта гарадзішча Лабеншчыны маюць падабенства не толькі да мілаградскіх. З матэрыяламі другой, нянадта аддаленай тэрытарыяльна, днепра-дзвінскай культуры ў іх таксама назіраецца шмат агульнага. У прыватнасці, варта звярнуць увагу на Аўгустоўскае гарадзішча. Яно было вызначана А.А. Егарэйчанкам у якасці мілаградскага. Апе згодна з А.Р. Мітрафанавым, кераміка гэтага гарадзішча блізкая да днепра- дзвінскай (Митрофанов, 1969 С 77-79)

Такім чынам, адносна межаў распаўсюджання старажытнасцей мілаградскай культуры ў Беларусі болей за іншых даследчыкаў мела рацыю, верагодна, В М Мельнікоўская. Аднак яе меркаванні былі ўдакладнены вынікамі даследаванняў, праведзеных у 70-80-я гады. Высветлілася, што старажытнасці мілаградскай культуры сустракаюцца і на захадзе ад нізоўяў Гарыні Дубай, адзначаны В.М. Мельнікоўскай у якасці самага заходняга мілаградскага помніка ў Беларусі, зараз лічыцца ім не павінны Мілаградскія матэрыялы былі выяўлены і крыху на захад ад Дубая у Гарадзішчы на ніжняй Ясельдзе, а таксама на Прыпяці вышэй вусця Ясельды, у Лемяшэвічах (Вергей, 1982 С. 343-344, Яна ж, 1994 С. 133-151, Яна ж, 1997 С. 83-100). Акрэсліваючы межы мілаградскай культуры, трэба, канешне, мець на ўвазе пэўнаю іх умоўнасць. У старажытнасці, у прыватнасці ў эпоху ранняга жалеза, падобныя рубяжы не заўсёды былі дакладнымі. Нярэдка адзначаюцца цэлыя зоны, дзе побач размяшчаюцца старажытнасці розных культур ці рознакультурныя напластаванні прысутнічаюць на адных і тых жа помніках. На наш погляд, у існаванні падобных зон змяшэння і кантактаў і адлюстравалюя перамяшчэнні "мілаградцаў", іх тэрытарыяльныя канфлікты з суседзямі, увогуле сам працэс узнікнення, пашырэння і заняпаду арэала мілаградскай культуры ў межах сучаснай Беларусі

Мілаградская культура эпохі ранняга жалеза бярэ свой пачатак ад лебядоўскай культуры позняга бронзавага веку. Такім чынам, мілаградскі арэал павінен быў скласціся на базе лебядоўскага. Асноўны раён распаўсюджання лебядоўскіх старажытнасцей, па меркаванню спецыялістаў, знаходзіўся на Кіеўшчыне і Чарнігаўшчыне, а паўночная мяжа распаўсюджання лебядоўскіх матэрыялаў вельмі няпэўная (Березанская, 1976. С. 190). Даследаванні паказалі, што "лебядоўцы" пражывалі і на верхнім Дняпры (паселішча Заспа) і на ніжняй Гарыні (хутар Бухлічы), і на Арэсе (Азярное) (Бычков, 1984. С. 351, Кривальцевич, 1987. С. 84, Ён жа 1994. С. 127-129). Гэта значыць, яны насялялі тыя ж самыя тэрыторыі, дзе потым фіксуюцца помнікі "мілаградцаў", іх непасрэдных нашчадкаў. Па выніках даследаванняў на Украіне адзначаецца перамяшчэнне мілаградскага насельніцтва за межы былой лебядоўскай тэрыторыі. У прыватнасці, тут "мілаградцы" перасяліліся на верхнюю Гарынь, потым яшчэ паўдневей, у вярхоўі Паўдневага Буга Дарэчы, на нашу думку, менавіта ў тым рэгіене і трэба змяшчаць Герадотаву Няўрыду (Рассадин, 1986. С. 194, Ен жа, 1996. С. 18 і наст). Для тэрыторыі ж Беларусі сляды падобных масавых міграцый мілаградскага насельніцтва і засваення ім чужых зямель не адзначаюцца Наадварот, выяўлена, што тут проста ў мілаградскі арэал былі скіраваны экспансіі носьбітаў зарубінецкай культуры, а таксама культуры штрыхаванай керамікі Нельга выключаць, канешне, што і тут час ад часу адбывалася нейкія вандроўкі асобных дробных груп "мілаградцаў". Аб гэтым сведчыць, напрыклад, знаходка мілаградскіх матэрыялаў аж у басейне ракі Нараў на Беласточчыне (Согзка, 1976 З 109-134). Увогуле, на захадзе мілаградскай тэрыторыі, у межах сучаснай Піншчыны памежжа, відаць, было досыць стабільным Верагодна, сітуацыя тут сапраўды адпавядала меркаваўшамуся Ю.У. Кухарэнкам трываламу падзелу Палесся на дзве розныя этнакультурныя зоны. З іх усходняя ў пачатковаю эпоху жалеза належала "мілаградцам" (Кухаренко, 1961). Але і тады мяжа паміж гэтымі зонамі была ўсе ж умоўнай для асобных груп мігрантаў як з усходу, так і з захаду. Так, каля в Камень на рацэ Бобрык быў знойдзены могільнік паморскай культуры (Исаенко, 1984 С 357). Гэта значна ўсходней мяжы, акрэсленай Ю У Кухарэнкам уздоўж Гарыні і Ясельды. Аднак асноўная паморская тэрыторыя даходзіла не далей Пінска, а суцэльная зона мілаградскіх помнікаў пачынаецца ўжо на ўсход ад яго.

Напэўна, мілаградскае насельніцтва Палесся нейкі час мела суседзямі таксама і носьбітаў культуры штрыхаванай керамікі. Вельмі цікавыя дадзеныя былі атрыманы А.А. Егарэйчанкам пры вывучэнні гарадзішча Івань у паўночнай частцы Палесся. Грунтуючыся на іх, даследчык прыйшоў да высновы, што гэтае ўмацаванае паселішча было заснавана "мілаградцамі". Яны насялялі гарадзішча да II ст да н.э. "Штрыхавікі" ж там пасяляюцца каля мяжы новай эры (Егорейченко, 1980 С. 360, Ён жа, 1996, а С. 21 і наст). Супастаўленне датыровак северапалескіх комплексаў абедзвюх гэтых культур дазволіла А.А. Егарэйчанку сцвярджаць, што ў I ст да н.э. - I ст н.э. мясцовыя "мілаградцы" сутыкнуліся з экспансіяй не толькі з боку "зарубінцаў", але таксама і "штрыхавікоў" (Егорейченко, 1982 С. 60).

Носьбіты той жа культуры штрыхаванай керамікі, згодна з меркаваннямі П.М. Траццякова, жылі таксама і ў нізоўях Бярэзіны (Третьяков, 1966 С 231) На думку В.В. Сядова, іх паселішчы распаўсюджваліся аж да Сажа (Седов, 1966). Але ВЫНІКІ раскопак як на Правабярэжжы, так І на Левабярэхокы верхняга Дняпра (у Шчаткаве, Рагачове, Збарове, Кюцянях, Янове, Ворнаўцы) сведчаць, што там "мілаградцы" саступілі месца носьбітам зарубінецкай культуры, а зусім не "штрыхавікам". Характэрная зарубінецкая кераміка з расчосамі, а не са штрыхоўкаю складае значны працэнт ад выяўленай на гэтых помніках (Дубінскі, 1928 С. 280-281, Ляўданскі, 1932 С. 54-61, Поболь, 1969 а С. 88-100, Ён жа, 1974 С. 222, Ільюцік, 1985 С. 78). Іншых элементаў, што хоць як-небудзь асацыіраваліся б з культурай штрыхаванай керамікі, тут зусім няма. У дадзеным рэгіёне паласа міжкультурнага змяшэння ўтварылася ў выніку экспансіі ў Верхняе Падняпроўе носьбітаў зарубінецкай культуры. Як было дакладна вызначана П.М. Траццяковым яшчэ ў 60-я гады, моцная хваля "зарубінцаў" дасягнула гэтай тэрыторыі не раней за II ст да н.э. (Третьяков, 1966 С. 40)

Згодна з вынікамі даследаванняў Л.Д. Побаля у Магілеўскім Задняпроўі мілаградскія гарадзішчы дасягаюць Мсціслаўшчыны (Гарадок-3). Але што атрымліваецца, калі звярнуць ўвагу на матэрыялы з гэтага помніка, на падставе якіх даследчыкам і была вызначана нібыта мілаградская прыналежнасць Гарадка-3? Яны практычна тоесныя знаходкам з суседняга гарадзішча Гарадок-4, вызначанага тым жа аўтарам у якасці днепра-дзвінскага (Поболь, 1974 С. 237 Мал. 81 12-17). Да таго ж ВЫНІКІ раскопак гарадзішча Дзявочая Гара ў Мсціслаўі пераконваюць у прыналежнасці і гэтага помніка таксама днепра-дзвінскай культуры (Алексеев, 1963 С 76, 78). На думку П.М. Траццякова, уздоўж Сажа мілаградскія гарадзішчы распаўсюджаны толькі да Крычава (Третьяков, Шмидт, 1963 С 21). Больш познія даследаванні падмацавалі слушнасць дадзенага меркавання. Найбольш адсунутымі ўверх па Сажу гарадзішчамі з мілаградскімі матэрыяламі з'яўляюцца Крычаўскае і Воўчаскае (Ткачев, 1976 С 427-428, Рассадин, 1988 С 376-377).

Пакуль што дакладна не вядома, дзе ж сутыкаюцца тэрыторыі "мілаградцаў", іх паўночна-ўсходніх суседзяў "днепра-дзвінцаў" і ўсходніх, носьбітаў юхнаўскай культуры. З ліку гарадзішчаў міжрэчча Сажа і Бесядзі мілаградская культура добра прадстаўлена ў Нісімкавічах Нісімкавіцкае гарадзішча, відаць, і трэба лічыць тут крайнім мілаградскім пунктам. З другога боку, высветлілася, што па левых яго прытоках да Сажа юхнаўская культура падыходзіла бліжэй, чым гэта раней лічылася Юхнаўскія матэрыялы выяўлены намі на гарадзішчах Казацкія Балсуны, Свяцілавічы, Новыя Грамыкі на рацэ Бесядзь, Вылева на рацэ Іпуць і Янава ў іх міжрэччы. Калі меркаваць па выніках раскопак на гарадзішчы Падгор'е, дзе ўнізе культурнага пласта таксама залягаюць юхнаўскія матэрыялы, перакрытыя, аднак, пазнейшымі мілаградскімі напластаваннямі (Рассадин, 1982 С 367-368), тут адбылася невялікая міграцыя ва ўсходнім напрамку Мілаградскае насельніцтва заняло ўскраіну тэрыторыі сваіх юхнаўскіх суседзяў. Час гэтай падзеі дакладна вызначыць цяжка, але мы схіляемся звязваць яе з II ст да н э , калі пасожскія "мілаградцы" самі перажывалі з'яўленне зарубінецкіх пляменаў. Магчыма, гэта і прымусіла адну з групаў мясцовага мілаградскага насельніцтва рушыць уверх па Іпуці і ўладкавацца на былым юхнаўскім Падгор'і. А "зарубінцы" захапілі і засвоілі шэраг першапачаткова мілаградскіх гарадзішчаў Ворнаўку, Нісімкавічы, Воўчас і інш. Меркаваць аб гэтым можна, у прыватнасці, таму, што аднолькава на ўсіх згаданых гарадзішчах мілаградскі пласт быў скінуты з пляцовак на схілы, а ўмацаванні часам перабудаваны на новы лад. Але часткаю Пасожжа - на поўдзень ад Гомеля зарубінецкія плямёны не авалодалі: мусіць, старое мілаградскае насельніцтва тут здолела захавацца. На карысць таму сведчыць адсутнасць зарубінецкіх напластаванняў (пры наяўнасці адзінкавых знаходак) на мясцовых гарадзішчах, у тым ліку на вывучаўшыхся стацыянарна - Любенскім, Вузаўскім, Ленінскім.

Такім чынам, на заканчэнне разгляду пытання аб мілаградскім арэале ў Беларусі адзначым, што ягоныя контуры тут у асноўным адпавядалі межам распаўсюджання культуры-папярэдніцы, лебядоўскай. У адрозненне ад паўднёвай, украінскай, тут, у паўночнай частцы мілаградскага арэала, ніякіх сурёзных змен у яго канфігурацыі не назіралася звыш паловы тысячагоддзя. Працэс катастрафічнага характеру пачаўся і працякаў даволі імкліва ў апошнія стагоддзі 1-га тысячагоддзя да н. э. Тады мілаградскую тэрыторыю захліснулі хвалі рухаўшыхся з паўночнага захаду "штрыхавікоў", а таксама "зарубінцаў", якія перасяляліся з поўдня. Вялікі арэал імкліва дэградуе: да канца перыяду экспансіі ад яго ацалелі толькі асобныя "астравы" - на поўдні Ніжняга Пасожжа, на Правабярэжжы Дняпра вышэй Рэчыцы (раён гарадзішча Мілаграды).

Зараз ні ў каго не выклікае сумнення, што мілаградская археалагічная культура складаецца з шэрагу лакальных варыянтаў, якія даволі істотна адрозніваюцца паміж сабою. На Украіне былі вызначаны сярэднедняпроўскі (падгорцаўскі), заходневалынскі (гарынскі) і жытомірскі, на Беларусі - верхнедняпроўскі, палескі (прыпяцкі) і сярэднебеларускі (Мельнйковская, 1967. С. 164-166; Яна ж, 1970. С. 139; Петровська, 1967. С. 9-22; Свешников, 1971. С. 68-71; Егорейченко, 1982; ЁН жа, 1996; Еременко, 1989. С. 77). Агульныя асаблівасці трох паўднёвых варыянтаў і іх адметнасць ад гоночных найбольш яскрава бачныя ў пахавальным абрадзе. Спецыфіка пахавальнага рытуалу ў кожным з паўднёвых варыянтаў абумоўлена, мусіць, уплывам суседняга насельніцтва (высоцкага на захадзе Валыні, лесастэпавага з культурай скіфскага тыпу на сярэднім Дняпры) (Рассадин, 1989. С. 13-15). У Верхнім жа Падняпроўі рытуал пахавання быў вельмі і вельмі кансерватыўны. ЁН практычна ідэнтычны таму, што назіраецца і на лебядоўскіх могільніках. Як і іх лебядоўскія папярэднікі, мясцовыя "мілаградцы" крэміравалі цела нябожчыка недзе па-за месцам ягонай будучай магілы. Магіла, куды ссыпаліся потым вынікі крэмацыі, была проста вырытай у грунце невялікай ямкай круглай ці авальнай у плане формы. Нярэдка пахавальны інвентар у такой магіле адсутнічаў ці быў вельмі просты: некалькі камянёў разам з асобнымі чарапкамі ад наўмысна разбітага посуду. Пахаванні зараз пазбаўлены якіх-небудзь прыкмет на паверхні грунту (Мельнйковская, 1967. С. 41-47; Березанская, 1976. С. 202). Істотна, што практычна па гэтакім жа абрадзе было здзейснена і шмат пахаванняў кіеўскай культуры, у прыватнасці на Навабыхаўскім могільніку (Поболь, 1974 а. С. 159-180). Гэтае падабенства падкрэслівалася, напрыклад, Р. У. Церпілоўскім (Терпиловский, 1984. С. 58). Мілаградскія могільнікі на Ніжняй і Сярэдняй Прыпяці вывучаны пакуль што недастаткова, але прынцыповыя адрозненні тут не заўважаны (Поболь, 1969. С. 15-17). Беларускае Палессе вызначаецца хіба што адсутнасцю пахаванняў непасрэдна на пляцоўках гарадзішчаў, як гэта было, напрыклад, на верхнедняпроўскім Гарошкаве, Янаве і інш. (Мельниковская, 1967. С. 41-47; Ільюцік, 1985. С. 77). Трэба падкрэсліць, што адрозненні паміж мілаградскімі старажытнасцямі ў Беларускім Палессі і ў Беларускім Падняпроўі ўвогуле практычна не адчувальныя. Яны хутчэй за ўсе абумоўлены занальна-прыроднымі асаблівасцямі абодвух рэгіенаў. На самай справе, напрыклад, помнікам днепра-прыпяцкага міжрэчча зусім не ўласцівыя істотныя асаблівасці ў параўнанні са змешчанымі на ўзбярэжжы самога Дняпра. На гарадзішчы Люкі адкрыта літаральна тая ж самая культура, што і ў Гарошкаве (Лошенков, 1990). Адрозненні ад дняпроўскіх помнікаў павялічваюцца па меры аддалення на захад. На Берасцейшчыне мілаградская культура ўжо мае нейкую адметнасць селішчы, а не гарадзішчы ў якасці асноўнага тыпу пасялення, меншы працэнт арнаментаванай керамікі і інш (Вергей, 1982. С. 343-344, Яна ж, 1994. С. 133- 151). Увогуле адрозненні падобнага ўзроўню часам можна назіраць нават паміж двума суседнімі помнікамі аднаго і таго ж варыянта. У любым выпадку верхнедняпроўскім і палескім старажытнасцям мілаградскай культуры ўласціва значна большае ўзаемнае падабенства, чым помнікаў любога з іншых яе лакальных варыянтаў

Але сярод мілаградскіх помнікаў Беларускага Палесся і ўвогуле Беларусі сваёй відавочнай арыгінальнасцю вызначаецца, напрыклад, Дубайскі курганны могільнік (Кухаренко, 1961 С 22, 24 Рис 11, 12). Больш таго, сама абраднасць вядомых дубайскіх пахаванняў у прынцыпе адрозніваецца ад класічна мілаградскай, якой мы яе ведаем хаця б па тым жа могільніку Гарошкаў. З другога боку, характэрныя для Дубая звычаі (не спальваць нябожчыка, а класці ў спецыяльную дамавіну і насыпаць потым курган, змяшчаць ў магіле даволі разнастайны, не крануты агнем і ўвогуле ніяк не пашкоджаны інвентар, у тым ліку вялікія пасудзіны характэрнай ігрушападобнай формы) уласцівыя могільнікам таго ж прыкладна часу, якія знаходзяцца крыху вышэй па рацэ Гарыні, ужо ў яе сярэднім цячэнні. Гэта комплексы як мілаградскай культуры - заходневалынскага яе варыянта (могільнік Гарадок), так і іншай, высоцкай (могільнік Дзеравяннае) (Кухаренко, 1966 С 112, Свешников, 1971 С. 73-76). Менавіта высоцкім уплывам, на думку Ю.У. Кухарэнкі, вызначна спецыфіка мілаградскіх старажытнасцей Заходняй Валыні. Гэты ж уплыў даследчык адзначаў і па матэрыялах Дубая. Дадзены помнік, відаць, належыць менавіта да заходневалынскага, а не да палескага лакальнага варыянта мілаградскай культуры, нягледзячы на тое што знаходзіцца ён ужо ў Беларускім Палессі. Хутчэй за ўсе пакінуты гэты помнік нейкай групаю мігрантаў, якія здзейснілі сваю вандроўку не за межы мілаградскага арэала, а ўнутры яго, на тэрыторыю іншага лакальнага варыянта. Верагодна, да другога, таксама паўдневага лакальнага варыянта належыць яшчэ адзін мілаградскі комплекс Беларусі гарадзішча і могільнік каля яго ў Асарзвічах. Апрача Асарэвічаў, ніводнаму з астатніх верхнедняпроўскіх мілаградскіх помнікаў не ўласціва гэтакая ступень насычанасці скіфскімі лесастэпавымі культурнымі элементамі. А вось для сярэднедняпроўскіх - падгорцаўскіх - старажытнасцей падобная скіфізаванасць якраз тыповая.©Матэрыял сайта "www.JiveBelarus.net"

Спынімся знарок, нарэшце, на так званым сярэднебеларускім варыянце мілаградскай культуры. За ягоную рэальнасць сведчаць, уласна кажучы, толькі тыя аргументы, якія былі выкарыстаны А.А. Егарэйчанкам у згаданых ужо публікацыях. Заўважым таксама, што меркаванне аб падабенстве старажытнасцей тыпу ніжніх пластоў Лабеншчыны з тыпова мілаградскімі выказвалася і раней. Але пры гэтым А.Р. Мітрафанавым было прапанавана разглядаць адпаведныя помнікі ў якасці асобнага варыянта зусім не мілаградскай, а культуры штрыхаванай керамікі (Митрофанов, 1978 С 9-15). Згодна з А.А. Егарэйчанкам, даследаваныя ў свой час А.Р. Мітрафанавым Аўгустова, Гатавічы, Гарадзішча, Кімія, Лабеншчына, Навасёлкі, Аздзяцічы далі прыкладна гэтакія ж формы керамікі, тыпы жытлаў, упрыгожанні, як і помнікі, чыя прыналежнасць да мілаградскай культуры бясспрэчная. Варта адзначыць фрагментарнасць керамічных матэрыялаў, што былі ў распараджэнні даследчыка: верхнія часткі ад трох гаршкоў, астатняе - дробныя венчыкі і (падкрэслім) пляскатыя донцы. Дарэчы, графічная рэканструкцыя ніжніх частак некалькіх экземпляраў посуду з гэтай калекцыі была прапанавана А.Р. Мітрафанавым. Апе пры гэтым ніякіх меркаванняў наконт іх кругладоннасці не рабілася (Митрофанов, 1978. Рис. 2: 1; Рис. 12: 1, 3, 11). Падобныя рэканструкцыі выкарастоўваюцца і А.А. Егарэйчанкам (Егорейченко, 1982. Рис. 2). Такім чынам, разглядаемыя ім сасуды мелі, мусіць, не круглыя донцы, а менавіта пляскатыя. Гэта асаблівасць, канешне, змяншае значэнне падабенства прафілёўкі іх венчыкаў з тыпова мілаградскай. Далей адзначым, што тут вельмі шырока ўжывалася зусім не ўласцівая для мілаградскай керамікі штрыхоўка. А вось сасудаў з нібы зрэзаным венчыкам тут, наадварот, зусім няма. I гэта пры тым, што такія казанападобныя пасудзіны былі адной з асноўных групаў мілаградскага керамічнага комплексу. У вогуле, апрача керамікі тыпова мілаградскай, посуду з разглядаемых А.А. Егарэйчанкам помнікаў не ў меншай ступені ўласціва падабенства таксама і да керамікі другой суседняй -днепра-дзвінскай - культуры. Напрыклад, профілі верхніх частак гладкасценных і штрыхаваных гаршкоў з сярэднебеларускіх гарадзішчаў маглі б, напэўна, згубіцца сярод масы тыловых гаршкоў паўночнабеларускіх - Кубліцкага, у прыватнасці (Шут, 1966. Рис. 4: 1 - 4, 6, 5:3 - 8). Звесткі наконт домабудавання, якія змог выкарыстаць А.А. Егарэйчанка, таксама вельмі абмежаваныя. ЁН мае на ўвазе ўсяго два жытлы з Аздзяцічаў (Митрофанов, 1978. Рис. 3). З іх толькі даследаванае ў раскопе I, бясспрэчна, тоеснае тыпова мілаградскім.. Другое аздзяціцкае жытло, з раскопу III, рэзка адрозніваецца сваёй зрубнай канструкцыяй. Да таго ж, безумоўна, трэба ўлічваць, што апрача гэтых раннія пласты сярэднебеларускіх гарадзішчаў утрымлівалі таксама і рэшткі ніколькі не падобных на мілаградскія жылых забудоў. У прыватнасці, на Лабеншчыне адзін з "мілаградскіх" гаршкоў быў знойдзены каля коміна ў вузкім (4,5 м) і "доўгім" (даследавана было 9,5 м) доме (Митрофанов, 1978. С. 10). Да таго ж адкрытыя, выкладзеныя каменнем вогнішчы Лабеншчыны былі падковападобныя, г. зн. аналагічныя не мілаградскім, а днепра-дзвінскім (Митрофанов, 1967. С. 38; Шадыро, 1985. С. 27). Напэўна, значэнне жытла з раскопу 1 у Аздзяцічах не след перабольшваць: у домабудаванні сярэднебеларускіх гарадзішчаў яно выглядае хутчэй як выключэнне, што з'явілася тут дзякуючы нейкаму знешнему ўплыву. Згодна з А.А. Егарэйчанкам, падабенства да мілаградскіх маюць і некаторыя катэгорыі інвентару ранняга часу, прадстаўленыя ў тых жа комплексах Сярэдняй Беларусі. Даследчык мае на ўвазе касцяныя шпількі, бронзавыя пласцінчастыя бранзалеты і пярсцёнкі. Але ж немагчыма пераканацца ў менавіта мілаградскай спецыфічнасці ніводнай са згаданых вышэй катэгорый знаходак. Тым больш што касцяныя вырабы, у тым ліку шпількі, у мілаградскай культуры ўвогуле рэдкія. Затое яны вельмі шматлікія ў культуры днепра-дзвінскай, у якой прадстаўлены таксама і пласцінчастыя бранзалеты і пярсцёнкі з бронзы (Шадыро, 1985. Рис. 20-21; 42). Відаць, апрача згаданых у А.А. Егарэйчанкі варта звярнуць увагу таксама і на рэчы іншых катэгорый, якія трапляліся на сярэднебеларускіх гарадзішчах разам з "мілаградскай" керамікай. Гэта долатападобная прылада з Лабеншчыны, сякера паўднёвапрыбалтыйскага тыпу з вузкім лязом, шматлікія грузікі дзякава тыпу. Гэтыя знаходкі маюць аналогіі на днепра-дзвінскіх помніках (Митрофанов, 1978. С. 35; Шадыро, 1985. С. 52). Усё гэта арыентуе на днепра-дзвінскі, а не на мілаградскі стыль. Між іншым як і абсалютная адсутнасць хоць бы нейкіх слядоў пахаванняў. Сярэднебеларускія гарадзішчы з культураю тыпу ніжніх пластоў Лабеншчыны маюць падабенства да днепра-дзвінскіх помнікаў не меншае, чым да мілаградскіх. Таму і здаецца пазаўчасным сцвярджэнне аб наяўнасці на тэрыторыі нашай краіны апрача верхнедняпроўскага і палескага яшчэ і сярэднебеларускага лакальнага варыянта мілаградскай культуры (Егорейченко, 1996. С. 64 і наст.). Нарэшце, можа, мае сенс гаварыць аб адзіным верхнедняпроўска-палескім яе варыянце - з пазначэннем асобнай заходнепалескай групы помнікаў.

Крыніца: Археалогія Беларусі: У 4 т. Т. 2. Жалезны век і ранняе сярэдня-вечча / А.А. Егарэйчанка, В.I. Шадыра, В. С. Вяргей і інш.; Пад рэд. В.I. Шадыры, В.С. Вяргей. - Мн.: "Беларуская навука", 1999. 502 е.- іл.

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.