Старажытны каменны век (палеаліт). Першапачатковае засяленне тэрыторыі

Прыродныя ўмовы ледавіковай эпохі.

Фарміраванне чалавека як біялагічнага віду адбывалася ва ўмовах прыкметнага пахаладання клімату, а яго распаўсюджанне ў Еўропе прыпала і ўвогуле на ледавіковую эпоху. Зацяжныя халады, што доўжыліся многія дзесяткі тысяч гадоў, змяняліся пацяпленнямі, калі наступаў больш спрыяльны клімат. Гэтыя кліматычныя ваганні аб'ектыўна спрыялі эвалюцыі чалавека, вучылі яго прыстасоўвацца да розных экалагічных умоў, развівалі інтэлект, прымушалі вынаходзіць спосабы захаваць сваё жыццё.

Калі прыкладна 100 тысячагоддзяў назад з'явіліся першыя прыкметы наступлення апошняга паазерскага зледзянення, на тэрыторыі Беларусі паступова пачалі знікаць шыракалістыя лясы. Іх замянілі хваёвабярозавыя пушчы, а з наступленнем большых халадоў, калі са Скандынавіі пасунуўся ледавік, пераважалі бярозавыя рэдкалессі. Часам халады на некалькі тысячагоддзяў адступалі і ўсталёўвалася часовае пацяпленне, калі распаўсюджваліся больш цеплалюбівыя расліны, але затым ледавік зноў рухаўся на поўдзень. Нарэшце 18 тысячагоддзяў назад ён дасягнуў максімальнай мяжы, якая пралягала ад раёна Гродна, на поўнач ад Вілейкі, на ўсход у раён Оршы.

Зямлю Беларусі ў гэты час скоўвала вечная мерзлата, а сярэднегадавая тэмпература была на некалькі градусаў ніжэйшая за сучасную. Перад ледавіком існаваў шырокі пас прыледавіковай пустэльні. На поўдзень прасціраліся тундра і халодны стэп з адПаведнай чэзлай расліннасцю. Толькі ў далінах рэк захоўваліся рэдкія пералескі з карлікавай бярозы, вербаў, кустоўя. Адпаведным клімату і расліннасці ў час паазерскага зледзянення быў і жывёльны свет, які складаўся з тыповых прадстаўнікоў тундры і лесатундры (паўночныя алені, пясцы, лемінгі, белыя курапаткі), лесу (высакародныя алені, бурыя мядзведзі, казулі, расамахі), стэпу (зубры, коні, зайцы-русакі, лісы, суслікі), а таксама жывёлін, што маглі існаваць у розных зонах. Асабліва характэрнымі для прыледавіковай фауны былі маманты і валасатыя насарогі - асноўны аб'ект палявання палеалітычных жыхароў.

У выніку прыкметнага пацяплення 15 тысячагоддзяў назад ледавік пачаў адступаць на поўнач, а да 14-га тысячагоддзя ён цалкам пакінуў тэрыторыю Беларусі. Наступіў позналедавіковы перыяд, калі, хоць і здараліся зацяжныя пахаладанні, усё мацнейшыя хвалі цяпла мянялі клімат, а адпаведна яму - раслінны і жывёльны свет. У цёплыя тысячагоддзі на тэрыторыю нашага краю наступаюць лясы, з пахаладаннямі часова вяртаюцца тундра і лесатундра.

Каля 12 тысячагоддзяў назад выміраюць або адступаюць на поўнач холадалюбівыя жывёлы, асабліва такія, як мамант. Валасаты насарог знік яшчэ раней. Позналедавіковы перыяд - час панавання на Беларусі паўночных аленяў, што становяцца асноўным паляўнічым аб'ектам людзей, якія зноў пачалі засяляць нашу тэрыторыю.

10 тысячагоддзяў назад з канчатковым таяннем ледавіковага покрыва нават на гарах Скандынавіі заканчваецца і ледавіковая эпоха.

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.