Старажытны каменны век (палеаліт). Першапачатковае засяленне тэрыторыі

Спробы засялення краю неандэртальскім чалавекам.

Прарадзімай старажытнейшага чалавека з'яўляецца Усходняя Афрыка, магчыма, Паўднёвая Азія. Адсюль ён паступова распаўсюдзіўся па ўсім зямным шары, а каля 1 млн гадоў і на поўдзень Усходняй Еўропы. Каля 250-100 тысячагоддзяў назад чалавечыя супольнасці асвойваюць тэрыторыі на поўнач ад Каўказа. І толькі каля 100 тысяч гадоў назад яны пранікаюць да 55-й паралелі паўночнай шыраты, а значыць, поўдзень Беларусі мог трапляць у зону іх распаўсюджання. Гэтыя апошнія падзеі звязваюцца з панаваннем у Еўропе палеаантрапаў (неандэртальцаў).

Палеаантрапы (неандэртальцы) з'явіліся на зямлі больш за 100 тысячагоддзяў назад і праіснавалі ў Еўропе каля 70 тысяч гадоў. Іх рэшткі ўпершыню былі выяўлены ў 1856 г. у мясцовасці Неандэрталь паблізу Дзюсельдорфа ў Германіі.

Ва Усходняй Еўропе да гэтага часу выяўлена каля 600 стаянак і месцазнаходжанняў прылад працы неандэртальцаў. Найбліжэй да тэрыторыі Беларусі знаходзілася стаянка каля в.Хатылёва на Браншчыне.

Першапачатковае засяленне Беларусі
Першапачатковае засяленне Беларусі: А - край ледавіка; 1,2,3 - месцазнаходжанні раннепалеалітычных крамянёвых вырабаў; познапалеалітычныя стаянкі: а - Юравіцкая; б - Бердыжская (стрэлкі паказваюць шляхі засялення ў канцы ледавіковай эпохі)

На паўднёвым усходзе Беларусі знойдзена некалькі крамянёвых вырабаў архаічнага выгляду (каля вёсак Бердыж Чачэрскага, Абідавічы Быхаўскага, пас. Свяцілавічы Веткаўскагараёнаў), якія можнаадносіць да раннепалеалітычнага (у адносінах да тэрыторыі Беларусі) часу, Калі гэта сапраўды так, то першымі жыхарамі Беларусі можна лічыць неандэртальцаў.

Вельмі верагодна, што некаторыя групы неандэртальцаў у адно з пацяпленняў маглі пранікнуць на паўднёвыя абшары Беларусі. Але да часу выяўлення рэшткаў саміх паселішчаў рана гаварыць аб іх доўгачасовым знаходжанні тут.

Па прапорцыях цела неандэртальцы былі блізкія да сучаснага чалавека, аяе іх чарапы яшчэ захавалі шмат прымітыўных рыс. Яны мелі невялікі рост (155-165 см), галовы з пакатым ілбом, выступаючымі надвочнымі валікамі і скошанай ніжняй сківіцай. Аб'ём іх мозга дасягаў у сярэднім 1500 см3, што адпавядае паказчыкам сучаснага чалавека.

Бердыж
Бердыжская палеалітычная стаянка. Сучасны выгляд

Неандэртальцы, якія наследавалі культуру папярэдняй эпохі, развівалі яе адпаведна патрабаванням часу. Найбольш распаўсюджанымі ў іх крамянёвымі прыладамі працы былі скрэблы, востраканечнікі і ручныя рубілы.

Галоўным заняткам тагачаснага чалавека былі паляванне і, магчыма, збіральніцтва. Здабывалі мамантаў, валасатых насарогаў, аўцабыкоў, паўночных аленяў, бізонаў, пясцоў і іншых жывёл, якія прызвычаіліся існаваць у суровых умовах прыледавіковай зоны. У той час ужо ўмелі будаваць жытло, абаграваць яго агнішчамі, шыць вопратку са скур пушных звяроў. Нават пачалі свядома хаваць памерлых суродзічаў з адпаведнымі магічнымі рытуаламі. Існуюць і доказы зараджэння мастацкай творчасці, найперш арнаментальнай.

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.