Гаспадарчыя заняткі насельнікаў у бронзавым веку

Металаапрацоўка.

Металургія, апрацоўка і выкарыстанне медзі і бронзы - адна з асноўных адзнак бронзавага веку. На Беларусі адсутнічаюць радовішчы руды, неабходнай для атрымання медзі і бронзы, што прымушала нашых продкаў імпартаваць сыравіну і металічныя вырабы з іншых рэгіёнаў.

Увогуле вядома, што Усходняя Еўропа ў бронзавым веку не ўваходзіла ў кола старажытнейшых цэнтраў станаўлення і развіцця металургіі. Навыкі абыходжання з металам тагачасныя жыхары ўсходнееўрапейскіх раўнін перанялі ад насельніцтва Балкан і Каўказа. На поўдзень ад Беларусі на тэрыторыі Украіны пад уздзеяннем Балканскіх цэнтраў ужо ў 4-м тысячагоддзі да н.э. з'яўляюцца ўласная металургія і металаапрацоўка, а ў 3-м тысячагоддзі да н.э. тут пачынаюць атрымліваць першы штучны сплаў - мыш'яковістую бронзу. У другой палове 3 - пачатку 2-га тысячагоддзя да н.э. у ранні перыяд бронзавага веку насельніцтва культур шнуравой керамікі Украінскага Перадкарпацця, Падоліі і Валыні ўжо карыстаецца алавяністай бронзай.

Самыя раннія сведчанні выкарыстання медзі і бронзы на тэрыторыі Беларусі адносяцца да ранняга перыяду бронзы. На помніках насельніцтва сярэднедняпроўскай культуры, найперш у курганах пад Ходасавічамі (Рагачоўскі раён) і ў бескурганных пахаваннях ва ўрочышчы Страліца (в. Рудня Шлягіна Веткаўскага раёна) знойдзена вялікая колькасць металічных вырабаў, такіх, як шылы, нажы, віслаабушная сякера так званага калантаеўскага тыпу, утулкавая сякера, скроневыя кольцы, дыядэмы, грыўні, бранзалеты, трубчастыя пранізкі, утулкавыя наканечнікі коп'яў. Большасць іх зроблена з чыстай медзі і мыш'яковістай бронзы. Для вырабу двух рэчаў (нажа і бранзалета) выкарыстоўвалася алавяністая бронза.

На думку І.Арцёменкі, насельніцтва сярэднедняпроўскай культуры карысталася металам як каўказскага, так і балкана-карпацкага паходжання. Знойдзены таксама рэчы, зробленыя са змешанага каўказска-карпацкага металу, што можа сведчыць пра іх мясцовую вытворчасць. Пацвярджэннем існавання мясцовай металаапрацоўкі з'яўляецца і той факт, што некаторыя вырабы сярэднедняпроўскай культуры не маюць прамых аналогій ні на Каўказе, ні ў Карпацкім басейне, а таму маглі быць адліты паводле мясцовых узораў. Кавадламі, якімі карысталіся для апрацоўкі металу, маглі служыць некаторыя каменныя вырабы, адшуканыя ў курганах сярэднедняпроўскай культуры, у тым ліку і пад Ходасавічамі. С.Беразанская звязвае з сярэднедняпроўскай культурай некаторыя знаходкі гліняных формачак для адліўкі клінападобных сякер.

Паводле даследаванняў на суседніх тэрыторыях Украіны ў час знаходжання там плямён сярэднедняпроўскай культуры тэхналогія металаапрацоўкі дасягнула даволі высокага ўзроўню. Акрамя кавальскай апрацоўкі металу выкарыстоўвалася таксама тэхніка ліцця ў гліняных і каменных формах, гатаваліся сплавы, у тым ліку не толькі мыш'яковістыя, але і алавяністыя.

Знойдзеныя ў Страліцы і Ходасавічах (урочышча Мошка) наканечнікі коп'яў з літымі незамкнутымі ўтулкамі, магчыма, з'яўляюцца найстаражытнейшымі ў Еўропе наканечнікамі з адлітай утулкай і тэарэтычна маглі быць зроблены раней, чым у XVII ст. да н.э. Вядома, што адліўка наканечнікаў коп'яў і кельтаў з так званай "сляпой" утулкай і шырокае выкарыстанне алавяністай бронзы - адзнака новага этапу ў развіцці металургіі ва Усходняй Еўропе, які пачаўся з XVI ст. да н.э. (паводле меркавання Е.Чарных), акрамя таго, распаўсюджанне рэчаў з класічнай (так званай алавяністай) бронзы пачынаецца ў Заходняй і Сярэдняй Еўропе каля 1600 г. да н.э.

Пасля XVII ст. да н.э. змяншаецца роля каўказскіх металургічных традыцый і ў Еўропе вялікае значэнне набывае Карпата-Трансільванскі металургічны цэнтр. Выключную ролю атрымлівае алавяністая бронза і тэхніка ліцця ў высокавытворчыя каменныя формы, у тым ліку па метадзе "сляпой" утулкі. Пачынаюць актыўна фарміравацца мясцовыя металаапрацоўчыя традыцыі. На думку В. Клочкі, мясцовая металвытворчасць магла ўзнікнуць у асяроддзі ўсходнетшцінецкага і сосніцкага насельніцтва, пра што сведчаць, як лічыць даследчык, некаторыя знаходкі ліцейных форм у правабярэжных раёнах Украіны і асаблівасці тутэйшай вытворчасці металу.

Наканечнік кап'я і сякеры
Бронзавыя вырабы з Беларускага Падняпроўя: наканечнік кап'я і сякеры

Колькасць металічных вырабаў, знойдзеных пераважна ў цэнтральных і паўночных раёнах Беларусі, дазваляе меркаваць, што вялікае значэнне ў позні перыяд эпохі бронзы мелі так званыя кельты - сякеры, у якіх утулка размяшчалася ў абушковай частцы перпендыкулярна лязу. УСкандынавіі кельты датуюцца ў межах 1000-600 гт. да нз. На Беларусі шырока распаўсюджваліся бронзавыя кельты меларскага тыпу, большасць якіх выкарыстоўвалася ў першай чвэрці 1 -га тысячагоддзя да н.э. і мела пашырэнне не толькі на прасторах Скандынавіі і Беларусі, але і Усходняй Прыбалтыкі, Ютландыі, Фінляндыі, Цэнтральнай Расіі. Паводле даных спектральнага аналізу, кельт, знойдзены недалёка ад р. Чарніца (Віцебская вобласць), быў адліты з алавяністай бронзы, сыравінай для якой маглі быць радовішчы Цэнтральнай Еўропы.

Сярод адзінкавых і выпадковых знаходак сярэдняга перыяду эпохі бронзы на Беларусі даследчыкі адзначаюць сякеры з бакавымі закраінамі, ці пальштабы (Пінск, Кальвішкі Браслаўскага раена, Новы Быхаў), якія маюць аналогіі ў Скандынавіі і Прыбалтыцы. Ёсць таксама звесткі пра іншыя вырабы эпохі бронзы: бронзавыя мячы, уступчатую сякеру, наканечнік стралы, меднае плоскае цясла і г.д.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.