Асаблівасці каменнага веку на Беларусі

Найбольш працяглы, складаны, а нярэдка і драматычны перыяд мінулага чалавецтва - каменны век. На яго прыпадаюць і максімальнае пахаладанне апошняй сотні тысяч гадоў, калі 20-18 тысячагоддзяў назад наш край цалкам стаў непрыдатным для існавання тут чалавека, і найбольшае пацяпленне 6 тысячагоддзяў назад з асабліва спрыяльнымі ўмовамі для ўсяго жывога. У ім былі і адчайная барацьба за выжыванне ў ледавіковую эпоху і, мабыць, гармонія з прыродай у цёплыя часы.

Са зменай умоў жыцця ў працэсе працоўнай дзейнасці мяняўся і чалавек - эвалюцыяніраваў яго інтэлект, удасканальваліся прылады працы і зброя, ускладняліся заняткі і побыт. З улікам гэтага навукоўцы падзяляюць каменны век на тры перыяды - старажытны каменны век - палеаліт (з гр. мовы палеа- старажытны, літас - камень), сярэдні каменны век - мезаліт (з гр. меза - сярэдні) і новы каменны век - неаліт (з гр. неа - новы). Праз увесь каменны век пераважаюць вырабы з каменю (крэменю), аднак у кожным перыядзе маюцца свае адметнасці, а таксама з'яўляюцца новыя вызначальныя асаблівасці ў іншых праявах матэрыяльнай і духоўнай культуры і занятках.

Касцяная статуэтка маманта Касцяная статуэтка маманта. Цэнтральная Еўропа

Галоўнай асаблівасцю палеаліту (каля 100 - 11/10 тысячагоддзяў назад) было існаванне першабытнага чалавека ва ўмовах ледавіковай эпохі, засяленне ім тэрыторыі краю, удасканаленне вырабаў - ад ручнога рубіла да наканечнікаў стрэл і касцяных гарпуноў, пераважна паляўнічы характар гаспадарання. У сваю чаргу і палеаліт з улікам дынамікі тагачаснага грамадства падзяляюць на ранні (так званая эпоха мусцье), які заканчваецца каля 40-35 тысячагоддзяў назад і адпавядае сярэдняму палеаліту ў агульнаеўрапейскай перыядызацыі, і позні. Апошнія тысячагоддзі старажытнакаменнага веку лічаць палеалітам фінальным, калі знікаюць маманты, чалавек вынаходзіць лук са стрэламі, цалкам і канчаткова засяляе амаль усю тэрыторыю сучаснай Беларусі.

На змену палеаліту прыходзіць мезаліт (9 - 5-е тысячагоддзі да н.э.), час істотнага пацяплення клімату, развіцця флоры і фауны сучаснага выгляду, шырокага распаўсюджання састаўных укладышавых прылад, выпрацоўкі пераважнай большасці тыпаў крамянёвых і касцяных вырабаў, максімальнай прадукцыйнасці прысвойваючай гаспадаркі - палявання, рыбалоўства і збіральніцтва.

Заключны перыяд каменнага веку - неаліт (5-3-е тысячагоддзі да н.а). Ён характарызуецца паступовым набліжэннем клімату да сучасных параметраў, значным павелічэннем колькасці рубячых прылад, у тым ліку і з зашліфоўкай пад канец неаліту, паўсюдным з'яўленнем глінянага посуду - керамікі. Зараджаюцца і распаўсюджваюцца цалкам новыя і надзвычай важныя для чалавека вытвараючыя формы гаспадаркі - земляробства і жывёлагадоўля, якія істотна дапаўнялі традыцыйныя заняткі жыхароў лесу. Прыкметнае павелічэнне аб'ёмаў харчавання, яго большая разнастайнасць прывялі да значнага росту колькасці насельніцтва, якое пачало асвойваць новыя землі на берагах рэк і азёр. У неаліце жыхарства тэрыторыі Беларусі адчувала і ўспрымала моцныя ўплывы сярэднееўрапейскіх супольнасцей з даўнімі традыцыямі гадоўлі свойскай жывёлы і вырошчвання акультураных раслін.

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.