Фарміраванне супольнасцей ранняга перыяду бронзавага веку

Старажытныя індаеўрапейцы.

У 3-м тысячагоддзі да н.э. у Еўропе адбываюцца выключныя па сваім значэнні змены, важнейшым вынікам якіх стала з'яўленне на прасторах кантынента носьбітаў індаеўрапейскіх моў і складванне многіх еўрапейскіх супольнасцей, у тым ліку і тых, якія існавалі на тэрыторыі Беларусі ў эпоху бронзы і ў наступныя часы.

У першапачатковай гісторыі індаеўрапейцаў яшчэ шмат нявысветленага. Спрэчкі навукоўцаў найбольш вядуцца вакол пошукаў іх першапачатковай лакалізацыі - аб "прарадзіме", а таксама аб вызначэнні шляхоў, часу і механізму распаўсюджання індаеўрапейскіх дыялектаў і іх носьбітаў. У пачатку асваення Еўропы індаеўрапейцы верагодней за ўсё займалі паўночнапрычарнаморскія і прыволжскія стэпы або нават і шырэйшую прастору, куды яны, па меркаванні некаторых даследчыкаў, трапілі з Паўднёвага Каўказа, Усходняй Анатоліі і Паўночнай Месапатаміі, дзе, магчыма, і знаходзілася ў 5 - 4-м тысячагоддзях да н.э. іх "прарадзіма".

Каменныя свідраваныя сякеры
Каменныя свідраваныя сякеры з басейна р.Шчары

Індаеўрапеізацыя нашага кантынента, верагодна, адбывалася шляхам пранікнення індаеўрапейскіх дыялектаў разам з нейкай часткай насельніцтва, якое змешвалася з мясцовымі этнічнымі групамі і перадавала ім з большым або меншым поспехам сваю гаворку.

Існуе даволі распаўсюджанае меркаванне, што першапачатковыя імпульсы індаеўрапейскага пранікнення ў Еўропу маглі зыходзіць найперш з асяроддзя стэпавай ямнай культурнай супольнасці. Аднак высвятляецца, што менавіта тэрыторыя ямнай супольнасці стала месцам абасаблення інда-іранскай дыялектнай групы, а таму "ямнікі" маглі толькі ўплываць на мясцовыя культуры Сярэдняй Еўропы.

Якім бы чынам ні адбываліся працэсы індаеўрапеізацыі, зараз амаль не выклікае сумненняў, што ў 2-м тысячагоддзі да н.э. большасць Еўропы ўжо была заселена насельніцтвам, якое размаўляла на індаеўрапейскіх мовах.

З адным з этапаў індаеўрапеізацыі значных прастораў Сярэдняй і Усходняй Еўропы звязваюць распаўсюджванне культур шнуравой керамікі, найбольш раннія праявы чаго заўважаюцца яшчэ ў 3-м тысячагоддзі да н.э. У канцы 3-га-першай палове 2-га тысячагоддзя да н.э. у перыяд свайго найбольшага пашырэння носьбіты "шнуравых" і вытворных з іх "эпішнуравых" культур асвоілі прасторы ад Рэйна на захадзе да Волгі на ўсходзе і ад Фінляндыі на поўначы да Сярэдняга Падняпроўя і Карпат на поўдні. Першапачатковыя этапы гісторыі шнуравікоў звязваюць з так званым "агульнаеўрапейскім гарызонтам", матэрыяльныя сведчанні якога сустракаюцца пры вывучэнні тагачасных паселішчаў і могільнікаў пераважна Сярэдняй Еўропы.

"Агульнаеўрапейскі гарызонт", на думку некаторых даследчыкаў, мог утварыцца ў выніку вельмі хуткага распаўсюджання пэўных груп насельніцтва са старажытнымі "шнуравымі рысамі. Культуры пазнейшых шнуравікоў,паводле меркавання большасці навукоўцаў, сфарміраваліся ў выніку вельмі складаных працэсаў (акультурацыі, асіміляцыі, інфільтрацыі і інш.) з удзелам як нашчадкаў "агульнаеўрапейскага гарызонту, так і мясцовых груп насельніцтва і адзначаюцца на вялікіх прасторах Сярэдняй і Усходняй Ёуропы, у тым ліку і на Беларусі.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.