Гаспадарчыя заняткі ў каменным веку

Прысвойваючыя формы гаспадарання.

Старажытныя людзі ў выкарыстанні прыроднага асяроддзя мала адышлі ад сваіх жывёльных продкаў. Новым у гэтым занятку напачатку стала бадай што толькі ўжыванне прылад.

Мяркуючы па форме зубоў, першыя чалавекападобныя істоты - аўстралапітэкі - хутчэй за ўсё былі ўсёеднымі. Няма таксама сумнення ў тым, што неандэртальцы, якія, магчыма, самымі першымі пачалі пранікаць на тэрыторыю Беларусі, ужо здабывалі сабе ежу паляваннем і збіральніцтвам.

Значна больш маецца сведчанняў гаспадарчых заняткаў краманьёнскіх насельнікаў Юравіцкай і Бердыжскай познапалеалітычных стаянак. Мяркуючы па рэштках касцей, што захаваліся на гэтых помніках, палявалі амаль на ўсё, што складала навакольную фауну і магло даць мяса, скуру, тлушч і косці. Найбольш спажывы прыносіла паляванне на мамантаў. Акрамя мяса ад іх атрымлівалі косці для паліва і будаўніцтва жытла. Жытло маглі накрываць і кавалкамі мамантавых скур. Палявалі таксама на валасатых насарогаў, паўночных і высакародных аленяў, мядзведзяў, зуброў, коней, казуль, ваўкоў, зайцаў і інш. Найперш для вопраткі выкарыстоўваліся скуры пушных звяроў - пясцоў, лісіц. З некаторых костак выраблялі і прылады, асабліва праколкі і іголкі, землекапалкі і інш.

Пераважная частка крамянёвых вырабаў першабытнага чалавека была зброяй або прыладамі для разбірання туш, апрацоўкі скур і касцей. Так, ручное рубіла служыла для бліжняга бою, сячэння і капання, востраканечнікі прымацоўвалі да коп'яў, якімі калолі або забівалі дзічыну на адлегласці, часам нават з дапамогай касцяной або драўлянай коп'екідалкі. Кінжалы і нажы служылі для рэзання мяса і скур, скрабкі - для апрацоўкі скур, разцы - для работы з косткамі. Паколькі вопратка была амаль выключна скураная, то пры яе сшыванні выкарыстоўвалі праколкі.

Памеры і паводзіны дзічыны шмат у чым вызначалі і паляўнічую стратэгію. Мабыць, першапачаткова найбольш эфектыўным спосабам здабычы буйной жывёлы была аблава, у тым ліку з выкарыстаннем агню, калі дзічыну гналі да абрываў, багністых месцаў, лоўчых ям. На драбнейшых жывёлін можна было паляваць і індывідуальна, у тым ліку з выкарыстаннем розных пастак.

Другой крыніцай забеспячэння палеалітычнага чалавека ежай было збіральніцтва, хоць рэчавы^ доказаў яго існавання існуе вельмі мала. Нават у лесатундры прыледавіковай зоны, асабліва каля рачных узбярэжжаў, раслі пералескі і хмызнякі, дзе можна было знайсці ядомыя расліны, ягадныя і грыбныя мясціны. Няма сумнення, што вясной шырока практыкаваўся збор птушыных яек. Маглі ўжывацца ў ежу і розныя малюскі і інш

Напэўна, пры магчымасці лавілі і рыбу, асабліва ў час яе нерасту. Але для гэтага, мусіць, яшчэ не былі вынайдзены адпаведныя прылады і прыстасаванні. Рыбу маглі калоць коп'ямі, глушыць доўбнямі, лавіць рукамі.

Асновай гаспадаркі фінальнапалеалітычнага чалавека заставалася паляванне. Яно давала яму ежу, вопратку, абутак, матэрыялы для вырабу прылад працы, будаўніцтва жытла. Са зменай прыроднага асяроддзя мянялася фауна, а адпаведна і характар палявання. Галоўным аб'ектам палявання становіцца паўночны алень. Мабыць, па гэтай прычыне, а таксама з распаўсюджаннем лука і стрэл старадаўняя загонна-аблаўная сістэма палявання паспяхова дапаўняецца высочваннем, праследаваннем і забіваннем дзічыны кап 'ём або стралой. Як сведчыць этнаграфія народаў, у культуры якіх да мінулага стагоддзя яшчэ захоўваліся першабытныя рысы, паколка паўночнага аленя праводзілася калектыўна восенню і вясной у час масавых перапраў праз водныя перашкоды. Для гэтага выкарыстоўвалі коп'і і гарпуны. Зімой і летам галоўным відам палявання станавілася індывідуальнае высочванне з забоем дзічыны стрэламі. Паўночных аленяў маглі здабываць і з дапамогай пастак ям, выкапаных у снезе і замаскіраваных, а таксама траншэй, дзе бездапаможная жывёліна станавілася лёгкай здабычай. Напэўна, лавілі дзічыну і петлямі, пастаўленымі на аленевых сцежках. Здабычай тагачаснага чалавека станавіліся і іншыя жывёлы, а таксама птушкі.

Паляванне на паўночных аленяў давала шмат мяса, таму не было сэнсу шмат часу аддаваць рыбалоўству. З-за беднасці расліннага свету ва ўмовах тундры няшмат спажывы магло даць чалавеку і збіральніцтва.

Асновай гаспадаркі мезалітычнага насельніцтва па-ранейшаму заставалася паляванне. Пры гэтым ва ўмовах лясной зоны яно вялося ў асноўным з дапамогай лука. Пра гэта найперш сведчыць тое, што на кожнай мезалітычнай стаянцы сустракаюцца пласціначныя наканечнікі стрэл. Розныя геаметрычныя мікраліты - трапецыі, трохвугольнікі і іншыя, а таксама ланцэтападобныя вастрыі таксама ў большасці з'яўляліся наканечнікамі. Мяркуючы па знаходках на тарфянікавых паселішчах суседніх краін, у мезаліце лукі майстравалі з цвёрдых парод дрэў - вяза, дуба, ціса Яны мелі засечкі на канцах для прывязвання цецівы, а пасярэдзіне - невялікае паглыбленне для рукі. Даўжыня лукаў рэдка перавышала 150-180 см. Стрэлы былі драўляныя, трысняговыя і, магчыма, касцяныя. Даўжыня іх разам з наканечнікам дасягала 70-90 см. На адным канцы рабілі выемку для ўпору на цеціву, на другі мацавалі наканечнік-крамянёвы, касцяны (рагавы) або драўляны. Былі стрэлы і больш прымітыўныя з суцэльнай драўлянай нарыхтоўкі, з якой выразаўся нават наканечнік. Эфектыўнай паляўнічай зброяй з'яўлялася і кап'ё.

Спосабы палявання на буйных жывёл у мезаліце былі разнастайныя. Найбольш часта ўжываўся гон - праследаванне адным або некалькімі паляўнічымі жывёліны да яе знясілення. Асабліва эфектыўным гэты спосаб быў па свежым снезе, тым больш з выкарыстаннем лыжаў.

Практыкавалася і высочванне, вядомаё яшчэ з палеаліту. Карыстаючыся маскай з рагамі, паляўнічы мог даволі блізка падабрацца да здабычы і забіць або раніць яе. Пра такі спосаб палявання сведчаць наскальныя малюнкі Францыі і Іспаніі, а таксама знаходкі саміх масак на стаянках Германіі і Вялікабрытаніі.

Ужываліся і розныя пасткі, з якіх, мабыць, найбольш распаўсюджанымі былі лоўчыя земляныя ямы з камянямі або вастракамі на дне.

Распаўсюджанай здабычай мезалітычнага чалавека была і драбнейшая лясная дзічына - зайцы, лісіцы, барсукі і іншыя, а таксама птушкі - качкі, гусі, цецерукі і інш. На іх палявалі пераважна лукамі. Несумненна, што выкарыстоўваліся таксама розныя петлі, сеткі і іншыя прыстасаванні. Не выклікае ў навукоўцаў сумненняў і тое, што мезалітычны чалавек на паляванні выкарыстоўваў свойскіх сабак.

Значную ролю ў сярэднекаменны час адыгрывала і рыбалоўства. Аб гэтым найперш сведчыць той факт, што менавіта ў мезаліце з'явіліся першыя спецыялізаваныя рыбалоўныя прылады - кручкі з лескай. Здабывалі рыбу таксама касцянымі гарпунамі і восцямі. У познамезалітычны час пачалі выкарыстоўваць сеткі, што значна павялічыла прадукцыйнасць рыбацкіх намаганняў, тым больш што з'явіліся і выдзеўбаныя з камля дрэва чоўны. У самым канцы эпохі ў вузкіх рачных месцах з калоў і жэрдак пачалі будаваць заколы, у якіх рыбу лавілі бучамі. Аналіз касцявых рэшткаў на тарфянікавых стаянках паказвае, што рыбакі найбольш спажывы атрымлівалі са здабычы шчупакоў.

Мяса складала аснову харчавання мезалітычнага чалавека. Яно ў некаторай ступені дапаўнялася расліннай ежай, якую атрымлівалі збіральніцтвам. Але менавіта збіральніцтва пачало займаць важнае месца ў тагачаснай гаспадарцы толькі пад канец эпохі.

Акрамя здабычы ежы ў лесе, на балоце або вадаёме чалавек каменнага веку меў шмат іншых клопатаў - апрацоўка скур і шыццё з іх вопраткі і абутку, будаўніцтва жылля, выраб рознага хатняга драўлянага начыння і найбольш майстраванне з крэменю, рога і косці, а таксама дрэва прылад працы і паляўнічай зброі.

У раннім неаліце яшчэ назіраўся росквіт прысвойваючай гаспадаркі - палявання, рыбацтва і збіральніцтва, але ў гэтых занятках к канцу эпохі пачалі адчувацца крызісныя з'явы ў сувязі з пагаршэннем клімату і празмерным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў шматлікім насельніцтвам. Для кампенсацыі недахопу харчу яно пачало шукаць альтэрнатывы, што прывяло да з'яўлення земляробства і жывёлагадоўлі.

Багатыя фауна і флора, якія квітнелі ва ўмовах цёплага і вільготнага клімату ў ранненеалітычны час, спрыялі далейшаму развіццю прысвойваючых форм гаспадаркі. Аб гэтым шмат сведчанняў на тагачасных помніках, асабліва калі на іх захаваліся арганічныя рэчывы. Так, ранненеалітычныя жыхары стаянак Крывінскага тарфяніка на Віцебшчыне найбольш палявалі на ласёў і дзікоў, здабывалі яны таксама мядзведзяў і баброў. Для вырабу футры забіваліся выдры. На захадзе Палесся ў наваколлі сучаснай вёскі Камень Пінскага раёна ў ранненеалітычны час палявалі ў асноўным на дзіка, лася і высакароднага аленя, баброў, зуброў. Мядзведзяў і казуль здабывалі менш.

Паляпшаецца паляўнічая зброя, наканечнікі стрэл і коп'яў набываюць больш дасканалыя формы і ахайна апрацоўваюцца рэтушшу. У месцах, бедных на крамянёвую сыравіну, шырока распаўсюдзіліся касцяныя і рагавыя наканечнікі стрэл і кінжалы.

У раннім неаліце асабліва на багатым азёрамі Падзвінні росквіту дасягнула і рыбная лоўля. Пра гэта сведчыць размяшчэнне тагачасных паселішчаў паблізу рыбных вадаёмаў, знаходкі на тарфянікавых помніках кручкоў, гарпуноў, грузілаў і паплаўкоў ад сетак, костак і лускі рыбы. Месцамі сустракаюцца фрагменты чоўнаў-дзяўбёнак і вёслаў. Для вырабу чоўнаў служылі крамянёвыя цёслы, колькасць якіх у неаліце значна ўзрастае. Найбольш сведчанняў рыбалоўства выяўлена на стаянках Крьшінскага тарфя-ніку на Віцебшчыне і на стаянцы Камень-8 у Пінскім раёне на Брэстчыне.

I ў неаліце сярод гаспадарчых заняткаў прыкметнае месца працягвала займаць збіральніцтва.

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.