Плямёны на тэрыторыі Беларусі ў сярэднім і познім перыядах бронзавага веку

Плямёны тшцінецка-сосніцкай супольнасці.

Гісторыя насельніцтва Паўднёвай Беларусі, пасля якога засталіся помнікі тшцінецка-сосніцкага тыпу, звычайна разглядаецца ў рамках тшцінецка-камароўска-сосніцкай агульнасці, якая ў эпоху бронзы распаўсюджвалася на прасторах Еўропы ад басейна Одэра на захадзе да Падзясення на ўсходзе. Храналогія яе вызначаецца ў межах XV-XI стст. да н.э.

На шырокай прасторы адзначанай агульнасці выдзяляюцца ўсходні і заходні рэгіёны. Заходні займалі плямёны, культуру якіх вызначаюць як тшцінецкую або заходнетшцінецкую, якія распаўсюджваліся ў Польшчы і, напэўна, у суседніх раёнах Заходняга Палесся, Беларускага Панямоння і Заходняй Валыні. Ва ўсходнім рэгіёне жылі плямёны ўсходнетшцінецкай культуры. Яны займалі прастору на ўсход да Падзясення і ўтваралі шэраг груп, з якіх сосніцкая, на думку некаторых археолагаў, утварала самастойную культуру і ахоплівала тэрыторыі Сярэдняга і Верхняга Падняпроўя, заходзячыў Прыпяцкае Палессе і нават цэнтральныя раёны Беларусі.

Картаграфаванне тшцінецка-сосніцкіх паселішчаў і могільнікаў, асобных знаходак дае ўяўленне пра даволі значнае іх распаўсюджанне на тэрыторыі Беларусі. Найбольш іх на Беларускім Палессі, у нізоўях правых прытокаў Прыпяці, прынамсі, у Сцвіга-Гарынскім міжрэччы. На поўначы Верхняга Падняпроўя паселішчы сосніцкага тыпу, паводле меркаванняў I. Арцёменкі, распаўсюджваліся да Аршанска-Магілёўскай раўніны, а асобныя знаходкі характэрнай керамікі сустракаюцца, на яго думку, нават у некаторых месцах Беларускага Паазер'я. Посуд і асобныя рэчы, характэрныя для сосніцкай культурнай супольнасці, былі знойдзены таксама на паўночным захадзе Беларусі ў басейне Нёмана, пераважна на яго левабярэжжы, а месцамі нават і на правых прытоках.

Паселішча насельніцтва тшцінецкай культуры.
Паселішча насельніцтва тшцінецкай культуры. Усходняе Палессе

Тшцінецка-сосніцкае насельніцтва сялілася на пясчаных узвышэннях сярод рачных і азёрных паплавоў ці зрэдку на мысападобных выступах на краях рачных тэрас У некаторых рэгіёнах прасочваецца "гнездавы" спосаб рассялення, калі на пэўных участках даліны размяшчалася да 5-6 і больш паселішчаў. Напрыклад, рэшткі пяці паселішчаў каля в Ліпляны Лельчыцкага раёна знаходзіліся на ўчастку даліны Убарці працягам да 2 км, дзе было шмат старыц.

Некаторыя паселішчы былі кароткатэрміновымі, на іншых жа жылі працяглы час. Пры раскопках каля в. Пустынка на Чарнігаўшчыне выяўлена 35 будынкаў, сярод якіх 20 з'яўляліся жытлом, 2 - культавымі, а рэшта - гаспадарчымі збудаваннямі. Жытло і іншыя будынкі размяшчаліся ў некалькі радоў на выспе ўздоўж старарэчышча і займалі ўчастак даўжынёй каля 250 м.

Жыхары гэтага пасёлка ўзводзілі наземныя або паглыбленыя ў зямлю на 0,5-1,4 м збудаванні плошчай ад 24-40 да 72-120 м2. У аснове іх канструкцыі былі вертыкальныя слупы, а сцены рабіліся з бярвенняў або пераплеценага галля, абмазанага глінай. Жытло складалася з аднаго або часцей двух памяшканняў - жылой "святліцы" і кухні. У інтэр'ер уваходзілі печкі з камянёў або адкрытыя агнішчы, гаспадарчыя ямы. Падлога ў "святліцах" магла выкладацца глінянымі валікамі. На ўскраіне пасёлка знаходзілася наземная будыніна слупавой канструкцыі, якая служыла месцам адпраўлення нейкіх земляробчых культаў. Другая культавая пабудова - паўзямлянка - магла быць адмысловым "домам памерлых", дзе апрача агнішчаў знаходзілася шэсць пахаванняў з крэмацыяй.

Сярод тшцінецка-сосніцкага насельніцтва існавалі разнастайныя пахавальныя вераванні. Памерлых хавалі на курганных і бескурганных могільніках па абрадзе крэмацыі або інгумацыі. Сустракаюцца магілы з вялікай колькасцю спаленых нябожчыкаў.

На Верхнім Падняпроўі бескурганныя магілы з трупаспаленнем знойдзены пад Ходасавічамі Рагачоўскага, Гарошкавам Рэчыцкага, Сябровічамі Чачэрскага раёнаў. Пахаванні зроблены ў ямах, арыентаваных па лініі ўсход-захад. Зверху яны, верагодна, мелі перакрыцці. У ямах побач з крэміраванымі рэшткамі памерлых знаходзяцца адмысловыя пасудзіны, крамянёвыя вырабы, іншыя рэчы. Пахаванне з крэмацыяй у яме і пасудзінай выяўлена нават на верхнім цячэнні Нёмана каля Апечак у Стаўбцоўскім раёне.

Да курганных пахаванняў сосніцкага тыпу, магчыма, можна адносіць адзін з курганоў ва ўрочышчы Міліцкае каля в. Прыбар Гомельскага раёна. Тут пад насыпам кургана на ўзроўні старажытнай паверхні знаходзіліся абломкі посуду, крамянёвыя вырабы, а таксама крэміраваныя косці нябожчыка

Насельніцтва тшцінецка-сосніцкай супольнасці практычна на ўсёй тэрыторыі свайго распаўсюджання на Беларусі карысталася вельмі характэрным гладкасценным посудам з дамешкамі жарствы ў гліняным цесце. Найбольш тыповымі былі высокія гаршкі цюльпанападобнай формы і слоікападобныя пасудзіны. Краі іх венцаў былі патоўшчаныя і скошаныя вонкі. Ужывалі таксама міскі, а часам і друшлякі.

Большасць посуду аздаблялася пракрэсленымі і баразнаватымі лініямі, рыскамі, насечкамі, наколамі, ямкамі, адбіткамі шнура У Прыпяцкім Палессі, на Верхнім Падняпроўі і Панямонні шырока выкарыстоўваўся арнамент у выглядзе ружанца, які атрымліваўся пры націску на неапаленую сценку гаршка пласцінкі з накручанай ніткай. Менавіта шырокае распаўсюджанне ў аздабленні ружанца у спалучэнні з іншымі адзнакамі стала падставай для вылучэння керамікі сосніцкага тыпу. Некаторыя пасудзіны мелі на шыйках наляпныя гліняныя валікі. Арнаментальныя кампазіцыі тшцінецка-сосніцкай керамікі складаліся з трохвугольнікаў, зігзагаў, гарызантальных ліній, груп нахіленых рысак у спалучэнні з наколамі, ямкамі і г.д. Аздаблялася ўся паверхня або толькі верхняя палова пасудзіны.

На паселішчах сустракаюцца таксама гліняныя біканічныя і так званыя "рагатыя" багата арнаментаваныя праслачкі.

Тшцінецка-сосніцкае насельніцтва карысталася крамянёвымі сярпамі, сякерамі, нажамі, трохвугольнымі і чаранковымі з двухбаковай рэтушшу наканечнікамі стрэл, наканечнікамі дроцікаў, каменнымі сякерамі і інш. Зерне расціралася на каменных зерняцёрках.

Крамянёвыя сярпы
Крамянёвыя сярпы. Рэканструкцыя

Жыхарам паселішчаў сярэднябронзавага часу Паўднёвай Беларусі і Паўночнай Украіны былі вядомыя і металічныя (медныя і бронзавыя) вырабы. Аднак пакуль што не да канца вырашана пытанне, ці валодалі яны самі сакрэтамі металургіі або карысталіся толькі імпартнымі рэчамі.

Вывучэнне тшцінецка-сосніцкіх старажытнасцей у Беларускім Палессі дазволіла прыйсці да высновы, што ў сярэднябронзавы час тут жылі групы насельніцтва, якія некалькі адрозніваліся між сабой па матэрыяльнай культуры. На сярэднім і ніжнім цячэнні Прыпяці, а таксама ў нізоўях Гарыні, Сцвігі, Убарці і некаторых іншых прыпяцкіх прытокаў вылучаецца турава-мазырская (прыпяцкая) група помнікаў, якія, захоўваючы пэўную самабытнасць, маюць найбольшае падабенства з кіеўскай і ровенскай групамі ўсходнетшцінецкай культуры. Далей на ўсход турава-мазырскія помнікі паступова набываюць рысы, тыповыя для сосніцкіх старажытнасцей.

У турава-мазырскім рэгіёне варта вылучыць паселішчы тыпу Бухліцкага Хутара ў нізоўях Стыра, Гарыні і Сцвігі. Гэты раён Прыпяцкага Палесся быў адкрыты для непасрэднага культурнага ўздзеяння з паўднёвага захаду і поўдня, а высокаўрадлівыя перагнойна-карбанатныя глебы асабліва прыцягвалі земляробчае насельніцтва.

На поўначы Палесся вылучаецца паўночнапалеская група паселішчаў тыпу Азярное-1 (Любанскі раён). У параўнанні з турава-маэырскім рэгіёнам тут мацней праяўляліся раннябронзавыя і нават познанеалітычныя традыцыі, а таксама адчуваліся ўплывы з поўначы. Гэта, мабыць, было часткова абумоўлена і адасобленасцю ад узбярэжжаў Прыпяці забалочанымі і малазаселенымі нізінамі паміж нізоўямі Пцічы і Ясельды.

Паводле даследаванняў, праведзеных на Паўночным Палессі, дапускаецца, што людзі перыядычна і параўнальна часта мянялі свае месцапасяленні. Падобнае назіраецца таксама на Панямонні і Верхнім Падняпроўі. Такі характар пасяленства можа быць сведчаннем пераважна жывёлагадоўчага кірунку гаспадаркі мясцовага насельніцтва. Пацвярджэннем гэтаму могуць служыць вынікі паліналагічных даследаванняў, праведзеных Г.Сімаковай на тарфяніку побач з паселішчам Азярное-1. Тут у адкладах, якія датуюцца 2000-500 гг. да н.э., выяўлены пылок раслін, які сведчыць пра існаванне жывёлагадоўлі. Пылок жа культурных раслін і спадарожнага ім пустазелля адзначаны толькі для канца эпохі бронзы - пачатку жалезнага веку.

Заходняе Палессе і Верхняе Панямонне былі памежжам плямён усходнетшцінецкай і заходнетшцінецкай культур. На поўнач жа ад Палесся іх уплыў значна слабеў, а наяўныя некаторыя тшцінецка-сосніцкія элементы ў кераміцы хутчэй за ўсё з'явіліся ў выніку перайманняў.

Большасць даследчыкаў тшцінецка-сосніцкай супольнасці лічыць, што яна сфарміравалася на аснове груп раннябронзавага насельніцтва са шнуравой керамікай, у фарміраванні культуры якога прынялі актыўны ўдзел нашчадкі познанеалітычных абарыгенаў з грабеньчата-накольчатай керамікай, а таксама носьбіты культуры шарападобных амфар. Не выключана, што ва Усходнім Палессі на фарміраванне сосніцкай групы маглі паўплываць мігранты з поўдня культуры шматвалікавай керамікі (другая палова XVII - XV ст. да н.э.), якія эпізадычна пранікалі на тэрыторыю сучаснай Гомельшчьшы.

Аднак дыскусійнай застаецца праблема характару ўзнікнення "Тшцінца" і форм яго існавання. На думку адных даследчыкаў, тшцінецка-камароўска-сосніцкая агульнасць уяўляла сабой цыкл культур з цэлым шэрагам тоесных адзнак. Паводле меркаванняў іншых вучоных, стык Усходняй і Заходняй Еўропы ад нізін басейна Віслы да лясных і лесастэпавых зон правабярэжжа Дняпра ў неаліце становіцца нестабільнай "супольнасцю памежжа". У ёй ідзе працэс цыркуляцыі рознакультурных груп насельніцтва, якія ў выніку працяглых і ўзаемных кантактаў і ўплываў зблізіліся адзін да другога, утвараючы "Тшцінец"-гарызонт агульна сходных і параўнаўча адначасовых комплексаў.

Існуюць і іншыя погляды на "тшцінецкі гарызонт". Напрыклад, мяркуецца, што асноўныя тшцінецкія элементы першапачаткова з'явіліся на тэрыторыі сярэднееўрапейскіх нізін, ідэя якіх у выглядзе адмысловага "пакета адзнак" распаўсюдзілася па восі захад-усход у асяроддзі рознакультурных праяў, якіх аб'ядноўваў па сутнасці неалітычны ўклад жыцця. Верагодна, пазней "тшцінецкі гарызонт" у некаторых рэгіёнах ператвараецца ў стабільныя культурныя згрупаванні, такія, як лужыцкая культура.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.