Сацыяльныя адносіны і грамадскі лад у жалезным веку

Археалагічныя матэрыялы дазваляюць меркаваць, што ўсе плямёны, якія засялялі тэрыторыю Беларусі з самага пачатку жалезнага веку, жылі ва ўмовах патрыярхату. Вялікая патрыярхальная сям'я з'яўлялася асноўнай гаспадарчай адзінкай. Аб'яднанне некалькіх такіх кроўных сем'яў насіла родавы характар, і гэта злучэнне мела сваю тэрыторыю для пражывання і гаспадарання. Мяркуюць, што на кожным паселішчы (гарадзішчы), якія месціліся адно паблізу другога, пражывала адна патрыярхальная сям'я колькасцю ў 50-70 чалавек. На Беларусі, як і на сумежных тэрыторыях, гарадзішчы групуюцца звычайна гнёздамі па два-тры-чатыры. Хутчэй за ўсё гэтыя групы гарадзішчаў належалі аднаму кроўнаму роду. У грамадскім ладзе плямён Беларусі ўжо ў самым пачатку жалезнага веку вызначаюцца прыкметы раскладання першабытнаабшчынных адносін. Сведчанне гэтаму - працэс распадзення родаў на вялікія патрыярхальныя сем'і (асобнае гарадзішча). І гэты факт з'яўляецца першым этапам у раскладзе родавых адносін. Зыходзячы з прыкладнай колькасці паселішчаў-гарадзішчаў на Беларусі ў канцы 1-га тысячагоддзя да н.э. (800- 1200), можна сцвярджаць, што насельніцтва нашага краю ў гэты перыяд складала прыблізна 50-70 тыс. чалавек, якое аб'ядноўвалася ў паўтысячы родаў. Некалькі родаў утваралі племя, а некалькі плямён - аб'яднанні плямён (саюзы).

Працэс раскладу першабытнаабшчынных адносін можа засведчыць і пабудова абарончых збудаванняў на гарадзішчах. Вядома, што паселішчы першапачаткова не мелі штучных умацаванняў і абгароджваліся толькі драўлянай сцяной. Але з цягам часу, калі супярэчнасці паміж родамі і плямёнамі ўзмацніліся, узнікла неабходнасць у дадатковым умацаванні паселішчаў шляхам насыпкі валоў, выкопвання равоў, павелічэння стромкасці схілаў і г.д. Бесперапынны рост прадукцыйных сіл, і асабліва жывёлагадоўлі і земляробства, паступова пачаў забяспечваць людзям накапленне матэрыяльных каштоўнасцей і, акрамя таго, вымушаў іх шукаць новыя землі для свайго гаспадарання. Гэта прыводзіла да ўзнікнення супярэчнасцей паміж родамі, плямёнамі, частых ваенных сутыкненняў паміж імі. Гаспадарчая дзейнасць у гэты час дасягнула такога ўзроўню, што дазваляла пракарміць лішніх людзей і, магчыма, патрабавала дадатковай рабочай сілы. Таму ў гэты перыяд палонных ужо не забівалі, а выкарыстоўвалі як хатніх работ. Хутчэй за усё колькасць такіх рабоў (някроўнікаў) была невялікай, і рабства насіла хатні патрыярхальны характар. Пра наяўнасць рабства можа сведчыць прысутнасць на гарадзішчах нязначнай дамешкі керамікі, характэрнай для суседніх груп. Такая кераміка, відаць, выраблялася палоннымі чужынцамі, пакуль яны не засвойвалі новай для іх тэхналогіі і прыёмаў вырабу мясцовага посуду[1].

Войны і ваенныя набегі сталі распаўсюджанай і звыклай справай. У гэтых умовах асноўная роля ў сацыяльным жыцці належала мужчынам, як воінам, так і старэйшынам роду. Вярхоўнай уладай у родзе і племені становіцца агульны сход мужчын-воінаў, які вырашаў пытанні вайны і міру, а таксама выбіраў старэйшын і правадыра племені. Такі грамадска-палітычны лад, які ўзнікае на апошняй стадыі першабытнаабшчыннага ладу, атрымаў назву ваеннай дэмакратыі.

Як канкрэтна быў арганізаваны патрыярхальны род і асобная сям'я, з-за адсутнасці матэрыялаў пакуль сказаць немагчыма. Але наяўнасць аднастайных элементаў на паселішчах, аддаленых адно ад другога, аднолькавых рыс у тыпе пабудоў, канфігурацыі гарадзішчаў і сістэме абарончых збудаванняў, падабенстве гаспадаркі - сведчаць аб тым, што асобныя роды і плямёны ў межах кожнай культуры мелі паміж сабой цесныя сувязі. Адзінства гэтых плямён дае падставу гаварыць аб узнікненні ў іх саюзаў плямён, якія хутчэй за ўсё не былі пастаянна дзеючымі, а ўзнікалі перыядычна ў час значнай ваеннай небяспекі. Такія, нават кароткачасовыя, ваенныя саюзы садзейнічалі ўзмацненню эканамічных сувязяў, абмену вопытам і дасягненнямі ў галіне гаспадарчай і ваеннай дзейнасці.

Працэс змянення сацыяльна-эканамічнага жыцця з пачатку 1-га тысячагоддзя н.э. звязаны з распадам патрыярхальна-сямейнай абшчыны на малыя сем'і. Развіццё земляробства патрабавала засваення новых плошчаў, больш аддаленых ад месцаў пастаянных пасяленняў. Земляробства давала магчымасць існаваць больш дробным гаспадарчым адзінкам - малым сем'ям. Гэты працэс можна прасачыць па змяненні тыпу жылых пабудоў на гарадзішчах. Вялікія (доўгія) абшчынныя дамы, якія адпавядалі сумеснаму пражыванню адзінага калектыву, саступаюць месца індывідуальнаму жыллю адной сям'і ў адпаведных асобных жылых пабудовах меншых памераў. У розных рэгіёнах Беларусі працэс гэты праходзіў неаднолькава. На поўдні, дзе адчуваўся ўплыў скіфска-сармадкіх плямён, ён пачаўся значна раней, у канцы 1-га тысячагоддзя да н.э., і меў больш інтэнсіўны характар. Археалагічныя помнікі сведчаць, што ў гэтых плямён ужо ўзнікла маёмасная няроўнасць. Так, у Чаплінскім могільніку (Лоеўскі раён) знойдзены багатыя пахаванні з мноствам розных рэчаў і бедныя - з адсутнасцю іх.

У цэнтральнай і паўночнай частках Беларусі патрыярхальна-родавыя сувязі трывала падтрымліваліся амаль да першых стагоддзяў нашай эры. Вялікія абшчынныя дамы тут існавалі да I - III стст. н.э. (гарадзішчы Лабеншчына Мінскага, Збаровічы Рагачоўскага, Урагава Верхнядзвінскага раёнаў і інш.). Дамы меншых памераў, якія прыйшлі на змену ім (гарадзішчы Вязынка Маладзечанскага, Малышкі Вілейскага, Кастрыца Лепельскага, Барсукі Верхнядзвінскага раёнаў і інш.), былі яшчэ шматкамернымі, але ўжо прызначаліся для меншых сем'яў.

На поўдні Беларусі ў пачатку 1-га тысячагоддзя н.э. насельніцтва пакідае ўмацаваныя гарадзішчы і пасяляецца на адкрытых месцах - на селішчах. 3 узнікненнем племянных аб'яднанняў знікла неабходнасць умацоўваць паселішчы для кожнай асобнай сямейнай абшчыны.

На поўначы гэты працэс адбываўся на некалькі стагоддзяў пазней. К сярэдзіне 1 -га тысячагоддзя месцам пастаяннага жыхарства насельніцтва становяцца селішчы, а некаторыя ўмацаваныя паселішчы ператвараюцца ў гарадзішчы-сховішчы. 3 цягам часу гэты працэс інтэнсіўна пашыраўся. Гэта было прагрэсіўнай з'явай, паколькі распад патрыярхальна-родавых адносін садзейнічаў развіццю ініцыятывы асобных членаў роду, засваенню новых зямель пад пашу і распаўсюджанню ворнай сістэмы земляробства. Відаць, утварэнне сямейных гаспадарак прывяло да ўзнікнення прыватнай уласнасці на зямлю[2].

У першых стагоддзях н.э. малыя сем'і, высяляючыся з былых цэнтраў, асвойваюць суседнія тэрыторыі і ўтвараюць новыя вытворчыя адзінкі. Гэтым тлумачыцца факт з'яўлення ў дадзены час адкрытых паселішчаў, якія размяшчаліся не толькі паблізу гарадзішчаў, але і на значнай адлегласці ад іх. Так паступова адбываецца трансфармацыя патрыярхальна-родавай абшчыны, у аснове якой ужо былі не крэўныя (кроўнароднасныя), а тэрытарыяльныя сувязі, хоць роднасныя яшчэ не страчваюць свайго значэння. Пераход у другой палове 1-га тысячагоддзя н.э. ад родавай абшчыны да тэрытарыяльнай з'яўляецца адным з важнейшых момантаў у сацыяльна-структурных зменах насельніцтва Беларусі.

Жаночы касцюм і ўпрыгожанне
Жаночы касцюм і ўпрыгожанне. Рэканструкцыя Л.Дучыц паводле матэрыялаў з гарадзішча Шчаткава Бабруйскага раёна

Другім важным момантам з'яўляюцца змены ва ўзаемаадносінах паміж родамі і плямёнамі. Перабудовы ўнутры родавай арганізацыі прывялі да аслаблення родавых сувязяў і страты некаторых функцый, уласцівых у папярэдні час толькі роду. Відаць, племянная арганізацыя пачала больш рашуча ўмешвацца ў справы родаў і браць на сябе функцыі абароны агульных інтарэсаў і асобных членаў розных родаў, якія ўваходзілі ў племя. Акрамя таго, у племянныя функцыі ўваходзіла абарона родавых пасёлкаў (тэрытарыяльных абшчын) ад нападу з боку як роднасных, так і чужародных калектываў.

Уладжванне спрэчных пытанняў паміж роднаснымі плямёнамі патрабавала ўмацавання сувязяў паміж імі, а абарона іх тэрыторый прыводзіла да стварэння міжпляменных саюзаў. Такім чынам, узмацненне ўлады племянных арганізацый і стварэнне міжпляменных саюзаў зрабіла непатрэбным ' умацоўваць кожнае асобнае паселішча.

Далейшы працэс развіцця вёў да дыферэнцыяцыі членаў суседскіх абшчын, выдзялення асобных груп абшчыннікаў, якія набывалі розныя багацці як за кошт свайго асабістага становішча, так і за кошт рабавання іншых плямён падчас ваенных акцый. 3 такіх людзей паступова фарміравалася ваенная дружына. Пацвярджэннем гэтай з'явы можна лічыць шматлікія знаходкі ў матэрыялах трэцяй чвэрці 1-га тысячагоддзя да н.э. разнастайнай зброі (наканечнікі коп'яў, стрэл). Аснову дружыны складалі воіны-коннікі, аб чым сведчаць прадметы рыштунку конніка (цуглі, шпоры, спражкі і інш.). Яскравым прыкладам гэтых працэсаў з'яўляюцца матэрыялы з шэрагу археалагічных помнікаў Беларусі. Пры гэтым трэба заўважыць, што падобныя прадметы ў папярэднюю эпоху амаль не сустракаюцца ці знаходзяцца вельмі рэдка.

Ваенныя набегі ў перыяд Вялікага перасялення народаў былі звыклай падзеяй не толькі ў нашых суседзяў на поўдні ці захадзе, але і на тэрыторыі самой Беларусі. Таму мясцовае насельніцтва, нягледзячы на наяўнасць племянной арганізацыі і дружыны, усё ж было вымушана ўзводзіць умацаваныя сховішчы ці выкарыстоўваць пакінутыя старыя гарадзішчы. У выпадках, калі вораг быў мацнейшым, людзі мелі магчымасць захаваць сваю маёмасць і жыццё дзякуючы гэтым сховішчам.

Размяшчэнне гарадзішчаў-сховішчаў і адначасовых ім селішчаў, унутраная структура пабудовы некаторых сховішчаў (Свіла-1 Глыбоцкага раёна) даюць падставы для меркавання, што ў большасці выпадкаў на адным гарадзішчы-сховішчы знаходзіла паратунак насельніцтва даволі значнай акругі. Прычынай пабудовы сховішчаў былі не сацыяльныя супярэчнасці ўнутры абшчын і нават не ўзаемаадносіны паміж блізкімі суседнімі абшчынамі, а войны і сутычкі паміж рознымі плямёнамі ці іх аб'яднаннямі. Гэта з'ява была звязана з агульным палітычным становішчам ва Усходняй Еўропе таго часу.

  • [1]Шмидт Е.А. Племена верховьев Днепра до образования Древнерусского государства. С. 111,112.
  • [2]Косвен М.О. Очерки истории первобытной культуры. М., 1953. С 185.

В.Шадыра

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.