Духоўная культура у бронзавым веку

У бронзавым веку ў светапоглядзе насельніцтва Беларусі адбыліся досыць значныя зрухі, выкліканыя як зменамі ў гаспадарцы, так і прыходам новага насельніцтва. У выніку гэтага духоўная культура, захоўваючы многае з набыткаў каменнага веку, узбагацілася шэрагам новых рыс. Заняткі земляробствам прывялі да пашырэння культу сонца, паколькі ад гэтага свяціла залежалі прарастанне і рост раслін. Распаўсюджвалася таксама ўшанаванне дажджу і звязаных з ім навальніц і маланак.

У сўвязі з прысутнасцю ў бронзавым веку на тэрыторыі Беларусі індаеўрапейцаў, якія тут маглі з'явіцца і раней, несумненна, што для мясцовага жыхарства былі характэрныя некаторыя агульныя рысы індаеўрапейскай міфалогіі. Адна з такіх рыс, на думку шэрагу даследчыкаў, ушанаванне ў якасці вярхоўнага бажаства дзённага азоранага неба. Гэтаму нябеснаму "бацьку" адпавядала "апладняемая" небам таксама абагаўлёная зямля як жаночае бажаство - "маці". Існавала таксама вера ў бога-грамавіка, пэўным чынам падобнага на пазнейшага Перуна. Важнае значэнне меў культ агню.

Пры разглядзе светапогляду чалавека бронзавага веку неабходна ўлічваць, што ў канкрэтных умовах Беларусі, калі яшчэ захоўвалася прыкметная роля палявання, і асабліва ў больш паўночных рэгіёнах, важнейшае месца ў міфалогіі яшчэ з часоў каменнага веку адводзілася хтанічнаму бажаству, апекуну звяроў, вытокаў рэк і крыніц, замагільнага свету і памерлых. Пасля з'яўлення жывёлагадоўлі гэта бажаство разглядалася і ў якасці апекуна свойскіх жывёл, і таму да ранейшых увасабленняў яго ў выглядзе змяі, ваўка або мядзведзя дадаўся вобраз быка.

У вераваннях насельніцтва эпохі бронзы важнае месца займала, хоць і з пэўнымі трансфармацыямі, жаночае бажаство хтанічнага паходжання (Мара пазнейшага беларускага фальклору). Па рэштках міфаў можна меркаваць, што гэта бажаство было звязана як з нараджэннем і плоднасцю, так і са смерцю, хваробамі і эпідэміямі, а таксама з жывёльным светам (здольнасць прымаць воблікі розных жывёл). У латышскай міфалогіі блізкая па назве і паходжанню Мага лічыцца апякункай кароў. Некаторыя даследчыкі лічаць, што Мара - рэлікт вобраза Вялікай Багіні.

Магічная сімволіка на посудзе
Магічная сімволіка на посудзе познанеалітычнага і раннябронзавага часу

З верай у мужчынскае хтанічнае бажаство звязана ўшанаванне некаторых культавых камянёў. У шэрагу месцаў Беларусі захаваліся "камяні кахання" або "камяні нявест", якія маюць дачыненне да культу старажытнай Вялікай Багіні. Верагодна, у бронзавым веку сталі ўшаноўваць камяні-следавікі. Некаторыя шведскія даследчыкі сцвярджаюць, што ў бронзавым веку існавала строгая забарона рабіць выявы божастваў. Таму на камянях высякаліся іх сляды як знакі прысутнасці.

Мяркуючы па даследаваннях у Латвіі, дзе ў бронзавым веку жыло насельніцтва, даволі блізкае па культуры насельніцтву Паўночнай Беларусі, і на нашай тэрыторыі магло існаваць пакланенне святым крыніцам, якое хутчэй за ўсё зарадзілася яшчэ ў папярэдні час. Тым боЛьш што ў розных частках нашага краю на берагах азёр з назвай "Святое" выяўлены паселішчы неаліту-бронзавага веку.

Для правядзення пэўных магічных абрадаў, звязаных з вераваннямі, існавалі адпаведныя збудаванні. Так, насельніцтва тшцінецкай культуры будавала круглыя бажніцы са слупоў і жэрдак, у сярэдзіне якіх знаходзіліся ахвярнікі і нават пахаванні.

У бронзавым веку працягваў існаваць культ жывёл. Пра гэта найперш сведчыць звычай нашэння амулетаў з прасвідраваных зубоў - дзіка, мядзведзя, ваўка, лася, бабра, а таксама скульптурныя выявы звяроў, птушак і змей. Магчыма, некаторыя плямёны практыкавалі і канібалізм. На гэта могуць указваць знаходкі на паселішчах насельніцтва паўночнабеларускай культуры патрушчаных фрагментаў чалавечых чарапоў.

У бронзавым веку істотна мяняюцца пахавальныя абрады. Распаўсюджваюцца звычаі спальваць нябожчыкаў і насыпаць над пахаваннем курган. Сам абрад трупаспалення быў складанай часткай культу агню, веры у ачышчальную моц полымя. Але звычай крэмацыі быў характэрны для паўднёвабеларускіх плямён. У паўночнай частцы краіны, як уяўляецца, панаваў абрад трупапалажэння, прынамсі ў ранні перыяд бронзавага веку.

Мастацтва бронзавага веку, як і ўсёй першабытнай эпохі, спалучала эстэтычныя і магічныя функцыі. Насельніцтва ранняга бронзавага веку па-ранейшаму аздабляла посуд арнаментам, але іншым, чым у неалітычны час. У ім адлюстраваліся змены светапогляду, выкліканыя найперш распаўсюджаннем вытвараючых форм гаспадаркі і з'яўленнем салярнага культу. Адлюстраваннем гэтага маглі быць радыяльныя ўзоры на донцах пасудзін. Заштрыхаваныя трохвугольнікі з'яўляліся як сімвалам багіні неба, так і знакам зямлі. Арнамент у выглядзе паўкругоў з кропкамі па перыметры, знойдзены на адной са стаянак насельніцтва паўночнабеларускай культуры, мог абазначаць зерне, якое арашаецца нябеснай вільгаццю. Нябесную вільгаць сімвалізаваў і такі папулярны сярод раннябронзавых шнуравікоў арнаментальны штыў, як зігзаг. Сімваламі салярных божастваў былі крыжападобныя фігуры, адзінарныя або двайныя . кругі на днах пасудзін, шмат прамянёвыя выявы. Даследчыкі адзначаюць, што некаторыя матывы арнаменту керамікі ў перыяд ранняй бронзы захаваліся да нашага часу ў беларускай народнай вышыўцы.

У другой палове 2-га тысячагоддзя да н.э. на вялікай тэрыторыі Сярэдняй і Паўночнай Еўропы арнамент на кераміцы робіцца бяднейшым, а потым амаль цалкам знікае. Для Цэнтральнай і Паўночнай Беларусі гэта супала са знікненнем слядоў пахавальнага абраду, што характэрна і для амаль усёй наступнай эпохі - жалезнага веку. Можна меркаваць, што прычынай усяго гэтага былі нейкія змены ў рэлігійных уяўленнях, нешта накшталт "рэлігійнай рэформы", якая прывяла да значнай пераацэнкі ранейшых духоўных каштоўнасцей.

Для розных культавых мэт выкарыстоўваліся мініяцюрныя арнаментаваныя пасудзінкі, гліняныя рагатыя праслачкі і некаторыя іншыя рэчы.

Пры шырокім распаўсюджанні арнаментальнага мастацтва і кананізацыі знакаў-сімвалаў у той жа час наглядаўся заняпад выяўленчай культуры. Выключэнне складае хіба што схематычная выява чалавечай постаці на абломку гаршка з Асаўца. Гэта гравіроўка выканана ў ранейшым неалітычным стылі.

Новым крокам у дэкаратыўна-прЫкладным мастацтве быў выраб упрыгожанняў з медзі і бронзы. Сярод іх выдзяляюцца медныя ўпрыгожанні з пахаванняў сярэднедняпроўскай культуры, а таксама грыўні, акулярападобныя падвескі і скроневыя кольцы. Частка ўпрыгожанняў рабілася з косці і прыбалтыйскага бурштыну. У бронзавым веку ўпрыгожанні паступова пачалі губляць магічны сэнс, усё больш набываючы эстэтычныя і сацыяльныя функцыі.

Ужо ў часы дамінавання ў прыбалтыйскім рэгіёне плямён са шнуравой керамікай тут былі вядомыя даволі разнастайныя духавыя інструменты - жалейкі і свістулькі з птушыных костак, казіныя ражкі, берасцянкі. Напэўна, існавалі і ўдарныя музычныя інструменты.

Э.Зайкоўскі

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.