Духоўная культура ў жалезным веку

У жалезным веку разам з прагрэсам у матэрыяльнай культуры насельніцтва Беларусі развівалася і ўдасканальвалася (ускладнялася) і яго духоўная культура, міфалагічна-рэлігійныя ўяўленні, дэкаратыўна-прыкладное і музычнае мастацтва, зачаткі навуковых ведаў пра акаляючы свет. Міфалагічныя ўяўленні і першабытная рэлігія ў тагачасных умовах з'яўляліся важнымі чыннікамі не толькі ў спробах тлумачэння сусвету, але і праз пасрэдніцтва гэтага - гарманізацыі адносін чалавека з прыродай і адносін паміж людзьмі, а таксама індыкатарам захавання этнічнай адметнасці.

Міфалагічна-рэлігійныя ўяўленні непарыўна былі звязаны з асяроддзем пражывання і гаспадарчымі заняткамі людзей, адлюстроўвалі іх гісторыю і менталітэт. Практычна ўся прырода- жывёльны свет, расліннасць, важнейшыя прыродныя аб'екты і стыхіі - знаходзілі сваё адлюстраванне ў міфах і абрадах.

На думку вядомага даследчыка міфалогіі М.Эліадэ, любы рытуал мае сваю сакральную мадэль (свяшчэнны ўзор), архетып (першавобраз, першаўзор, арыгінал). У помніку старажытнаіндыйскай культуры "Чытападха Брахмана" ўказваецца: "Мы павінны рабіць тое, што рабілі спачатку багі". Зыходзячы з гэтага мяркуецца, што ўсім рэлігійным актам далі пачатак багі, культурныя героі ці міфічныя продкі. У шэрагу першабытных народаў любы чалавечы ўчынак, не кажучы ўжо пра рытуалы, становіцца паспяховым толькі тады, калі дакладна паўтарае дзеянні, якія выконваліся спачатку багамі, героем або продкам. Згодна логіцы міфалагічнай свядомасці, уяўныя акты стварэння космасу неабходна было паўтараць у выглядзе рытуальных абрадаў у час важнейшых святаў, звязаных з кругаваротам прыроды ці важнейшымі падзеямі жыцця чалавека, такімі, як нараджэнне, вяселле, пахаванне і г.д.[1] Назіранні за нябеснай сферай і прыроднымі цыкламі на зямлі былі звязаны як з практычнымі, гаспадарчымі патрэбамі, так і з імкненнем браць прыродныя з'явы ў якасці прыкладу для паўтарэння ў рытуалах.

Асаблівасць археалагічных матэрыялаў заключаецца ў тым, што яны адлюстроўваюць не ўвесь комплекс рэлігійных вераванняў, а пераважна культавы бок рэлігіі.

Адным з самых старажытных культаў, які вядзе пачатак з глыбінь каменнага веку, з'яўляецца культ жывёл. Гэты культ пакінуў свае сведчанні і сярод археалагічных знаходак жалезнага веку. Так, на мілаградскіх гарадзішчах Паўднёвай Беларусі знойдзена больш за 100 фігурак жывёл, асабліва іх шмат (каля 90) было на гарадзішчы каля в. Гарошкаў Рэчыцкага раёна. Выявы жывёл звычайна сустракаюцца ў жылых і гаспадарчых пабудовах, а таксама ў комплексах, звязаных з культам. Большасць фігурак у абломках і звычайна яны выкананы схематычна. Па вызначаных вырабах можна меркаваць, што большасць фігурак - гэта выявы каня, радзей - буйной рагатай жывёлы і сабак. Як лічыць В. Мельнікоўская, мілаградскія фігуркі маюць стылістычнае падабенства з аналагічнымі рэчамі лесастэпавай паласы. У апошнія дзесяцігоддзі на мілаградскіх помніках знойдзены гліняныя фігуркі кароў, а на гарадзішчы Падгор'е Добрушскага раёна - фігурка бабра і падвеска з мядзведжага клыка[2]. В. Мельнікоўская паведамляла пра знаходкі падвесак з зубоў мядзведзя, дзіка, ваўка. У мілаградцаў сустракаліся таксама ахвярныя пахаванні дзікіх і свойскіх жывёл; Так, на Гарошкаўскім гарадзішчы і за яго валамі выяўлена некалькі такіх пахаванняў (два сабакі, бабёр, свіння, парасё). Косці ляжалі ў анатамічным парадку, а ў адным з пахаванняў сабакі знаходзілася разбітая пасудзіна[3].

Культ жывёл меў распаўсюджанне і ў плямён зарубінецкай культуры. Пры раскопках могільніка Атвержычы ў Столінскім раёне ў адным з паха-ванняў трапіліся абгарэлыя косці мядзведзя[4], а на могільніку Чаплін у Лоеўскім раёне ў пахаваннях былі трубчастыя косці казулі, зуб сабакі, зуб каровы. У культурным пласце Чаплінскага гарадзішча знойдзены прасвідраваныя клыкі ваўка, зуб мядзведзя і зуб бабра[5].

Для плямён Цэнтральнай і Паўночнай Беларусі былі характэрныя амулеты з іклаў мядзведзя і дзіка, што сведчыць пра існаванне культу гэтых жывёл. Аналагічныя амулеты выяўлены на гарадзішчах Усходняй Літвы. На некаторых штрыхаваных пасудзінах (Пятровічы Бабруйскага, Паліцкае Асіповіцкага раёнаў) маюцца адбіткі зерня як сляды земляробчых культаў.

У насельніцтва днепра-дзвінскай культуры, акрамя таго, сустракаліся бронзавыя фігуркі коней. Існавалі свяцілішчы чатырохвугольнай у плане формы, з падмазанай глінай падлогай і спецыяльнымі глінянымі агнішчамі-ахвярнікамі. Пазней распаўсюдзіліся круглыя ў плане гарызантальныя пляцоўкі - свяцілішчы. , Пахавальныя помнікі насельніцтва культуры штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай культуры невядомыя. Аналіз летапіснай устаўкі "Легенда пра Совія" ў "Хроніцы Іаана Малалы" (1261) і пазнейшых фальклорных паданняў у супастаўленні з археалагічнымі матэрыяламі дае падставы меркаваць, што для насельніцтва Цэнтральнай і Паўночнай Беларусі і прылеглай часткі Літвы ў перыяд ад позняга неаліту - ранняй бронзы і да ранняга сярэднявечча была характэрная наступная паслядоўнасць змены пахавальных абрадаў: 1) звычай трупапалажэння; 2) пахаванні ў "дрэве" (хутчэй за ўсё ў дуплах дрэў); 3) абрад трупаспалення. На позні бронзавы і жалезны вякі якраз прыпадала панаванне звычаю пахавання памерлых у дуплах дрэў ці нейкім іншым спосабам "в древо и положи".

Верагодна, з магіяй плоднасці трэба звязваць некаторыя знаходкі драўляных рал. Пакуль што на сучаснай тэрыторыі Беларусі выяўлена толькі адна такая прылада. Гэта драўлянае крываградзільнае рала, знойдзенае ў тарфяніку каля в.Капланавічы Клецкага раёна і датаванае Л. Побалем першымі стагоддзямі н.э. Ралы такога тыпу ва Усходняй Еўропе вядомыя яшчэ па знаходках у Бранскай вобласці (Расія) і ў Сумскай вобласці (Украіна). Капланавіцкае рала Ю. Красноў лічыць найбольш абгрунтаваным датаваць на падставе аналогій перыядам паміж першай паловай 1-та тысячагоддзя н.э. і да сярэднявечча. Гэтаму не супярэчыць і храналогія размешчанага паблізу селішча.

Арнаментаваныя грузікі мілаградскай культуры
Арнаментаваныя грузікі мілаградскай культуры з гарадзішча Гарошкаў Рэчыцкага раёна

У старажытнасці акрамя чыста земляробчага ралы мелі і сакральнае прызначэнне.

У сэнсе рэканструкцыі палеаастранамічных уяўленняў старажытнага насельніцтва Беларусі цікавасць уяўляе збудаванне каля в.Бікульнічы Полацкага раёна, на паўднёвым беразе возера Янава. Помнік размешчаны на адкрытай пляцоўцы ўзгорка пад назвай Бікульніцкі Рог і ўяўляе адкрыты з аднаго боку квадрат памерамі 15 х 15 м, выкладзены з валуноў. Адкрытым бокам квадрат скіраваны ў бок возера. Пры вывучэнні збудавання з валуноў было ўстаноўлена, што аснова гэтага квадрата знаходзіцца па азімуту 52° на паўночны ўсход ад кірунку на поўнач. Якраз паміж 50° і 52° на паўночны ўсход ад збудавання, на процілеглым беразе возера размешчана гара Гарадзец.

Як вядома, у перыяд летняга сонцастаяння, на Купалле, сонца ўзыходзіць на паўночным усходзе, і таму Гарадзец мог быць адным са звёнаў у ланцужку культавых аб'ектаў, звязаных з найбольш вялікім язычніцкім святам. Штучных умацаванняў на ўзгорку няма, пляцоўка даволі роўная. Раскопкі паказалі, што культурны пласт зусім тонкі, але ў мацерыку знаходзіцца шмат ям рознай глыбіні і канфігурацыі, нават самай вычварнай. У многіх ямах траплялася вуголле. Ямы хутчэй за ўсё з'яўляліся геогліфамі (рэльефнымі выявамі на паверхні зямлі нейкіх міфалагічных істот). Выяўлена ляпная гладкасценная кераміка, у асноўным насельніцтва днепра-дзвінскай культуры.

У мясцовасці Разтолты (на Усходнім Падляшшы) быў раскапаны курган насельніцтва вельбарскай культуры. Унутры кургана выяўлена цікавая структура, якая ўяўляла сабой выкладзены з камянёў крыж у коле. Аналагічныя структуры вядомы з некаторых курганоў на захадзе Польшчы і ў Мекленбургу ў Германіі. Як лічыў З.Кжак, ва ўсіх згаданых курганах былі пахаванні жрацоў, а крыж прадстаўляў у дадзеным выпадку космас, сакральную прастору, а таксама цэнтральнае бажаство. У свой час яшчэ Карл Густаў Юнг спрабаваў даказаць, што крыж з'яўляецца затоеным у чалавечай псіхіцы архетыпам Бога, звязвалі крыж таксама з так званым астрабіялагічным светапоглядам чалавека. Разам з тым крыж сімвалізуе ўзыходжанне духа, імкненне да Бога, да вечнасці.

Пачаткам нашай эры датуюцца самыя раннія на тэрыторыі Беларусі выявы свастык, якія даследчыкамі звычайна лічацца сімваламі агню ці сонца. Праслачкі і іншыя прадметы са свастыкамі знаходзяць на гарадзішчах насельніцтва культур штрыхаванай керамікі, днепра-дзвінскай і кіеўскай, на заходнябалцкім могільніку каля Начы ў Воранаўскім раёне. Амаль усе гэтыя свастыкі, у адрозненне ад больш позніх, правабаковыя, г.зн. павернутыя канцамі па гадзіннікавай стрэлцы.

Звяртае ўвагу тое, што каля падножжа некаторых гарадзішчаў са штрыхаванай керамікай (Крынічкі Барысаўскага, Навасады Дзяржынскага раёнаў, г. Капыль) знаходзяцца культавыя крыніцы.

Фрагмент гаршка з выявай магічнага знака
Фрагмент гаршка з выявай магічнага знака. Гарадзішча каля в. Гара Барысаўскага раёна

На паасобных гарадзішчах Беларусі (Малышкі, Кастрыца) знойдзены гліняныя праслачкі, пакрытыя знакамі, якія не адносяцца да арнаментаў. Магчыма, у дадзеным выпадку прадстаўлены нейкія зачаткавыя формы пісьма.

Няма сумнення, што ў жалезным веку, ва ўсякім разе ў яго канцы, у асноўным сфарміраваўся пантэон багоў. У сувязі з разлажэннем родавага ладу ўсё больш узрастае значэнне бога-грамавіка, распарадчыка навальніц, маланак і дажджу, апекуна ваеннай справы, які адначасова меў і пэўныя аграрныя функцыі. Важнае месца ў пантэоне займаў і бог сонца. Але паводле сярэднявечных пісьмовых крыніц, так і паводле пазнейшых фальклорна-этнаграфічных і лінгвістычных даных можна меркаваць, што аж да афіцыйнага прыняцця хрысціянства найбольш разнастайным па функцыях і самым уплывовым лічылася традыцыйнае хтанічнае бажаство, якое ўяўлялася апекуном як дзікіх, так і свойскіх жывёл, звязвалася з абрадавымі песнямі і паэзіяй, было таксама апекуном памерлых і міфічных волатаў, распараджалася зямнымі водамі, уключаючы крыніцы і вытокі рэк, было богам багацця і сакралізаванай традыцыйнай улады першабытных жрацоў. Бажаство гэта з глыбокай старажытнасці магло ўяўляцца ў вобразах ваўка, мядзведзя, змея, вала, хаця з часам яму ўсё больш надавалі антрапаморфныя рысы. З нябесных свяціл гэтаму бажаству, які адпавядаў славянскаму Вялесу, балцкаму Вяльнясу (Велсу), быў прысвечаны месяц. Аб'ектамі пакланення яму з'яўляліся найбольш адметныя неапрацаваныя валуны, а таксама крыніцы. Сакральная пара ("жонка") гэтага бажаства характарызавалася волатаўскім ростам і сілай, сувяззю з вадой, мела дачыненне да жывёльнага свету, асабліва да мядзведзяў, была апякункай парадзіх і шлюбаў. Сваю шлюбную пару меў і бог-грамавік. Акрамя гэтых персанажаў у рэлігіях насельніцтва жалезнага веку істотнае месца займалі багі і духі, звязаныя з іншымі сферамі чалавечага жыцця і прыроды.

Акрамя рэлігіі і міфалогіі духоўная культура ахоплівала першабытнае мастацтва, рацыянальныя веды, фальклор. У арнаментыцы керамічных вырабаў, нягледзячы на лакальныя адрозненні, найбольш часта паўтараліся салярныя знакі (канцэнтрычныя кругі, праменепадобныя лініі, крыжы), вуглы, трохвугольнікі, ламаныя лініі, ромбы. Устойлівыя агульныя матывы геаметрычнага арнаменту, асабліва такія, як двайны і трайны зігзаг, можна знайсці ў арнаментыцы насельніцтва культур штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай. З іншага боку, гэтыя матывы маюць аналогіі ў арнаментыцы несумненна балцкіх раннесярэднявечных плямён Літвы і Латвіі.

Эстэтычныя ідэалы жалезнага веку ўвасабляліся таксама ў дэкоры металічных (жалезных і бронзавых) упрыгожанняў і прыналежнасцей.адзення (фібулы, шпількі і г.д.). Гэтыя прадметы мелі функцыянальна апраўданую форму.

Упрыгожанні на тэрыторыі Беларусі былі як мясцовай вытворчасці, так і імпартныя, латэнскія або правінцыяльна-рымскія. Як сведчаць знаходкі падчас раскопак тыгляў са слядамі шкляной масы, мясцовае насельніцтва і само ўмела вырабляць шкляныя ўпрыгожанні.

Тагачасныя рацыянальныя веды ўключалі гаспадарчы вопыт, веды ў галіне медыцыны, астраноміі, метэаралогіі, геаграфіі сваіх і суседніх зямель, прыродазнаўства.

  • [1] Элиаде М. Космос и история. М., 1987. С.112.
  • [2] Рассадин С.Е. К вопросу о религиозных верованиях жителей Белорусского Посожья в скифское время // Тезисы докладов конференции "Религиозные представления в первобытном обществе". М., 1987. С.185.
  • [3] Мельниковская О.Н. Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке. С. 149.
  • [4] Поболь Л.Д. Славянские древности Белоруссии (могильники раннего этапа зарубинецкой культуры). Мн., 1975. С.40.
  • [5] Поболь Л.Д. Славянские древности Белоруссии (ранний этап зарубинецкой культуры). Мн., 1971. С.85,149.

Э.Зайкоўскі

Каментары чытачоў
Максім напiсаў(ла) 01.04.2014 19:22
Гэта вельмі памагло

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.