Сярэдні каменны век (мезаліт). Засяленне краю плямёнамі паляўнічых, рыбакоў і збіральнікаў

Пацяпленне клімату. Асаблівасці эпохі.

Мезаліт (сярэднекаменны век) у лясной зоне Усходняй Еўропы датуецца 9 - 5-м тысячагоддзямі да н.э. і ў археалагічнай перыядызацыі займае месца паміж палеалітам і неалітам.

Спосабы выкарастання кра мянёвага скрабка і разца Спосабы выкарастання кра мянёвага скрабка і разца

Гэта быў час далейшых змен прыроднага асяроддзя, калі адбыўся паступовы пераход ад позналедавікоўя да максімальна спрыяльных кліматычных умоў, якія наступілі 7-6 тысячагоддзяў назад у так званы кліматычны оптымум. На змену халоднаму тундраваму стэпу прыйшлі лясныя масівы. У іх спачатку пераважалі бярэзнікі і хвойнікі, потым з'явіліся шыракалістыя лясы. Змяніўся і жывёльны свет. Паўночныя алені адышлі на поўнач услед за адступаючай тундрай. Іх месца занялі ласі, мядзведзі, дзікі і іншыя лясныя жывёлы. Шырока вядомыя ў гэты час высакародныя алені і туры. Значна павялічваецца колькасць птушак, асабліва вадаплаўных. У Паўднёвай і Цэнтральнай Беларусі ў цэлым гідраграфічная сетка была падобная на сучасную, на поўначы ўзнікаюць шматлікія азёры, рэкі выпрацоўваюць свае рэчышчы.

Змены клімату, расліннага і жывёльнага свету моцна паўплывалі на ўсе бакі жыццядзейнасці мезалітычнага чалавека. Мяняюцца спосабы палявання, з'яўляюцца новыя формы і тыпы паляўнічай зброі і прылад працы, удасканальваецца тэхніка іх апрацоўкі. Большае месца ў жыцці чалавека займае рыбалоўства. Ва ўмовах максімальна спрыяльнага клімату, які ўсталяваўся к канцу эпохі, значнага росту аб'ёмаў біямасы асабліва эфектыўнай робіцца прысвойваючая, у тым ліку і збіральніцкая гаспадарка.

На сённяшні час на тэрыторыі Беларусі знойдзена больш за 120 мезалітычных паселішчаў. А гэта значыць, што засяленне краю значна павялічылася ў параўнанні з фінальнапалеалітычнай эпохай. Большасць такіх помнікаў выяўлена на ўзбярэжжах Дняпра, Прыпяці, Нёмана і на іх буйнейшых прытоках. Менш стаянак вядома ў Цэнтральнай Беларусі і на Падзвінні.

Мезалітычны чалавек свае паселішчы-стаянкі ладзіў на краях надпоймавых рачных тэрас або карэннага берага, а таксама на паплаўных пясчаных узвышэннях непадалёку ад рачных старыц і заток. Прыцягвалі яго ўвагу і ўзбярэжжы некаторых буйнейшых азёр. Адным з галоўных патрабаванняў пры выбары месца жыхарства была блізкасць багатага рыбай вадаёма і радовішчаў крэменю, на якіх атрымлівалі сыравіну для вырабу прылад працы.

Стаянкі адрозніваліся паміж сабой па памерах і характары выкарыстання першабытным чалавекам. Пэўная родавая абшчына будавала асноўнае базавае паселішча з доўгатэрміновым жытлом, дзе магло знайсці прытулак некалькі дзесяткаў чалавек. Такія пастаянныя паселішчы знойдзены каля сучасных вёсак Бароўка Быхаўскага, Ворнаўка Кармянскага, Берагавая Слабада Рэчыцкага, Горкі Чэрыкаўскага раёнаў і ў іншых мясцінах. Сезонныя стаянкі былі невялікія па плошчы і іх выкарыстоўвалі кароткі час нешматлікія групы паляўнічых або асобныя сем'і. У месцах, багатых крамянёвай сыравінай, ствараліся спецыяльныя майстэрні, на якіх вялася крэмнеапрацоўка. Тут сустракаецца мноства крамянёвых адыходаў - розных абломкаў, адшчэпаў, нявыкарыстаных пласцінак, а таксама крамяневыя ядрышчы-нуклеусы, з якіх атрымлівалі нарыхтоўкі для вырабу прылад працы.

Жытлом мезалітычных людзей на Беларусі былі даволі лёгкія збудаванні, аснову якіх складалі канструкцыі з жэрдак. Яны былі акруглыя ў плане дыяметрам каля 5 м (стаянка Стасеўка Бабруйскага раёна) або падпрамавугольныя. Такое жытло выяўлена на паселішчы каля Берагавой Слабады. Яно мела памеры 4,3x3,8 м і было апушчана ў зямлю на глыбіню 0,3 м. Каля жытла знаходзіліся агнішча і некалькі, мабыць, гаспадарчых ям.

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.