Плямёны жалезнага веку. Паселішчы і матэрыяльная культура

У пачатку жалезнага веку на тэрыторыі Беларусі склаліся тры ўстойлівыя групы плямён, якія добра вылучаюцца на аснове археалагічных даных. На поўнач ад басейна Прыпяці, на берагах Нёмана і яго прытокаў, на Верхняй і Сярэдняй Бярэзіне рассяліліся носьбіты культуры штрыхаванай керамікі. Тэрыторыю Сярэдняга Падзвіння і прылеглыя раёны Верхняга Падняпроўя занялі плямёны днепра-дзвінскай культуры. У басейне Прыпяці, паўднёвай частцы Верхняга Дняпра і Ніжнім Пасожжы размясцілася насельніцтва мілаградскай культуры. Акрамя таго, у ранні перыяд жалезнага веку крайні паўднёвы захад нашага краю ўваходзіў у арэал распаўсюджання плямён паморскай культуры.

Характэрна, што ў Паўночнай і Сярэдняй Беларусі праз усю эпоху жалеза не назіралася асабліва радыкальных этнакультурных змен. У той жа час на поўдні нашага краю гістарычныя працэсы былі больш разнастайнымі і дынамічнымі. Пад канец 1-га тысячагоддзя да н.э. тэрыторыі, да гэтага заселеныя мілаградцамі і паморцамі, заняло насельніцтва зарубінецкай культуры, а ў позні перыяд жалезнага веку тут ужо вядомы носьбіты кіеўскай культуры, а на Пабужжы і вярхоўях Прыпяці - вельбарскай. Поўдзень Беларусі раней за ўсіх адчуў і працэсы славянізацыі.

Рассяленне плямён жалезнага веку
Рассяленне плямён жалезнага веку ў VIII-I стст. да н.э.: 1 - плямёны культуры штрыхаванай керамікі; 2 - плямёны днепра-дзвінскай культуры; 3 - плямёны мілаградскай культуры; 4 - плямёны паморскай культуры

На тэрыторыі Беларусі вядома каля 1000 гарадзішчаў і некалькі сотняў селішчаў жалезнага веку, на якіх жылі носьбіты названых вышэй культур.

Плямёны Паўднёвай Беларусі.

Пачынаючы з VIII-VII стст. да н.э. большасць тэрыторыі Паўднёвай Беларусі і частку Паўночнай Украіны займалі плямёны мілаградскай культуры. На поўначы яны рассяляліся да сярэдняга цячэння Бярэзіны, Рагачова і Крычава, на поўдні - да р. Рось на Украіне, на захадзе - амаль да вярхоўяў Прыпяці, на ўсходзе распаўсюджваліся на заходнюю частку Браншчыны. Іх культура сваю назву атрымала па назве тыповага гарадзішча каля в. Мілаград Рэчыцкага раёна.

Для мілаградскага насельніцтва характэрны два тыпы паселішчаў: гарадзішчы і адкрытыя селішчы. Пераважная колькасць гарадзішчаў канцэнтруецца ва ўсходняй частцы арэала. Яны ўзводзіліся на невысокіх узвышшах або роўных месцах паблізу балот, на пагорках, а таксама на мысах рачных і азёрных тэрас. Гарадзішчы на ўзвышшах або каля балота характэрны толькі для Палесся.

Пляцоўкі гарадзішчаў у залежнасці ад рэльефу мясцовасці, дзе яны ўзводзіліся, мелі круглую, авальную, трох-, чатырох-, пяцівугольную форму. Нярэдка гарадзішчы складаліся з дзвюх і больш пляцовак, аддзеленых адна ад другой валамі. Некаторыя мысавыя гарадзішчы ўмацоўваліся валамі і ровам толькі з напольнага боку (Майсееўка Мазырскага раёна), але большасць гарадзішчаў гэтага часу, асабліва на поўдні Беларусі, абнесена адной і больш лініямі ўмацаванняў (Мілаград, Ліскі Рэчыцкага, Ястрабка Лоеўскага раёнаў і інш.). Частка мілаградскіх гарадзішчаў не мае культурнага пласта і, відаць, выкарыстоўвалася як сховішчы, куды падчас ваеннай небяспекі жыхары прылеглай акруг?заганялі статкі жывёлы, зносілі свой пажытак і за сценамі якіх баранілі сваё жыццё. Найбольшая колькасць падобных умацаванняў знаходзіцца сярод балот Прыпяцкага Палесся.

Неўмацаваныя селішчы распаўсюджаны па ўсёй тэрыторыі, занятай плямёнамі мілаградскай культуры. У Падняпроўі яны звычайна прымыкалі да гарадзішчаў, а на Палессі існавалі незалежна ад іх. Пляцоўкі гарадзішчаў забудоўваліся жытлом уздоўж умацаванняў, са свабоднай прасторай у цэнтры або размяшчаліся кучна. Апошні прынцып забудовы характэрны і для селішчаў. Асноўным тыпам жылля былі наземныя або паглыбленыя ў зямлю пабудовы плошчаю 12-16 м2, якія мелі слупавую канструкцыю сцен. Дах такога жытла часта апіраўся на цэнтральны слуп. У адзінкавых выпадках у Падняпроўі выяўлены зямлянкі. Мілаградскія жылыя пабудовы ў многіх выпадках маюць вельмі характэрную прыкмету, якая вылучае іх сярод сінхронных і наступных культур: спецыфічны выступ прамавугольнай, авальнай або круглай формы ў адной са сцен або ў куце. Агнішчы змяшчаліся воддаль ад ўваходу, на ўзроўні пясчанай падлогі або ў невялікіх круглых ці авальных ямках. Гаспадарчыя пабудовы прадстаўлены невялікімі наземнымі асобна размешчанымі збудаваннямі або ямамі-скляпамі розных форм.

Мілаградскае насельніцтва карысталася керамічным посудам, які мае своеасаблівы і выразны характар. Ён прадстаўлены гаршкамі з яйцападобнай і шарападобнай формы тулавам і прамою альбо крыху адагнутаю вонкі шыйкаю. Сустракаецца начынне чашападобнай формы без шыйкі, з прамымі або загнутымі ўнутр краямі, трапляюцца таксама мініяцюрныя пасудзінкі. Значная колькасць посуду мае не плоскае, а закругленае дно, што вылучае мілаградскі керамічны комплекс сярод сінхронных культур лясной зоны. Большасць керамікі арнаментавалася па шыйцы або плечыках круглымі ямкамі, насечкамі, пазногцевымі або пальцавымі адбіткамі, выпуклінамі - "жамчужынамі", якія былі негатывамі ямак, нанесеных на ўнутраную паверхню сценкі, і інш.

Распаўсюджанай знаходкай на мілаградскіх паселішчах з'яўляюцца гліняныя грузікі разнастайных форм: крыжападобныя, у выглядзе шара або шпулькі. Іншыя нагадваюць мініяцюрны кругладонны посуд. Шмат якія грузікі арнаментаваныя заштрыхаванымі трохвугольнікамі, зоркамі, крыжыкамі і інш. Многія даследчыкі лічаць, што падобныя гліняныя рэчы былі культавымі прадметамі, таксама як і гліняныя фігуркі жывёл, пераважна коней.

Скарб бранзалетаў
Скарб бранзалетаў з мілаградскага гарадзішча Гарошкаў Рэчыцкага раёна

Комплекс металічных вырабаў, якімі карысталіся мілаградцы, багаты і разнастайны. Ён нясе на сабе яскравы адбітак традыцый паўднёвых суседзяў - скіфскіх плямён. Адчуваюцца таксама ўплывы гальштацка-латэнскіх культур Сярэдняй Еўропы. Рэчамі, безумоўна, скіфскага паходжання з'яўляюцца бронзавыя трохлопасцевыя і трохгранныя наканечнікі стрэл і мечакінак з Асарэвіцкага гарадзішча, некаторыя тыпы ўпрыгожанняў - завушніцы з грыбападобным шчытком, цвікападобныя шпількі і інш.

Аб высокім развіцці металургічнай вытворчасці ў мілаградскага насельніцтва сведчаць шматлікія знаходкі сякер, сярпоў, матык, нажоў з гарбатай спінкай, брытваў, шылаў, наканечнікаў дзід і стрэл. Металічнымі былі многія дэталі касцюма і ўпрыгожанні - фібулы, бляшкі, бранзалеты, грыўні, пярсцёнкі, скроневыя кольцы і іншыя прадметы. Аздобы мясцовай вытворчасці дапаўняліся прывазнымі пацеркамі з бурштыну, халцэдону, шкла і бронзы.

Жытло зарубінецкай культуры
Рэканструкцыя жытла на паселішчы зарубінецкай культуры каля в. Хотамель Столінскага раёна

Насельніцтва мілаградскай культуры хавала сваіх памерлых на грунтавых і курганных могільніках. Курганы выяўлены ў басейне р. Харынь, каля в.Дубай Столінскага раёна. Там знойдзены рэшткі нябожчыкаў, пахаваныя па абрадзе трупапалажэння на старажытным гарызонце, часам у драўляных скрынях або ў неглыбокіх прамавугольных ямах. Зверху насыпаліся невысокія паўсферычныя, круглыя ў плане курганы дыяметрам ад 2 да 22 м. Пахавальны інвентар складаўся з аднаго або некалькіх гаршкоў, зрэдку сустракалася зброя (наканечнікі коп'яў) або ўпрыгожанні, у тым ліку і залатая завушніца скіфскага тыпу.

Бескурганныя могільнікі размяшчаліся на невялікай адлегласці ад паселішчаў або непасрэдна прымыкалі да валоў гарадзішчаў. Даследавана звыш 150 пахаванняў. Нябожчыка спальвалі па-за межамі могільніка. Невялікую колькасць кальцыніраваных костак ачышчалі ад вугольчыкаў і попелу і змяшчалі на дне невялікіх круглых альбо авальных у плане ям глыбінёю 0,5- 1 м. Пахавальны інвентар больш сціплы, чым у курганах, або ўвогуле адсутнічае.

Заходняе Палессе ў IV-III стст. да н.э. засялялі .плямёны паморскай кулытуры, арэал распаўсюджання якіх распасціраўся на тэрыторыю Польшчы, Паўночна-Заходняй Украіны і Паўднёва-Заходняй Беларусі. На поўначы іх паселішчы займалі ўзбярэжжа Балтыйскага мора, на захадзе дасягалі Одэра, на поўдні - вярхоўяў Віслы і Днястра, на ўсходзе і паўночным усходзе - Гарыні, Ясельды і Мазурскіх балот. Асноўная тэрыторыя, якую займалі паморцы, знаходзілася на тэрыторыі Польшчы. Тут іх супольнасць сфарміравалася яшчэ ў VII ст. да н.э., на аснове мясцовых традыцый лужыцкіх плямён эпохі позняй бронзы, на ўсход жа ад Буга яны праніклі толькі ў IV ст., на завяршальным этапе сваёй экспансіі.

Паморцы жылі толькі на неўмацаваных паселішчах, забудаваных паўзямлянкамі або наземнымі пабудовамі слупавой канструкцыі з адным або двума памяшканнямі і адкрытымі агнішчамі, выкладзенымі камянямі. Аднак паселішчы пакуль што даследаваны мала, лепш вывучаны могільнікі гэтага насельніцтва, прадстаўленыя пераважна бескурганнымі некропалямі. Курганы пакуль што выяўлены толькі на Гданьскім Памор'і.

Пахаванні паморскай культуры на тэрыторыі Беларусі даследаваліся каля вёсак Ратайчыцы, Трасцяніца ў Камянецкім, Аздамічы ў Столінскім раёнах, каля Драгічына і Пінска і ў некаторых іншых месцах. Пахаванні адбываліся па абрадзе трупаспалення за межамі могільніка. Перапаленыя косткі ссыпалі проста на дно магільнай ямкі альбо ў вялікую гліняную пасудзіну - клёш, якую зверху накрывалі міскай або гаршком. Часам рэшткі нябожчыка змяшчалі ў гліняную урну або абстаўлялі па перыметры камянямі.

Асноўная маса знаходак у пахаваннях і на паселішчах - ляпны гліняны посуд, прадстаўлены глянцаванымі з бліскучай паверхняй гаршкамі, міскамі, вазамі, кубкамі, накрыўкамі. Пашыраны былі таксама грубаляпныя вялікія пасудзіныклёшы і гаршкі з бугрыстай паверхняй. З упрыгожанняў знойдзены фібулы раннелатэнскага выгляду, спіральныя і рубчастыя бранзалеты, кольцы, шкляныя і каменныя пацеркі.

На мяжы III-II стст. да н.э. на тэрыторыі, да гэтага занятай мілаградскім і часткова паморскім насельніцтвам, пачынае фарміравацца супольнасць плямён зарубінецкай культуры. Зарубінецкія старажытнасці цалкам перакрываюць тэрыторыю мілаградскай культуры на Беларусі. Яе носьбіты занялі пабудаваныя ў ранейшы час гарадзішчы і селішчы. Жылыя збудаванні выяўлены на паселішчах каля вёсак Велямічы, Рубель, Давыд-Гарадок, Хотамель Столінскага, Чаплін, Мохаў Лоеўскага раёнаў і інш. Па асаблівасцях канструкцыі яны падзяляюцца на тры групы: паўзямлянкавыя, з паглыбленай у зямлю падлогай і наземныя. Першыя з іх сустракаюцца толькі на Палессі, апошнія - у Прыдняпроўі. Усе яны маюць невялікія памеры (10-24 м2), квадратную або прамавугольную ў плане форму. Паўзямлянкавае жытло мела зрубавую канструкцыю сцен, ацяплялася глінабітнымі агнішчамі або печамі. Наземныя і злёгку паглыбленыя збудаванні з адкрытымі агнішчамі і са слупавой канструкцыяй сцен выяўлены на помніках Падняпроўя. Пераемнасці ў будаўнічых традыцыях мілаградскага і зарубінецкага насельніцтва не назіраецца. Калі мілаградцы ўзводзілі дамы слупавой канструкцыі, то зарубінецкае насельніцтва будавала і зрубавыя паўзямлянкі. Мілаградскія жылыя памяшканні ацяпляліся агнішчам, месца якога зрэдку абкладвалася камянямі, зарубінцы выкарыстоўвалі агнішчы і печы з камянёў і гліны.

Гліняны посуд насельніцтва зарубінецкай культуры
Гліняны посуд насельніцтва зарубінецкай культуры

Дастаткова добра вывучаны таксама пахавальныя звычаі зарубінецкіх плямён. На 11 могільніках даследавана каля 750 пахаванняў. Могільнікі не маюць знешніх прыкмет. Пахаванні адбываліся па абрадзе трупаспалення за межамі некропаля. Рэшткі нябожчыка змяшчалі ў круглых або падоўжаных у плане ямках глыбінёю 0,2-1 м. У Верхнім Падняпроўі выяўлены ямныя пахаванні і кенатафы, а ў Прыпяцкім Палессі - ямныя і ўрнавыя трупаспаленні і пахаванні ня спаленых чарапоў. Пахавальны інвентар даволі багаты і разнастайны. Ён складаецца з ляпных глянцаваных гаршкоў, місак, кубкаў, радзей сустракаецца грубаляпны, неглянцаваны посуд. У вялікай колькасці знойдзены спецыфічныя, так званага зарубінецкага тыпу фібулы з трохвугольным шчытком, сярэднелатэнскія і позналатэнскія фібулы, посахападобныя і са спіральнай галоўкай шпількі, кольцы, падвескі, пранізкі, шкляныя і бурштынавыя пацеркі, прылады працы і зброя, косткі хатніх жывёлін, рэшткі рытуальнай стравы. У некаторых пахаваннях палескіх могільнікаў знаходзяць вялікія бронзавыя шпількі са спіральным навершам, якія не сустракаюцца ў іншых рэгіёнах зарубінецкай культуры. Своеасаблівасцю вызначаецца пахавальны інвентар могільніка каля в.Сямурадцы Жыткавіцкага раёна, у пахаваннях якога выяўлены мініяцюрныя пасудзінкі, якія па сваёй форме падобныя на вялікія начынні зарубінецкай культуры.

На даследаваных паселішчах выяўлены ўпрыгожанні, прылады працы, бытавы інвентар - сякеры-кельты і абушковыя сякеры, нажы, сярпы, іголкі, шылы, прабойнікі, долаты, наканечнікі дзід, стрэл і дроцікаў, гліняныя біканічныя і шайбападобныя праслачкі, грузікі і інш. На паселішчах пераважае грубаляпны посуд у адрозненне ад могільнікаў, дзе пахаванні звычайна суправаджаюцца глянцаванымі пасудзінамі чорнага, карычневага або шэрага колеру.

Увесь комплекс знаходак, выяўленых на паселішчах і могільніках, свед-чыць аб тым, што насельніцтва зарубінецкай культуры валодала адпаведнымі навыкамі і прыёмамі атрымання і апрацоўкі жалеза і каляровых металаў і мела сталыя абменныя сувязі з блізкімі і далёкімі суседзямі. VI ст. н.э. класічная зарубінецкая культура спыняе сваё існаванне.

VII-IV стст. н.э. тэрыторыю Заходняга Палесся, абмежаваную рэкамі Буг, Ясельда і Гарынь, займала насельніцтва вельбарскай культуры, якая сфарміравалася на польскім Памор'і ў I ст. н.э. VII ст. адбылося значнае перамяшчэнне носьбітаў гэтай культуры на паўднёвы ўсход, праз палескія балоты далей на Украіну і ў Прычарнамор'е. У Беларусі адкрыты паселішчы і бескурганныя могільнікі вельбарцаў каля вёсак Вялічкавічы і Кругель Камянецкага, Блювінічы Брэсцкага, Струга, Велямічы Столінскага раёнаў і інш. Найбольш поўна даследаваны могільнік Брэст-Трышын, выяўлены на ўскрайку Брэста каля р.Мухавец. Пахаванні адбываліся па абрадзе трупаспалення ў невялікіх ямах глыбінёю да 1 м. Перапаленыя косткі, нярэдка з рэшткамі вогнішча, ссыпаліся на дно паглыблення. Пэўная колькасць урнавых пахаванняў выяўлена толькі на могільніку Брэст-Трышын. Найбольш тыповы набор прадметаў у пахавальным інвентары - гліняны посуд, касцяныя грэбені, металічныя фібулы. Зброю ў магілы ніколі не клалі.

Наканечнікі коп’яў і стрэл з помнікаў зарубінецкай культуры
Наканечнікі коп’яў і стрэл з помнікаў зарубінецкай культуры

Керамічны комплекс прадстаўлены гаршкамі, вазападобнымі пасудзінамі, збанамі, кубкамі, міскамі, мініяцюрнымі пасудзінкамі. Гаршкі звычайна маюць шурпатую або сітаватую паверхню тулава і загладжаныя шыйкі і прыдонныя часткі. Усе астатнія формы посуду глянцаваліся. Практычна ўся кераміка зроблена рукамі. Ганчарны гаршчок, ваза і міска знойдзены толькі ў трох выпадках. Акрамя керамікі на вельбарскіх помніках Беларусі сустракаюцца разнастанныя рэчы з металу, шкла, косці, рога - рознатыповыя фібулы, бранзалеты, падвескі, паясныя спражкі, шпількі, пацеркі, фрагмент брытвы, часткі замкоў і фрагменты шклянога посуду.

VII-V стст. н.э. паўднёвы ўсход Беларусі ад р. Пціч і да мяжы з Расіяй, займала насельніцтва кіеўскай культуры, якое жыло таксама на тэрыторыі Чарнігаўскай, Сумскай і на поўначы Кіеўскай абласцей на Украіне, на поўдні Бранскай і захадзе Курскай абласцей Расіі.

Рассяленне плямён жалезнага веку
Рассяленне плямён жалезнага веку ў першай палове I-га тысячагоддзя н.э.: 1 - плямёны культуры штрыхаванай керамікі; 2 - плямёны днепрадзвінскай культуры; 3 - плямёны зарубінецкай культуры; 4 - насельніцтва вельбарскай культуры; 5 - насельніцтва кіеўскай культуры

Культура прадстаўлена толькі неўмацаванымі селішчамі, якія размяшчаліся па берагах рэк і азёр на невысокіх узвышшах поплаву або на надпоймавых тэрасах. Іх памеры вагаюцца ад 1 да 7 гектараў. Тапаграфія паселішчаў адлюстроўвае асноўны напрамак гаспадарчай дзейнасці: ураджайныя глебы на тэрасах выкарыстоўваліся пад палі, а поплаў - пад пашу. Зрэдку паселішчы размяшчаліся ў 1-2 км адзін ад аднаго і складалі кампактныя групы-гнёзды. Напрыклад, такое гняздо даследавалася каля в. Адаменкі на Дняпры ў Быхаўскім раёне.

На паселішчах кіеўскай культуры выяўлены разнастайныя жылыя і гаспадарчыя збудаванні, якія ўтвараюць розныя тыпы планіроўкі. Часам жытло будавалася кампактна адно каля другога, а гаспадарчыя пабудовы размяшчаліся крыху воддаль ад іх. У некаторых выпадках хаты знаходзіліся на большай адлегласці між сабой, пры такой планіроўцы гаспадарчыя аб'екты памяшчаліся паміж імі і вакол іх. Вылучаюцца і асобныя сядзібы, якія ўключаюць комплекс жылых і гаспадарчых пабудоў. Большасць жылых пабудоў насельніцтва кіеўскай культуры ўяўляла сабой аднакамерныя канструкцыі прамавугольнай формы, блізкай да квадрата, памерам 8-20 м2, з паглыбленай падлогай. Падлогі былі пясчаныя, зрэдку падмазаныя глінаю, часам вымошчваліся драўлянымі плашкамі. У цэнтры памяшкання на падлозе або ў неглыбокай ямцы будаваліся з камянёў, гліны або чарапкоў посуду агнішчы. Сцены жытла трымаліся на слупах, у шэрагу выпадкаў прасочаны цэнтральны слуп, які падпіраў дах. Акрамя паўзямлянак на паселішчах кіеўскай культуры на Беларусі адзначаюцца наземныя слупавыя збудаванні. Разнастайнасць жылых пабудоў сярод насельніцтва кіеўскай культуры ў пэўнай ступені сведчыць аб незавершаным працэсе складвання домабудаўнічых традыцый.

Гарадзішча насельніцтва культуры штрыхаванай керамікі
Гарадзішча насельніцтва культуры штрыхаванай керамікі каля в. Малышкі Вілейскага раёна

Пахавальны абрад вядомы па раскопках бескурганных могільнікаў каля Абідні, Тайманава Быхаўскага раёна, Новага Быхава і інш. Трупаспаленне адбывалася за межамі могільнікаў. Косткі, часам ачышчаныя ад рэшткаў пахавальнага вогнішча, ссыпаліся ў круглыя або авальныя ў плане ямкі глыбінёю 0,2-0,6 м. Сустракаюцца і ўрнавыя пахаванні. У магілах выяўлены цэлыя і разбітыя пасудзіны і зрэдку рэчы побыту і ўпрыгожанні.

Жыхары паселішчаў кіеўскай культуры карысталіся грубаляпнымі таўстасценнымі пасудзінамі. Сярод глінянага начыння ў невялікай колькасці сустракаўся таксама глянцаваны і ўпрыгожаны расчосамі посуд. Функцыянальна вылучаюцца гаршкі, міскі, падстаўкі-дыскі, мініяцюрныя пасудзіны. Яскравай адметнасцю керамічнага комплексу з'яўляецца наяўнасць у ім масіўных пасудзін вышынёй да 50 см, якія выкарыстоўваліся для зберагання харчовых прыпасаў.

На паселішчах і могільніках жыхароў кіеўскай культуры знойдзены разнастайныя рэчы, якія адлюстроўваюць характар заняткаў насельніцтва, узровень хатніх рамёстваў і тэндэнцыі развіцця моды. Знойдзены жалезныя сярпы, сякеры, нажы, шылы, крэсівы, кавальскі інструментарый, высокай мастацкай вартасці ўпрыгожанні з выемістай эмаллю, падвескі, бляшкі, шкляныя пацеркі.

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.