Плямёны на тэрыторыі Беларусі ў новым каменным веку (неаліце)

Асаблівасці эпохі.

Каля 6 тысячагоддзяў назад у развіцці грамадства каменнага веку на Беларусі пачынаецца заключны этап - неаліт, новы каменны век, характэрны радыкальнымі зменамі ў гаспадарцы, матэрыяльнай і духоўнай культуры.

Лічыцца, што тыповае неалітычнае грамадства Еўропы вызначаецца чатырма галоўнымі асаблівасцямі – з’яўленнем земляробства, жывёлагадоўлі, глінянага посуду і шліфаваных каменных вырабаў. Але, як паказваюць даследаванні археолагаў, гэтыя складальнікі неалітычнай культуры далёка не заўсёды выступаюць адначасова. Вядома, што на ўсходзе і поўначы Прыбалтыкі мясцовае насельніцтва ўмела шліфаваць свае каменныя сякеры, долаты і цёслы яшчэ з пачатку сярэдняга каменнага веку (мезаліту), а з вытвараючымі формамі гаспадаркі пазнаёмілася толькі ў эпоху бронзы. I наадварот, некаторыя супольнасці Міжземнамор'я, якія рана перайшлі да жывёлагадоўлі і земляробства, доўгі час не выраблялі керамічны посуд.

Свае асаблівасці былі і на Беларусі. Тут вытвараючыя формы гаспадаркі на поўдні краіны сталі шырока вядомыя ў сярэдні перыяд неаліту, а можа, і раней, а на Падзвінні - у позні. Шліфаванне крэменю таксама распаўсюдзілася ў канцы эпохі, найперш са з'яўленнем тут цэнтральнаеўрапейскіх находнікаў. А вось гліняным посудам (керамікай) на нашай тэрыторыі пачалі карыстацца з першай паловы 4-га тысячагоддзя да н.э., а на Палессі і раней - з канца папярэдняга тысячагоддзя.

Менавіта з факту з'яўлення керамікі, як лічаць даследчыкі, і пачынаецца новы каменны век на Беларусі. Такой жа думкі прытрымліваецца пры вызначэнні пачатку неалітычнай эпохі і большасць даследчыкаў-археолагаў суседніх усходнееўрапейскіх краін.

Рассяленне неалітычных плямён
Рассяленне неалітычных плямён: 1 - плямёны ранняга этапу нёманскай культуры; 2 - плямёны позняга этапу нёманскай культуры; 3 - плямёны днепра-данецкай культуры; 4 - плямёны верхнедняпроўскай кулыуры; 5- плямёны нарвенскай культуры; 6 - могільнікі і паселішчы насельніцтва культуры шарападобных амфар; 7 - плямёны культуры грабеньчата-ямкавай керамікі

З'яўленне глінянага посуду стала паказчыкам важных гаспадарчых змен у грамадстве паляўнічых і рыбаловаў. Справа ў тым, што 7-6 тысячагоддзяў назад, калі клімат на Беларусі дасягнуў найбольш спрыяльных для жывёльнага і расліннага свету параметраў, у распараджэнні чалавека з'явілася вялікая колькасць дзікарослай расліннай ежы - лясных і вадзяных арэхаў, жалудоў, прыдатных да яды каранёў і іншых частак раслін, грыбоў, ягад і г.д., большасць якой найлепш спажываецца ў прыгатаваным у посудзе выглядзе. Акрамя таго, большыя пасудзіны сталі зручным начыннем для захоўвання сыпучых раслінных прадуктаў, такіх, як арэхі і ягады.

Доўгая традыцыя вядзення збіральніцкай гаспадаркі прывяла да выпрацоўкі яе рацыянальных форм, калі ў прыватнасці пачалі аберагаць багатыя пладамі ягаднікі і арэшнікі, участкі рэк і азёр з зараснікамі водных ядомых раслін.

Вельмі багатая і разнастайная флора канца мезаліту - пачатку неаліту дадатна паўплывала на развіццё жывёльнага свету - адзінай крыніцы мясной ежы чалавека. К гэтаму часу ў паляванні і рыбалоўстве таксама выпрацаваліся рацыянальныя формы іх вядзення, напрыклад захаванне маладняку, незабіванне цельных самак жывёл і г.д.

Багацце расліннага і жывёльнага свету, удасканаленне паляўнічай зброі і рыбацкіх прыстасаванняў, развіццё спосабаў здабычы спажывы ў суме давалі такую колькасць ежы, што не было патрэбы ўводзіць земляробства і жывёлагадоўлю, тым больш што для заняткаў імі ў лясной зоне патрабавалася значна больш намаганняў, чым для прысвойваючых форм гаспадарання.

Такім чынам, найпершай адзнакай неалітызацыі старажытнага грамадства на Беларусі стала з'яўленне керамічнага посуду. Што ж датычыць земляробства і жывёлагадоўлі, то на поўдні Беларусі іх прымітыўнейшыя формы маглі распаўсюджвацца ўжо з пачатку неаліту, на Падзвінні ж і, мабыць, на Верхнім Дняпры гэтыя заняткі сталі вядомыя толькі ў позні перыяд эпохі.

Пакуль не зусім зразумела, якім менавіта чынам сярод ранненеалітычнага насельніцтва Беларусі з'явілася кераміка. Першыя гаршкі з розных рэгіёнаў нашага краю між сабой даволі падобныя. Яны ўсе вастрадонныя, маюць у сценках валакністыя раслінныя дамешкі, пад краем венцаў аздоблены поясам глыбокіх круглых ямак, а па сценках - сціплымі ўзорамі з гарызантальных паясоў грабеньчатых адбіткаў, насечак, пракрэсленых рысак і розных наколаў. Пэўнае адасабленне адчуваецца на поўначы Беларусі, дзе нарвенскае насельніцтва карысталася посудам з дамешкай тоўчаных ракавін.

Калі меркаваць па гліняным посудзе, вынікае, што ў заходняй частцы Усходняй Еўропы ў ранненеалітычны час існавала зона распаўсюджання ў рознай ступені роднасных між сабою плямён з блізкімі рысамі матэрыяльнай культуры, што найбольш праяўлялася ў кераміцы, рэшткі жыццядзейнасці якіх утваралі вобласць культур з грабеньчата-накольчатай керамікай. Паўночны ўсход гэтай зоны займалі плямёны верхняволжскай культуры, усход - верхнедняпроўскай, захад - нёманскай, поўдзень - днепра-данецкай, поўнач - нарвенскай. Апошнія, як адзначалася, былі некалькі культурна адасоблены ад сваіх больш паўднёвых і паўднёва-ўсходніх суседзяў. У цэлым уся гэта вобласць 6 - 5 тысячагоддзяў назад займала тэрыторыі ад Фінскай затокі на поўначы да дняпроўскіх парогаў і правабярэжных прытокаў Прыпяці на поўдні і ад Прыпяцка-Бугскага міжрэчча на захадзе да левабярэжных прытокаў Верхняга Дняпра і да Верхняй Волгі на ўсходзе.

Калі параўноўваць кераміку плямён адзначанай зоны і суседніх падобных зон, у прыватнасці Паўночнага Прычарнамор'я, дзе найбольш рана адбылася неалітызацыя, то нябачна прамых запазычанняў, асабліва ў тэхналогіі вырабу посуду, у іх арнаментыцы. А гэта сведчыць, што ранненеалітычныя жыхары Беларусі і суседніх зямель найперш самастойна падышлі да керамічнай вытворчасці.

У неаліце дасягнула росквіту апрацоўка крэменю. 3 яго выраблялі высакаякасныя прылады працы і зброю: нажы і кінжалы, скрабкі, скоблі і скрэблы, праколкі і свердлы, разцы, наканечнікі стрэл і коп'яў, долаты, сякеры. Крамянёвымі ж былі і некаторыя прыстасаванні для яго апрацоўкі - рэтушоры, адціскальнікі і нават адбойнікі. Большасць форм прылад і зброі была распрацавана яшчэ ў мезаліце і нават раней, але новы час прынёс пэўнае пашырэнне асартыменту і ўдасканаленне тэхналогіі. Найперш звяртае ўвагу распаўсюджанне трохвугольных наканечнікаў стрэл, што стала вынікам паўднёвых і паўднёва-заходніх уплываў і сведчыла пра пашырэнне ўзброеных сутыкненняў. У той жа час кансерватыўныя неалітычныя супольнасці Падзвіння і Верхняга Падняпроўя па-ранейшаму карысталіся найбольш прыдатнымі для палявання лістападобнымі наканечнікамі стрэл, хоць і пачалі іх апрацоўваць-рэтушаваць па ўсёй паверхні. У неаліце, асабліва ў яго пазнейшыя перыяды, вельмі распаўсюджанымі сталі рубячыя прылады, без якіх было не абысціся пры занятках земляробствам у зоне суцэльных лясоў і хмызнякоў. Форма сякер становіцца функцыянальна выверанай. Яны набываюць выпуклае пашыранае лязо, ахайна апрацаванае падчэсваннем, і патончаны абушок, якім прылада замацоўвалася ў драўляным або касцяным дзяржанні. Павялічваецца колькасць і розных цёслаў і долатаў, якія служылі чалавеку пры вырабе чоўнаў-аднадрэвак і драўлянага начыння. Некаторыя сякеры і цёслы, асабліва іх лёзы, у познім неаліце пачалі прышліфоўвацца.

І ў неаліце некаторыя прылады, а таксама частка паляўнічай зброі майстраваліся з рога і косці. Гэты матэрыял асабліва выкарыстоўваўся для вырабу розных побытавых рэчаў.

У познім неаліце некаторыя супольнасці, што жылі на захадзе Беларусі, упершыню перайшлі да здабычы крэменю з зямных глыбінь. Крэмнездабыўныя шахты гэтага часу - выдатнейшая з'ява вытворчай культуры тагачасных насельнікаў Беларусі.

Спрыяльны клімат, максімальна паспяховае развіццё паляўніча-рыбацказбіральніцкай гаспадаркі самым дадатным чынам паўплывалі на прырост насельніцтва, што заўважылася ўжо ў раннім неаліце. Распаўсюджанне ў пазнейшыя часы вытвараючых форм гаспадаркі паскорыла гэту з'яву. Дэмаграфічныя працэсы наглядна праявіліся ў рэзкім павелічэнні колькасці неалітычных паселішчаў, якіх на сёння беларускімі археолагамі выяўлена да паўтары тысячы. У асабліва багатых зверам і рыбай месцах яны ўтваралі цэлыя скапленні.

Пры даследаванні старажытнейшых стаянак пакуль што не выяўлена, каб на мяжы мезалітычнай і неалітычнай эпох на тэрыторыю Беларусі пранікла нейкае новае насельніцтва. Матэрыяльная культура, а найперш крамянёвыя вырабы, якімі карысталісЯ ранненеалітычныя жыхары на Падняпроўі, Прыпяці, Нёмане і Дзвіне, шмат у чым падобная да той, якая была характэрнай для мясцовага насельніцтва і ў папярэдні познамезалітычны час. Таму вынікае, што грамадства канца сярэднекаменнага веку натуральным шляхам, пад уздзеяннем не ў апошнюю чаргу кліматычных змен і магчымых уплываў з больш развітых у гаспадарчых і культурных адносінах рэгіёнаў Сярэдняй і Паўднёвай Еўропы, трансфармавалася ў грамадства ранненеалітычнае.

Такім чынам, познамезалітычныя плямёны Паўднёва-Усходняй Беларусі дняпроўска-дзяснінскай (сожскай) культуры былі прамымі продкамі насельніцтва верхнедняпроўскай неалітычнай культуры, плямёны Усходняга Палесся - мясцовага варыянта днепра-данецкай культуры. На захадзе Беларусі познамезалітычная культура трансфармавалася ў нёманскую неалітычную. А на поўначы краю, як і ва ўсёй Паўднёва-Усходняй Прыбалтыцы, на аснове плямён кундскай культуры сфарміравалася ранненеалітычная супольнасць нарвенскай культуры.

На позніх этапах неаліту назіраецца пранікненне на тэрыторыю Беларусі моцных іншакультурных уплываў і нават інвазія пэўных груп новага насельніцтва. У цэлым гэта садзейнічала неалітызацыі краю, уключала яго грамадства ў агульнаеўрапейскі гістарычны працэс.

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.