Дзейнасць першых вялікіх князёў літоўскіх і рускіх

Пачатковы этап фарміравання ВКЛ. Міндоўг.

Пачатак працэсу ўтварэння ВКЛ быў пакладзены пераходам Наваградскай зямлі пад уладу літоўскага князя Міндоўга. Упершыню ён прыгадваецца як уладар Наваградка, Ваўкавыска, Слоніма і Здзітава падчас сутыкнення з галіцка-валынскім князем Данілам Раманавічам. Пры гэтым пад уладай Міндоўга заставалася і Літва (прынамсі, у вузкім сэнсе), адкуль ён накіраваў сваіх пляменнікаў на захоп Полацка і Смаленска, а сам скарыстаў іх адсутнасць, каб далучыць іх уладанні да сваіх (у летапісе гэты запіс датаваны 1252 г., але падзеі мелі месца хутчэй за ўсё у 1249 ці 1248 г.)[1]

Летапіс ніяк не тлумачыць з'яўленне ў Наваградку літоўскага князя. Аднак у больш познім Густынскім летапісе (скончаны ў 1670 г.) ёсць паведамленне, што ў 1246 г. Міндоўг "принять веру христианскую от Востока со многими своими бояры" [2]. Беларускі гісторык М. Ермаловіч палічыў гэта доказам запрашэння Міндоўга ў Наваградак па ініцыятыве мясцовага насельніцтва [3]. Але сам факт хрышчэння вельмі няпэўны, бо супярэчыць сцверджанню амаль сучаснага падзеям Валынскага летапісу [4], што Міндоўг хрысціўся толькі ў каталіцтва, прычым употай працягваў выконваць язычніцкія абрады. Пры такой добрай дасведчанасці летапісец яўна не ведаў аб праваслаўным хрышчэнні Міндоўга, якога хутчэй за усё ўвогуле не было. У цэлым трэба прызнаць, што на аснове наяўных фактаў немагчыма дакладна высветліць, якім чынам Наваградак перайшоў пад уладу літоўскага князя. Але ў любым выпадку гэтая падзея мела выключна важныя наступствы.

Палітычнае аб'яднанне Наваградскага княства з Літвой амаль адразу выклікала супрацьдзеянне як унутры Літвы, так і з боку суседзяў. У 1249 г. супраць Міндоўга ўтварылася магутная кааліцыя ў складзе яго пляменніка Таўцівіла, жамойцкага князя Выкінта, Данілы Галіцкага і ландмайстра Лівонскага ордэна Андрэя фон Сцірланда. Тройчы, прыкладна ў 1249, 1251 і 1253 гг., Даніла рабіў паходы на Наваградак і Гародню. У такіх умовах Міндоўг у канцы 1250 ці пачатку 1251 г. прыняў хрышчэнне па каталіцкім абрадзе, a ў 1253 г. каранаваўся[5] (паводле Густынскага летапісу - у Наваградку [6]) каралеўскай каронай, дасланай з Рыма. Папа Інакенцій IV абвясціў, што прымае новае каралеўства пад сваё заступніцтва [7]. Гэта дапамагло Міндоўгу нейтралізаваць варожасць Лівоніі і перамагчы сваіх праціўнікаў у Літве. Праўда, часова ён вымушаны быў саступіць значную частку Жамойці крыжакам, а Наваградак, Слонім і Ваўкавыск - сыну Данілы Галіцкага Раману (на ўмовах васальнай залежнасці апошняга). Але Міндоўг захаваў за сабой вярхоўнае права на Наваградскую зямлю, а пазней аднавіў поўны кантроль над ёю.

Міндоўг - князь ВКЛ
Міндоўг - першы князь ВКЛ

Між тым пераход шэрага рускіх княстваў пад уладу Літвы прывёў да канфлікту з Залатой Ардой, якая не адмовілася ад намеру падпарадкаваць усю Русь. Каля 1258 г. татарскі ваявода Бурундай здзейсніў спусташальны паход супраць Літвы [8]. Аднак і гэта не прывяло да адлучэння ад яе Беларускага Панямоння.

У 1260 г. Міндоўг раптоўна парваў з каталіцтвам і падтрымаў паўстанне супраць крыжакоў, якое ўспыхнула ў Жамойці. У выніку там замацаваўся стаўленік Міндоўга і сын яго сястры князь Транята [9]. Іншы пляменнік, Таўцівіл у гэты час княжыў у Полацку і, верагодна, таксама прызнаваў верхавенства літоўскага ўладара [10]. Пад непасрэднай уладай Міндоўга знаходзіліся іншыя літоўскія князі, якія прыгадваюцца як сведкі ў яга граматах крыжакам: Лугвен, Гердзень Нальшчанскі, Парбусе (верагодна, з Дзевалтвы) і інш.

Такім чынам, можна гаварыць пра ўтварэнне з сярэдзіны XIII ст. даволі ўстойлівай палітычнай структуры, у якой вярхоўнаму князю літоўскага паходжання непасрэдна належала частка этнічнай Літвы (Аўкштота) з Наваградскай зямлёй, a іншыя балцкія (Жамойць) і рускія (Полацкае княства) землі знаходзіліся ў пэўнай залежнасці ад яго. Гэта дазваляла эфектыўна супрацьдзейнічаць экспансіі, з аднаго боку, крыжакоў, з другога - татар і залежных ад іх галіцка-валынскіх князёў. У барацьбе з крыжакамі вялікі князь мог апірацца на рускія княствы, a ў барацьбе з татарамі і валынянамі - на этнічную Літву. Агульная плошча падкантрольнай літоўскім князям тэрыторыі ў гэты час складала, паводле падлікаў аўтараў, каля 153 тыс. кв. км, з якіх на этнічна балцкія землі прыпадала звыш 100 тыс. кв. км, ці каля 65% (у тым ліку на паўсамастойную Жамойць - каля 27 тыс. кв. км, на Літву-Аўкштоту - да 45 тыс., на літоўскія ці змешаныя літоўска-славянскія тэрыторыі ў сучаснай Беларусі - каля 26 тыс.), а на этнічна "рускія" - прыблізна 55 тыс. кв. км (з іх непасрэдна ўключаная ў дзяржаву Наваградская зямля займала каля 26 тыс. кв. км, паўсамастойная Полацкая - каля 29 тыс. кв. км.

Дадзеная структура аказалася настолькі жыццяздольнай, што няўхільна аднаўлялася пасля неаднаразовых крызісаў на працягу другой паловы XIII-XIV ст. Магчыма, яна пачала называцца Вялікім Княствам Літоўскім ужо з часоў Міндоўга [11]. У больш позні час (пачынаючы з Гедыміна) дзяржава называлася Вялікім Княствам Літоўскім і Рускім, а з 1442 г. яе афіцыйная назва стала трохчасткавай: "Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае" [12]. Пад "Літвой" у такім (палітыка-геаграфічным) сэнсе выступала не ўся этнічная тэрыторыя сучаснай Літвы і не ўся тэрыторыя федэратыўнай дзяржавы, a толькі непасрэдна падкантрольная вялікаму князю - Літва-Аўкштота разам з прылеглым Беларускім Панямоннем. Пад "Руссю" ў складзе новай дзяржавы мелася на ўвазе тэрыторыя тых княстваў (Полацкага, пазней таксама Віцебскага, Смаленскага і інш.), якія пры ўваходзе ў яе захавалі пэўнае самакіраванне.

Познія звесткі пра Наваградак як месца каранацыі Міндоўга далі падставу некаторым даследчыкам сцвярджаць, што менавіта гэты горад быў першай сталіцай ВКЛ. Аднак хутка пасля каранацыі Наваградак быў часова перададзены Раману Данілавічу - са сталіцай так не абыходзяцца [13]. Хутчэй літоўскі князь наўмысна абраў для каранацыі спрэчны горад, каб падкрэсліць свае правы на яго. Хрышчэнне ж Міндоўга таксама позняя традыцыя, зафіксаваная ў беларуска-літоўскіх летапісах, звязвае з горадам Кернава ў Літве, які ў той час сапраўды быў, паводле археалагічных даных, значным абарончым цэнтрам і меў плошчу каля 8 гектараў [14]. У Валынскім летапісе прыгадваецца ў якасці рэзідэнцыі Міндоўга таксама загадкавы замак Варута, месцазнаходжанне якога не высветлена. Літоўскія даследчыкі на падставе археалагічных матэрыялаў мяркуюць, што цэнтрам дзяржавы магла быць Вільна - найбольш значнае на той час паселішча на тэрыторыі Літвы [15]. Найбольш верагодна, аднак, што трывалай сталіцы ў сучасным сэнсе ў ВКЛ на ранняй стадыі яго гісторыі ўвогуле не было.

Замак Варута.
Замак Варута. Рэканструкцыя В. Каваляўскаса

На пачатку 1260-х гг. Міндоўг дасягнуў, паводле Валынскага летапісу, неабмежаванай улады. Гэта выклікала змову супраць яго з боку модных васалаў - жамойцкага Траняты, нальшчанскага Даўмонта і полацкага Таўцівіла, натхніцелем якіх, верагодна, быў вялікакняскі ваявода Яўстафій Канстанцінавіч. У 1263 г. Міндоўг быў забіты [16], а затым у барацьбе за ўладу загінуў і Таўцівіл. Пасля гэтага Транята ажыццяўляў кантроль над Літвой і Жамойцю, a ў Полацку заняў пасад яго стаўленік - налынчанскі князь Гердзень [17].

У хуткім часе (каля 1264 г.) Транята таксама быў забіты змоўшчыкамі. Гэта выкарыстаў сын Міндоўга Войшалк [18], які папярэдне прыняў праваслаўе і нават манаскі сан. Пасля забойства бацькі ён уцёк у Пінск, дзе атрымаў дапамогу ад мясцовых князёў і ўладкаваўся спачатку ў Наваградку. Апіраючыся на яго, Войшалк заваяваў Літву ў вузкім сэнсе, а затым - з дапамогай валынскага войска - Нальшчаны і Дзевалтву, канчаткова далучыўшы іх да вялікакняскіх уладанняў. Ён пакараў віноўнікаў бацькавай смерці, у тым ліку Яўстафія Канстанцінавіча, а таксама, напэўна, расправіўся з усімі праціўнікамі цэнтралізаванай улады. Вяршэнства Войшалка прызнаў і новы князь Полацка Ізяслаў, які адначасова кантраляваў Віцебск [19]. У сваю чаргу Войшалк карыстаўся падтрымкай валынскага князя Васілька Раманавіча, васалам якога прызнаў сябе, і аднаго са сваіх шваграў - Шварна Данілавіча. Хутка Войшалк увогуле адмовіўся ад улады на карысць таго ж Шварна, а сам вярнуўся ў манастыр. Такі ход падзей дазваляе меркаваць, што Войшалк фактычна быў марыянеткай галіцка-валынскіх князёў, якія выкарысталі сваяцтва з ім дзеля падпарадкавання аслабленай усобіцамі Літвы.

Каля 1270 г. Шварн Данілавіч памёр. Адразу пасля гэтага ў Літве адбыўся пераварот, падрабязнасці якога нам невядомыя. Да ўлады прыйшоў князь Трайдзен, палітыка якога мела выразна антывалынскую накіраванасць [20]. Яго ўладзе падпарадкоўваліся Літва (разам з Наваградчынай) і Жамойць. Позні Васкрасенскі летапіс паведамляе, што пры Трайдзене да Літвы была далучана зямля ятвягаў (трэба меркаваць - яе частка абапал Нёмана, на поўнач ад Гародні, што цалкам магчыма) [21]. Полацкам у тыя часы валодаў князь Канстанцін [22] - магчыма, той, што ўжо княжыў там некалькі год раней. Пра яго адносіны з Літвой нічога не вядома. У гэты ж час пад кантроль Смаленска трапіў Віцебск, інтарэсы якога ў стасунках з Рыгай прадстаўляў у 1280-я ці 1290-я гг. смаленскі князь [23].

Каля 1274 г. Трайдзен паслаў гарадзенскае войска на горад Драгічын у Падляшшы, які належаў галіцкаму князю Льву Данілавічу. Гэта сведчыць, што ён узнавіў палітыку экспансіі на Русь. У адказ каля 1275 г. адбыўся вялікі паход супраць Літвы, арганізаваны ханам Залатой Арды і залежнымі ад яго галіцка-валынскімі, пінскімі і смаленскімі князямі. Быў спалены вакольны горад у Наваградку, але ў цэлым паход не прывёў, здаецца, да тэрытарыяльных страт з боку Літвы. У 1277 г. адбыўся яшчэ адзін такі ж паход, які дасягнуў Гародні [24]. Аднак ужо ў наступным годзе Трайдзен адчуваў сябе дастаткова моцным, каб умяшацца ў міжусобную барацьбу польскіх князёў. Сведчаннем яго ўплыву ў Польшчы стаў і шлюб яго дачкі з мазавецкім князем Баляс лавам Плоцкім [25].

Трайдзен актыўна супрацьстаяў і спробам экспансіі Лівонскага ордэна, які ў 1278 г. заснаваў у Латыголі, на паўночным памежжы Літвы, замак Дынабург, а ў наступным годзе арганізаваў супраць Літвы крыжовы паход, які дасягнуў верагоднай сталіцы Трайдзена - Кернава. Трайдзен нанёс крыжакам паражэнне, a ў 1281 г. часова выцесніў іх з Дынабурга [26]. Аднак у гэты час найбольшая небяспека пачала адчувацца з боку іншага крыжацкага ордэна - Тэўтонскага, з якім лівонцы ўтваралі агульную канфедэрацыю. На працягу 1280-1283 гг. Тэўтонскі ордэн здзейсніў заваяванне Судавы на левабярэжжы сярэдняга Нёмана - апошняга прускага (ятвяжскага) княства, якое яшчэ захоўвала незалежнасць, і такім чынам выйшаў непасрэдна да межаў Літвы. Тэўтонцы праводзілі значна больш агрэсіўную палітыку ў параўнанні з лівонцамі, з якімі Літва суіснавала больш-менш устойліва. На пачатку 1283 г. з Жамойці быў здзейснены набег на прускія ўладанні тэўтонцаў, які меў, напэўна, характар прэвентыўнага ўдару. Аднак у тым жа годзе крыжакі перайшлі да ваенных дзеянняў непасрэдна супраць Літвы, захапіўшы памежны замак Бісену на Нёмане, на поўдні Жамойці, a ў 1284 г. упершыню ўварваліся на беларускія землі, спаліўшы Гародню [27]. У далейшым набегі крыжакоў сталі рэгулярнымі [28].

Да гэтага часу Трайдзен ужо, верагодна, памёр [29]. Хто стаў яго пераемнікам - дакладна невядома, бо звесткі пра Літву ў аўтэнтычных крыніцах вельмі скупыя [30]. У шэрагу летапісаў пад 1285 г. паведамляецца пра набег літвінаў на землі Цвярскога княства ў вярхоўях Волгі, падчас якога загінуў іх князь Даўмонт [31]. У 1286 г. падчас удалага набегу крыжакоў загінуў у сваім маёнтку нейкі літоўскі князь, якога тэўтонскі храніст Пётр з Дусбурга называе "другім пасля караля літвінаў" [32]. "Ліфляндская рыфмаваная хроніка" каля 1290 г. прыгадвае таксама гібель князя Машэке [33]. У тым жа годзе лівонскі ландмайстар называе "каралём Літвы і Жамойці" князя Бутэгейдзе [34]. Не выключана, што гэты ж князь выступаў у 1289 г. у Валынскім летапісе пад імем Будзікіда, які кіраваў Літвой сумесна з братам Будзівідам. Абодва яны вымушаны былі саступіць валынскаму князю Мсціславу Данілавічу горад Ваўкавыск [35]. Такім чынам, на розных кірунках Літва несла страты, у тым ліку тэрытарыяльныя.

Крызіс быў пераадолены ў 1290-я гг. падчас панавання Пукувера, упамянутага ў хроніцы Пятра з Дусбурга пад 1291 г. [36] (некаторыя даследчыкі атаясамліваюць яго з вышэйзгаданым Будзівідам [37]), а затым яго сына Віценя, які выступаў на пасадзе вялікага князя з 1296 да 1316 г.[38] Супрацьстаянне з крыжакамі набыло характар абмену ўдарамі, у якім абодва бакі дзейнічалі з переменным поспехам. Так, тэўтонцы, паводле Пятра з Дусбурга, у 1297, 1304, 1306 і 1311 гг. дасягалі ваколіц Гародні, а ў 1314 г. - нават Наваградка. Але і землі Прусіі ў гэты час неаднаразова зведалі жорсткае спусташэнне з боку Літвы. Калі ж.у 1297 г. пачаўся працяглы канфлікт паміж Лівонскім ордэнам і гараджанамі Рыгі, Віцень рашуча ўмяшаўся ў яго на баку рыжан і нанёс крыжакам шэраг паражэнняў у Лівоніі. Верагодна, у гэты час былі вернуты страчаныя раней жамойскія воласці. У цэлым граніца паміж ВКЛ і абодвума ордэнамі ў гэты час стабілізавалася і ў далейшым мянялася толькі нязначна.

Пра ўсходні вектар палітыкі Віценя вядома значна менш, бо ў гэты час летапісанне ў рускіх княствах, прылеглых да Літвы, амаль цалкам знікла (нават імя Віценя не прыгадваецца ў нешматлікіх тагачасных летапісах). Пры Віценю адбылося канчатковае ўключэнне ў склад ВКЛ Полацкай зямлі, якая папярэдне часова трапіла пад кантроль Рыжскага архібіскупства. Пра авалоданне літвінамі-язычнікамі Полацкам вядома з перапіскі рыжскага архібіскупа Фрыдрыха з папскай курыяй у 1305- 1306 гг., а таксама з булы папы Клімента V у 1310 г.,у якой гаворыцца пра захоп імі валасцей і замкаў, падараваных Лівоніі полацкім князем [39]. Полацкі епіскап Якаў каля 1309 г. выступаў у перамовах з Рыгай згодна "с сыном моим с Витенем" [40]. Такім чынам, да пачатку XIV ст. канчаткова йамацавалася структура ВКЛ у складзе этнічнай Літвы-Аўкштоты, Жамойці, Наваградчыны і Полаччыны, упершыню створаная Міндоўгам.©Матэрыял сайта "JiveBelarus.net"

Познія крыніцы прыпісалі Віценю таксама ўвядзенне дзяржаўнага герба "Пагоня", аднак гэтую звестку (як і версію пра ўвядзенне "Пагоні" князем Нарымонтам)[41] трэба адносіць да міфічных. У той час заходнееўрапейская геральдычная традыцыя яшчэ не дасягнула язычніцкай Літвы: гэта адбылося толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў, напярэдадні ці адразу пас ля Крэўскай уніі.

Крыніцы:

  • [1] ПСРЛ. Т. 2. 2-е изд. М., 1962. Ст. 815-816.
  • [2] ПСРЛ. Т. 2. 1-е изд. СПб., 1843. С. 341.
  • [3] Ермаловіч М. Па слядах аднаго міфа. Мн., 1989. С. 60.
  • [4] Валынскі летапіс, які даведзены да 1292 г. i ўключаны пазней у Іпацьеўскі летапісны збор, з'яўляецца асноўнай крыніцай звестак пра падзеі панавання Міндоўга ў 1249-1264 гг., а таксама пасля яго смерці i ў час княжання Трайдзена ў 1270-я гг.: ПСРЛ. Т. 2. 2-е изд. Ст. 815-869.
  • [5] Літоўскі гісторык Э. Гудавічус датуе хрышчэнне Міндоўга ў каталіцтва канцом зімы - вясной 1251 г., а яго каранацыю - 6 ліпеня 1253 г.: Gudavicius Е. Mindaugas. P. 225, 237.
  • [6] ПСРЛ. Т. 2. 1-е изд. С. 342.
  • [7] Пра падзеі, звязаныя з хрышчэннем Міндоўга, i пра яго стасункі з захадам Валынскі летапіс паведамляе вельмі сцісла (ПСРЛ. Т. 2. Ст. 816-817). Асноўная інфармацыя паходзіць з "Ліфляндскай рыфмаванай хронікі" (Livlandische Reimchronik... P. 81-82), а таксама з дакументаў Рымскай курыі i грамат самога Міндоўга, дадзеных ім крыжакам (часткова падробленых імі ў той жа час). Рэестр гэтых звестак гл.: Skarbiec diplomatów... Т. 1. S. 117, 121-124, 126, ІЗІ-132, 136, 148-150, 154-155, 161, 181, 187, 196; Paszkiewicz H. Regesta źródłowe do dziejów Litwy... Т. 1. Do r. 1315. N. 249-253, 256, 269-273, 283, 289-293, 305-307, 313-314, 338, 346-347, 362, 374; Пашуто B.T. Образование Литовского государства. С. 406-408.
  • [8] Апрача Валынскага летапісу (ПСРЛ. Т. 2. Ст. 846) пра гэты паход паведамляюць іншыя, напрыклад: НПЛ. М., 1950. С. 82, 310; ПСРЛ. Т. 10. Патриаршая: или Никоновская летопись. М.; Л., 1949. С. 142; ПСРЛ. Т. 4. Ч. 1. Новгородская IV летопись. Пг., 1917. С. 232. Пра яго прыгадваюць i дзве булы папы Аляксандра IV у 1260 г. (Paszkiewicz Н. Regesta źródłowe do dziejów Litwy... N. 377, 378).
  • [9] Пра тагачасныя падзеі ў Жамойці вядома галоўным чынам з "Ліфляндскай рыфмаванай хронікі": Livlandische Reimchronik. S. 106-120, 125-127, 132, 146-159.
  • [10] Таўцівіл упамінаецца як полацкі князь на чале палачан i літвы ў сумесным з Вялікім Ноўгарадам паходзе супраць Лівонскага ордэна ў 1262 г. i падчас сваёй гібелі ў 1263 ці 1264 г.: НПЛ. С. 83-84, 311, 313, 454-455; ПСРЛ. Т. 25. Московский летописный свод. М.; Л., 1949. С. 144-145; ПСРЛ. Т. 7. Летопись по Воскресенскому списку. СПб., 1856. С. 163-164; ПСРЛ. Т. 2. Ст. 862. Не выключана, што з яго ўкняжаннем у Полацку звязаны ўжо сумесны паход палачан i літвы на Смаленшчыну ў 1258 г.: НПЛ. С. 83; ПСРЛ. Т. 7. С. 162; ПСРЛ. Т. 4. Ч. 1. С. 232. Магчыма, Таўцівіл змяніў на полацкім пасадзе князя Канстанціна, які прыгадваецца разам з ім падчас паходу на Вендэн у 1262 г. як зяць наўгародскага князя Аляксандра Неўскага. Жонкай Канстанціна магла быць дачка Аляксандра ад шлюбу з полацкай князёўнай Брачыслаўнай, які адбыўся ў 1239 г. (НПЛ. С. 77, 239). Аднак слова "зяць" магло ўжывацца i ў іншых сэнсах, у тым ліку як брат жонкі, і тады Канстанцін мог быць сынам Брачыслава. У любым выпадку ён меў дачыненне да полацкай княскай дынастыі. Аб княжанні яго ў Полацку прыгадвае грамата князя Гердзеня ў 1264 г.
  • [11] Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага. С. 154.
  • [12] Halecki О. Litwa, Rus i Żmódź jako części składowe Wielkiego księstwa Litewskiego. S. 2-6, 41.
  • [13] ПСРЛ. Т. 2. Ст. 831. На гэта звяртаў увагу яшчэ Г. Лаўмянскі: Łowmlański Н. Geografia polityczna Bałtów... Т. 1. S. 90, przyp. 537.
  • [14] Ochmański J. Historia Litwy. 3-е wyd. Wrocław et al., 1990. S. 54.
  • [15] Лухтан А., Ушинскас В. К проблеме становления Литовской земли в свете археологических данных // Древности Литвы и Белоруссии. С. 102-103. Пра Вільна як колішнюю рэзідэнцыю Міндоўга гаворыцца ў адным з дакументаў часоў Вітаўта (1409 г.): Codex epistolaris Vitoldi, magni ducis Lithuaniae (1376-1430). P. 996-997. Гл. таксама: Дашкевич Н.П. Заметки об истории Литовско-Русского государства. Киев, 1885. С. 189; Gudavicius Е. Mindaugas. Р. 153-163, 239.
  • [16] Пра забойства Міндоўга i далейшыя падзеі апрача Валынскага летапісу (ст. 852-869) паведамляе хроніка Кракаўскага капітула: Monumenta Poloniae Historica. T. 2. Lwów, 1872. P. 807-808. Яна, у прыватнасці, называе дату смерці Міндоўга - 5 жніўня 1263 г. У шэрагу рускіх летапісаў пра гэтыя падзеі ёсць вельмі сціслыя ўпамінанні: НПЛ. С. 84, 313, 455; ПСРЛ. Т. 25. С. 145; ПСРЛ. Т. 7. С. 164-165 i інш.
  • [17] Ад імя Гердзеня была складзена дамова Полацка з Рыгай у снежні 1264 г. У ёй таксама прыгадваецца папярэдні полацкі князь Канстанцін, які княжыў або кароткі час пасля смерці Таўцівіла, або яшчэ раней, да з'яўлення апошняга на полацкім княжанні: Русско-ливонские акты. СПб., 1868. С. 13; БЭФ. Т. 1. С. 74-75; Полоцкие грамоты XIII - начала XVI вв. / Сост. A.Л. Хорошкевич. С. 35.
  • [18] Хроніка Кракаўскага капітула называе Войшалка агранізатарам забойства Траня ты: Monumenta Poloniae Historica. Т. 2. P. 808.
  • [19] Пра княжанне ў Полацку Ізяслава i вяршэнства над ім Войшалка (названага Молшелгам) вядома з недатаванай граматы гэтага князя, складзенай каля 1267 г. (апублікавана разам з граматай Гердзеня). Магчыма, гэта той самы Ізяслаў, які прыгадваецца ў Валынскім летапісе пад 1256 г. як князь свіслацкі: ПСРЛ. Т. 2. Ст. 831.
  • [20] Валынскі летапісец называе Трайдзена "акаянным i беззаконным", а таксама параўноўвае з гістарычнымі персанажамі, якія ў царкоўнай традыцыі выступаюць найбольш адыёзнымі тыранамі: Ірадам, Неронам, Антыёхам Сірыйскім (ПСРЛ. Т. 2. Ст. 869). Пра падзеі яго княжання вядома галоўным чынам з таго ж летапісу (ст. 870-880), а таксама з "Ліфляндскай рыфмаванай хронікі" (Livlandische Reimchronik... P. 181-194).
  • [21] ПСРЛ. Т. 7. С. 253, Разам з тым ятвяжскае княства Дайнава прыгадваецца сярод уладанняў, ад якіх Міндоўг быццам бы адмаўляўся на карысць крыжакоў, у грамаце 1253 г. (спрэчнай аўтэнтычнасці).
  • [22] Звестка про полацкага князя Канстанціна Бяэрука маецца ў "Наказанні" цвярскога епіскапа Сямёна (1271-1289) (Памятники старинной русской литературы. Вып. 4. СПб., 1860. С. 185). Магчыма, ён жа ўпамінаецца як адзін з князёў, залежных ад Вялікага Ноўгарада, у перапісцы апошняга з Ганзай у 1292 г. (Hansisches Urkundenbuch / Hg. К. Hóhlbaum. Bd. 1. Halle, 1879. N. 1093). Гл. таксама: Пашуто B.T. Образование Литовского государства. С. 385.
  • [23] Русско-ливонские акты. С. 13.
  • [24] ПСРЛ. Т. 2. Ст. 871-874; 876-878. Магчыма, пра гэтыя ж паходы паведамляе Ніканаўскі летапіс пад памылковымі датамі - 1279 i 1282 гг.: ПСРЛ. Т. 10. Патриаршая или Никоновская летопись. С. 157, 161.
  • [25] Monumenta Poloniae Historica. Т. 3. Lwów, 1878. P. 47
  • [26] Livlandische Reimchronik. P. 178-195; SRP. Bd. 2. P. 48-49; Пашуто B.T. Образование Литовского государства. С. 410, 413.
  • [27] Петр из Дусбурга. Хроника земли Прусской. С. 136, 138-139.
  • [28] Збор звестак аб далейшых нападах крыжакаў на землі Беларусі гл.: Сагановіч Г. Беларусь i Нямецкі ордэн (да Крэўскай уніі) // З глыбі вякоў. Наш край: Гіст.-культуралагіч. зборнік. Вып. 2. Мн., 1997. С. 116-133.
  • [29] Валынскі летапіс, пачынаючы княжанне Трайдзена з 1270 г., вызначае яго працягласць 12 гадамі - прыкладна да 1282 г.
  • [30] Баларуска-літоўскія летапісы XV-XVI ст. прыводзяць шэраг міфічных князёў, "братоў" Трайдзена, якія нібыта правілі Літвой у гэты час: Нарымонта, Даўмонта, Гольшу, Гедруся, а таксама "сына" Трайдзена - Рыманта-Лаўрыша, ад якого ўлада быццам бы перайшла да Віценя. На самай справе Валынскі летапіс ведае чатырох братоў Трайдзена, з якіх трое (Борза, Лесі, Свелкені) загінулі яшчэ да яго ўкняжання ў Літве, а чацвёрты - Сірпуці - быў яго галоўным ваяводам i апошні раз упамінаецца ў 1278 г.
  • [31] ПСРЛ. Т. 7. С. 179; Т. 18. С. 81; Т. 23. С. 92.
  • [32] Петр из Дусбурга. Хроника земли Прусской. С. 140-141.
  • [33] Livlandische Reimchronik... P. 273 (верш 11964).
  • [34] Preussisches Urkundenbuch. В. 1. Halfte 2 / Ed. A. Seraphim. Konigsberg, 1909. N. 568. P. 355-356; Skarbiec diplomatów... N. 243; Paszkiewicz H. Regesta źródłowe do dziejów Litwy... Т. 1. N. 693.
  • [35] ПСРЛ. Т. 2. Ст. 933.
  • [36] Петр из Дусбурга. Хроника земли Прусской. С. 148.
  • [37] Puzyna J. Kim byl i jak się naprawdę nazywał Pukuwer ojciec Giedymina // Ateneum Wileńskie (далей - AW). Т. 10. 1935. S. 1-43.
  • [38] Петр из Дусбурга. Хроника земли Прусской. С. 148-175.
  • [39] Liv-, Est- und Curlandisches Urkundenbuch... Bd. 2. N. 630, 638; Paszkiewicz H. Regesta źródłowe do dziejów Litwy... Т. 1. N. 790, 813.
  • [40] Русско-ливонские акты. С. 21; Полоцкие грамоты XIII - начала XVI вв. / Сост. A.Л. Хорошкевич. С. 37.
  • [41] Звестка пра прыняцце "Пагоні" міфічным князем Нарымонтам з'явілася упершыню ў так званай "Хроніцы Вялікага княства Літоўскага i Жамойцкага", створанай каля 1530-х гг. i ўключанай пазней у шэраг беларуска-літоўскіх летапісаў: ПСРЛ. Т. 32. М., 1975. С. 136; Т. 35. М„ 1980. С. 94, 151, 178-179, 199, 220. Версія пра ўвядзенне герба Віценем з'явілася ў "Рускім летапісцы" першай паловы XVII ст., адзін са спісаў якога ўключаны ў Густынскі летапіс: ПСРЛ. Т. 2. СПб., 1843. 1-е выд. С. 345-346.
Каментары чытачоў
Аніса напiсаў(ла) 30.05.2016 03:50
Поўная лухта. У ГВЛ ясна паказана дзе была Літва летапісная. Ніякай гэта не Аўкштота. Хопіць дурыць нам галовы.  Літва летапісная была дзе ці ў раёне Наваградка і Менска, мо ніжэй. Валыні не хадзілі на Літву і ваявалі яе.  Яны да так званай Аўкштоты і не збіраліся ісці і нк хадзілі.  І дзе у ГВЛ кажуць што Міндоўг быў хрышчаны толькі ў каталіка? Чаму сын Міндоўга быў фанатычна вернікам рускае веры? А жонка Міндоўга якой веры была? Хопіць сябе  за вушы прывязаць да іншаземцаў і змагацца з фактам толькі  нашай спадкамнасці Літвы. Сённяшняя РЛ нішто іншае яе гістарычная Жамойць,  якая разрывалася ордэнам і намі.  Пачніце лагічна інтэрпрэтаваць гісторыю Літвы ( Беларусі). 

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.