Дзейнасць першых вялікіх князёў літоўскіх і рускіх

Цэнтралізатарская палітыка Гедыміна і Альгерда.

Пасля смерці Віценя (каля 1316 г.) вялікім князем стаў яго брат або, магчыма, сын Гедымін [1]. За 25 гадоў яго княжання ВКЛ ператварылася ў магутную дзяржаву, якая выступіла адным з цэнтраў паЛітычнай кансалідацыі рускіх княстваў. Трывала злучыўся з дзяржавай Полацк, дзе пры Гедыміне княжыў яго брат Воінь. Ён прыгадваецца ў якасці полацкага князя ў 1326 г.[2] Некаторы час у 1323 г. пскоўскім князем быў стаўленік Гедыміна Давыд Гарадзенскі, што дало Гедыміну падставу ў тым жа годзе заключыць дагавор з Рыгай і Тэўтонскім ордэнам ад імя "Аўкштоты, Жамойці, Пскова і іншай Русі, якой мы валодаем" [3].

Праводзячы ўдалую дыпламатыю ў адносінах з Залатой Ардой, Гедымін дамогся падпарадкавання шэрага княстваў, якія раней, верагодна, залежалі ад татар. Яго паслом у 1326 г. выступаў менскі князь Васіль [4], пасля смерці якога Менск, верагодна, быў непасрэдна далучаны да ўладанняў вялікага князя. Адзін ca шматлікіх сыноў Гедыміна - Нарымонт-Глеб, магчыма, стаў уладальнікам Пінскага княства, пазней - яшчэ і Полацкага [5], a ў 1333 г. быў запрошаны ў якасці служылага князя ў Вялікі Ноўгарад, на які такім чынам распаўсюдзіўся ўплыў Літвы [6]. Другі сын, Альгерд, праз шлюб з адзінай дачкой апошняга віцебскага князя Яраслава атрымаў каля 1320 г. Віцебск [7]. Яго васаламі, верагодна, сталі князі Друцкія са сваімі вотчынамі.

Карыстаючыся згасаннем дынастыі галіцка-валынскіх князёў, Гедымін спачатку далучыў Берасцейскую зямлю, а ў самым канцы свайго панавання, магчыма, уладкаваў малодшага сына - Любарта ва Уладзіміра-Валынскім княстве [8]. Далучэнне Берасцейшчыны і Валыні адбылося, прынамсі, раней за 1348 г., калі ў бітве з крыжакамі на р. Стрэве ў складзе літоўскага войска было апалчэнне з Полацка, Віцебска, Берасця, Уладзіміра-Валынскага і нават Смаленска [9]. Беларуска-літоўскія летапісы паведамляюць таксама пра заваяванне Гедымінам Кіеўскага княства, але падрабязнасці гэтай падзеі выклікаюць вялікія сумненні: імёны амаль усіх дзеючых асоб яўна выдуманыя [10]. Аднак уплыў Гедыміна на Кіеў усё ж адчуваўся: у шэрагу больш надзейных летапісаў пад 1331 г. упамінаецца кіеўскі князь Фёдар, які дзейнічаў сумесна з татарскім баскакам супраць непажаданага для Гедыміна наўгародскага епіскапа Васілія [11]. Пэўную залежнасць ад ВКЛ адчувала і Смаленскае княства [12], хоць у асноўным яно яшчэ захоўвала самастойнасць.

Тэрыторыя ВКЛ (нават не лічачы Кіеўшчыны, Смаленшчыны і Вялікага Ноўгарада) у выніку гэтых набыццяў павялічылася больш чым удвая, прыблізна да 325-330 тыс. кв. км, з якіх нованабытыя Віцебскае, Друцкае, Менскае княствы займалі адпаведна каля 20,17 і 19 тыс. кв. км; Піншчына са Слуцкам - каля 34 тыс., Берасцейшчына з Падляшшам - 29 тыс., Уладзіміра-Валынскае княства - да 55 тыс. кв. км.. Старое дзяржаўнае ядро (Літва ў палітыка-геаграфічным сэнсе) ахоплівала зараз каля 30% дзяржаўнай тэрыторыі, ці каля 97 тыс. кв. км. Рэшту ўтваралі паўсамастойныя балцкія (Жамойць) і славянскія землі, прычым доля этнічна балцкіх ці змешаных тэрыторый у дзяржаве панізілася да 30%, а доля "рускіх" узрасла адпаведна амаль да 70%. Прыблізна палова, каля 150 тыс. кв. км, прыходзілася на землі Беларусі, а амаль 20% - на Украшу. Па-за межамі ВКЛ засталіся пакуль што, верагодна, Свіслацкае княства, а таксама ўсходнія і паўднёва-ўсходнія ўскрайкі тэрыторыі Беларусі, якія адносіліся да Смаленскага (Мсціслаў, магчыма, Магілёў, Орша), Чарнігаўскага (Гомель, Рэчыца) і Кіеўскага (Брагін, Мазыр) княстваў.

Пры Гедыміне (магчыма, яшчэ пры Віценю) у ВКЛ упершыню з'явілася трывалая сталіца - Вільна, дзе былі пабудаваны мураваныя Верхні і Ніжні замкі [13]. Такія ж замкі паўсталі ў 1320-1330-я гг. у Медніках, Лідзе, Троках, а таксама ва ўдзельных цэнтрах Альгерда - Крэве і крыху пазней - Віцебску [14]. Значна пашырыліся кантакты з Заходняй Еўропай, адкуль у Літву былі запрошаны майстры-рамеснікі і гандляры, а таксама місіянеры-францысканцы. У 1322-1323 гг. нават абмяркоўвалася пытанне пра ўвядзенне ў Літве каталіцтва, аднак у апошні момант, відаць, прыхільнікі захавання веры продкаў узялі верх [15]. Таму ў адносінах з крыжакамі перыяды міру былі кароткімі, а ў асноўным працягвалася перманентная памежная вайна з абменам ударамі [16].

Каля 1341 г. пасля смерці Гедыміна вялікім князем стаў яго сын Яўнут. Аднак два іншыя сыны, Альгерд і Кейстут, каля 1345 г. скінулі яго з пасада і ўтварылі дуумвірат, у якім Альгерд атрымаў сталіцу дзяржавы Вільна і яе ўсходнюю палову (з Лідай, Крэвам, Віцебшчынай, Меншчынай), а Кейстут - заходнюю частку (Жамойць, беларускае Панямонне, Берасцейшчыну і Падляшша) з цэнтрам у Троках [17]. Пасля гібелі ў 1348 г. у бітве на р. Стрэве іх брата Нарымонта Полацкае княства таксама дасталося Альгерду, дзе ён уладкаваў свайго сына Андрэя [18]. Пінскае было, здаецца, пакінута за сынамі Нарымонта, a Яўнуту пасля яго вяртання ў ВКЛ было вылучана Заслаўскае княства. У 1348 г. апошні раз упамінаецца князь асобнага Свіслацкага княства[19] ў парэччы Бярэзіны і Пцічы, якое пазней было, відаць, падзелена паміж Альгердам і Кейстутам [20]. Пасля гэтага тэрыторыя ВКЛ дасягнула амаль 345 тыс. кв. км.

У сярэдзіне XIV ст. па Еўропе пракацілася страшэнная эпідэмія чумы. Залатая Арда, відаць, пацярпела ад яе вельмі моцна. Да таго ж там пачаўся працэс палітычнай дэцэнтралізацыі і барацьбы за ўладу [21]. Карыстаючыся гэтым, Альгерд разгарнуў шырокую экспансію на Русі. У 1350-я гг. да ВКЛ былі паслядоўна далучаны Бранскае, Чарнігава-Северскае княствы і заходняя частка Смаленскага (Тарапец, Орша, Мсціслаў) [22]. З гэтага часу ўся тэрыторыя сучаснай Беларусі апынулася ў складзе ВКЛ. У 1363 г. Альгерд перамог татар у бітве на Сініх Водах (у сучаснай Украіне), пасля чаго пад кантроль ВКЛ адышло парэчча Днястра і Паўднёвага Буга [23]. Неўзабаве Альгерд уладкаваў свайго сына Уладзіміра ў Кіеве [24]. Аднак уключэнне ў склад ВКЛ большай часткі тэрыторыі сучаснай Украіны не прывяло да яе поўнага пазбаўлення ад ардынскай даніны. Літоўскія і нават польскія князі, якія валодалі Падоллем, Валынню, Кіеўшчынай і Чарнігава-Севершчынай, працягвалі выплачваць Залатой Ардзе "выхад" са сваіх уладанняў яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў [25].

Альгерду разам з братамі Кейстутам і Любартам давялося весці працяглую барацьбу з Польшчай за Галіцка-Валынскую Русь, дзе дынастыя нашчадкаў Данілы Галіцкага канчаткова згасла пасля смерці Юрыя Баляслава Трайдзенавіча. У выніку неаднаразовых войн (1349, 1366, 1377) Галіцкая зямля і заходняя частка Валыні канчаткова адышлі да Польшчы, а ўсход Валыні (Ратна, Уладзімір, Луцк) - да ВКЛ, прычым мясцовыя ўдзельныя князі ў канцы 1377 г. часова прызналі сябе васаламі Польшчы [26].

На ўсходзе свядомай мэтай Альгерда было поўнае аб'яднанне Русі пад сваёй уладай [27]. На гэтым шляху ён непазбежна сутыкнуўся з іншым аб'яднаўчым цэнтрам - ва Уладзіміра-Суздальскай зямлі. За лідэрства там змагаліся Масква і Двер, аднак да сярэдзіны XIV ст. намецілася перавага Масквы. 1350-я гады адзначаны напружанай барацьбой ВКЛ з Масквой за кантроль над Псковам і Ноўгарадам [28]. Альгерд заключыў таксама саюз з Ардой і цвярскімі князямі і паспрабаваў нанесці Маскве ваеннае паражэнне. Аднак ён сутыкнуўся з моцным патрыятычным рухам масквічоў, якія аказалі рашучае супраціўленне. Тры паходы Альгерда на Маскву (у 1368, 1370 і 1372 гг.) аказаліся безвыніковымі [29]. Гэта азначала захаванне на Русі двух аб'яднаўчых цэнтраў, канкурэнцыя паміж якімі ў далейшым вызначала палітычную атмасферу і ход этнічных працэсаў ва Усходняй Еўропе на працягу некалькіх стагоддзяў.©Матэрыял сайта "JiveBelarus.net"

Тэрыторыя ВКЛ у гэты час складала 630 тыс. кв. км, што прывяло да змяншэння долі этнічна балцкіх і змешаных зямель да 16%. На тэрыторыю сучаснай Літвы (65 тыс. кв. км) прыпадала ўвогуле крыху больш за 10%, на Тэрыторыю Беларусі - каля 1/3 агульнай плошчы дзяржавы. Яе ўнутраная структура ў гэты час характарызавалася пэўнай дэцэнтралізацыяй. Апрача ўладанняў Кейстута Альгерд раздаў шматлікім родзічам удзелы, унутры якіх яны карысталіся значнай самастойнасцю. У канцы яго панавання ўдзеламі валодалі, паводле прамых і ўскосных звестак, яго сыны Андрэй (Полацкае княства), Дзмітрый (Бранскае і Трубчаўскае), Уладзімір (Кіеўскае), Канстанцін (верагодна, Чарнігаўскае), Фёдар (Ратненскае), Ягайла (Віцебскае, Крэўскае). Крыху пазней удзелы атрымалі Дзмітрый Карыбут (Ноўгарад-Северскае княства) і Казімір Карыгайла (Мсціслаўскае). Статус удзельных князёў мелі сыны Кейстута Вітаўт (Гарадзенскае, Берасцейска-Падляшскае княствы) і, верагодна, Войдат (Наваградскае), брат Альгерда Любарт Дзмітрый (Уладзіміра-Валынскае і Луцкае), пляменнікі Юрый і Аляксандр Карыятавічы (Падольскае), Юрый Нарымонтавіч (Белзкае), верагодна, Міхаіл Нарымонтавіч (Пінскае) і Міхаіл Яўнутавіч (Заслаўскае), а таксама прадстаўнікі старажытных літоўскіх (Гальшанскія, Свірскія, Гедройцы) і рускіх родаў (Астрожскія, Друцкія, Чацвярцінскія і інш.). Сам Альгерд кантраляваў 10-15% тэрыторыі дзяржавы, Кейстут - прыкладна столькі ж, а ўдзелы ахоплівалі 70-75%.

Крыніцы:

  • [1] Беларуска-літоўскія летапісы аднадушна называюць Гедыміна сынам Віценя: ПСРЛ. Т. 32. С. 136; Т. 35. С. 95,151,179,199, 220. Між тым у лісце Рыжскага магістрата ў 1338 г., адрасаваным Гедыміну, Віцень прыгадваецца як яго "брат i папярэднік": Послания Гедимина / Подготовили В. Пашуто и И. Шталь. Вильнюс, 1966. № 7. С. 58-59. Не выключена, аднак, што пры перапісцы дакумента слова "pater" (бацька) ператварылася ў блізкае па напісанні "frater" (брат): Василевский В. Переход Гедимина в католичество // ЖМНП. 1872. № 1. С. 144; Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд. Мн., 1994. С. 11.
  • [2] Воінь Полацкі, брат Гедыміна, разам з Васілём Менскім i выхадцам ca Смаленшчыны Фёдарам Святаславічам удзельнічалі ў літоўскім пасольстве ў Вялікі Ноўгарад, пра якое паведамляецца ў шэрагу летапісаў: НПЛ. С. 322; ПСРЛ. Т. 5. Псковские летописи. СПб., 1851. С. 217. У некаторых летапісных варыянтах гэтае паведамленне скажонае: Воінь выступае без тытула, тытул полацкага князя прыпісаны Васілю, а менскага - Фёдару Святаславічу. Апошні, верагодна, паходзіў ca смаленскіх князёў i нейкі час валодаў Вязьмай i Дарагабужам: Голубоский П.В. История Смоленской земли до начала XV в. Киев, 1895. С. 202, 215.
  • [3] Послания Гедимина / Подготовили В. Пашуто и И. Шталь. № 18. С. 194-195.
  • [4] НПЛ. С. 322; ПСРЛ. Т. 5. С. 217.
  • [5] Пра княжанне Глеба-Нарымонта ў Пінску паведамляе "Летапіс вялікіх князёў літоўскіх", уключаны ў беларуска-літоўскія летапісы прыкладна праз стагоддзе пасля смерці Гедыміна: ПСРЛ. Т. 32. С. 138; Т. 35. С. 128 i інш.; Беларускія летапісы i хронікі. С. 89. Даставернасць гэтай часткі летапісу праблематычная: яна ўжо не носіць яўна фантастичны характар, як папярэдняя легендарная "Хроніка Вялікага княства Літоўскага i Жамойцкага", але цалкам дакладнымі яе звесткі пра часы Гедыміна i Альгерда лічыць таксама нельга. Пра тое, што Глеб быў полацкім князем, сведчыць яго пячатка на дагаворнай грамаце Полацка ў 1338 г.: Русско-ливонские акты. С. 20; БЭФ. Т. 1. С. 82-83; Полоцкие грамоты XIII - начала XVI вв. / Сост. А.Л. Хорошкевич. С. 39.
  • [6] НПЛ. С. 345-346.
  • [7] ПСРЛ. Т. 32. С. 137; Stryjkowski М. Kronica polska... Т. 1. S. 381-382. Альгерд засведчыў у якасці віцебскага князя разам з Глебам-Нарымонтам вышэйзгаданую полацкую грамату 1338 г.
  • [8] Пра заваяванне Гедымінам Валыні i вылучэнне Уладзіміра i Луцка ва ўдзел яго сыну Любарту паведамляюць Хроніка Быхаўца (ПСРЛ. Т. 32. С. 136-І37) i іншыя варыянты "Летапісца вялікіх князёў літоўскіх". М. Стрыйкоўскі датаваў заваяванне Валыні часам каля 1320 г. (Stryjkowski M. Kronica polska... S.368). Аднак калі паход супраць галіцка-валынскіх князёў Льва i Андрэя (у беларуска-літоўскіх летапісах названых Уладзімірам i Андрэем) сапраўды мог мець месца каля 1322 г., то да заваявання Валыні ён не прывёў. З 1323 па 1340 г. там правіў нашчадак мясцовай дынастыі па жаночай лініі Юрый-Баляслаў Трайдзенавіч (сын мазавецкага князя), грамату якога ў 1335 г. засведчылі падначаленыя яму ваяводы Белза, Луцка, Уладзіміра i Перамышля. Гл.: Болеслав-Юрий II, князь всей Малой Руси: Сб. материалов и исследований. СПб., 1907. С. 51, 138-140, 154-155. У гэтым пераліку няма ваявод Берасця i Падляшша, што можа сведчыць пра больш ранні адыход гэтых тэрыторый да ВКЛ.
  • [9] SRP. Bd. 2. Р. 75, 511-512; БЭФ. Т. 1. С. 84.
  • [10] ПСРЛ. Т. 32. С. 136-137. Крытыку гэтага паведамлення гл.: Антонович В.Б. Очерк истории Великого княжества Литовского до смерти В.К. Ольгерда // Монографии по истории Западной и Юго-Западной России. Т. 1. Киев, 1885. С. 47-53.
  • [11] НПЛ. С. 344; ПСРЛ. Т. 16. С. 68; Т. 25. С. 170. Частка даследчыкаў атаясамлівае яго з Фёдарам, братам Гедыміна: Приселков М.Д., Фасмер М.Р. Отрывки В.Н. Бенешевича по истории русской церкви XIV века // Известия ОРЯС АН. Т. 21. Кн. 1. Пг., 1916. С. 48-70; Paszkiewicz Н. Jagiellonowie a Moskwa. Т. 1. Warszawa, 1933. S. 256, 330. Для гэтага, аднак, няма важкіх падстаў.
  • [12] У дагаворы з Рыгай у 1340 г. смаленскі князь Іван Аляксандравіч называе Гедыміна "брат мой старейший", што было тыповай формулай васальнай залежнасці (Skarbiec diplomatów... N. 337.)
  • [13] У беларуска-літоўскіх летапісах прыведзена легенда пра заснаванне Вільна Гёдымінам на чыстым месцы, дзе ён начаваў падчас палявання i ўбачыў прарочы сон. Яна, аднак, супярэчыць археалагічным даным.
  • [14] Ткачоў М.Л. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII-XVIII стст. Мн., 1978. С. 28, 34, 38-39.
  • [15] Послания Гедимина / Подготовили В. Пашуто и И. Шталь. № 2-7, 12-14.
  • [16] Апрача ўласных лістоў Гедыміна асноўнымі крыніцамі аб заходнім накірунку яго палітыкі з'яўляюцца творы тэўтонскіх i лівонскіх храністаў Пятра з Дусбурга (даведзена да 1326 г.), пазней - Германа з Вартберга (SRP. Bd. 2. P. 21-116) i Віганда з Марбурга (SRP. Bd. 2. P. 429-662). Гл. таксама: Сборник материалов и статей по истории Прибалтийского края. Т. 2. Рига, 1879. С. 83-106.
  • [17] Асноўныя падрабязнасці пра барацьбу за ўладу пасля смерці Гедыміна прыводзяць толькі беларуска-літоўскія летапісы: Беларускія летапісы i хронікі. С. 93-94. У рускіх летапісах паведамляецца пра ўцёкі Яўнута ў Маскву, дзе князь Сямён Іванавіч "крестил князя литовского именем Евнутия и его дружину литву": Приселков МД. Троицкая летопись: Реконструкция текста. М., 1950. С. 367.
  • [18] Упершыню Андрэй Альгердавіч выступае як полацкі князь у 1350 г.: Псковские летописи. Вып. 2. М.; Л., 1955. С. 27.
  • [19] Князь Сямён Свіслацкі ўдзельнічаў у літоўскім пасольстве ў Арду: ПСРЛ. Т. 6. С. 215; Т. 7. С. 205.
  • [20] Пра гэта сведчыць падзел валасцей колішняга Свіслацкага княства на віленскую i троцкую паловы, які ў Бабруйскай воласці захаваўся ажно да XVII ст.: Любавский М.М. Областное деление и местное самоуправление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского Статута. М., 1892. С. 13-14, 103-106.
  • [21] Егоров В.Л. Золотая Орда перед Куликовской битвой // Куликовская битва. М., 1980. С. 178-196.
  • [22] Аналіз летапісных паведамленняў пра экспансію Альгерда на Русі гл.: Черепнин Л.В. Образование Русского централизованного государства в XIV-XV вв. М., 1960. С. 539-542.
  • [23] Упамінанне пра гэтую бітву змяшчаюць Рагожскі i Ніканаўскі летапісы: "Toe же осени Олгерд Синю Воду и Белобрежие повоева": ПСРЛ. Т. 15. Вып. 1. Ст. 75; ПСРЛ. Т. 11. М.; Л., 1949. С. 2. Больш падрабязны расказ, але без даты, прыводзіць Хроніка Быхаўца. Гл.: Беларускія летапісы i хронікі. С. 94-95.
  • [24] Паводле Густынскага летапісу, у 1363 г. Альгерд "Киев под Федором-князем взят и посади в нем Володымера сына своего" (ПСРЛ. Т. 2. 1-е изд. СПб., 1843. С. 350). У актавых крыніцах Уладзімір Кіеўскі ўпамінаецца з 1367 г.: Liv-, Est- und Curlan- disches Urkundenbuch... Bd. 2. N. 1041.
  • [25] Грамоти XIV ст. Кйів, 1974. № 24, 58; Флоря Б.Н. Литва и Русь перед битвой на Куликовом поле // Куликовская битва. С. 146-147.
  • [26] Ржежабек И. Юрий II-й, последний князь всея Малыя Руси // Болеслав-Юрий II, князь всей Малой Руси. С. 29-49. Аб выніках паходу караля Польшчы i Венгрыі Людовіка на Валынь у 1377 г. паведамляецца ў яго лісце: Halecki О. Przyczynki genealogiczne do dziejów układu krewskiego // Miesięcznik Heraldyczny. XIV. 1935. S. 102, przyp. 28.
  • [27] Паводле Германа з Вартберга, падчас зносін з імператарам Карлам IV у 1358 г. аб магчымым хрышчэнні Літвы ў каталіцтва адной з умоў Альгерда было прызнанне таго, каб уся Русь належала Літве: SRP. Bd. 2. P. 79.
  • [28] Псковские летописи. Вып. 2. С. 25-27; НПЛ. С. 349, 375; ПСРЛ. Т. 10. СПб., 1885. С. 220.
  • [29] Черепнин Л.В. Образование Русского централизованного государства в XIV-XV вв. С. 562-575; Флоря Б.Н. Литва и Русь перед битвой на Куликовом поле. С. 152-155.
Каментары чытачоў
Аніса напiсаў(ла) 30.05.2016 03:50
Поўная лухта. У ГВЛ ясна паказана дзе была Літва летапісная. Ніякай гэта не Аўкштота. Хопіць дурыць нам галовы.  Літва летапісная была дзе ці ў раёне Наваградка і Менска, мо ніжэй. Валыні не хадзілі на Літву і ваявалі яе.  Яны да так званай Аўкштоты і не збіраліся ісці і нк хадзілі.  І дзе у ГВЛ кажуць што Міндоўг быў хрышчаны толькі ў каталіка? Чаму сын Міндоўга быў фанатычна вернікам рускае веры? А жонка Міндоўга якой веры была? Хопіць сябе  за вушы прывязаць да іншаземцаў і змагацца з фактам толькі  нашай спадкамнасці Літвы. Сённяшняя РЛ нішто іншае яе гістарычная Жамойць,  якая разрывалася ордэнам і намі.  Пачніце лагічна інтэрпрэтаваць гісторыю Літвы ( Беларусі). 

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.