Беларускія землі ў складзе Вялікага Княства Літоўскага

Гісторыя беларускага народа ў Сярэднявеччы і ў пачатку Новага часу насычана як значнымі дасягненнямі ў розных сферах грамадска-палітычнай, дзяржаватворчай, этнаканфесійнай дзейнасці, стварэнні вялікіх матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, так і разбуральнымі войнамі і іншымі ўскладненнямі. Эканамічнае, палітычнае, культурнае развіццё было вынікам працяглага далёка не простага ўзаемадзеяння розных сацыяльных і палітычных фактараў, міжнародных і ўнутраных дачыненняў.

Працяглым і самабытным гістарычным перыядам у сярэднявечным мінулым беларускага народа з'явіўся той час, калі беларускія землі ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага (ВКЛ). Пры гэтым у многіх адносінах яны вызначалі сутнасць, накіраванасць, характар гэтай магутнай еўрапейскай дзяржавы.

Беларусь і ў пэўнай ступені іншыя ўсходнеславянскія землі былі тэрытарыяльнай, дэмаграфічнай, гаспадарчай, ваеннай, фінансавай, духоўнай асновай дзяржавы, вялікакняскага дамена. Тут закладваліся падмуркі самых вялікіх магнацкіх і царкоўных латыфундый, існавалі буйныя гарады, на гэтыя землі прыйшоўся асноўны цяжар доўгай і драматычнай для ўсіх бакоў цяжбы ВКЛ з Вялікім Княствам Маскоўскім у XV-XVI ст. за гегемонію ва Усходняй Еўропе.

У гэты перыяд упершыню продкі сучасных беларусаў пачалі асэнсоўваць сябе цэласным, непарыўным народам са сваёй гістарычнай спадчынай, культурай, светапоглядам, звычаямі, гаспадарскім і жыццёвым побытам. Іх здзяйсненні нямала садзейнічалі стварэнню разам з літоўцамі і некаторымі іншымі народамі новай шматэтнічнай дзяржавы на балта-славянскіх абшарах. Параўнальна высокі ўзровень папярэдняга развіцця беларускіх і шэрага суседніх зямель не толькі паскорыў агульную эвалюцыю Літвы і літоўскага этнасу, але, акрамя таго, спрыяў фарміраванню многіх неабходных перадумоў узнікнення і захавання гэтай дзяржаўнасці: павелічэнню агульнага тэрытарыяльнага абшару, колькасці насельніцтва, распаўсюджванню "рускай" (старабеларускай) кантактнай мовы для ўсіх народаў і этнічных груп, афіцыйнай пісьменнасці, справаводства. Грэка-візантыйскае хрысціянства, што панавала на землях Русі, значна паўплывала на эвалюцыю літоўскага язычніцтва і хрысціянізацыю Літвы ў канцы XIV - пачатку XV ст.

У XVI ст. на землях Беларусі і Літвы пачала развівацца культура еўрапейскага Ддраджэння з яе высокімі духоўнымі здабыткамі і здзяйсненнямі. Спрыяльныя абставіны царкоўна-канфесійнай і этнаканфесійнай талерантнасці, росквіт гуманістычнай культуры, кнігадрукавання, асветніцтва, пашырэнне міжнародных і ў першую чаргу еўрапейскіх сувязей далі падставы пераемнікам духоўнай спадчыны Беларусі назваць гэтае стагоддзе, згодна з антычнай метафарай, новым залатым векам.

У гэты перыяд, калі вызначаўся лёс і шляхі развіцця Усходняй Еўропы, гіерад старым еўрапейскім светам паўстала буйная дзяржава, цывілізаваная і самабытная, схільная да экспансіі і здольная адстаяць свае межы перад пагрозай знешніх сапернікаў і ворагаў, з незвычайнай супольнасцю розных этнасаў, разнастайнасцю моў, культурных і бытавых традыцый, перакрыжаваннем канфесій і цывілізацыйных павеваў. Здавалася, што гэтая дзяржава спыніць сваё існаванне адразу пасля ўзнікнення з-за ўнутраных супярэчнасцей і разладаў, этнічных і прасторавых дыспрапорцый, узрастаючага ціску звонку, несумяшчальнасці грамадскага і ваеннага ладу на землях язычніцкай Літвы з грамадскай, хрысціянскай ментальнасцю на беларускіх і іншых славянскіх землях.

Тым не менш гэтага не адбылося. Пры ўсіх сваіх разыходжаннях суб'екты агульнага гістарычнага працэсу, пануючыя палітычныя эліты, іншыя пласты насельніцтва праявілі незвычайную здольнасць да кампрамісаў, палітычнага супрацоўніцтва, агульнага стварэння новага этнапалітычнага і культурна-гістарычнага ландшафту.

Задоўга да таго як маскоўскія Рурыкавічы афіцыйна засведчылі сваё гістарычнае прызначэнне, ВКЛ стала апірышчам ледзь не дзвюх трацей зямель старажытнай Русі, а яго межы дасягнулі на поўначы азёрных і камяністых граніц Лівоніі, балот і лясоў Наўгародскай і Пскоўскай рэспублік, на ўсходзе - прытокаў Акі і самой Волгі, на поўдні выйшлі на стэпы Прычарнамор'я, на захадзе межавалі з мазавецкімі і некаторымі іншымі землямі Польшчы.

Беларусь і Літва заставаліся асноўным ядром Вялікага Княства Літоўскага і ў наступныя стагоддзі. Далучаныя да яго пазней землі Украіны былі ў значнай ступені абяскроўлены мангола-татарскім нашэсцем, часткова трапілі пад уладу Кароны.

Вялікае Княства Літоўскае адыгрывала адметную ролю ў палітычным і цывілізацыйным развіцці Усходняй Еўропы не толькі сваімі памерамі і грамадска-палітычным ладам. Яно было першым збіральнікам раздробленых зямель Заходняй Русі, паказала рэальную магчымасць такіх шырокіх дзяржаўных і шматэтнічных утварэнняў, моцна стымулявала развіццё цэнтраімклівых працэсаў сярод "буферных" прамежкавых княстваў (Цвярскога, Чарнігаўскага, Смаленскага і інш.), а таксама на землях Паўночна-Усходняй Русі.

Дзякуючы сваім ваенным магчымасцям і зменам у геапалітычным становішчы паўднёвых і ўсходніх рускіх княстваў у XIII ст. ВКЛ пазбегла працяглага і агульнага падначалення ўладзе Залатой Арды, чым забяспечыла ўмовы для далейшага гаспадарчага, палітычнага і духоўнага развіцця Беларусі і большасці "мнагалікага" насельніцтва ўсёй дзяржавы.

Вялікае Княства Літоўскае мацней, чым іншыя суседнія "рускія княствы", было ўцягнута ў агульнаеўрапейскія царкоўныя і культурныя працэсы і ў пэўнай ступені пасрэднічала ў распаўсюджанні еўрапейскіх палітычных і культурных ідэй і здабыткаў на Маскоўскую Русь і іншыя суседнія княствы.

У Вялікім Княстве Літоўскім упершыню ва Усходняй Еўропе ў XV-XVI ст. сфарміраваўся своеасаблівы дзяржаўна-палітычны лад еўрапейскага тыпу, іншы, чым у Паўночна-Усходняй Русі ў часы панавання самадзержцаў, адпаведная сацыяльная структура грамадства. У Беларусі і Літве раней і шырэй, чым у Вялікім Княстве Маскоўскім і Украіне, праявіліся павевы еўрапейскага Рэнэсанса, узнікла кірылічнае кнігадрукаванне, распаўсюдзіліся універсітэцкая адукацыя, шматмоўная літаратура і пісьменнасць, рэфармацыйныя рухі ў еўрапейскім абліччы. Тут знаходзілі прытулак беглыя ерэтыкі, вальнадумцы з усходу і захаду Еўропы, развіваліся розныя царкоўныя структуры, умацоўваліся інстытуты саслоўнай (станавай) дэмакратыі.

Эвалюцыя ВКЛ, яго саслоўныя і канфесійныя "вольнасці", не характэрныя ў гэтым сэнсе нават для большасці дзяржаў Еўрапейскага кантынента, праявіліся таксама ў тым, што пасля Люблінскай уніі 1569 г. тут адначасова сталі развівацца супрацьлеглыя па сваіх культурных і палітычных тэндэнцыях грамадскія і канфесійныя рухі. З аднаго боку, пачалі ўзнікаць праваслаўныя мяшчанскія брацтвы з ідэямі ўзмацнення і падтрымкі моўных, культурных і канфесійных традыцый Беларусі, Украіны і Расіі, а з другога - праяўлялісія прауніяцкія тэндэнцыі. Вянцом апошніх стаў Берасцейскі сабор 1596 г.

Этапы палітычнай эвалюцыі ВКЛ.

Асноўныя этапы палітычнай эвалюцыі ВКЛ дастаткова вядомыя. У навўковай літаратуры звычайна выдзяляюцца тры: 1) ад заснавання ВКЛ да Крэўскай уніі 1385 г.; 2) ад Крэўскай уніі да ўзнікнення Рэчы Паспалітай; 3) ад Люблінскай уніі 1569 г. да падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы XVIII ст. Відавочна, што ў аснову гэтай перыядызацыі пакладзены кардынальныя змены ў формах дзяржаўнага ладу і (другі-трэці этапы) ва ўзаемаадносінах з найбольш моцнымі суседнімі краінамі. Правесці больш дробную перыядызацыю палітычнай эвалюцыі ВКЛ у межах кожнага з азначаных этапаў цяжэй з-за адсутнасці адзінага вызначальнага крытэрыю. Адсюль - істотныя разыходжанні ва ўсёй навуковай літаратуры, дзе зроблены спробы вызначэння гэтых перыядаў.

Крытарыі перыядызацыі ўлічваюць як змены ў палітычным становішчы ўсяго ВКЛ, асабліва беларускіх зямель, так і развіццё грамадскіх, перш за ўсё саслоўных, этнаканфесійных, адносін на розных сацыяльных і тэрытарыяльных узроўнях. Складанасць у тым, што гэтыя працэсы маюць сваю ўласную эвалюцыю, якая не зусім супадае з макрапалітычнымі зрухамі ў развіцці ВКЛ і асобных яго рэгіёнаў. На розныя храналагічныя этапы прыпадае пачатковая фаза фарміравання шляхецкага стану ў Літве і Беларусі, змены ў заканадаўчым статусе розных хрысціянскіх цэркваў і г.д. Толькі ў XVI ст., па меры таго як кансалідавалася сацыяльная і палітычная структура дзяржавы, яе ўнутрыпалітычная эвалюцыя (асабліва ў сацыяльных адносінах) стала больш інтэграванай на агульнадзяржаўным узроўні, што асабліва відавочна па Статутах ВКЛ 1529, 1566, 1588 гг. Аднак з улікам пэўных фактараў (змен у дзяржаўным ладзе, тэрытарыяльна-адміністрацыйнай і сацыяльнай структуры ВКЛ) можна вызначыць некалькі ўнутраных, больш дробных этапаў яго палітычнай эвалюцыі ў XIII-XVI ст.

Першы этап - фарміраванне Вялікага Княства Літоўскага і ўсталяванне неабмежаванай манархіі федэратыўнага тыпу на аснове літоўска-рускай (літоўска-беларускай) тэрытарыяльнай і палітычнай супольнасці сярэдзіны XIII - пачатку XIV ст.

Другі этап - развіццё цэнтралізатарскіх тэндэнцый у часы Гедыміна і Альгерда і тэрытарыяльнае пашырэнне дзяржавы, галоўным чынам за кошт далучэння да Вялікага Княства Літоўскага ўсходнебеларускіх, украінскіх і некаторых рускіх зямель. Дынастычная барацьба нашчадкаў Альгерда ў 70-х - пачатку 80-х гг. XIV ст. таксама ў пэўнай ступені адлюстроўвала развіццё цэнтраімклівых тэндэнцый і значэнне вялікакняскай улады.

Трэці этап - ад часоў Крэўскай, Віленска-Радамскай і Гарадзельскай уній канца XIV - пачатку XV ст. да пачатку 90-х гг. XV ст., этап значных знешне- і ўнутрыпалітычных пераўтварэнняў, саперніцтва і збліжэння з Польшчай, станавых і тэрытарыяльна-адміністрацыйных рэформ.

Наступны этап - з 1492 г. да Люблінскай уніі 1569 г. - характэрны фарміраваннем саслоўна-прадстаўнічага ладу, пашырэннем сацыяльных і палітычных прывілей пануючых станаў і значным ускладненнем знешнепалітычных адносін. У постлюблінскі час - да канца XVI ст. - заканчваецца працэс станаўлення Рэчы Паспалітай, адаптацыя ВКЛ да новых умоў дзяржаўна-палітычнай дзейнасці.

У межах гэтых этапаў магчыма выдзяленне больш дробных перыядаў па яшчэ больш вузкіх крытэрыях.

Непасрэдныя прынцыпы перыядызацыі ўлічваюць асноўныя фазы эвалюцыі ВКЛ і асаблівасці сацыяльна-палітычнага развіцця Беларусі. Агульныя храналагічныя межы тома супадаюць з асноўным перыядам самастойнага дзяржаўнага існавання ВКЛ: ад складання яго першаснага тэрытарыяльна-дзяржаўнага двухэтнічнага (літоўска-беларускага) ядра ў сярэдзіне XIII ст. да стварэння Рэчы Паспалітай у форме федэратыўнага аб'яднання з заканадаўча абмежаваным суверэнітэтам Польшчы і ВКЛ. Звычайна гэты перыяд у навуковай літаратуры завяршаецца прыняццем Люблінскай уніі 1596 г. У дадзенай працы верхняя граніца кнігі даведзена да канца XVI ст. Пры гэтым улічаны непасрэдныя вынікі дзяржаўнай уніі ў знешняй і ўнутранай палітыцы - завяршальны этап Інфлянцкай вайны, зацвярджэнне самастойнай прававой сістэмы ВКЛ у Статуце 1588 г., усталяванне саслоўна-прадстаўнічай сістэмы ў Княстве, аналагічнай дзяржаўнаму ладу ва ўсёй Рэчы .Паспалітай, а таксама заключэнне царкоўна-рэлігійнай Берасцейскай уніі 1596 г., што таксама стала магчымым з кардынальнай перабудовай палітычных і канфесійных умоў постлюблінскага перыяду.

Удакладненне некаторых тэрмінаў.

У сучасных медыявістычных даследаваннях прынята карыстацца тымі паняццямі, якія дастаткова трывала замацаваліся ў гістарыяграфіі. Пры гэтым нярэдка ўзнікаюць праблемы: існуе шэраг тэрмінаў XIII-XVI ст., якімі не карыстаюцца зараз. Разам з тым лексічна падобныя паняцці не заўсёды супадаюць з тым значэннем, якое надавалася ім раней насельніцтвам Беларусь У даследаваны перыяд існавалі і такія паняцці, для якіх у сучаснай навуцы яшчэ не выпрацаваны адпаведныя тэрміны. Нарэшце, шэраг паняццяў па прыродзе сваёй полісеміі (шматзначнасці) патрабуе сталых удакладненняў. З-за рознага разумення тэрмінаў сучаснымі даследчыкамі навуковыя дыскусіі нярэдка становяцца бессэнсоўнымі.

Каб пазбегнуць шматлікіх тлумачэнняў, падаецца мэтазгодным вызначыць, у якім сэнсе аўтарамі даследавання выкарыстоўваюцца некаторыя этнічныя, дзяржаўныя, гісторыка-рэгіянальныя тэрміны.

Беларусь. Пад гэтым сучасным дзяржаўна-палітычным і этнатэрытарыяльным паняццем у рэтраспектыве XIII-XVI ст. разумеецца этнаграфічная Беларусь, г.зн. землі, заселеныя беларусамі, і, у пэўнай ступені ўмоўна, тэрыторыя, абжытая іх продкамі. У апошнім кантэксце дадзенае паняцце выкарыстоўваецца, напрыклад, археолагамі для агульнага вызначэння тэрытарыяльнага арэала Беларусі яшчэ да ўтварэння беларускага этнасу . У беларускіх гістарычных помніках XIII - сярэдзіны XVI ст. гэты тэрмін не сустракаецца. Тэрыторыя Беларусі ў XIII-XVI ст. уваходзіла ў гістарычныя рэгіёны - Літва, Русь, Палессе, Падляшша, поўнасцю ці часткова ахоплівала адпаведныя княствы, землі, ваяводствы, паветы і г.д. Іншыя этнічныя і тэрытарыяльныя тэрміны (акрамя вытворных - "беларусы", "украінцы") выкарыстоўваюцца ў даследаванні ў адпаведнасці з іх тагачасным сэнсам і назвамі.

Русь. Пад тэрмінам "Русь" мясцовае насельніцтва разумела: 1) землі ВКЛ, цэласна заселеныя ўсходнімі славянамі - "русінамі" (у дачыненні да сучаснай тэрыторыі Беларусі - гэта рэгіён, які ахопліваў некаторыя цэнтральныя і пераважна ўсходнія землі ВКЛ, большасць якіх захоўвала значныя аўтаномныя правы); 2) асноўнае насельніцтва беларускіх, украінскіх і часткова рускіх зямель (княстваў), якія некаторы час уваходзілі ў склад ВКЛ; 3) усё цраваслаўнае насельніцтва ВКЛ ці асобныя яго груцы незалежна ад месца жыхарства; 4) землі і насельніцтва сусэдніх княстваў Русі (звычайна з удакладненнем: Маскоўская, Пскоўская Русь і інш.); 5) значна радзей у захаваных пісьмовых помніках, галоўным чынам летапіснай і царкоўнай традыцыі, сустракаюцда згадкі аб старажытнай (Кіеўскай) Русі.

У дадзеным даследаванні тэрмін "Русь" звычайна выкарыстоўваецца для вызначэння ўсяго беларускага ці ўсходнеслайянскага насельніцтва ВКЛ, або гісторыка-тэрытарыяльнага арэала, які ў навуковай літаратуры канца XIX - першай паловы XX ст. атрымаў назву "Русь" у межах ВКЛ"

Русіны, рускі народ, рускі люд. Агульная назва і саманазва (эндаэтнонім) беларусаў і ўсяго ўсходнеславянскага насельніцтва ВКЛ. Дадзеныя тэрміны выкарыстоўваюцца ў кнізе для згадвання праваслаўных жыхароў ВКЛ славянскага паходжання, калі немагчымае ці рызыкоўнае больш дакладнае этнічнае вызначэнне. Напрыклад, пры ўпамінанні "русінаў" у агульнадзяржаўных (земскіх) граматах, у палемічных беларуска-ўкраінскіх творах, папскіх булах і інш.

У большасці выпадкаў па сукупнасці бясспрэчных або вельмі верагодных прамых ці ўскосных прыкмет (у адпаведнасці з прыведзенымі крыніцамі) гэтыя тэрміны замяняюцца на сучасныя вызначэнні - беларус, беларускі народ, люд просты беларускі.

Літва. Полісемічны тэрмін, які часцей за ўсё выкарыстоўваўся жыхарамі ВКЛ для вызначэння тэрыторыі і насельніцтва этнаграфічнай Літвы (ці яе часткі - Аўкштайція), гісторыка-тэрытарыяльнага рэгіёна з уключэннем Усходняй Літвы, Заходняй і часткова Цэнтральнай Беларусь так званая Літоўская зямля, Літоўскае панства; усяго Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага і іншых зямель.

Літвіны. У XIII-XVI ст. - этнічныя літоўцы (нярэдка з адасабленнем жамойтаў), або жыхары "Літоўскага панства". У другой палове XVI ст. пад літвінамі часам разумелі палітычны народ шляхту ВКЛ незалежна ад яе паходжання і веравызнання.

Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ). Новая дзяржава з сярэдзіны XIII - пачатку XIV ст. называецца ў актах Літоўскім княствам, Вялікім Княствам Літоўскім, з часоў Гедыміна - Вялікім Княствам Літоўскім і Рускім, з 40-х гг. XIV ст. Вялікім Княствам Літоўскім, Рускім, Жамойцкім і іншых зямель, пасля падначалення Жамойці Нямецкаму ордэну - зноў Вялікім Княствам Літоўскім і Рускім, з другой чвэрці XV ст. - Вялікім Княствам Літоўскім, Рускім, Жамойцкім і інш. У XVI ст. поўная назва дзяржавы яшчэ больш пашыраецца, адпаведна разрастанню тытулатуры польскага караля і вялікага князя літоўскага, але ў дакументах трапляецца і скарочаная назва: Вялікае Княства Літоўскае (напрыклад, у заключным акце Люблінскай уніі 1569 г.).

У некаторых публічна-прававых актах XIV-XVI ст. сустракаюцца і больш простыя назвы Вялікага Княства Літоўскага. Так, у перамірным лісце князя Фёдара Навасельскага і Адоеўскага з вялікім князем літоўскім Казімірам ад 20 лютага 1447 г. пазначана: "Нешто мыслит Бог над великим князем Казимиром, ино мне и моим детем служыти Литовъскои земли" (курсіў наш. - Г.Г.), который будетъ деръжати Литовское княженье, или его намеснику, хто будет после него держати Великое княженье Литовское".

Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.