ВКЛ на вяршыні магутнасці

Аднаўленне Вітаўтам знешнепалітычнай актыўнасці на ўсходзе.

Паражэнне на Ворскле не азначала канчатковай адмовы Вітаўта ад рэалізацыі сваіх планаў па падпарадкаванні рускіх зямель. Гэтаму спрыялі тыя абставіны, што Арда, у палітычныя планы якой не ўваходзіла празмернае ўмацаванне Масквы, сама зрабіла як пэўныя крокі ў нармалізацыі адносін з Вялікім Княствам Літоўскім, так і шэраг антымаскоўскіх захадаў. У 1400 г. хан Шадыбек накіраваў да Вітаўта пасольства, выдаў ярлык на вялікае княжанне даўняму апаненту Масквы - цвярскому князю, была зроблена спроба разарваць саюз паміж Маскоўскім і Ніжагародскім княствамі. Вынікі сталі адчувальнымі даволі хутка: ужо ў 1404 г. у склад Вялікага Княства Літоўскага быў вернуты Смаленск, у 1406 г. літоўскія войскі атакавалі Пскоў, захапілі г. Каложа і вывелі адтуль 11 тыс. палонных. Актывізавалася дзейнасць дыпламатыі Вітаўта ў Ноўгарадзе. Гэта адразу ж выклікала негатыўную рэакцыю ў Маскве, якая беспаспяхова спрабавала паваяваць падуладныя Вітаўту Вязьму, Серпейск і Казельск. У 1406 г. вялікае войска Вітаўта рушыла ў глыб Маскоўскай дзяржавы. Яно сустрэлася з Сіламі Васіля I на р. Плаве каля Крапіўны, але да бітвы справа не дайшла. Быў заключаны мір, па ўмовах якога Васіль I адмовіўся ад падтрымкі Ноўгарада і Пскова, а таксама сепаратыстаў у Літве. Вынікі не прымусілі сябе чакаць: у наступным, 1407 годзе правіць Ноўгарадам быў запрошаны літоўскі князь Лугвен Сымон. Былі адноўлены ваенныя дзеянні, падчас якіх Вітаўт авалодаў Адоевам. Варагуючыя войскі зноў сутыкнуліся каля Вязьмы, але справа чарговы раз скончылася мірна [1].

Аднаўленне магутнасці ВКЛ прымусіла Эдыгея, які стаяў за спінай татарскага хана, зноў перагледзець сваю палітыку ў дачыненні Вітаўта і Масквы. Ён санкцыянаваў падпарадкаванне апошняй Разані, а ў 1406 г., падчас вайны Вільні і Масквы, аказаў маскоўскаму князю ўзброеную дапамогу. Падтрымліваў эмір і сепаратысцкія настроі ў Літве, ведучы перамовы са Свідрыгайлам і тураўскім епіскапам Антоніем аб выхадзе славянскіх зямель са складу Вялікага Княства. Усё гэта прыкрывалася дыпламатычнай дружалюбнай рыторыкай і запэўніваннямі ў сяброўстве [2].

Князь ВітаўтВялікі князь Вітаўт Кейстутавіч. З старадаўняй гравюры

Пра актуальнасць сепаратысцкіх настрояў у асяроддзі літоўска-рускай знаці, выкліканых, з аднаго боку, пракаталіцкай палітыкай Вітаўта, а з другога - нявырашанасцю дынастычнага крызісу, сведчыць хоць бы пераход згаданага Свідрыгайлы на бок Масквы ў ліпені 1408 г. Гэты пераход не прынёс маскоўскаму князю Васілю тэрытарыяльных набыткаў і меў хутчэй ідэалагічнае значэнне. Свідрыгайла, наадварот, атрымаў за гэта шэраг ключавых зямель Паўночна-Усходняй Русі. Па сведчанні Сімяонаўскага летапісу, "вдаша ему гради мнози, мало не половину велиого княжения московского, даша ему многославный Володимерь, еже есть стол земля-русскыя и градъ Пречистые Богоматери, въ нем князи велиции Рустии первоседание и столъ земля Русскыя приемлють". Пры гэтым абодва бакі ставілі розныя мэты. Васіль разлічваў, што фігура Свідрыгайлы будзе ядром прыцягнення да Масквы іншых праваслаўных уладароў ВКЛ. Свідрыгайла ж, зрабіўшыся фактычна вялікім князем уладзімірскім, зусім не збіраўся заставацца ў фарватэры маскоўскай палітыкі. Ён спадзяваўся на павышэнне свайго прэстыжу на Русі для правядзення такой самай "агульнарускай" палітыкі, якую праводзілі і яго бацька Альгерд, і яго галоўны палітычны апанент Вітаўт. Апошні не пакінуў без увагі новы статус свайго стрыечнага брата, небеспадстаўна адчуўшы ў гэтым небяспеку для сваіх планаў. Ужо праз два месяцы пасля з'яўлення Свідрыгайлы ў Маскве войскі Вітаўта і Васіля зноў стаялі адно супраць аднаго, цяпер ужо на рацэ Угры. Аднак бітвы не адбылося.

У саюзе Свідрыгайлы з Васілём небяспеку ўбачыў і Эдыгей. Калі падчас стаяння на Угры ён яшчэ паслаў свае войскі на падняпроўскія ўладанні Вітаўта, то ў кастрычніку-снежні таго ж 1408 года правіцель Арды нанёс удар па землях Паўночна-Усходняй Русі, грунтоўна спустошыўшы яе. Асноўны ўдар прыходзіўся на падуладныя Свідрыгайлу тэрыторыі, якія ў далейшым былі раздроблены на асобныя княствы. Свідрыгайла не аказаў татарам сур'ёзнага супраціўлення і ад'ехаў назад у ВКЛ, разрабаваўшы па дарозе Серпухаў, тым самым выказаўшы сваю варожасць да Масквы. Вядомы расійскі гісторык Салаўёў тлумачыў гэта тым, што Альгердавіч быў расчараваны заключэннем міру паміж Васілём і Вітаўтам, які адсоўваў перспектыву яго прыходу да ўлады ў Літве на няпэўны тэрмін [3].

У Вялікім Княстве Свідрыгайлу чакаў непрыязны прыём: ён быў узяты пад пільны нагляд, а пасля выкрыцця ў падрыхтоўцы ўзброенага выступлення з удзелам крыжакаў (2 кастрычніка 1409 г. мяцежны князь заключыў адпаведную дамову з Ордэнам), быў змешчаны ў вязніцу ў Крамянцы. Праўда, велізарныя ўладанні Свідрыгайлы на поўдні ВКЛ адышлі да Ягайлы і кіраваліся непасрэдна польскімі старостамі, што выклікала незадавальненне Вітаўта [4]. ©Матэрыял сайта "www.JiveBelarus.net"

Падзеі 1408 г. унеслі істотныя карэктывыў расстаноўку сіл ва Усходняй Еўропе, узмацніўшы пазіцыі не толькі Эдыгея, але і Вітаўта. Наперакор Маскве на ніжагародскі стол былі пасаджаны князі Даніла і Іван Барысавічы. Супрацьпастаўлялася маскоўскаму князю і Цвер, даўні саюзнік ВКЛ. У 1409 г. у Ноўгарад вярнуўся Лугвен Сымон, які год таму страціў наўгародскі пасад на карысць Канстанціна Дзмітравіча, брата Васіля I [5]. Як паказалі далейшыя падзеі, паход 1408 г. не толькі азначаў апошні ўсплёск палітычнай магутнасці Арды і яе ўмацавальніка Эдыгея, але і ствараў магчымасць вяртання Вітаўта да сваёй "агульнарускай" палітыкі.

Крыніцы:

  • [1] Барбашев А.И. Витовт и его политика до Грюнвальдской битвы (1410 г.). С. 116.
  • [2] Греков И.Б. Очерки по истории международных отношений Восточной Европы XIV-XVI вв. С. 85-89; Ён жа. Восточная Европа и упадок Золотой Орды (на рубеже XIV-XV вв.). М., 1975. С. 250-251.
  • [3] Соловьев С.М. История России с древнейших времен. 1054-1462. Кн. 2. М., 2001. С. 507.
  • [4] Kolankowski L. Dzieje Wielkiego Księstwa Litewskiego za Jagellonów. Т. 1. Warszawa, 1930. S. 86-87, 109.
  • [5] Греков И.Б. Очерки по истории международных отношений Восточной Европы XIV-XVI вв. С. 90; Ен жа. Восточная Европа и упадок Золотой Орды... С. 255.
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.