"Вялікая вайна" і Грунвальдская бітва

Прычыны і пачатак "Вялікай вайны". Падрыхтоўка да ўзброенага канфлікту варагуючых бакоў.

Прычынай вайны Польскага Каралеўства і ВКЛ супраць Нямецкага ордэна быў канфлікт з-за спрэчных тэрыторый на польска-ордэнскім памежжы (Добжынская зямля, Памор'е, Новая Марка) і Жамойці. Непасрэдна пачатак ваенных дзеянняў справакавала жамойцкае паўстанне супраць уладаў Ордэна, скрытна падтрыманае Вітаўтам. Жамойты паўсталі 31 мая 1409 г., але Вітаўт да паловы чэрвеня ў карэспандэнцыі з магістрам адмаўляў свае сувязі з імі, ходь выведка даносіла ў Мальбарк пра адваротнае. Толькі адкрытая мабілізацыя сіл Вітаўтам і аблога замка Фрайбург засведчылі пачатак неабвешчанай вайны, і жамойцкі войт Міхаэль Кюхмайстар заняўся эвакуацыяй людзей і маёмасці з Жамойці.

Ягайла рыхтаваўся да супольнай з Вітаўтам кампаніі супраць Ордэна, але не хацеў выглядаць агрэсарам у вачах хрысціянскай Еўропы. Польскае пасольства, якое выехала для перагавораў у Мальбарк, 1 жніўня 1409 г. прапанавала вынесці спрэчныя пытанні (у тым ліку жамойцкае) на міжнародны арбітражны суд, але ў дадатак заявіла, што ў выпадку атакі Ордэна на Літву Ягайла стане на бок Вітаўта. Пасля гэтага вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген афіцыйна абвясціў польскаму каралю вайну [1]. У другой палове жніўня 1409 г. ордэнскае войска атакавала землі Паўночнай Польшчы. Так упершыню пасля 1343 г. у адкрыты ваенны канфлікт з Ордэнам уступіла і Каралеўства Польскае.

Пачатак вайны склаўся няўдала для Польшчы. Ордэнскія кантынгенты ўвайшлі ў Добжынскую зямлю ды паўночныя Куявы і хутка авалодалі імі, а таксама ажыццявілі напады на Мазовію. Армія ВКЛ абмежавалася неглыбокімі рэйдамі і толькі заняла Жамойць, пакінуўшы палякаў без дапамогі. Не гатовы да працяглых ваенных дзеянняў, Ягайла пайшоў на перамір'е з Ордэнам, падпісанае 8 кастрычніка 1409 г. Дагавор аб перамір'і грунтаваўся на ўмовах Калішскага міру (1343) і абавязваў варагуючыя бакі ўстрымлівацца ад вайны да 4 ліпеня 1410 г. Аднак ён не тычыўся ВКЛ, таму невыпадкова пасля яго заключэння Вітаўт накіраваў у Прусію войска на чале з сваім братам Жыгімонтам, які з агнём і мячом прайшоў па нямецкіх уладаннях, вярнуўшыся адтуль з багатым палонам [2]. Гэты паход выклікаў дыпламатычны скандал, але не сарваў падпісанага пагаднення, патрэбнага абодвум бакам для падрыхтоўкі да вырашальнага сутыкнення.

Канфлікт вялікага магістра і польскага караля спрабавалі вырашыць і мірным шляхам. Роля пасрэдніка ў спрэчцы даручалася чэшскаму каралю Вацлаву IV Люксембургскаму. Згодна з яго рашэннем, абвешчаным у Празе 15 лютага 1410 г., права на валоданне не толькі Жамойцю, але і спрэчнымі раёнамі Сантака і Дрэздэнка пакідалася за Ордэнам [3]. Ягайлу забаранялася падтрымліваць Вітаўта ў яго канфлікце з Ордэнам, а гэта пагражала разрывам польска-літоўскай уніі. Зразумела, польскі кароль адмовіўся прызнаваць гэтае рашэнне. Польская дэлегацыя наогул не паехала ў Брэслаў (Вроцлаў), дзе ў маі павінна была адбыцца ратыфікацыя пастановы. Цяпер сілавое вырашэнне канфлікту стала непазбежным, хоць і раней Ягайла з Вітаўтам арыентаваліся на вайну. Так, яшчэ да прыняцця рашэння чэшскім каралём Вацлавам IV пачалася кампанія даўзбройвання ВКЛ: з Польшчы сюды скрытна перапраўляўся вайсковы рыштунак, што выклікала неаднаразовыя скаргі Ордэна, бо супярэчыла міжнароднаму праву. У пачатку снежня 1409 г. у Берасці таемна прайшла ваенная нарада Ягайлы і Вітаўта па распрацоўцы стратэгічнага плана ваеннай кампаніі супраць Ордэна [4]. Прадугледжвалася, што саюзнікі злучаць сілы, захопяць ініцыятыву, дэзарыентуюць непрыяцеля хуткім перамяшчэннем, скарыстаўшы для мабільнасці новыя сродкі пераадолення прыродных перашкод. Ваенныя дзеянні планавалася весці на тэрыторыі праціўніка, вымушаючы яго даць бітву ў адкрытым полі. Таму ў якасці галоўнага аб'екта ўдару вызначалася сталіца ордэнскай дзяржавы Мальбарк.

Важным аспектам падрыхтоўкі да вайны абодва бакі лічылі інфармацыйную прапаганду. Асноўным зместам прапагандысцкага супрацьборства сталі ўзаемныя абвінавачванні ў фальшы і несапраўднай хрысціянскасці. З Мальбарка амаль ва ўсе еўрапейскія дзяржавы рассылаліся адозвы, у якіх ордэнскае кіраўніцтва скардзілася на Ягайлу і Вітаўта ды прасіла дапамогі ў абароне хрысціянства [5]. Наследуючы ідэалогію крыжовых паходаў, яно выкарыстоўвала старую тэрміналогію: сам Ордэн называўся "абаронцам хрысціянства", літоўцы і русіны лічыліся паганцамі і схізматыкамі, а палякі - іх заступнікамі. У інфармацыйнай вайне Мальбарку важна было схіліць еўрапейскіх князёў і рыцараў узяць удзел у канфлікце супраць Ягайлы і Вітаўта.

Ульрых фон Юнгінген
Вялікі магістр Тэўтонскага ордэяа Ульрых фон Юнгінген

Не менш актыўна займаўся прапагандай процілеглы бок. Ягайла таксама пасылаў еўрапейскім манархам, князям і рыцарству маніфесты, накіроўваў паслоў са скаргамі на Ордэн і пералічэннем яго грахоў [6]. Прапагандысцкая кампанія Вітаўта і Ягайлы не засталася безвыніковай. Напрыклад, у Брытаніі ім удалося значна зменшыць колькасць прыхільнікаў Ордэна [7]. У прыватнасці, англійскі кароль Генрых IV так і не дапамог вялікаму магістру ні сіламі, ні сродкамі, хоць раней дэманстраваў яму сваю прыхільнасць.

Рыхтуючыся да вялікай вайны, Ульрых фон Юнгінген 20 снежня 1409 г. падпісаў у Будзе антыпольскі дагавор з венгерскім каралём Жыгімонтам Люксембургскім, які абавязваўся ўжыць супраць Ягайлы сілу, калі той выкарыстае ў канфлікце з Ордэнам літвінаў, русінаў, татар або паганцаў, "ці якіх іншых схізматыкаў, адлучаных ад святога рымскага касцёла" [8]. Аднак, як выявілася пазней, Юнгінген дарэмна спадзяваўся на дапамогу венгерскага манарха. Адзіным рэальным крокам Жыгімонта Люксембургскага стала спроба адарваць Вітаўта яд Ягайлы: у лютым 1410 г. ён запрасіў вялікага князя на сустрэчу ў Кесмарк, дзе нават паабяцаў яму каралеўскую карону [9], але размова ні да чаго не прывяла.

Натуральным паплечнікам Мальбарка ў вайне бачыўся Інфлянцкі ордэн, ад якога вялікі магістр у маі 1410 г. запатрабаваў разарваць мір з Вітаўтам і ўварвацца ў ВКЛ, каб звязаць ягоныя сілы і не дапусціць іх злучэння з польскай арміяй. Аднак і гэтага не атрымалася, бо Інфлянты кіраваліся інтарэсамі сваёй бяспекі, а ў рэальных палітычных абставінах ім адпавядала захаванне міру з суседзямі. Справа ў тым, што Вітаўт, рыхтуючыся да вайны, забяспечыў сабе надзейныя межы на ўсходзе і поўначы: ён "памірыўся з усімі русінамі, асабліва з Псковам" [10], і 14 верасня 1408 г. заключыў "мір па-даўняму" з вялікім князем маскоўскім Васілём. Трактатам прадугледжвалася, што пра намер разарваць мір неабходна папярэджваць за месяц. Гэткае пагадненне, пацверджанае Масквой, 7 красавіка 1409 г. было дасягнута і з Псковам. Адносіны ж з Ноўгарадам Вялікім (у якім, да таго ж, намеснікам сядзеў Сямён Лугвен) рэгуляваліся мірным трактатам, падпісаным яшчэ ў 1407 г.

У такіх абставінах інфлянцкі магістр не мог пайсці на абвастрэнне адносін з суседнім Вялікім Княствам, бо баяўся выклікаць на сябе ўдар саюзнай Вітаўту ўсёй Паўночнай і Ўсходняй Русі [11]. Аднак яшчэ да вынясення прысуду чэшскага караля Вацлава IV Інфлянты таксама звязалі сябе сістэмай пагадненняў з суседзямі. Толькі што скончыўшы няўдалую вайну з Псковам, пакрыўджаны на Прусію ландмагістр Конрад фон Віцінгоф імкнуўся нармалізаваць адносіны з суседзямі і паспрыяць гандлю, ад развіцця якога залежала гаспадарка краю. За восень 1409 г. ён заключыў пагадненне аб міры з Псковам, Ноўгарадам Вялікім і Масквой [12]. Адна з умоў гэтых трактатаў патрабавала абвяшчаць пра разрыў дагавора за два тыдні да пачатку вайны.

Лічыцца, што тады ж або крыху пазней падобнае пагадненне магістр падпісаў і з Вітаўтам, прычым тэрмін паміж магчымым разрывам мірных адносін і пачаткам ваенных дзеянняў дасягаў ажно трох месяцаў. Таму невыпадкова ў маі 1410 г. у адказ Ца патрабаванні Юнгінгена інфлянцкі ландмагістр заявіў, што, хоць ён і гатовы абвясціць Вітаўту вайну, зрабіць гэта зможа толькі праз тры месяцы пасля разрыву адносін з ВКЛ.

Атрымаўшы такі адказ перад заканчэннем тэрміну перамір'я, Ульрых фон Юнгінген 15 чэрвеня запатрабаваў ад інфлянцкага магістра вярнуць пазычаныя яму грошы і гарматы [13]. Пасіўнасць Інфлянтаў магла быць часткова абумоўлена і пагрозай з боку ВКЛ, бо Вітаўт пакінуў у Княстве значныя сілы, якія трывожылі ордэнскія ўладанні магістра [14]. Адсутнасць жа інфлянцкага рыцарства (за выключэннем адной харугвы) над Грунвальдам прадвызначыла фатальны для Ордэна зыход генеральнай бітвы.©Матэрыял сайта "www.JiveBelarus.net"

Цяжкія рыцары ВКЛ
Цяжкія рыцары ВКЛ канца XIV - пачатку XV ст.

У цэлым жа ў канцы 1409 - першай палове 1410 г. саюзнікі падрыхтаваліся да вайны значна лепш, чым Ордэн [15]. Як толькі скончылася перамір'е, яны адразу пачалі ваенныя дзеянні: палякі атакавалі раён Торуня, а літвіны - землі ад Юрбарка да Мемеля (Клайпеды). Чакаючы падыходу найманых рыцараў, Ульрых фон Юнгінген прапанаваў падоўжыць перамір'е да 4 ліпеня, на што Ягайла ахвотна пагадзіўся, бо гэта давала яму магчымасць спакойна аб'яднацца з Вітаўтам і пераправіцца праз Віслу.

Крыніцы:

  • [1] Nowak Z. Akt rozpoczynąjący "Wielką Wojnę". List wypowiedni wielkiego mistrza Ulryka von Jungingena z 6 sierpnia 1409 roku // Komunikaty Mazursko-Warmińskie (далей - KMW). 1976. N. 1. S. 79.
  • [2] Długosz J. Roczniki czyli kroniki sławnego Królewstwa Polskiego. T. 6. Ks. 10-11. Warszawa, 1982. S. 46.
  • [3] Nowak Т.М. Walki obronne z agresją Brandenburgii i Zakonu Krzyżackiego w 1. 1308-1521 // Polskie tradycje wojskowe / Pod red. J. Sikorskiego. Cz. 1. Warszawa, 1990. S. 84.
  • [4] Długosz J. Roczniki... Ks. 10-11. S. 52.
  • [5] CEV. N 437, 440. S. 204-207.
  • [6] Długosz J. Roczniki... Ks. 10-11. S. 42-46.
  • [7] Ekdahl S. Ein Brief des Ritters Luppold von Kóckritz an Hochmeister Ulrich von Jun- gingen vom April 1410 // Prusy - Polska - Europa / Red. A. Radzimiński, J. Tandecki. Toruń, 1999. S. 238.
  • [8] Codex diplomaticus Lithuaniae / Ed. E. Raczyński. S. 107-109.
  • [9] Caro J. Geschichte Polens. Th. 3. Gotha, 1869. S. 310-311.
  • [10] CEV. N. 434. S. 204.
  • [11] Kuczyński S.M. Wielka wojna z Zakonem Krzyżackim w latach 1409-1411. S. 331-332.
  • [12] CEV. N. 434; Kostrzak J. Stanowisko inflańckich władz zakonnych wobec wojeń pols- ko-krzyżackich w latach 1409-1422 (Cz.l) // Zapiski Historyczne. T. 39 (1974). Z. 4. S. 12.
  • [13] Prochaska A. Dzieje Witolda w. księcia Litwy. Wilno, 1914. S. 124.
  • [14] CEV. N. 300-301. S. 206-209.
  • [15] Kuczyński S.M. Wielka wojna... S. 286.
Каментары чытачоў
Алехна напiсаў(ла) 26.11.2011 11:12
При Грюнвальде сражались 24 рыцаря из Геннегау и до 120 рыцарей из различных областей Франции. До наших дней дошли имена лишь нескольких гостей из Европы - дворянин из Нормандии Жан де Ферьер и сын пиккардийского сеньора дю Буа д'Аннеке сложили свои головы в этой битве, а вот шотландский бастард граф де Хемб счастливо вернулся домой (terra-teutonika.ru)
Алекс напiсаў(ла) 03.08.2012 11:54

С нашей стороны в битве под Грюнвальдом примали участие и жители Давыд-Городка.

В "Волынской краткой летописи" под 1383 годом упомянут городецкий князь Давыд Дмитриевич, о всей видимости, потомок основателя Давыд-городка Давыда Игоревича. Женой князя Давыда Дмитриевича была Мария, дочь великого князя Ольгерда. Митка, сын Давыда и Марии, стал князем городецким после смерти отца. Князь Митка принял участие в битве 15 июля 1410 года в составе пинской дружины.

Позднее он поддерживал Свидригайло, принявшего титул великого князя Русского, против Жигимонта кейстутовича, великого князя Литовского. После разгрома войск Свидригайло, Митка был выдан Жигимонту и убит (правда, есть сведения, что некий Митка Зубровицкий попал в плен к Жигимонту в декабре 1432 года.

А вот сам Свидригайло перед Великой войной с Орденом вел переписку с Ульрихом фон Юнингеном, которая была перехвачена Витовтом и вызвала его гнев. Он заточил Свидригайло в Кременецкий замок, где тот и провел 8 с половиной лет (до 1418 года).

Сваротвар напiсаў(ла) 02.10.2012 21:42
Тевтонский Орден территориально вассал МАЗОВЕЦКОГО КНЯЖЕСТВА.
 Ягайло занялся объединением страны ЛЯХОВ-собиранием земель.
 и Грюнвальд- это принуждение к вассалитету всего лишь

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.