"Вялікая вайна" і Грунвальдская бітва

Пачатак летняй кампаніі 1410 г. і Грунвальдская бітва.

30 чэрвеня Ягайла і Вітаўт злучылі свае арміі на Вісле, недалёка ад Чэрвіньска, пераправіліся цераз раку па пантонным мосце і, перайшоўшы мяжу Ордэна, сталі рухацца па Прусіі ў напрамку да Мальбарка. Шлях саюзнікаў асвятлялі пажары мястэчак і вёсак. Іх з'яўленне на поўдні Прусіі заспела вялікага магістра знянацку. Ваеннае кіраўніцтва Ордэна да апошняга моманту было дэзарыентавана. Вялікаму магістру паступалі данясенні, што Ягайла плануе ўдарыць на Памор'е, а Вітаўт - на Астэроду [1]. Рыхтуючыся да абарончай вайны, ён сканцэнтраваў галоўныя сілы ў паўднёвым Памор'і і па межах сваёй дзяржавы. Хутка, аднак, фон Юнгінген разгадаў планы праціўніка і, пакінуўшы на ахову Памор'я комтура Генрыха фон Плаўэна, паспеў своечасова перавесці галоўныя сілы на поўдзень Прусіі, каб перакрыць шлях на сталіцу.

Армія вялікага магістра сустрэла непрыяцеля 10 ліпеня недалёка ад Кужэнтніка, на рацэ Дрвенцы. Апіраючыся на ўмацаваную пераправу, ён збіраўся даць тут абарончую бітву. Аднак Ягайла пасля нарады ўхіліўся ад бітвы і павёў армію ў зваротным накірунку, каб потым зноў павярнуць на паўднёвы захад, да сталіцы Ордэна. Раніцай 15 ліпеня сілы саюзнікаў спыніліся для адпачынку недалёка ад горада Дуброўна, які перад гэтым быў імі разрабаваны і спалены. Праз некалькі гадзін сюды падышла армія Ульрыха фон Юнгінгена, стомленая начным маршам, і стала ў калона-клінавым баявым парадку на полі паміж Стэмбаркам (Tannenberg) і Грунвальдам (Griinfelde). У 51 харугве[2] магло налічвацца 15 тыс. коннага рыцарства[3], прыкладна чвэрць якога складалі найміты [4]. Апрача нямецкіх і заходнееўрапейскіх рыцараў у ордэнскай арміі былі прусы, палякі, чэхі, маравы, сілезцы, памаране, кашубы і інш. Падлічана, што калі нямецкія рыцары маглі складаць да 40% войска, выстаўленага Прусіяй, то палякі і прусы - не менш за трэць [5]. Прыток "гасцей", якія раней істотна папаўнялі сілы Ордэна ў яго барацьбе з "сарацынамі", у 1410 г. аказаўся меншы, чым спадзяваўся вялікі магістр.

Грунвальдская бітва
Грунвальдская бітва. Мініяцюра XV ст.

Ягайла і Вітаўт прывялі на генеральную бітву найверагодней каля 30 тыс. воінаў [6]. Армію Вітаўта, якая магла ненамнога перавышаць 10 тыс., складалі 40 харугваў, з якіх Ян Длугаш назваў толькі 18 земскіх (з абшараў сучаснай Беларусі - полацкая, віцебская, смаленская, пінская, лідская, наваградская, ваўкавыская, гарадзенская, берасцейская), а таксама харугву Жыгімонта Карыбутавіча, Сымона Лугвена і князя Юрыя [7]. Большасць харугваў ВКЛ мела на штандары "Пагоню". Этнічны склад гэтай арміі вызначыць цяжка, але ўдзельная вага воінаў з Беларусі несумненна была вельмі вялікай. Сучасныя даследчыкі праблемы лічаць, што русінаў магло быць ад 1 /2 да 2/3 яе складу [8]. Прысутнасць кантынгента з Ноўгарада Вялікага не пацвярджаецца непасрэднымі крыніцамі. Апрача русінаў у армію Вітаўта ўваходзілі татары хана Джалал-ад-Дзіна. Паводле Длугаша, ён прывёў з сабой усяго 300 вершнікаў, аднак даследчыкі лічаць, што іх найверагодкей было не менш за тысячу [9]. Што да ўзбраення, то пашыранае раней у польскай літаратуры меркаванне наконт прымітыўнасці зброі рыцарства з Беларусі, Літвы і Украіны, выразна сфармуляванае Длугашам[10] і падтрыманае С. Кучынскім[11] , не адпавядала рэальнасці. Сучасныя збраязнаўцы сцвярджаюць, што розніца ва ўзбраенні харугваў з Каралеўства Польскага і ВКЛ была зусім невялікая [12].

Марна прастаяўшы не адну гадзіну ў чаканні, што Ягайла і Вітаўт выставяць свае сілы для бітвы, Ульрых фон Юнгінген у адпаведнасці з рыцарскім звычаем прыслаў непрыяцелю двух герольдаў, якія перадалі па мячу для Ягайлы і Вітаўта, прысароміўшы іх у баязлівасці і заклікаўшы выйсці ў поле для сечы [13]. Толькі пасля гэтага Ягайла распарадзіўся рыхтаваць харугвы да бітвы.

Выстаўленая ў баявым парадку армія саюзнікаў, як і ордэнская, расцягнулася фронтам на 2,5-3 км. Польскае войска стаяла на левым крыле, а літвіны - на правым. Бітва пачалася каля поўдня і доўжылася да 7 гадзін в'ечара. У гістарыяграфіі прынята лічыць, што войска Вялікага Княства пайшло ў атаку першым, распачаўшы бітву раней за палякаў. Але некаторыя даследчыкі, аналізуючы новыя крыніцы, сцвярджалі амаль адваротнае: сеча была распачата атакай ордэнскага рыцарства[14] , а літвіны толькі контратакавалі першымі. З-за недахопу сведчанняў, аднак, усё гэта выглядае толькі як гіпотэзы.

Згодна з "Хронікай Быхаўца", у першыя ж хвіліны бітвы шмат хто з конніцы Вітаўта трапіў у загадзя падрыхтаваныя немцамі "воўчыя ямы" [15]. Аднак даследчыкі даўно паставілі пад сумненне факт наяўнасці падобных перашкод на полі бітвы [16]. Праўдападобна, сюжэт з "воўчымі ямамі" быў прыдуманы ў XVI ст. у асяроддзі эліты Вялікага Княства, блізкай да аўтараў "Хронікі Быхаўца".

Прыкладна праз гадзіну бітвы харугвы ВКЛ "былі вымушаныя адступаць". Длугаш сцвярджае, што пабеглі ўсе, акрамя трох смаленскіх харугваў [17]. Тэзіс пра ўцёкі Вітаўтавага крыла, што дзякуючы аўтарытэту гэтай хронікі быў прыняты амаль усёй гістарыяграфіяй, даўно выклікаў сумненні і жывую палеміку даследчыкаў [18]. Новую вастрыню яна набыла пасля публікацыі шведскім гісторыкам С. Экдалем невядомага раней дакумента, які сведчыў на карысць таго, што адступленне Вітаўтавага крыла было не ўцёкамі, а свядомым манеўрам [19]. Найбольш настойліва версію пра ўцёкі арміі ВКЛ адстойваў польскі гісторык С. Кучынскі, які зводзіў яе ролю да другасных, дапаможных функцый. Ён, у прыватнасці, даказваў, што праўдзівасць уцёкаў пацвярджаюць: 1) гераічная пазіцыя смаленскіх палкоў; 2) уцёкі некаторых харугваў ажно да Літвы; 3) узяцце рыцарамі абозу арміі ВКЛ, 4) цяжкія страты ў харугвах вялікага князя [20]. Аднак пералічаныя аргументы ўзятыя з інфармацыі Длугаша, непрыязнасць якога ў стаўленні да літвінаў відавочная. Пры супастаўленні з данымі іншых крыніц амаль усе яны або выклікаюць сумненні, або наогул могуць інакш інтэрпрэтавацца.

Бітва пад Грунвальдам
Бітва пад Грунвальдам. Малюнак з хронікі Марціна Бельскага

Пытанне пра сапраўдны характар адступлення харугваў Вітаўта дасюль выклікае спрэчкі гісторыкаў. Калі сучасныя літоўскія даследчыкі лічаць яго запланаваным манеўрам і вырашальным тактычным ходам, які прадвызначыў пераможны зыход бітвы[21], дык у польскай гістарыяграфіі да апошняга часу нават сярод самых прызнаных спецыялістаў пераважала думка, што паведамленне храніста пра панічныя ўцёкі правага крыла ўсё ж адпавядала рэчаіснасці [22]. Праўда, уцякала толькі частка харугваў ВКЛ, іншыя ж засталіся з Вітаўтам на полі бітвы. Сярод іх, паводле Длугаша, былі тры смаленскія палкі, якія стаялі найверагодней на стыку правага і левага крыла ды вялікім коштам аплацілі сваю непарушнасць [23]. Пазней харугвы, што трохі ачуліся ад пераследавання і вярнуліся да галоўных сіл, былі перафарміраваныя і таксама ўключыліся ў бітву.

Чым бы ні быў адыход харугваў Вітаўта - выдатным манеўрам ці ўцёкамі, у выніку ён пазітыўна паўплываў на далейшы ход бітвы. Левае крыло ордэнскай арміі расстроіла свае баявыя парадкі і, захапіўшыся пераследаваннем, надоўга адлучылася ад галоўных сіл, што зменшыла ціск на цяжкую польскую конніцу. Нейкі час яе становішча было крытычным. Прускія рыцары сканцэнтравалі ўдар па харугве Кракаўскай зямлі, над якой уздымаўся штандар з белым арлом і дзе патэнцыяльна мог знаходзіцца і польскі кароль. Ім удалося нават зваліць штандар на зямлю, што магло быць успрынята як пералом, аднак харугва неўзабаве зноў узнялася. На паляпшэнне сітуацыі Ягайла кінуў фарміраванні з рэзерву, і тут разгарэўся самы жорсткі бой. Стомленая рыцарская конніца не вытрымлівала націску свежых харугваў, і правае крыло Ордэна паволі апыналася ў акружэнні.

Ульрых фон Юнгінген разумеў, што без радыкальнай змены ходу бітвы яго армію чакае канец, і адважыўся выкарыстаць апошнія сілы. Сабраўшы разам 15-16 харугваў, ён сам павёў іх у рашучую атаку проста на ўзгорак Ягайлы [24]. Наступіў вырашальны момант сечы: Юнгінген задзейнічаў усе свае сілы, тады як Ягайла, маючы вялізную колькасную перавагу, мог уводзіць у бітву новыя фарміраванні [25]. Пасля таго як корпус вялікага магістра ўвязаўся ў бітву, саюзнікі з двух бакоў ударылі па непрыяцелю і каля Танэнберга давяршылі яго акружэнне.

У сечы загінуў сам вялікі магістр, вялікі маршал і ўсе дастойнікі, за выключэннем трох комтураў, што збеглі з поля бітвы. Рэшткі арміі Ордэна вырваліся з акружэння і паспрабавалі арганізаваць супраціўленне ў абозе, умацаваным вазамі, аднак іх абарона была хутка зламана. На штурм абозу рынулася прагная да здабычы чэлядзь, якая, нічога не ўяўляючы пра рыцарскі этыкет, бязлітасна расправілася з усімі. Як сцвярджалася ў "Хроніцы канфлікту", у абозе трупаў было болей, чым на полі бітвы [26]. Іншыя спрабавалі ратавацца ўцёкамі[27] або скласці зброю, як гэта зрабіў Крыштаф фон Герсдорф са сваёй харугвай [28]. Яшчэ раней у поўным складзе капітулявала хелмінская харугва.

Бітва пад Грунвальдам
Бітва пад Грунвальдам. Мастак Войцех Коссак. 1931 г.

Так армія Нямецкага ордэна была фактычна ліквідавана. Палеглі ўсе галоўныя чыны Ордэна і амаль усе комтуры, а з 250 братоў і паўбратоў-рыцараў было забіта 203. У рукі пераможцаў трапіў і ўвесь абоз непрыяцеля. Баявыя штандары разгромленых харугваў у якасці трафеяў пазней трапілі ў Кракаў, частку ж іх (найверагодней 10) Вітаўт прывёз у Вільню. Гаворачы пра страты арміі вялікага магістра, няма падстаў даводзіць іх да 18 тыс. забітымі і 14 тыс. палоннымі, як сцвярджаў Кучынскі[29], а за ім паўтаралася і ў беларускіх выданнях. Аніводная крыніца не засведчыла, што з боку Ордэна загінула хоць бы палова войска. Пры падліках магчымых стратаў арміі Юнгінгена самымі прымальнымі ўяўляюцца падыходы Экдаля і Надольскага, якія дапускалі, што загінуць магла крыху больш чым палова арміі вялікага магістра (да 8 тыс.)[30], а з улікам палонных ордэнская армія страціла напэўна 70-80% асабовага саставу.

Што да страт арміі саюзнікаў, то меркаванне Кучынскага, які даводзіў, што ў крыле Вітаўта палегла ажно палова ратнікаў, а ў каронных харугвах загінула зусім мала - "толькі 12 выбітных рыцараў", са знакамітых жа наогул ніхто[31], таксама не можа быць прынята [32]. Проста не праўдападобна, каб бітва такога маштабу, якая доўжылася 7 гадзін і падчас якой рыцарам і на польскім крыле здавалася, што перамога ўжо на іх баку, прывяла да настолькі непрапарцыянальных страт супрацьлеглых бакоў, а галоўнае - настолькі нязначнай колькасці забітых з польскага войска, якое складала дзве трэці саюзнай арміі.©Матэрыял сайта "www.JiveBelarus.net"

Аргументацыя Кучынскага непераканаўчая. Гаворачы пра "палову" палеглых у войску Вітаўта, ён спасылаецца толькі на ліст ордэнскага ўрадніка да Генрыха Плаўэна[33] і выказванні віленскага ваяводы Войцэха Манівіда ў 1420 г., якія ўтрымлівае пасланне інфлянцкага магістра ў Мальбарк [34]. Але калі ў першым дакуменце гаворыцца, што Вітаўт вярнуўся ў Літву ўсяго з паловай войска, дык Манівід проста кажа пра вялікія страты ў вайне з Ордэнам. Калі нават прызнаць словы правінцыйнага ордэнскага ўрадніка праўдзівымі і прыняць страты Вітаўта за палову, то ў іх усё роўна трэба ўключаць і тых, хто загінуў пад мурамі Мальбарка, дзе войска ВКЛ шмат пацярпела ад яго абаронцаў і ад хваробаў.

Крыніцы:

  • [1] Biskup M. Z badań nad "Wielką Wojną" z Zakonem Krzyżackim // KH. R. 66 (1959). N. 3. S. 682.
  • [2] Такую колькасць харугваў арміі Ордэна падае Длугаш (Długosz J. Banderia Prutenorum / Wyd. K. Górski. Warszawa,. 1958; Ён жа. Roczniki... Ks. 11. S. 108-115), i яна пакуль застаецца агульнапрынятай у літаратуры, хоць даследчыкі даўно паказалі ненадзейнасць даных Длугаша.
  • [3] NadolskiA. Grunwald. Problemy wybrane. S.lll. Гэтая лічба, атрыманая ў выніку найбольш узважаных разлікаў, добра стасуецца з пазіцыяй яямецкай гістарыяграфіі, у якой сілы Ордэна пад Танэнбергам ацэньваюцца звычайна ў 12-15 тыс.
  • [4] Das Soldbuch des Deutschen Ordens 1410/1411. Die Abrechnungen fiir die Soldtrup- pen / Ed. Sven Ekdahl. Т. 1. Koln; Wien, 1988.
  • [5] Nadolski A Grunwald 1410. S. 43.
  • [6] Nadolski A. Grunwald. Problemy wybrane. S. 113-115.
  • [7] Długosz J. Roczniki... Ks. 10-11. S. 107-108.
  • [8] Biskup M. Wojny Polski z Zakonem Krzyżackim, 1308-1521. Gdańsk, 1993. S. 59.
  • [9] Biskup M. Grunwaldzka bitwa. S. 59.
  • [10] Długosz J. Roczniki... Ks. 10-11. S. 107.
  • [11] Kuczyński S.M. Wielka wojna... S. 371 i інш.; Biskup M. Grunwaldzka bitwa. S. 112.
  • [12] Nowakowski A. Uzbrojenie wojsk krzyżackich w Prusach w XIV w. i na początku XV w. Lódź, 1980. S.137-138. Параўн. таксама: Бохан Ю. Узбраенне войска BKJI другой паловы XIV - канца XVI ст. Мн., 2002. С. 267.
  • [13] Kronika konfliktu Władysława króla polskiego z Krzyżakami / Przel. J. Danka i A. Na- dolski. Olsztyn, 1986. S.10; Długosz J. Roczniki... Ks. 10-11. S. 118-119.
  • [14] Bełch S. Nieznane źródła do bitwy pod Grunwaldem // S. Belch. Prace historyczne. T. 1. London, 1965. S. 8-10; Herbst S. W sporze o Grunwald. S. 190.
  • [15] Хроника Быховца // ПСРЛ. Т. 32. М„ 1975. С. 151.
  • [16] Rhode G. Polemiken um die Schlacht von Tannenberg 1410 // Zeitschrift fiir Ostforschung (далей - ZfO). Jg. 22(1973). Hf. 3. S. 47*8; Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg. S. 340- 351; Nadolski A. Grunwald. Problemy wybrane. S. 218.
  • [17] Długosz J. Roczniki... Ks. 10-11. S. 125.
  • [18] Праўдзівасць інтэрпрэтацыі Длугаша аспрэчыў яшчэ К. Шайноха, які першым выказаў меркаванне пра мэтанакіраванасць гэтага адступлення. Гл.: Szajnocha К. Jadwiga i Jagiełło 1374-1413. T. 3-4. Warszawa, 1974. S. 456-460.
  • [19] Ekdahl S. Die Flucht der Litauer in der Schlacht bei Tannenberg // ZfO. Jg. 12 (1963). Hf. 1. S.ll-19, тэкст самога ліста - S. 16-17.
  • [20] Kuczyński S.M. Wielka wojna... S. 352; Ён жа. Taktyka walki skrzydła litevsko-ruskiego w bitwie pod Grunwaldem // Studia i materiały do historii wojskowości. Т. X (1964). Cz. II. S. 44-46.
  • [21] Гл.: Jurgela C. Tannenberg. New York, 1961. P. 48; Jućas M. algirio muśis. P. 158 i далей; Batura R. Lietuviśkos taktikos reikSme algirio muśyje // Acta Historica Universitatis Klaipedensis. Т. I (1993). P. 65-76; Dolinskas V. Naujienos І5 algirio muSio lauko // Lietuvos istorijos studijos. 2000. N. 8 i далей.
  • [22] Biskup M. Grunwaldzka bitwa. S. 95, спас. 31. Падобвае меркаванне ў Надольскага: Nadolski A. Grunwald. Problemy wybrane. S. 170.
  • [23] Długosz J. Roczniki... Ks. 10. S. 125 i далей.
  • [24] Kronika konfliktu... S. 13.
  • [25] Caro J. Geschichte Polens. Th. 3. S. 326.
  • [26] Kronika konfliktu... S. 14.
  • [27] Там жа... S. 14; Długosz J. Roczniki... Ks. 11. S. 132-134.
  • [28] Długosz J. Roczniki... Ks. 11. S: 132.
  • [29] Kuczyński SM. Wielka wojna..: S. 366; Ён жа. Spór o Grunwald. S. 153. Гэта лічба, якую ў 1411-1412 гг. ордэвскія ўлады называлі для Апостальскай сталіцы, імкнучыся максімальна ўразіць рымскага папу.
  • [30] Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg. S. 182, спас. 6; Nadolski A. Grunwald. Problemy wybrane. S. 208-209.
  • [31] Kuczyński S.M. Wielka wojna... S. 366; Ён жа. Spór o Grunwald. S. 154 - 155.
  • [32] Адносна гэтай пазіцыі ў адрас С. Кучынскага выказвалася шмат прадметнай крытый. Гл. напрыклад: Majewski W. Wokół Grunwaldu. S. 560.
  • [33] Ліст ад 21 кастрычніка 1410 г.: CEV. N. 456. S. 213.
  • [34] Liv-, Est- und Curlandisches Urkundenbuch (далей - LUB). Bd.5. Riga, 1876. N. 2455. S. 615.
Каментары чытачоў
Алехна напiсаў(ла) 26.11.2011 11:12
При Грюнвальде сражались 24 рыцаря из Геннегау и до 120 рыцарей из различных областей Франции. До наших дней дошли имена лишь нескольких гостей из Европы - дворянин из Нормандии Жан де Ферьер и сын пиккардийского сеньора дю Буа д'Аннеке сложили свои головы в этой битве, а вот шотландский бастард граф де Хемб счастливо вернулся домой (terra-teutonika.ru)
Алекс напiсаў(ла) 03.08.2012 11:54

С нашей стороны в битве под Грюнвальдом примали участие и жители Давыд-Городка.

В "Волынской краткой летописи" под 1383 годом упомянут городецкий князь Давыд Дмитриевич, о всей видимости, потомок основателя Давыд-городка Давыда Игоревича. Женой князя Давыда Дмитриевича была Мария, дочь великого князя Ольгерда. Митка, сын Давыда и Марии, стал князем городецким после смерти отца. Князь Митка принял участие в битве 15 июля 1410 года в составе пинской дружины.

Позднее он поддерживал Свидригайло, принявшего титул великого князя Русского, против Жигимонта кейстутовича, великого князя Литовского. После разгрома войск Свидригайло, Митка был выдан Жигимонту и убит (правда, есть сведения, что некий Митка Зубровицкий попал в плен к Жигимонту в декабре 1432 года.

А вот сам Свидригайло перед Великой войной с Орденом вел переписку с Ульрихом фон Юнингеном, которая была перехвачена Витовтом и вызвала его гнев. Он заточил Свидригайло в Кременецкий замок, где тот и провел 8 с половиной лет (до 1418 года).

Сваротвар напiсаў(ла) 02.10.2012 21:42
Тевтонский Орден территориально вассал МАЗОВЕЦКОГО КНЯЖЕСТВА.
 Ягайло занялся объединением страны ЛЯХОВ-собиранием земель.
 и Грюнвальд- это принуждение к вассалитету всего лишь

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.