"Вялікая вайна" і Грунвальдская бітва

Значэнне Грунвальдскай бітвы.

Заключаны ў Торуні мір адлюстраваў супярэчлівыя вынікі Грунвальдскай перамогі. З-за яго відавочнай неадпаведнасці маштабам ваеннай вікторыі ў Польскім Каралеўстве ён быў адразу ўспрыняты як "прайграны", ды і ў польскай гістарыяграфіі яму часцей даваліся негатыўныя ацэнкі. У гэтай сувязі заслугоўвае ўвагі пазіцыя С. Кучынскага, які не пагаджаўся з нізкімі ацэнкаМі міру, што завяршыў пераможную вайну. Ён падкрэсліў, што пры ўсёй кампраміснасці Торуньскі трактат задавальняў усе тры пункты, якія Ягайла выстаўляў венгерскім пасрэднікам перад самай бітвай (5 ліпеня 1410 г.) у якасці прынцыповых умоў, пры выкананні якіх ён згадзіўся б на мір [1]. Гэтымі ўмовамі былі: 1) вяртанне Жамойці Вітаўту; 2) вяртанне Добжынскай зямлі Польшчы; 3) атрыманне кампенсацыі за ўчыненыя рыцарамі страты [2]. Таму яго ніяк нельга лічыць прайграным. Наадварот, у Торуні Ягайла і Вітаўт упершыню за ўсю гісторыю войн з Ордэнам падпісвалі мір як пераможцы.

Катастрофа пад Грунвальдам падкасіла Ордэн не толькі ў ваенным, але і ў фінансава-гаспадарчым плане. Падчас прускага паходу войскі пераможцаў актыўна рабавалі і пустошылі непрыяцельскую зямлю: палілі дамы і касцёлы, забіралі коней, кароў, зброю, металы, касцельную маёмасць і г.д. - гэта зафіксавалі так званыя "кнігі шкодаў" [3]. І хронікі, і дакументы засведчылі, як амаль штодзённа нарабаванае дабро вывозілася ў Карону і Вялікае Княства Літоўскае [4]. У дадатак да паражэння ў бітве, ваенныя спусташэнні і непасільныя грашовыя выплаты па ўмовах Торуньскага міру прывялі магутную калісьці ордэнскую дзяржаву да фінансава-гаспадарчага заняпаду. Яе ўлады як маглі шукалі сродкаў, каб паправіць сітуацыю: на ўсё насельніцтва Прусіі наклалі спецыяльны падатак, збіралі на біццё манеты ўсё золата і срэбра, здзіраючы яго нават з капліц і касцёлаў[5], і г.д. Аднак з-за масавай страты свайго рыцарства Ордэн мусіў карыстацца паслугамі наймітаў, што вымагала яшчэ большых грашовых выдаткаў. А гады неўраджаю, які запанаваў у Прусіі пасля ракавой бітвы, толькі паглыбілі постгрунвальдскі крызіс [6]. Урэшце, нечуванае паражэнне ад "няверных" абярнулася і маральным надломам. Рыцарства еўрапейскіх дзяржаў, якое раней кіравалася ў Прусію спаўняць свой хрысціянскі абавязак у змаганні з паганцамі і схізматыкамі, пасля 1410 г. стала мяняць сваё стаўленне да Нямецкага ордэна [7].

У сучаснай польскай гістарыяграфіі Грунвальдская баталія справядліва лічыцца найвялікшай пераможнай бітвай усходнееўрапейскага Сярэднявечча, якая стала пераломам у гісторыі адносін Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага з Нямецкім ордэнам [8]. Нямецкія знаўцы таксама пагадзіліся з тым, што бітва мела для Ордэна амаль катастрафічныя вынікі і што яна засведчыла з'яўленне ў рэгіёне новай сур'ёзнай сілы - Польшчы і ВКЛ [9]. Аднак, гаворачы пра значэнне Грунвальдскай перамогі для заняпаду Нямецкага ордэна, было б несправядліва забываць пра крэўскі акт, які задоўга да вялікай бітвы не толькі падарваў ідэалагічныя падставы самога існавання ордэнскай дзяржавы, але і адчувальна зменшыў прыток да яе людскіх рэсурсаў, які менавіта з 1390-х гг. пачаў значна слабець[10], і ў 1410 г. колькасць ахвотнікаў, што з'явіліся на заклікі вялікага магістра, зусім не адпавядала спадзяванням [11]. Нельга не пагадзіцца з Г. Бокманам, які падкрэсліў, што прычыны заняпаду Ордэна трэба шукаць не толькі ў яго ваенным паражэнні ды эканамічным цяжары (ваенныя спусташэнні, вялізныя выплаты), але перш за ўсё ва ўнутраных праблемах, якія перажывала ордэнская дзяржава з канца XIV ст.[12] Маецца на ўвазе як ідэалагічны крызіс, так і ўнутраная апазіцыя да цэнтральных уладаў, што нарастала не толькі ў асяроддзі прускага мяшчанства, але і сярод саміх рыцараў. Невыпадкова нямецкі гісторык Я. Кара, схіляючыся да крайнасці, мінімалізаваў значэнне ваеннага паражэння. Ён сцвярджаў, што Прускі ордэн яшчэ да Грунвальдскай бітвы быў смяротна падточаны ўнутранымі супярэчнасцямі, таму, маўляў, сам разгром мала што змяніў: "раніцай 15 ліпеня 1410 г. Ордэн быў не намнога менш разбіты, чым вечарам таго ж дня" [13].

Неабходна адзначыць, што пры ўсёй велічнасці перамогі пад Грунвальдам, яе значэнне звычайна перабольшваецца, асабліва ў падручніках па гісторыі. Гэта характэрна не толькі для Беларусі, але яшчэ ў большай ступені для Літвы і Польшчы [14]. У беларускай гістарыяграфіі пашыраны тэзіс пра Грунвальд як "выратаванне ўсходніх славян ад агрэсіі крыжакоў", ад "вынішчэння і анямечвання беларускага народа"[15], які цяжка прызнаць навукова абгрунтаваным. У гэтай сувязі варта згадаць, што Грунвальдская перамога практычна не знайшла ніякіх значных водгукаў у беларуска-літоўскім летапісанні, калі не лічыць невялікага апісання бітвы ў "Хроніцы Быхаўца". Невыпадкова і ў даваеннай айчыннай гістарыяграфіі яна ацэньвалася куды больш стрымана, чым у апошнія дзесяцігоддзі.

Сапраўды, як ужо адзначалася вышэй, пазіцыі Нямецкага ордэна былі моцна аслаблены яшчэ да Грунвальдскай бітвы. Час ваенных манаска-рыцарскіх дзяржаў мінуў, а персанальная унія Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага вяла да змены балансу сіл ва Усходняй Еўропе на іх карысць. У 5-6 разоў саступаючы ім па колькасці насельніцтва, Нямецкі ордэн фактычна перастаў быць тым суб'ектам патэнцыяльнай агрэсіі для славян і літоўцаў, якім яго часта паказваюць, гіпербалізуючы значэнне Грунвальда. Да сапраўды радыкальных зменаў на карце Усходняй Еўропы, звязаных з разгромам рыцарскай дзяржавы, дайшло толькі ў далейшай перспектыве, бліжэйшыя ж вынікі перамогі аказаліся малазначнымі.©Матэрыял сайта "www.JiveBelarus.net"

Хоць пасля Грунвальдскай катастрофы Нямецкі ордэн і страціў сваё дамінуючае становішча ў Балтыйскім рэгіёне, ён не губляў надзеі на рэванш. Пруская ордэнская дзяржава ўсё яшчэ была дастаткова моцнай. Яе межы ахоплівалі землі Балтыйскага ўзбярэжжа ад Памор'я да літоўскай Палангі на поўначы і Торуні на поўдні. Ва ўладанні Мальбарка заставаліся польскія Хёлмінская зямля і Памор'е, а Жамойць і Судавы былі саступлены Вітаўту толькі на час яго жыцця. Маючы падтрымку Жыгімонта Люксембургскага, які, хоць у сакавіку 1410 г. таксама заключыў мір з Ягайлам, не пераставаў заклікаць да абароны Ордэна, ваяўнічы Генрых фон Плаўэн жывіў сябе надзеяй хуткага рэваншу. Тым больш, што і Інфлянты, аддзеленыя ад прускай дзяржавы саступленай па Торуньскім трактаце невялікай паласой жамойцкай зямлі, дэманстравалі цяпер больш салідарную пазіцыю, чым да Грунвальда. Таму, хоць у тэксце Торуньскага міру абодва бакі абяцалі ніколі больш не выступаць адзін супраць другога і не заключаць саюзу з непрыяцелямі, на справе яны не пераставалі рыхтавацца да вайны.

Крыніцы:

  • [1] Kuczyński S.M. Spór o Grunwald. S. 166-168.
  • [2] Długosz J. Roczniki... Ks. 10-11. S. 80.
  • [3] Krollmann С. Die Bauund Kunstdenkmaler des Ordensłandes Preussen in den Schadenbucher (1411/1419). Berlin, 1919. S. 10, 40-51; H.G. Die Schadenbucher des Deutschen Ordens // AF. H. 1/2. S. 143-145.
  • [4] SRP. Bd. 3. S. 321; GSA OBA. Reg. 1. N. 13135.
  • [5] Pakulski J. Nowe materiały numizmatyczne do sytuacji monetarnej Zakonu Krzyżackiego po klęsce Grunwaldzkiej // Ordines militares, II. S. 178-179.
  • [6] Burleigh M. Prussian Society and the German Order. An aristocratic corporation in crisis. 1410-1466. Cambridge University Press, 1984. P. 77f.
  • [7] Kuczyński S.M. Spór o Grunwald. S. 171.
  • [8] Nadolski A. Grunwald 1410. S. 136-137; Biskup M. Wojny Polski z Zakonem krzyżackim, 1308-1521. S. 85-86.
  • [9] Boockmann H. Der Deutsche Orden... S. 178.
  • [10] Paravicini W. Die Preussenreisen des europaischen Adels // HZ. Bd. 232 (1981). S. 25-38.
  • [11] Boockmann H. Der Deutsche Orden... S. 178; NadolskiA. Grunwald 1410. S. 41.
  • [12] Boockmann H. Der Deutsche Orden... S. 179-180.
  • [13] Caro J. Geschichte Polens. Th. 3. S. 332.
  • [14] Urban W. Tannenberg and after. S. 135.
  • [15] Падрабязней гл.: Сагановіч Г. Грунвальд у беларускай гістарыяграфіі // Беларускі гістарычны агляд. Т. 9 (2002). Сш. 1-2. С. 164-166.
Каментары чытачоў
Алехна напiсаў(ла) 26.11.2011 11:12
При Грюнвальде сражались 24 рыцаря из Геннегау и до 120 рыцарей из различных областей Франции. До наших дней дошли имена лишь нескольких гостей из Европы - дворянин из Нормандии Жан де Ферьер и сын пиккардийского сеньора дю Буа д'Аннеке сложили свои головы в этой битве, а вот шотландский бастард граф де Хемб счастливо вернулся домой (terra-teutonika.ru)
Алекс напiсаў(ла) 03.08.2012 11:54

С нашей стороны в битве под Грюнвальдом примали участие и жители Давыд-Городка.

В "Волынской краткой летописи" под 1383 годом упомянут городецкий князь Давыд Дмитриевич, о всей видимости, потомок основателя Давыд-городка Давыда Игоревича. Женой князя Давыда Дмитриевича была Мария, дочь великого князя Ольгерда. Митка, сын Давыда и Марии, стал князем городецким после смерти отца. Князь Митка принял участие в битве 15 июля 1410 года в составе пинской дружины.

Позднее он поддерживал Свидригайло, принявшего титул великого князя Русского, против Жигимонта кейстутовича, великого князя Литовского. После разгрома войск Свидригайло, Митка был выдан Жигимонту и убит (правда, есть сведения, что некий Митка Зубровицкий попал в плен к Жигимонту в декабре 1432 года.

А вот сам Свидригайло перед Великой войной с Орденом вел переписку с Ульрихом фон Юнингеном, которая была перехвачена Витовтом и вызвала его гнев. Он заточил Свидригайло в Кременецкий замок, где тот и провел 8 с половиной лет (до 1418 года).

Сваротвар напiсаў(ла) 02.10.2012 21:42
Тевтонский Орден территориально вассал МАЗОВЕЦКОГО КНЯЖЕСТВА.
 Ягайло занялся объединением страны ЛЯХОВ-собиранием земель.
 и Грюнвальд- это принуждение к вассалитету всего лишь

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.