Гаспадарчае развіццё ВКЛ (XIII — першая палова XVст.)

Асаблівасці феадальнай і сялянскай гаспадарак.

Утварэнне і станаўленне моцнай цэнтралізаванай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага, у склад якога ўвайшлі і беларускія землі, аказала станоўчы ўплыў на развіццё эканомікі Беларусі. У XIII - першай палове XV ст. на беларускіх землях працягваўся працэс фарміравання і ўсталявання феадальных адносін. Сацыяльна-эканамічнай асновай феадальнага грамадства з'яўлялася сельская гаспадарка. Разам з тым менавіта ў гэты час пачынае ўсё больш шырока развівацца таварная вытворчасць, рамяство, гандаль, што знайшло сваё адлюстраванне ў развіцці ўнутранага рынку і ва ўмацаванні гарадской гаспадаркі.

Вярхоўным уласнікам усёй зямлі ў ВКЛ у азначаны час з'яўляўся вялікі князь (гаспадар). Да сярэдзіны XV ст. у яго асабістую ўласнасць уваходзілі не толькі спадчынныя, але і дзяржаўныя землі, якія складалі так званы дамен, што ў сярэдзіне XVI ст. займаў амаль палову тэрыторыі дзяржавы [1]. Гаспадарскія ўладанні не толькі ўяўлялі сабой ворыўныя зямлі, але ўключалі іншыя сельскагаспадарчыя, а таксама лясныя ўгоддзі (гаспадарскія лясы і пушчы), дзе адбывалася нарыхтоўка драўніны, вытворчасць попелу, вугалю і інш.

За права палявання ў пушчах плацілася спецыяльная даніна. Мясцовае насельніцтва мела права паляваць і займацца рыбнай лоўляй у гаспадарскіх уладаннях толькі ў спецыяльна вызначаных месцах, названых у дакументах як "уступы" ці "ўваходы". У склад дзяржаўных уладанняў уключаліся таксама гарады і мястэчкі, што размяшчаліся на землях дамена. Некаторыя з іх былі буйнымі гандлёва-прамысловымі паселішчамі, жыхары якіх жылі выключна ці пераважна з гандлю і рамяства (Вільня, Берасце, Наваградак, Менск, Полацк, Віцебск). Насельніцтва іншых гарадскіх паселішчаў часта займалася рамяством і гандлем у якасці дадатку да земляробства [2]. Асноўныя прыбыткі з гаспадарскіх уладанняў ішлі ў дзяржаўны скарб, на патрэбы войска, утрыманне адміністрацыі і вялікакняскага двара. Натуральна, што развіццё гаспадаркі на дзяржаўных землях аказвала значны, а часта і рашаючы ўплыў на агульнаэканамічны стан краіны.

Акрамя таго, развівалася гаспадарка і ва ўладаннях свецкіх і духоўных феадалаў Беларусі [3]. Гэтыя ўладанні пастаянна пашыраліся і ў асноўным за кошт дзяржаўных зямель. Справа ў тым, што дамен з часоў утварэння ВКЛ стаў фондам для ўзнагароджвання вялікім князем феадалаў, якія мелі асабістыя заслугі перад дзяржавай ці гаспадаром. Гэтыя раздачы станавіліся з кожным годам усё больш значнымі, дастаткова вялікая колькасць зямлі з дзяржаўнага фонду пераходзіла ў сферу прыватнага землеўладання [4]. На думку Б. Грэкава, у XIII-XV ст. "на гэтых землях новыя землеўласнікі не мелі магчымасці і патрэбы заводзіць сваю гаспадарку, а задавольваліся аброкам з сялян" [5].

Толькі прыблізна з сярэдзіны XV ст. становішча стала мяняцца, і ў ВКЛ з'явіліся першыя феадальныя гаспадаркі, арыентаваныя на вытворчасць таварнай прадукцыі. Да гэтага ж часу асноўны ўпор у эканамічным развіцці краіны прыходзіўся на сялянскі двор. Сяляне, абавязаныя выплачваць феадальную рэнту ў той ці іншай форме (у асноўным даніну ці грашовую рэнту - чынш), вымушаны былі не толькі весці, але і па магчымасці пашыраць сваю гаспадарку, выходзіць са сваёй прадукцыяй на мясцовы рынак. Таму зразумела, што менавіта сялянская гаспадарка з'яўлялася адной з асноўных частак эканомікі краіны. Гэта натуральна і таму, што пры феадалізме абсалютную большасць насельніцтва складала сялянства, якое было і асноўнай вытворчай сілай грамадства.

Эканоміка сялянскай гаспадаркі ў гэты перыяд была заснавана ў першую чаргу на земляробстве, жывёлагадоўлі, хатнім рамястве. Дапаможнымі заняткамі было бортніцтва, паляванне, рыбалоўства. Асноўнай сельскагаспадарчай культурай заставалася жыта. Шырока былі распаўсюджаны таксама авёс, ячмень, проса, грэчка, лён, каноплі. Вырошчваліся рэпа, агуркі, морква, буракі, цыбуля, часнок, боб, гарох і інш.[6] Разам з земляробствам развівалася і жывёлагадоўля. Як у панскіх маёнтках, так і ў гаспадарках сялян утрымліваліся коні, каровы, свінні, козы, авечкі. З хатняй птушкі разводзілі курэй, гусей, качак. Колькасць кароў, асабліва ў панскіх гаспадарках, часта перавышала патрэбы гаспадаркі ў малаку. Найбольш верагодным тлумачэннем гэтага з'яўляецца ўтрыманне іх для вытворчасці ўгнаенняў.

Асноўнай цяглавай сілай былі коні і валы. Крыніцы выразна паказваюць першасную ролю земляробства ў сельскай гаспадарцы. Жывёлагадоўля была накіравана на вытворчасць прадуктаў харчавання для панскага маёнтка ці сялянскага двара і на абслугоўванне запатрабаванняў земляробчай галіны. Бортніцтва, рыбалоўства, лясныя промыслы ў гэты час складалі дадатковы занятак для сялян і, як правіла, яны імі займаліся ў вольны ад земляробства час.

Сельскае рамяство насіла ў асноўным хатні характар. У гэты час амаль кожны сялянскі двор выступаў як самастойны вытворчы калектыў, дзе вырабляліся ўсе неабходныя для гаспадаркі і жыцця рэчы. Выключэннем быў толькі выраб складаных прадметаў пераважна для сельскагаспадарчай вытворчасці. Таму спецыялізаванае сельскае рамяство ў гэты час прадстаўлялі ў асноўным рамёствы, што былі звязаны з вырабам прылад працы і жыццёва неабходных прадметаў: кавальскае, бондарскае, ганчарнае і інш.

Асноўныя фактары эканамічнага развіцця.

Гаспадарчая сістэма Вялікага Княства Літоўскага сфарміравалася не адразу. Яна складвалася паступова, на працягу доўгага часу і канчаткова аформілася, па выказванні М. Доўнар-Запольскага, "толькі ў праўленне двух апошніх Ягелонаў"[7] - Жыгімонта Старога (1506-1548) і Жыгімонта Аўгуста (1548-1572). Эканамічная арганізацыя ВКЛ не толькі стала вынікам сацыяльна-эканамічнай палітыкі яго кіраўніцтва (правядзенне якой станоўча ўплывала на развіццё гаспадаркі), але і ўвабрала ў сябе "разнастайныя праявы фінансавай дзейнасці дзяржавы больш ранняй эпохі" [8]. Калі беларускія землі ўвайшлі ў склад ВКЛ, новая дзяржава змагла карыстацца здаўна сфарміраваным эканамічным патэнцыялам некалькіх дзесяткаў развітых беларускіх гарадоў [9]. Сярод іх можна адзначыць Полацк, Віцебск, Менск, Барысаў, Копысь, Слуцк, Лагойск, Невель, Дуброўну, Оршу, Наваградак, Гародню, Ваўкавыск, Слонім, Ліду, Здзітаў, Кобрын, Драгічын, Пінск, Давыд-Гарадок, Берасце, Мазыр і інш. [10]

Сапраўды, нельга недаацэньваць уклад у гаспадарчае развіццё ВКЛ, напрыклад, тэрыторый былога Полацкага княства. Вядома, што да XIII ст. Полацк быў горадам высокага ўзроўню развіцця рамяства, цэнтрам мясцовага рынку і актыўным удзельнікам міжнароднага гандлю [11]. Полацкая зямля са сваёй сталіцай Полацкам, які быў магутным эканамічным, палітычным і культурным цэнтрам, шмат садзейнічала ўзнікненню гаспадарчага і культурнага адзінства гэтых зямель і стварэнню перадумоў для фарміравання беларускай народнасці [12]. Так, вядомы дагаворныя граматы XIII ст. полацкіх князёў з Інфлянцкім ордэнам і Рыгай аб свабодзе гандлю. Напрыклад, грамата 1263 г. абвяшчала: "Верху того, немечькому гостю в Полочькую волно ехат/и/ торго/ват/и, купити и продат/и/. Тако ж полочаном и вициблянину волн/о/ гостити в Ригу и на Готьскы берег" [13]. Шмат унеслі ў станаўленне гаспадаркі ВКЛ і іншыя беларускія гарады і землі: Віцебск, Менск, Гародня, Берасце, Пінск і г.д.

На гаспадарчае развіццё, несумненна, аказвала ўплыў і палітычнае становішча пэўных рэгіёнаў у агульнай сацыяльна-палітычнай сістэме ВКЛ. Так, Віцебская і Полацкая землі, якія ўвайшлі ў ВКЛ на аснове спецыяльных дагавораў, пэўны час уяўлялі сабой не толькі асобныя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя, але і гаспадарчыя адзінкі, якія самі вызначалі для сябе гандлёвыя і эканамічныя прыярытэты. У XIV-XV ст. асабліва моцнай была сувязь Віцебска і Полацка з Псковам і Ноўгарадам на паўночным усходзе і з Рыгай на паўднёвым захадзе [14]. Найбольш актыўна гандлёвыя сувязі гарадоў поўначы Беларусі з рускімі гарадамі развіваліся ў канцы XIV - пачатку XV ст. і сярэдзіне 40-х гг. XV ст.[15] Гэта несумненна сведчыць аб даволі значным развіцці эканомікі ў дадзеным рэгіёне Беларусі. Сведчаннем гандлёвых сувязей з'яўляецца і берасцяная грамата XIII-XIV ст., знойдзеная ў Віцебску: "Ад Сцяпана к Няжылу. Калі ты прадаў адзенне, то купі мне жыта на 6 грыўняў. А калі чаго не прадаў, то прышлі мне ў наяўнасці. Калі ж прадаў, то, дабрадзей мой, купі жыта"[16]. Пасля ўваходжання Полацкай і Віцебскай зямель у склад ВКЛ урад не толькі не імкнуўся прыпыніць іх замежны гандаль, а наадварот, стараўся падтрымаць і ўмацаваць ранейшыя гандлёвыя сувязі. Напрыклад, у 1338 г. у мірным дагаворы паміж ВКЛ і Інфлянцкім ордэнам спецыяльна падкрэслівалася, што "Дзвіна павінна быць свабоднай для кожнага купца, ці будзе ён хрысціянін, ці паганін"[17].

Захоп крыжакамі вусцяў Нёмана і Заходняй Дзвіны, ваенныя дзеянні на заходнім напрамку, усталяванне татарамі кантролю над паўднёвымі гандлёвымі шляхамі, як і напружанае змаганне за першынство з Маскоўскай дзяржавай (што звязана з паходамі Альгерда на Маскву ў 1368, 1370 і 1372 гг.), крыху прыпыніла знешнеэканамічныя кантакты Вялікага Княства. Але гэты працэс меў і адваротны бок: абмежаванне знешняга гандлю1 ўскосным чынам станоўча паўплывала на развіццё ўнутранага рынку, перш за ўсё на ўмацаванне лакальных (рэгіянальных) зносін. Тлумачыцца гэта ў першую чаргу тым, што да сярэдзіны XV ст. многія землі (былыя ўдзельныя княствы) у гаспадарчым сэнсе ўяўлялі сабой даволі самастойныя адзінкі, а працэс развіЦця таварна-грашовых адносін, які тут ужо распачаўся, патрабаваў пашырэння рынкавых сувязей.

Да сярэдзіны XV ст. выразна праяўляюцца своеасаблівасці эканамічнага развіцця некаторых рэгіёнаў Беларусі. У першую чаргу гэта датычыць рэгіёнаў Падзвіння і Панямоння, дзе як горад, так і вёска здаўна былі звязаны са знешнім рынкам. Ст. Александровіч адзначае, што гандлёвыя кантакты з Рыгай водным шляхам праз Дзвіну спрыялі працэсам гаспадарчага развіцця ў некаторых старых гарадах ВКЛ над Дзвіной і Дняпром: Полацку, Віцебску і Смаленску [18]. Гародня і рэгіён таксама мелі выхад да Балтыйскага мора праз Нёман. Даследчыкі адзначалі, што склад выяўленых тут сельскагаспадарчых раслін дазваляе меркаваць аб высокай культуры земляробства [19].

Падняпроўе і Палессе былі менш шчыльна заселенымі, выраблялі сельскагаспадарчую прадукцыю ў асноўным для ўласнага ўжытку і выплаты даніны і, такім чынам, былі менш звязанымі не толькі са знешнім, але і з унутраным рынкам. Аднак нельга пагадзіцца з меркаваннем У. Пічэты аб тым, што земляробства на тэрыторыі Беларусі да канца XIV ст. найбольшае распаўсюджванне атрымала ў заходніх рэгіёнах як больш заселеных, "тады як Прыдзвінскія і Прыдняпроўскія воласці былі краінай прамысловай гаспадаркі"[20]. Апошнія даследаванні паказваюць дастаткова высокі ўзровень развіцця сельскай гаспадаркі ў Падзвінні [21]. Значны працэнт збожжа ў складзе феадальнай рэнты сялян-даннікаў гаспадарскіх Падняпроўскіх валасцей таксама сведчыць, на наш погляд, пра інтэнсіўнае развіццё сельскай гаспадаркі мясцовага сялянства.

Феадальная гаспадарка не дасягнула тут такога ўзроўню, як на захадзе і ў цэнтры Беларусі, у першую чаргу з прычыны аддаленасці ад еўрапейскіх рынкаў і цяжкасці вывазу сельскагаспадарчай прадукцыі. Другая, не менш важная прычына гэтага - наяўнасць на памежжы з Маскоўскай дзяржавай вялікай колькасці ваенных гарнізонаў, на ўтрыманне якіх увесь час патрабавалася значная колькасць збожжа, аўса, іншай сельскагаспадарчай прадукцыі. Пастаўлялі яе менавіта падняпроўскія сяляне-даннікі. Калі б сельскагаспадарчая вытворчасць была тут недастаткова развітай, то хлеб і авёс прыйшлося б завозіць сюды з іншых рэгіёнаў. Дастаткова развітым эканамічным раёнам было і Падляшша [22].

Складванне ў ВКЛ агульнадзяржаўнага рынку.

З умацаваннем і паступовай цэнтралізацыяй дзяржавы, прыблізна з канца XIV - пачатку XV ст., не толькі пачынаюць развівацца лакальныя, рэгіянальныя рынкі, але фарміруецца агульнадзяржаўны ўнутраны рынак ВКЛ. У гарадах і мястэчках рэгулярнымі сталі кірмашы. Яны прыцягвалі не толькі мясцовых гандляроў, але таксама купцоў з замежжа. Ізноў жа, унутраны рынак не ўзнікаў з нічога, а засноўваўся на ранейшых традыцыях міжгарадскога і міжрэгіянальнага гандлю, але цяпер ён усё часцей знаходзіў юрыдычную падтрымку дзяржавы, у першую чаргу ў дачыненні да гарадоў, якія атрымлівалі права на самакіраванне. У. Пашута звярнуў увагу на тое, што калі вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч ў 1432 г. дараваў віленскім гараджанам свабоду гандлю, то адзначыў, што месцічы карысталіся правам свабоднага гандлю здаўна, і згадаў гарады, з якімі вяла гандаль Вільня: Коўна, Наваградак, Менск, Луцк, Берасце, Кіеў, Смаленск ды інш.[23]

Больш дакладна спасылаўся на даўніну вялікі князь Казімір, калі даваў у 1440 г. тым жа віленскім мяшчанам, каталікам і русінам, якія знаходзіліся "пад правам магдэбургскім", вызваленне "ад плачэння мыта ва ўсім Княстве Літоўскім і ў Русі згодна з адвечнымі звычаямі, зацверджанымі яшчэ продкамі вялікага князя: дзедам Альгердам, некалі вялікім князем літоўскім будучым, і бацькам Уладзіславам, каралём польскім, які тады быў і князем Літвы"[24]. Гэта сведчыць, што ўжо ў XIV ст. ішло актыўнае фарміраванне ўнутранага рынку і дзяржава падтрымлівала гэты працэс шляхам адмены ў першую чаргу мытных збораў для найбольш эканамічна развітых цэнтраў.

Сведчаннем умацавання ўнутранага рынку з'яўляецца развіццё таварна-грашовых адносін, пашырэнне грашовага абарачэння. Практыка паказвае, што менавіта грошы звязваюць геаграфічную прастору, ператвараючы яе ў эканамічную. Пры княжанні вялікага князя Кейстута (1345-1382) пачынаецца эмісія ўласных грошай ВКЛ, так званых літоўскіх дынараў. У XIV-XV ст. на тэрыторыі ВКЛ шырокае распаўсюджанне атрымаў пражскі грош, які склаў аснову грашовага абарачэння дзяржавы і за яе межамі нават стаў вядомы як літоўскі грош (манета з такой назвай пачала выпускацца толькі ў канцы XV - пачатку XVI ст.)[25].

Той факт, што ў ВКЛ у канцы XIV ст. быў уведзены спецыяльны грашовы падатак на войска - сярэбшчына таксама сведчыць пра даволі шырокае развіццё ўнутранага рынку, распаўсюджанне таварна-грашовых адносін і ўцягванне ў іх шырокіх колаў насельніцтва, у тым ліку сялянства.

Наданне гарадам права на самакіраванне, так званага магдэбургскага права - таксама сведчанне іх эканамічнага росту, ператварэння ў развітыя цэнтры эканамічнай вытворчасці і рэгіянальныя цэнтры гандлю. Важнымі элементамі магдэбургскага права былі льготы ў падаткаабкладанні, арганізацыі рамеснай і гандлёвай дзейнасці. Гэты прадэс пачаўся з канца XIV ст., у час, калі стала даваць першыя вынікі палітыка цэнтралізацыі дзяржавы. Першай грамату на самакіраванне атрымала Вільня (1387), потым Гародня (1391), Слуцк (1441). Гарады з магдэбургскім правам не толькі набывалі статус самастойнасці ў судова-адміністрацыйных справах, але станавілася для дзяржавы самастойнымі фінансава-гаспадарчымі адзінкамі. Значная частка прыбыткаў ад гаспадарчай дзейнасці гараджан заставалася непасрэдна ў скарбніцы гарадоў з магдэбургскім правам. Таму магістраты шмат чаго рабілі для падтрымкі рамяства і гандлю. Менавіта ў магдэбургскіх гарадах з'явіліся першыя спецыялізаваныя арганізацыі рамеснікаў, якія пазней ператварыліся ў цэхі.

На падтрымку гараджан, на развіццё гарадскога рамяства ішла і дзяржава. Насельніцтва найбольш эканамічна развітых гарадоў, такіх як Вільня, Полацк, Наваградак, Менск, было вызвалена ад ранейшых сумесных з воласцю цяглых і іншых павіннасцей [26]. Гэта сведчыла, што дзяржаўная ўлада ўжо зразумела як адрозненне ў эканамічным становішчы і арганізацыі жыцця паміж вёскай і горадам, так і важнасць працы мяшчан (рамеснікаў, гандляроў, купцоў) і таму дала жыхарам некаторых гарадоў магчымасць займацца толькі сваёй прафесійнай дзейнасцю. Такі быў пачатак тэндэнцыі, якая з XVI ст. стала правілам для мяшчанства гарадоў з магдэбургскім правам. Развіваліся рамяство і гандаль таксама ў прыватных і царкоўных гарадах і мястэчках. Не ў апошнюю чаргу гэтаму спрыяў уласнік, які таксама разлічваў на павелічэнне прыбытку.

Дастаткова шырока, асабліва з другой паловы XIV ст., развіваўся гандаль з замежжам. Вядома, што Полацкая і Віцебская землі здаўна вялі гандаль з Ноўгарадам, Псковам, іншымі паўночна-ўсходнімі тэрыторыямі. На мясцовыя рынкі таксама прыбывалі шматлікія замежныя купцы з Маскоўскай дзяржавы, Польшчы, Прыбалтыкі, Малдавіі, Чэхіі, Венгрыі, Германіі, Турцыі і іншых зямель [27]. Праўда, як ужо адзначалася, у папярэдні час з прычыны засілля крыжакаў і перакрыцця мангола-татарамі паўднёвых гандлёвых шляхоў сувязі як з Захадам, так і з Усходам крыху скараціліся. У далейшым аслабленне засілля крыжакаў на берагах Балтыйскага мора і аднаўленне гандлёвых адносін з Заходняй Еўропай мела велізарны ўплыў на гаспадарчае развіццё беларускіх зямель, асабліва размешчаных у басейне Нёмана [28].

Умацоўваліся гандлёвыя сувязі і з Усходам. Напрыклад, гандлёвыя сувязі купцоў ВКЛ з Ноўгарадам да першай чвэрці XV ст. настолькі ўмацаваліся, што вялікі князь Свідрыгайла змог заключыць з Ноўгарадам дагавор, па якім купцы з ВКЛ мелі тут вялікія гандлёвыя перавагі [29]. Пасля падаўлення Масквой незалежнасці Ноўгарада стаў больш актыўна разгортвацца гандаль з Масквой. Для маскоўскіх купцоў у Вільні быў пабудаваны спецыяльны гасціны двор [30]. Вывозілася дрэва, паташ, скуры, мёд, іншыя тавары. Асноўнымі прадметамі ўвозу былі воск, смала, сала, хмель, соль, медзь, волава, тканіна, віно [31].

Такім чынам, уваходжанне беларускіх зямель у склад Вялікага Княства Літоўскага, вынікам чаго стала ліквідацыя феадальнай раздробленасці і цэнтралізатарская дзяржаўная дзейнасць як у палітычнай, так і сацыяльна-эканамічнай сферы, прывяло да станоўчых зрухаў у іх гаспадарчым-развіцці. Да канца XIV - пачатку XV ст. эканоміка ВКЛ пры актыўнай падтрымцы дзяржавы выйшла на новы ўзровень развіцця, які знайшоў сваё найбольшае выяўленне ў станаўленні ўнутранага рынку, пашырэнні таварна-грашовых адносін, пачатку актыўнага ўключэння гаспадаркі Беларусі ў сферу еўрапейскіх гандлёва-эканамічных дачыненняў. Стабілізацыя ўнутранага жыцця краіны, імкненне да правядзення адзінай гаспадарчай палітыкі на ўсёй тэрыторыі, пашырэнне ўнутранага рынку рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі і з'яўленне перспектывы вывазу яе на знешні рынак несумненна стымулявала вытворчасць у аграрным і іншых сектарах эканомікі краіны.

Ужо з пачатку XV ст. назіраецца нарастанне тэндэнцый, якія хутка сталі выразнымі паказчыкамі развіцця эканомікі: 1) рост буйнога землеўладання (вялікія феадальныя гаспадаркі, як паказваюць крыніцы, значна хутчэй пераходзілі да вытворчасці таварнай прадукцыі); 2) пашырэнне плошчы ворнай зямлі ў выніку распрацоўкі лясоў, а таксама ў выніку павелічэння колькасці сельскага насельніцтва (рост насельніцтва - адзін з найважнейшых паказчыкаў стабільнасці эканамічнага развіцця); 3) паляпшэнне магчымасцей збыту за мяжу прадукцыі сельскай і лясной гаспадаркі [32].

Падагульняючы сказанае, можна таксама адзначыць, што ў XIII - першай палове XV ст. аснову эканомікі Беларусі складала сельская гаспадарка. Сельскагаспадарчая вытворчасць яшчэ не набыла таварнага характеру, таму асноўны цяжар у эканамічным развіцці прыпадаў на сялянскую гаспадарку. Разам з цэнтралізацыяй краіны ішло станаўленне ўласнай грашовай сістэмы. З пашырэннем вытворчасці развіваўся і гандаль з замежжам. Важную ролю ў гаспадарчым развіцці краіны адыгрывалі гарады і мястэчкі, а сярод іх - гарады з магдэбургскім правам. Рамесная вытворчасць развівалася пераважна ў гарадах. Сельскае насельніцтва ў разгляданы перыяд у большасці само забяспечвала сябе неабходнай рамесніцкай прадукцыяй: рамяство насіла ў асноўным хатні характар. Да сярэдзіны XV ст. развіццё таварна-грашовых адносін, пашырэнне сувязей з Еўропай, дзе рос попыт на прадукцыю сельскай гаспадаркі, выклікала сярод пануючага класа разуменне неабходнасці рэарганізацыі ўласных маёнткаў для вырабу прадукцыі на продаж. Пастаяннай тэндэнцыяй гэта стала ў другой палове XV-XVI ст.

Крыніцы:

  • [1] Похилевич Д.Л. Статус домена Великого князя Литовского и его населения в XV- XVI вв. // Тезисы докладов и сообщений XV сессии межреспубликанского симпозиума по аграрной истории Восточной Европы. М., 1974. С. 52.
  • [2] Любавский М.Е. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. С. 107.
  • [3] Гісторыя сялянства Беларусі. Т. 1. Мн., 1997. С. 56.
  • [4] Пичета В.И. История сельского хозяйства и землевладения в Белоруссии. Ч. 1 (до конца XVI века). Мн., 1928. С. 50.
  • [5] Греков БД. Крестьяне Руси с древнейших времен до XVII века. М.; Л., 1946. С. 435.
  • [6] Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1996. С. 82-83.
  • [7] Довнар-Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев, 1901. С. 1.
  • [8] Там жа. С. 2.
  • [9] Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. М., 1959. С. 269.
  • [10] Там жа. С. 268.
  • [11] Штыхов Г.В., Лысенко П.Ф. Древнейшие города Белоруссии. Мн., 1966. С. 16-20.
  • [12] Там жа. С. 26.
  • [13] Вішнеўскі А.Ф., Юхо Я.А. Гісторыя дзяржавы i права Беларусі ў дакументах i матэрыялах. Мн., 1998. С. 24-25.
  • [14] Левко О.Н. Торговые связи Витебска в X-XVIII вв. Мн., 1989. С. 18.
  • [15] Там жа.
  • [16] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 2. Мн., 1994. С. 19.
  • [17] Вішнеўскі А.Ф, Юхо Я.А. Гісторыя дзяржавы i права Беларусі ў дакументах i матэрыялах. С. 32.
  • [18] Aleksandrowicz St. Gospodarcze, prawne i etniczne osobliwości sieci miejskiej ziem Wielkiego Księstwa Litewskiego w XVT-XVII w. // Miasto i kultura ludowa w dziejach Białorusi, Litwy, Polski i Ukrainy. Kraków, 1996. S. 62.
  • [19] Пашуто B.T. Образование Литовского государства. С. 269.
  • [20] Пичета В.И. История сельского хозяйства и землевладения в Белоруссии. Ч. 1. С. 39.
  • [21] Спиридонов М.Ф. Закрепощение крестьянства Беларуси (XV-XVIII вв.). Мн., 1993. С. 54-55.
  • [22] Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. С. 269.
  • [23] Там жа. С. 268.
  • [24] Skarbiec diplomatów papeżkich, cesarskich, królewskich ... / Sebrał i w treści opisał J. Daniłłowicz. T. 2. Wilno, 1862. S. 173.
  • [25] Рябцевич В.Т. О чем рассказывают монеты. Мн., 1977. С. 92-94.
  • [26] Любавский М.К. Очерк истори:: Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. С. 138-139.
  • [27] Рябцевич В.Т. О чем рассказывают монеты. С. 91.
  • [28] Пичета В.И. История сельского хозяйства и землевладения в Белоруссии. Ч. 1. С. 33.
  • [29] Пичета В.И. Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. М., 1958. С. 39.
  • [30] Там жа. С. 40.
  • [31] Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. С. 282-283.
  • [32] Łowmiański Н. Studia nad dziejami Wielkego Księstwa Litewskiego. Poznań, 1983. S. 424.
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.