Роля беларускіх зямель ва ўтварэнні і ўмацаванні ВКЛ

Беларусь і Літва ў другой палове XIII ст.

З самага пачатку свайго існавання ВКЛ было двухэтнічнай дзяржавай, у якой землі сучаснай Беларусі займалі значную частку тэрыторыі, а іх насельніцтва адыгрывала істотную ролю ў дзяржаваўтваральных працэсах. Літоўскі князь Міндоўг канчаткова дасягнуў аднаасобнай улады ў сваёй радавой вотчыне ("Літоўскай зямлі" ў вузкім сэнсе) толькі пасля таго, як атрымаў кантроль над княствамі Беларускага Панямоння. Вельмі верагодна, што менавіта баярскія дружыны Наваградка, Гародні і іншых гарадоў, якія прызналі Міндоўга сюзерэнам, далі яму магчымасць здзейсніць цэнтралізатарскія памкненні і захапіць вотчыны бліжэйшых родзічаў і васалаў (пляменнікаў Таўцівіла і Эрдзівіда) [1].

Наколькі можна меркаваць на падставе ўрывачных звестак, для Міндоўга этнічныя пытанні не адыгрывалі вызначальнай ролі пры ўмацаванні ўлады. У аўтэнтычных і падробленых граматах Міндоўга, выдадзеных ім Тэўтонскаму ордэну з 1253 па 1260 г., у якасці сведкаў выступаюць яго родзічы і "бароны" з выключна літоўскімі імёнамі [2], але з Валынскага летапісу вядома, што яго ваяводам быў Хвал, які "велико убиство творяше земле Черниговскои". Мяркуючы па імені, ён быў, верагодна, русінам. Іншым ваяводам Міндоўга і, напэўна, бліжэйшым дарадцам быў рускі князь альбо баярын Яўстафій Канстанцінавіч "окаянный и беззаконный, бе бо збегл из Рязаня" [3]. Не выключана, што ў раду Міндоўга ўваходзілі і мясцовыя наваградскія баяры, хоць непасрэдных звестак пра гэта няма. Затое вядома, што пры Таўцівіле ў бытнасць яго полацкім князем важную ролю адыгрываў мясцовы баярын, які выдаў яго намеры ("пронесе думу") саперніку князю Траняце, што і стала прычынай гібелі Таўцівіла [4].

Не выклікае сумненняў вызначальная роля, якую адыграла баярства беларускіх княстваў у прыходзе да ўлады сына Міндоўга - Войшалка. Пасля забойства бацькі ён знайшоў прытулак і дапамогу ў Пінску. Менавіта мясцовы князь даў яму войска, з якім Войшалк заняў Наваградак і сабраў там прыхільнікаў бацькі, каб з імі падпарадкаваць "Літоўскую зямлю". У далейшым, пры прывядзенні да паслушэнства Нальшчанскай і Дзевалтоўскай зямель, істотную ролю адыграла дапамога з боку галіцкага князя Шварна Данілавіча [5] (якому Войшалк пазней і перадаў уладу), але без дружын панямонскіх гарадоў, напэўна, таксама не абышлося. У "Ліфляндскай рыфмаванай хроніцы" прыгадваецца ўдзел рускіх і ў дзеяннях Войшалка супраць Тэўтонскага ордэна, якія дазволілі яму захаваць кантроль над спрэчнымі жамойцкімі тэрыторыямі. Там жа адзначаецца, што пасля перамогі Войшалк "даў волю хрысціянам у Літве" [6].

Бясспрэчна, што рукамі Войшалка галіцка-валынскія князі дасягалі ўласных палітычных інтарэсаў, у тым ліку падпарадкавання яго дзяржавы сваёй уладзе. Аднак у разлікі жыхароў Беларускага Панямоння зусім не ўваходзіла ўключэнне іх зямель у склад Галіцка-Валынскага княства, залежнага ад Залатой Арды. Аказваючы падтрымку Міндоўгу і Войшалку, яны шукалі сваёй уласнай выгады. Аб трываласці гэтай падтрымкі сведчаць ускосныя, але вельмі красамоўныя факты: нягледзячы на ваенныя і палітычныя поспехі галіцка-валынскіх князёў, якія ў 1250-я гг. тройчы захоплівалі Панямонне, а пасля адрачэння Войшалка ўвогуле падначалілі ўсе яго ўладанні, сувязь Наваградскай зямлі з Літвой захавалася. Нават больш, гарады Панямоння не адасобіліся ад Літвы і пры Трайдзене, якога валынскі летапісец малюе ворагам хрысціян. Падчас яго панавання галіцка-татарскае войска таксама двойчы штурмавала Наваградак і Гародню. Калі б мясцовае насельніцтва лічыла Трайдзена ворагам і захопнікам, гэта быў бы вельмі зручны момант, каб выйсці з-пад яго ўлады. Такога, аднак, не адбылося, і няма падстаў лічыць, што панямонскія гарады ад валынян баранілі выключна літоўскія гарнізоны, а не самі жыхары.©Матэрыял сайта "JiveBelarus.net"

Аб сумесным змаганні рускіх і літвінаў супраць крыжакаў ёсць непасрэдныя звесткі ў хроніцы Пятра з Дусбурга. Калі ў 1296 г. Набег тэўтонскіх рыцараў дасягнуў Гародні, у сутычцы з імі ўдзельнічаў рыцар-"рутэн" (трэба меркаваць, мясцовы гарадзенскі баярын) [7]. Гэты ж храніст прыводзіць яшчэ адзін красамоўны выпадак: калі ў 1305 г. крыжацкае войска знянацку ўварвалася ў Літву, супраць яго выступіў сам вялікі князь Віцень са сваімі дарадцамі, якія якраз былі скліканы на "раду альбо парламент". Адзін з іх што загінуў у паядынку з нямецкім рыцарам, таксама аказаўся "рутэнам" [8]. Гэта сведчыць, што беларускія баяры ўваходзілі не толькі ў войска, але і ў раду Віценя.

Крыніцы:

  • [1] ПСРЛ. T. 2. M., 1962. Ст. 815.
  • [2] Preussisches Urkundenbuch. В. 1. Halfte 2 / Ed. A. Seraphim. N. 39, 40, 79, 105; Liv-, Est- und Curlandisches Urkundenbuch... Bd. 2. N. 286, 287, 363.
  • [3] ПСРЛ. T. 2. Ст. 840, 855.
  • [4] ПСРЛ. Т. 2. Ст. 862.
  • [5] Там жа. Ст. 861-863.
  • [6] Livlandische Reimchronik... P. 164-165.
  • [7] Петр из Дусбурга. Хроника земли Прусской. С. 155.
  • [8] Там жа. С. 164.
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.