Унутраная палітыка ВКЛ (XIV - сярэдзіна XV ст.)

Узнікненне "рускага" пытання, выкарыстанне яго ва ўнутрыпалітычных канфліктах.

Апошнія дзесяцігоддзі XIV - пачатак XV ст. сталі асобным, супярэчлівым, насычаным падзеямі этапам ва ўнутраным жыцці Вялікага Княства Літоўскага і Рускага. Ён прынёс здабыткі, што ўвасобіліся ва ўмацаванні цэнтральнай улады. Спарадзіў ён і супярэчнасці, што ўзніклі ў форме так званага "рускага" пытання, якое прыйшлося вырашаць на працягу ўсяго наступнага стагоддзя і нават пазней.

Да канца XIV ст. Вялікае Княства Літоўскае ўяўляла сабою федэратыўнае дзяржаўнае ўтварэнне, дзе вакол ядра ("уласна Літва"), аб'ядноўваліся "земли прислухаючие". Пад Літвой разумелася верхняе і сярэдняе Панямонне, Павілле, якія стаялі ля дзяржаўных вытокаў Вялікага Княства, а таксама Берасцейшына, Меншчына, Палессе. Да "прислухаючих" адносіліся "рускія" тэрыторыі Заходняга Падзвіння (Полацкая і Віцебская землі), Падняпроўя, Смаленшчыны і Кіеўшчыны, Валыні, Падолле, пазней Жамойць, што далучыліся да Княства ў XIV - пачатку XV ст. "Руские" княскія роды Рурыкавічаў захоўвалі ў сваёй большасці ўладу, палітычную сістэму, культурна-рэлігійныя традыцыі ў сваіх землях, аказваючыся пры гэтым толькі ў васальнай залежнасці ад вялікага князя літоўскага. Падобнае становішча іх задавальняла, не спараджала ўнутрыдзяржаўных канфліктаў. Нават больш, прадстаўнікі вялікакняскай фаміліі, атрымліваючы ва ўладанні "руские" землі, часцяком прымалі праваслаўе і "абрушчваліся". Прыкладам таму можа служыць пінскі князь, сын Гедыміна Нарымунт і яго сыны [1].

Дынастычная барацьба другой паловы 70-х - першай паловы 80-х гг. XIV ст. з умяшаннем у яе знешніх сіл прывяла да акаталічвання язычніцкай Літвы і да паглыблення рэлігійных супярэчнасцей у шматэтнічным, полірэлігійным гаспадарстве.

Першай ластаўкай будучых канфліктаў на антыпольскай, антыкаталіцкай глебе стаў выступ у 1386 г. супраць вялікага князя літоўскага і ў хуткім часе караля польскага Ягайлы яго старэйшага брата Андрэя Альгердавіча, князя Полацкага. У лютым 1386 г. Андрэй (гэта яго права слаўнае імя, язычніцкае ж - Вінгальт) пачаў ваенныя дзеянні, падначаліўшы сваёй уладзе гарады і замкі Дрысу, Друю, Лукомль. Яго верны саюзнік смаленскі князь Святаслаў Іванавіч узяў у аблогу Мсціслаў, які раней належаў Смаленскаму княству, а таксама Віцебск і Оршу [2]. Пасля каранацыі на Люблінскім сейме 1386 г. Ягайлы і прыняцця ім каталіцтва Андрэй Полацкі адмовіўся прысягаць польскаму каралю і вялікаму князю літоўскаму, матывуючы свае дзеянні немагчымасцю манарха-каталіка валадарыць на праваслаўных землях [3].

Гэткая пазіцыя і адкрытае ваеннае выступленне не маглі не прывесці да ўнутранага канфлікту. Першы ўдар аб'яднанага войска Альгердавічаў - Скіргайлы (практычна намесніка Ягайлы ў Вялікім Княстве Літоўскім), Дзмітрыя Карыбута, Сымона Лугвена - быў нанесены па смаленскіх рацях, якія на працягу ўжо дзесяці дзён здабывалі Мсціслаў. Бітва паміж імі адбылася 29 красавіка 1386 г. на рацэ Віхры пад Мсціславам і закончылася паражэннем смалян: "И побито было многое множество людей князей и бояр", - адзначыў летапіс[4]. Быў забіты смаленскі князь Святаслаў Іванавіч, а на яго месца пасаджаны стаўленік Скіргайлы Юры Святаславіч [5].

Праз год - у сакавіку 1387 г. - быў арганізаваны вялікі паход князя Скіргайлы на Полацк. Закончыўся ён узяццем горада; полацкі князь Андрэй быў паланёны і адпраўлены да Ягайлы, а яго бліжэйшыя спадзвіжнікі, у тым ліку сын, - забіты. Граматай ад 28 красавіка 1387 г. Ягайла афіцыйна перадаў Полацкае княства разам з іншымі вялікакняскімі землямі пад уладу брату Скіргайлё [6].

Увогуле 1387 год можна лічыць годам змянення сацыяльна-прававога становішча беларускіх зямель у Вялікім Княстве Літоўскім і Рускім. Грамата "караля польскага, вялікага князя літоўскага і спадкаемца Русі" (так Уладзіслава Ягайлу называлі афіцыйныя дакументы) ад 20 лютага 1387 г. аб прывілеях феадалам за пераход у каталіцкую веру была непасрэдным спараджальнікам "руской" праблемы ў Вялікім Княстве. Паводле вышэйназванай граматы знаць каталіцкага веравызнання, якая ў большасці была балцкага паходжання, атрымлівала неабмежаваныя правы валодання і распараджэння сваімі вотчынамі, а таксама вызвалялася ад выканання шэрага дзяржаўных павіннасцей. На праваслаўных землеўладальнікаў, што вялі сваю радаслоўную з "руских" (сённяшніх беларускіх, украінскіх, часткова велікарускіх), а некаторыя і з гістарычна літоўскіх зямель, гэты прывілей не распаўсюджваўся [7].

Натуральна, такі дыскрымінацыйны для значнай колькасці арыстакратыі Вялікага Княства Літоўскага і Рускага акт выклікаў у іх асяродку рэзкае незадавальненне. Апошняй падзеяй, якая абвастрыла да крайняй мяжы антыягайлаўскія настроі і мабілізавала ў антыпольскі лагер нават некаторых прадстаўнікоў наваяўленай каталіцкай знаці, стала прызначэнне ў канцы 1389 г. на месца віленскага старосты паляка. Рэакцыя, якую зафіксаваў летапіс, была красамоўная:

"... таго перад тым не бывало в земли литовской, чужинец владеет Великим княжеством" [8].

Неспрыяльныя для Ягайлы абставіны ўдала выкарыстаў даўні апанент караля польскага і вялікага князя літоўскага, яго стрыечны брат Вітаўт. Напачатку 90-х гг. XIV ст. ён выступіў з праграмай стварэння самастойнага вялікакняскага гаспадарства, якое б супрацьстаяла, з аднаго боку, Польшчы, а з другога - Маскве [9]. Унутры дзяржавы для ажыццяўлення сваёй праграмы Вітаўт узяў у саюзнікі апазіцыйную польска-каталіцкай экспансіі знаць, за межамі Вялікага Княства - крыжацкі Ордэн, якому былі выгадныя як пагаршэнне адносін паміж Княствам і Польскім Каралеўствам, так і ўнутраныя канфлікты ў суседнім гаспадарстве.

Скарыстаўшы момант, калі князь Скіргайла, што быў галоўнай апорай Ягайлы ў Вялікім Княстве Літоўскім, пакінуў Вільню і накіраваўся ў Полацк, Вітаўт запрасіў да сябе многіх князёў і баяр з усіх зямель дзяржавы і пачаў агітацыю супраць чужаземнага засілля ў Вялікім Княстве Літоўскім. Агітацыя закончылася ўсезгоднай пастановай адваяваць для літвінаў Вільню. Князі і баяры - антыягайлаўская апазіцыя - раз'ехаліся для падрыхтоўкі выканання прынятага рашэння.

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі імгненна зрэагаваў на арганізаваны Вітаўтам мяцеж і ўжо ў лютым 1390 г. павёў польскія войскі на Берасце, Камянец і Гародню - умацаваныя апорныя пункты Вітаўта. Пачалося ўпартае ваеннае супрацьстаянне. Пасля дастаткова доўгай аблогі Берасце і Камянец скарыліся польскім аддзелам. Найдаўжэй трымалася Гародня. Але на дапамогу Ягайлу прыйшлі атрады Скіргайлы, Уладзіміра і Карыбута Альгердавічаў. У красавіку 1390 г. і гэтая цвярдыня пала [10].

Вітаўту нічога не заставалася, як ратавацца ўцёкамі да сваіх саюзнікаў у Ордэн. Там ён набраў новыя сілы і пры дапамозе крыжакаў летам 1390 г. здзейсніў паход на Вільню. Яе абарона была самым драматычным момантам дынастычнай вайны Вітаўта і Ягайлы, асобныя эпізоды якой дазваляюць даць ёй вызначэнне грамадзянскай.

Пры абароне віленскага Крывога горада, які ўдалося адваяваць Вітаўтаву войску, загінуў брат Ягайлы Карыгайла. Аднак Высокі і Ніжні замкі віленскай цвярдыні, якія абаранялі атрады польскія і "рускія" (сярод абаронцаў быў князь Фёдар Астрожскі), трымаліся моцна, адбіваючы ўсе штурмы. У час аднаго з іх быў забіты брат Вітаўта Таўцівіл [11]. Вільня так і не была занята Вітаўтам.

Наогул, 1390 год не даў перавагі ніводнаму з варагуючых бакоў. Развязка наступіла ў наступным 1391 годзе. Вітаўту з вялікай ваеннай сілай, у тым ліку крыжацкай, удалося завалодаць, не без дапамогі гарадзенскага гарнізона, дзе была значная колькасць воінаў з Вялікага Княства, моцнай крэпасцю Гародняй. Затым яму падпарадкаваўся Наваградак. Ягайла ў гэтых абставінах шукаў выйсце шляхам адабрання ў свайго стаўленіка Скіргайлы Трокаў і перадачы іх Вітаўту. Скіргайлу ж быў аддадзены Кіеў.

Але польскім каралём ініцыятыва была ўпушчана, і ў жніўні 1392 г. Ягайла і Вітаўт сустрэліся ў Востраве, дзе заключылі пагадненне. Згодна з ім на чале Вялікага Княства зноў станавіўся асобны манарх, які не з'яўляўся адначасова польскім каралём. Праўда, такая сітуацыя павінна была захоўвацца толькі на час жыцця Вітаўта. Але гэта была ўжо практычная ануляцыя Крэўскай уніі. Дэкларатыўна Вітаўт, згодна з Востраўскім пагадненнем, абавязваўся быць верным каралю, каралеве і Польскай Кароне. Пра тое, што гэта былі фармальна абяцанні, гавораць далейшыя падзеі ды заўвага летапісца, што ўкняжанню Вітаўта "рада была целая земля литовская и руская" [12].

Але "рускага" пытання прыход Вітаўта да ўлады не вырашыў. Шэраг знешнепалітычных праблем, у першую чаргу паражэнне на Ворскле ад татар у 1399 г., прывёў да дагавору паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай 1401 г. Ён, у працяг прывілея 1387 г., зноў узвышаў каталіцкую знаць над праваслаўнай.

Названыя дакументы падрыхтавалі прыняцце пастановы Гарадзельскага сейма 1413 г., паводле якой праваслаўная знаць Вялікага Княства Літоўскага і Рускага ставілася ў яшчэ больш дыскрымінацыйнае становішча. Параграф трэці Гарадзельскага прывілея, працягваючы традыцыю пастаноў 1387 і 1401 гг., устанаўліваў, што толькі "каталікі, Рымскай царкве падуладныя", маглі валодаць і карыстацца эканамічнымі і палітычнымі перавагамі і падараваннямі пануючаму саслоўю з боку вярхоўнай улады. У параграфе шостым пацвярджалася забарона на шлюбы паміж каталікамі і праваслаўнымі. Асаблівае значэнне ў ходзе далейшай унутрапалітычнай барацьбы ў Вялікім Княстве Літоўскім меў параграф дзевяты Гарадзельскага прывілея, па якім на "дастоінствы, месцы і пасады" прызначаліся "толькі каталіцкай веры прыхільнікі і падуладныя святой Рымскай царкве. Таксама і ўсе пастаянныя ўрады земскія... надаюцца толькі прыхільнікам хрысціянскай каталіцкай веры і да савета нашага (вялікакняскай рады. - П.Л.) дапускаюцца і ў ім прысутнічаюць, калі абмяркоўваюцца пытанні дзяржаўнага дабрабыту, таму што часта розніца ў веравызнаннях прыводзіць да розніцы ў пазіцыях і аказваюцца цераз гэта вядомымі такія рашэнні, якія неабходна ў тайне захоўваць". Параграфы адзінаццаты і дванаццаты пазбаўлялі праваслаўную знаць права выбрання вялікага князя, якім зноў жа карысталіся толькі "паны і шляхціцы зямлі літоўскай, прыхільнікі Хрысціянскай рэлігіі, Рымскай царкве падуладныя, не схізматыкі ці іншыя паганыя" [13].

Тым самым Гарадзельскі прывілей 1413 г., як і папярэднія 1387 і 1401 гг., рабіў "рускую" праблему галоўным канфліктным полем, што ставіла пад пагрозу перспектыўнае унітарнае адзінства шматэтнічнага і шматканфесійнага дзяржаўнага ўтварэння, якім з'яўлялася Вялікае Княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае і іншых зямель.

Праўда, неабходна адзначыць, што ў часы Вітаўта прывілеі практычна не дзейнічалі. Вырашаць рэлігійныя супярэчнасці вялікі князь хацеў шляхам уніі дзвюх плыняў хрысціянства ("закону рымскага і грэцкага"). З гэтай мэтаў ён збіраў у 1415 г. у Наваградку з'езд праваслаўных мітрапалітаў і выпраўляў у Канстанц на Усяленскі сабор мітрапаліта Рыгора Цамблака. Пасля няўдалай спробы рэалізацыі свайго пачынання вялікі князь літоўскі прытрымліваўся рэлігійнай талерантнасці, выкладзенай ім у формуле: "... каторы б русін... хацеў бы па сваёй волі хрысціцца, няхай хрысціцца, а каторы б не схацеў, хай будзе ў сваёй веры" [14].

Але пасля смерці Вітаўта "рускае" пытанне сваю разбуральную для Вялікага Княства Літоўскага ролю адыграла ў часы грамадзянскай вайны 30-х г. XV ст., антыказіміраўскай кіеўскай змовы 1481 г. і, урэшце, мяцяжу Глінскага 1508 г.

Захады па цэнтралізацыі ўлады.

Выкарыстаўшы "рускую" праблему дзеля захопу вялікакняскай улады ў ВКЛ, Вітаўт галоўнай задачай сваёй унутранай палітыкі ў 90-х гг. XIV - пачатку XV ст. зрабіў умацаванне ўласных пазіцый. У першую чаргу гэта ажыццяўлялася шляхам больш цеснага падпарадкавання цэнтру існуючых адміністрацыйных адзінак дзяржавы - абласных княжанняў. Метады правядзення гэтай палітыкі ў залежнасці ад сітуацыі вагаліся ад адміністрацыйных распараджэнняў да ваенна-гвалтоўнага ўціску. Маштабнасць справы ліквідацыі ўдзельных княстваў была відавочная (яна павінна была ахапіць геаграфічны арэал ад Падзвіння да Падолля), таму патрабавала і часу, і значнай падтрымкі. Справа ў тым, што за час расцягнутай на паўтара дзесяцігоддзі дынастычнай барацьбы ўдзельныя князі адчулі сябе сапраўднымі манархамі ў сваіх землях. Сувязь з цэнтральнай уладай у іх практычна адсутнічала, яны гаспадарылі і рабілі палітычны выбар самастойна. Маючы свае ўладанні на ўскраінах, абласныя правадыры ўяўлялі сабой небяспечную сепаратысцкую сілу, якая дэцэнтралізавала дзяржаву. Напрыклад, князь Падольскай зямлі Фёдар Карыятавіч на пачатку 90-х гг. XIV ст. прызнаў сваю залежнасць ад венгерскага караля [15]. Пасля смерці другой жонкі вялікага князя Альгерда княгіні Ульяны, якая па спадчынным праве княжыла ў Віцебску, адзін з яе сыноў, будучы вялікі князь Свідрыгайла Альгердавіч, самавольна заняў віцебскі княскі пасад [16].

Менавіта ў сувязі з гэткай набіраючай моц адасобленасцю ўдзельных князёў навядзенне парадку ў абласных княствах было актуальнай праблемай для гаспадара Вялікага Княства Літоўскага. Немалаважную ролю для пачатку працэсу ліквідацыі ўдзелаў адыгрывала перспектыва папоўніць і ўмацаваць княскі скарб за кошт даходаў абласных валадароў.

Маючы за плячыма моцны тыл у выглядзе падтрымкі буйных баяр і дробных князёў, што змагаліся разам з Вітаўтам за яго прыход да ўлады, гаспадар на працягу 1393-1395 гг. ліквідаваў буйныя ўдзельныя княжанні ў Полацку, Віцебску, Смаленску, Ноўгарадзе Северскім, Кіеве, на Валыні і Падоллі. Там, дзе Вітаўту не было аказана супраціўлення, мясцовыя былыя валадары надзяляліся іншымі княствамі, але больш дробнымі і невызначальнымі (кіеўскі князь Уладзімір Альгердавіч, напрыклад, атрымаў Капыль). Калі ж абласныя правадыры спрабавалі даць вялікаму князю ваенны адпор, то пазбаўляліся сваіх пасад, а замест дробнага княжання атрымлівалі турэмнае зняволенне (князь Ноўгарада Северскага Дзмітрый Карыбут, падольскі князь Фёдар Карыятавіч) [17].

Найбольш драматычныя падзеі пад час адабрання ў былых валадароў абласных княжанняў адбываліся ў Смаленску, якому належала частка беларускіх зямель. На пачатку 90-х гг. XIV ст. у гэтым старажытным цэнтры княжыў былы стаўленік князя Скіргайлы Альгердавіча Юры Святаславіч, вядомы па падзеях выступлення супраць Ягайлы Андрэя Полацкага. У час ліквідацыйнай удзельнай кампаніі Вітаўт здрабніў яго княжанне да невялікага Рослаўльскага. У Смаленску гаспадар пасадзіў гаспадарыць брата Юрыя - Глеба. Паміж смаленскімі князямі пачалася цяжба за першынство. Трацейскім суддзёй стаў вялікі князь Вітаўт. Распусціўшы чуткі, што ідзе на татар, гаспадар нечакана з'явіўся пад Смаленскам. Там Вітаўт прапанаваў усім мясцовым князям, якія сабраліся на з'езд у свой сталічны горад, з'явіцца да вялікага князя для вырашэння канфліктаў. Тыя з задавальненнем згадзіліся. Спрэчка за першынство ў Смаленскай зямлі была вырашана Вітаўтам самым простым спосабам. Усе князі смаленскія былі арыштаваны і адпраўлены ў глыб Вялікага Княства Літоўскага, а намеснікам у Смаленску быў прызначаны стаўленік Вітаўта. Праўда, князю Юрыю Святаславічу ўдалося збегчы ад вялікага князя да свайго цесця князя Алега Разанскага. Праз шэсць гадоў Юры здолеў вярнуць сабе Смаленскае княжанне. Але ў 1405 г. Вітаўт з вялікім войскам і артылерыяй зноў быў пад сценамі цвярдыні на Дняпры. На гэты раз ён скарыў Смаленск канчаткова. Там валадарылі толькі стаўленікі вялікіх князёў літоўскіх [18].

Як і ў Смаленску, ва ўсіх падначаленых удзелах Вітаўт садзіў сваіх намеснікаў. Напрыклад, у Віцебску гэта быў Фёдар Вясна, у Кіеве - Іван Гальшанскі і г.д. Усе яны былі служылымі людзьмі і свята выконвалі волю гаспадара, абяцаючы яму, як, напрыклад, Іван Гальшанскі ў 1401 г., сваю вернасць "со всем с моим имением и с тым што держю ныне и потом от моего господаря великого князя Витовта с городами с месты и с землями" [19]. Ва ўсім жа астатнім у далучаных да Вялікага Княства Літоўскага ў XIV ст. землях нічога не змянялася. Вітаўт не парушаў выпрацаваную продкамі традыцыю "старины не рухати, новины не вводити", захоўваючы за абласцямі пэўную аўтаномнасць і самабытнасць. Пра гэта сведчаць тыя ж абласныя прывілеі, якія выдаваліся як Вітаўтам, так і яго спадкаемцамі.

Але ўсё ж неабходна адзначыць, што ўвядзенне нямесніцтваў, па-першае, скіравала абласныя ўскраіны Вялікага Княства Літоўскага да больш шчыльнай сувязі з цэнтрам, па-другое, давала матэрыяльныя сродкі для падтрымкі ўнутранага адзінства і цэласнасці дзяржавы. Калі раней вялікі князь атрымліваў даходы непасрэдна ад сваіх уладанняў і дапаўняў іх дастаткова нязначным агульнадзяржаўным падаткам (у землях Полацкай і Віцебскай ён называўся сярэбшчынай, а на Палессі - пасошчынай), то з ліквідаваннем удзельных княжанняў у яго скарб пайшлі прыбыткі, якія да гэтага належалі абласным валадарам. А сродкі то былі немалыя: грашовая даніна, мядовая, бабровая, кунічная, вавёркамі, лісамі, хлебная, мясная, разнастайныя мыты, судовыя спагнанні ("вины")[20] ды інш. Да таго ж усе былыя гаспадарчыя двары мясцовых князёў перайшлі ў рукі вялікага князя. Павялічылася ў вялікакняскім фондзе агульная колькасць зямель, на якіх ён мог развіваць далей сваю ўласную гаспадарку ці перадаваць іх за службу іншым асобам.

Такім чынам, умацаванне вялікакняскай улады, як палітычнае, так і эканамічнае, праз ліквідацыю ўдзелаў і ўвядзенне намесніцтваў, было вельмі значным. З аднаго боку, былі ліквідаваны карані магчымага сепаратызму ці дынастычных прэтэнзій, з другога - вялікі князь атрымаў непасрэдна пад сваю ўладу мноства ваеннага служылага люду, згоднага служыць за адпаведную ўзнагароду манарху і дзяржаве.

Сацыяльная палітыка вярхоўнай улады.

Якія б унутраныя і знешнія перыпетыі ні перажывала дзяржава, яе сацыяльная арыентацыя была адназначнай - скіраванай на падтрымку інтарэсаў землеўладальнікаў. Менавіта напрыканцы XIV ст. пачаўся працэс уціску шырокага кола знаці - ад дробнага баярства (уключаючы княжацкіх асоб) да вярхоўнай улады - з мэтай надання ёй сацыяльна-эканамічных прывілеяў, на якіх яны ўмацоўвалі б сваё сацыяльна-палітычнае і маёмаснае становішча. Пачатак гэтаму быў пакладзены вядомым прывілеем Ягайлы 1387 г. Як ужо адзначалася, прывілей зрабіў феадалаў-каталікоў землеўласнікамі (калі ўладальніку зямлі даравалася права свабодна ёю распараджацца і валодаць вечна). Праваслаўным феадалам падобнае права было дадзена ў 1432 г. Акрамя таго, прывілей 1387 г. дазваляў знаці свабодна выдаваць сваіх дочак і швагерак замуж; даваў права ўдовам валодаць маёнткам мужа да смерці ці да паўторнага выхаду замуж, пасля чаго зямля адыходзіла дзецям ці родным мужа; вызваляў феадалаў ад адпрацовачных павіннасцей на карысць вялікакняскага двара. Практычна ў іх заставаўся адзін абавязак - ваенная служба ды ўтрыманне і будаўніцтва дзяржаўных абарончых збудаванняў [21]. Праўда, прывілей 1387 г. яшчэ не вызваляў цалкам баярства і князёў ад выплаты грашовых і натуральных данін і пакідаў іх пад вялікакняскай юрысдыкцыяй. Далейшая барацьба феадалаў за пашырэнне сваіх правоў ішла ў напрамку здабычы судовага і скарбовага імунітэту. Урэшце для гэтага ў іх быў прыклад - Віленскае біскупства, якое Ягайла ў 1387 г. вызваліў ад усіх павіннасцей і падаткаў на карысць дзяржавы, а таксама вывеў з-пад вялікакняскай ды наогул свецкай юрысдыкцыі. Каб дабіцца жаданага выніку, землеўласнікам не спатрэбілася шмат часу. Ужо прывілеі 1413 і 1432, 1434 гг. фіксавалі недатыкальнасць як уладанняў феадалаў, так і іх асоб. Без судовага разбіральніцтва баярын не падлягаў юрысдыкцыі карання. Гэтыя ж прывілеі канчаткова вызвалялі уладальнікаў зямель ад дзяржаўных і дваровых павіннасцей і падаткаў.

Грунтуючыся на дзяржаўным праве, прадстаўнікі ўплывовых родаў праз асабістыя капіталы нарошчвалі свае багацці. Менавіта ў канцы XIV ст. - пачатку XV ст. з'яўляюцца першыя латыфундыі. Напрыклад, прыбліжаны да Вітаўта староста, а потым ваявода віленскі Манівід атрымаў ад гаспадара ў 1396 г. ва ўладанне вёску Геранёны Ашмянскага павета, затым у 1403 г. яму дасталіся Жупраны і Мікулішкі. У 1407 г. вялікі князь аддаў свайму вернаму служэбніку воласць Шоптава на Смаленшчыне і некалькі маёнткаў на Бярэзіне дняпроўскай, а ў 1409 г. яшчэ шэраг вёсак у Ашмянскім павеце. Такім чынам ва ўладанні Манівіда сканцэгітравалася 500 сялянскіх дымоў, а ў яго сына Івашкі Манівідавіча ў сярэдзіне XV ст. было ўжо 2 тыс. дымоў падданых, у чатыры разы болей! Падобнае пашырэнне сваіх уладанняў на працягу першай паловы XV ст. здзейснілі прадстаўнікі родаў Кезгайлаў, Гаштаўтаў, Радзівілаў і інш. Аб інтэнсіўнасці працэсу шляхетызацыі зямельных уладанняў у Вялікім Княстве на працягу практычна аднаго стагоддзя красамоўна сведчаць лічбы. Так, калі ў XIV ст. пад уладай вялікага князя было 80% сялян, то ў 20-х гг. XV ст. іх колькасць зменшылася да 30% [22].

Такім чынам, канец XIV ст. - пачатак XV ст., калі вялікакняская знаць атрымлівала з рук вярхоўнай улады новыя правы, землі, можна назваць часам пачатку складвання асобнага, прывілеяванага шляхецкага саслоўя.

У дачыненні да найбольш шматлікай часткі насельніцтва вялізнай прасторы Княства - сялян-земляробаў - сацыяльная палітыка вярхоўнай улады была ў гэты час досыць кансерватыўнай. Яна тычылася толькі пераразмеркавання іх павіннасных і падаткавых абавязкаў у дачыненні да дзяржавы і землеўладальнікаў. Кола дзяржаўных павіннасцей і падаткаў сялян было дакладна акрэслена ўжо ў XIV ст. Яно заключалася ў працы па пабудове і ўтрыманні абарончых збудаванняў, прадуктовай даніне, грашовым падатку і ваеннай павіннасці. Аднак, згодна з прывілеем Ягайлы 1387 г., падданыя прыватных феадалаў-каталікоў ужо цалкам аддаваліся ў распараджэнне сваіх уладальнікаў, а на дзяржаву адпрацоўвалі толькі замкавыя работы і па традыцыі прымалі ўдзел у "пагоні", якая ў XIV ст. была абавязкам усіх мужчын, якія маглі насіць зброю [23].

Наступныя прывілеі першых дзесяцігоддзяў XV ст. скрупулёзна ўдакладнялі тыя павіннасці, ад якіх прыватнаўласніцкія сяляне вызваляліся, і тыя, якія яны павінны былі выконваць:

"селяне и подданные княжатом, рытерам, шляхтичом, боярам и местычом наших земель Великого княжества Литовского, от всего данья и заплати, собранья вытяниеня серебщизны и тех мер, который же дякла реченыи суть, от воженя каменя ... иных несправедливых работ выпущеный и будуть вольны и выняты, выменуючы работы на будованье городов нашых новых потребных, а старых поправенья; тем княжатом, рытером, шляхтичем селян данных и подданых и через нас им дарованных також выимаючех. А теж из стародавна зычевые на нас и на наши будущии уреды поборы, стацыи, мостов новых чинея, старых поправенья, а городов отправленя, непорушне заховаем, а и хочем всегда имети неслободных" [24].

Падобнае правіла спагнання дзяржаўных павіннасцей і падаткаў мела моц на працягу XV - першай паловы XVI ст. [25] ©Матэрыял сайта "www.JiveBelarus.net"

Канец XIV ст. прынёс змены ў грамадска-эканамічнае жыццё гарадоў і яго насельніцтва, якое называлася мяшчанствам. Менавіта ў гэты час мяшчане атрымліваюць свае першыя саслоўныя прывілеі. Так, 15 жніўня 1390 г. жыхары Берасця атрымалі ад вялікага князя Ягайлы прывілей на самакіраванне па магдэбургскім праве [26]. У наступным годзе такое ж права, верагодна, атрымала Гародня. Грамата на магдэбургію, якая выдавалася і пацвярджалася вялікім князем, уяўляла сабой дакумент, дзе фіксаваліся асноўныя прынцыпы гарадскога самакіравання: органы ўлады, кіравання, суда, адносіны з прадстаўнікамі вярхоўнай улады, унутрыгарадскія стасункі, асобныя прывілеі ды ільготы, павіннасці і падаткі на карысць дзяржавы. Галоўным здабыткам гарадоў, якія атрымлівалі магдэбургскае права, было самастойнае вырашэнне ўласных праблем, вызваленне ад улады і падсуднасці дзяржаўных чыноўнікаў (старостаў, намеснікаў), што давала юрыдычныя гарантыі іх эканамічнай дзейнасці. Магдэбургскае права садзейнічала фарміраванню мяшчанскага саслоўя, якое канчаткова склалася ў XVI ст.

Крыніцы:

  • [1] Любавский М.К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. С. 38.
  • [2] ПСРЛ. Т. 17. СПб., 1907. Ст. 78, 90-91, 162-163, 198-199.
  • [3] Соловьев С.М. История России с древнейших времен. Т. 3. М., 1998. С. 294.
  • [4] ПСРЛ. Т. 35. М., 1980. С. 136.
  • [5] БЭФ. Т. 1. С. 100-101.
  • [6] Соловьев С.М. История России с древнейших времен. Т. 3. С. 294.
  • [7] БЭФ. Т. 1. С. 101-102.
  • [8] Ochmański J. Historia Litwy. S. 79-80.
  • [9] Греков И.Б. Очерки по истории международных отношений Восточной Европы XIV-XVI вв. М., 1963. С. 94.
  • [10] БЭФ. Т. 1. С. 103-107; Любавский М.К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. С. 45.
  • [11] Ochmański J. Historia Litwy. S. 80.
  • [12] Ochmański J. Historia Litwy. S. 80; БЭФ. T. 1. C. 95-96.
  • [13] БЭФ. T. 1. C. 115-118.
  • [14] Kosman М. Historia Białorusi. Wrocław, 1979. S. 76.
  • [15] Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. Киев, 1987. С. 87, 99.
  • [16] Любавский М.К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. С. 51.
  • [17] ПСРЛ. Т. 32. М., 1975. С. 70-71; Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого Княжества Литовского. С. 84, 100-101.
  • [18] Соловьев С.М. История России с древнейших времен. Т. 4. М., 1988. С. 363, 367.
  • [19] ПСРЛ. Т. 32. С. 70; Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. С. 84-85.
  • [20] Любавский М.К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. С. 52-53.
  • [21] БЭФ. Т. 1. С. 102.
  • [22] Ochmański J. Historia Litwy. S. 92, 107.
  • [23] БЭФ. Т. 1. С. 101.
  • [24] БЭФ. Т. 1. С. 119-121.
  • [25] АЗР. Т. 1. СПб., 1846. № 61; Статут Великого княжества Литовского 1524 г. Мн., 1960 (раздз. 1, арт. 2).
  • [26] Акты Литовско-Русского государства. Вып. 1. М., 1899. № 1.
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.