Міждзяржаўныя адносіны

У кантэксце заходніх геапалітычных зрухаў.

У першай палове XIII ст. Еўропа перажывала час значнага сацыяльнага гаспадарчага развіцця, узмацнення ролі буйных дзяржаў і кааліцый у вырашэнні наспелых праблем унутранай і міжнароднай палітыкі, агульнага ўскладнення міжнародных адносін. Асноўныя спектры міжнароднай палітыкі ў Еўропе вызначалі Ватыкан і некалькі буйных дзяржаўных фарміраванняў - Свяшчэнная Рымская імперыя, Францыя, Іспанія. Адносіны паміж рымскай курыяй і яе свецкімі контрагентамі, асабліва Свяшчэннай Рымскай імперыяй, адбіваліся на палітычным становішчы заходніх і паўднёвых суседзяў Беларусі і непасрэдна ці ўскосна ўздзейнічалі на іх палітыку ў Прыбалтыцы і на землях тагачаснай Русі.

У пачатку XIII ст. у Еўропе ўзмацніліся палітычныя і царкоўныя ўплывы папства. Тэакратычная дактрына аб вяршэнстве духоўнай улады над свецкай пры рымскім пантыфіку Інакенціі III (1198-1216) стала рэальна ўвасабляцца ў практыцы ўнутраных і міжнародных адносін. Яна была апрабавана ўсЯленскім саборам і ўспрынята значнай часткай кіруючых колаў самых буйных еўрапейскіх дзяржаў. Аўтарытэт папства падтрымліваўся таксама крыжовымі паходамі ў Святую зямлю і язычніцкія краіны Міжземнамор'я з удзелам манархаў, біскупаў, рыцарства, бо рымская курыя была іх асноўным арганізатарам і духоўным апекуном.

Чацвёртая экспедыцыя (1202-1204) фактычна стала першым крыжовым паходам супраць хрысціянскай дзяржавы. Замест уладанняў турэцка-егіпецкага султана ўдзельнікі паходу пад уплывам Венецыі ў 1204 г. захапілі сталіцу яе галоўнага гандлёвага канкурэнта - Канстанцінопаль і замянілі Візантыйскую манархію Лацінскай, што адкрыла шлях да рэалізацыі праектаў уніі каталіцкай і грэка-праваслаўнай цэркваў. Латэранскі сабор 1215 г. зацвердзіў аб'яднанне цэркваў і прызнаў вышэйшыя прэрагатывы Рыма ў барацьбе з ерасямі. У 1261 г. Візантыйская манархія была адноўлена, але не змагла вярнуць сабе былой велічы. У XV ст. яе заваявала Атаманская Порта, што дадаткова негатыўна адбілася на культурных і царкоўна-канфесійных сувязях Візантыі з Захадам і Усходам, у тым ліку з праваслаўнымі мітраполіямі ВКЛ і Маскоўскай Русі [1].

Завяршэнне эпохі агульнаеўрапейскіх міжземнаморскіх паходаў у канцы XII - пачатку XIII ст. часткова кампенсавалася фарміраваннем у Еўропе новых, больш вузкіх і пераважна кантынентальных формаў царкоўнай і духоўна-мілітарнай актыўнасці, узнікненнем манаскіх і рыцарскіх ордэнаў з місіянерскімі мэтамі. У 1198 г. папа Інакенцій III зацвердзіў статут Тэўтонскага ордэна. Нямецкія каралі сумесна з рымскімі папамі надалі Ордэну шырокія прывілеі, землі ў розных краінах: Германіі, Італіі, Францыі, Грэцыі і інш. Рост насельніцтва, збядненне і беззямелле дробнага рыцарства, палітычныя разлікі цэсараў і князёў, місіянерскія натхненні і арыстакратычна-прыгодніцкія традыцыі - розныя веравызнаўчыя і прагматычныя прычыны збіралі пад ордэнскімі харугвамі прыхільнікаў еўрапейскай (пераважна нямецкай) духоўнай, тэрытарыяльнай і палітычнай экспансіі. Для ўвасаблення. крыжовых хрысціянска-місіянерскіх планаў (незалежна ад розных імкненняў іх удзельнікаў) з улікам пануючага ў Еўропе міжнароднага і кананічнага права і царкоўных уплываў Рыма заставаліся толькі Усходняя Прыбалтыка, адступніцкія (схізматычныя) княствы Русі і некаторыя дробныя землі, часткова заселеныя язычнікамі, напрыклад Куманія ў Закарпацці і інш. Гэты таямнічы і неспасціжны Усход уяўляўся новай абетаванай зямлёй для еўрапейскага рыцарства, Рыма, будучых каланістаў, моцных гандлёва-гарадскіх саюзаў, зацікаўленых у пашырэнні сфер сваёй дзейнасці (перш за ўсё Ганзы).

Значную перашкоду для развіцця гандлёвых сувязей і крыжовай экспансіі стваралі ўсходнія хрысціянскія дзяржавы - Польшча і Венгрыя, якія размяшчаліся на стрыжнёвых падыходах да Прыбалтыкі і Русі і слаба падтрымлівалі новыя кантынентальныя плыні. Акрамя таго, Ордэну не хапала прафесійных мілітарных рэзерваў, а супрацьдзеянне жыхароў звычайна падтрымлівалася мясцовай княскай уладай. Таму ў развіцці гэтай экспансіі прасочваецца шматгадовая зацягнутасць і ступеньчатасць. Замацаванне ўладанняў Ордэна на Усходзе, нярэдка на ўмовах леннай і васальнай службы, спалучалася са спробамі стварэння ў арбіце яго ўплываў сталых дзяржаўна-палітычных формаў з тэндэнцыяй да іх поўнай незалежнасці,

Увогуле, працэс каланізацыі і дзяржаўнага будаўніцтва на занятых Ордэнам землях відавочна пераважаў над яго місіянерскай дзейнасцю. У падтрыманні апошняй сапраўды была зацікаўлена рымская курыя, бо яе ўлада больш распаўсюджвалася над душамі, чым над землямі. Пэўная канкурэнцыя паміж папствам і Свяшчэннай Рымскай імперыяй стала нарастаць з развіццём усходняй тэрытарыяльнай экспансіі Ордэна і пашырэннем ці ўтварэннем каталіцкіх біскупстваў на гэтых землях. Супярэчнасці паміж Рымам і Цэсарствам, а таксама нямецкімі княствамі-донарамі (Саксонія, Брандэнбург), ад якіх моцна, асабліва ў мілітарных справах, залежаў Ордэн, не вельмі ўплывалі на іх стратэгічныя адносіны і палітыку ў Прыбалтыцы і на Русі.

Пачатак экспансіі ва Усходняй Прыбалтыцы ў канцы XII ст. адпавядаў таксама інтарэсам нямецкага, шырэй кажучы паўночна-еўрапейскага купецтва [2]. З прычыны добрага папярэдняга ведання рэгіёна для заснавання нямецкай калоніі было абрана вусце Дзвіны, вялікай суднаходнай ракі, якая звязвала Балтыйскае ўзбярэжжа з язычніцкімі землямі і княствамі Заходняй Русі. Не вельмі далёка адсюль знаходзіўся галоўны кампаньён і канкурэнт Ганзы ва Усходняй Прыбалтыцы - Вялікі Ноўгарад.

На гэтым пачатковым этапе каланізацыі Падзвіння першынствавалі духоўныя місіянеры. Каля 1185 г. у літоўскай вёсцы Укскюл (Uxkull) аўгусцінцам Мейнгардам быў закладзены першы касцёл над Дзвіной [3]. Сам Мейнгард хутка атрымаў сан інфлянцкага біскупа. Хрысціянізацыя мясцовых ліваў праходзіла цяжка. Лівы намінальна былі залежныя ад полацкага князя, які ў той час не ўступаў у канфлікт з каланістамі. У 1198 г. пры пераемніку Мейнгарда Бертольдзе лівы былі падначалены архібіскупству. Трэці біскуп Альберт, паводле слушнай характарыстыкі Г. Лаўмянскага, атаясаміў хрысціянізацыю прыбалтаў з навязваннем палітычнай улады і ў 1201 г. заклаў горад Рыгу як апорны пункт каланістаў і сталіцу біскупства.

У 1207 г. Альберт замацаваў свае сувязі з Цэсарствам на правах леннага ўладальніка Лівоніі. Мілітарную, а часткова і духоўную ініцыятыву пазней пераняў заснаваны ў 1202 г. Ордэн мечаносцаў, першапачаткова падначалены рыжскаму біскупу. Нямецкая калонія мела абмежаваныя ваенныя сілы: поўныя мабілізацыйныя магчымасці рыцарства ў 1237 г. складалі каля 2 тыс. коннікаў. Карыстаючыся раздробленасцю прыбалтыйскіх плямён, перавагай у зброі і тактыцы, а таксама схіляючы на свой бок дробных мясцовых князькоў і родаплемянную старшыну, Ордэн і рыжскае біскупства за трэць стагоддзя амаль поўнасцю падначалілі сабе Інфлянты. Толькі разгром у 1236 г. ад жамойтаў пад Шаўлямі (Шаўляй) - загінуў сам вялікі магістр Водкевін - часова прытрымаў гэтую экспансію [4]. У 1237 г. Ордэн мечаносцаў быў інкарпараваны (уключаны) у Тэўтонскі, які меў больш шырокую падтрымку нямецкіх княстваў, Рыма і Цэсарства. Землі паўночнай Эстоніі зручна апанавалі датчане.

Экспансія ў Інфлянтах спачатку мала закранала ўсходне-літоўскія (тым больш беларускія) землі, але ў 20-30-х гг. філіяльныя адгалінаванні нямецкіх ордэнаў замацавадіся ўжо ў сярэдняй Еўропе, паблізу ад межаў Заходняй і Галіцка-Валынскай Русі - у Венгрыі і Польшчы.

У 1211 г. тэўтонскія рыцары атрымалі ад венгерскага караля Андрэя надборскую зямлю у Семіграддзі, за што павінны былі ахоўваць краіну ад набегаў полаўцаў і спрыяць яе гаспадарчаму асваенню. Хутка высветлілася, што Ордэн мае намер стварыць уласнае прыдунайскае панства і ў якасці папярэдніх захадаў у 1224 г. перадаў свае семіградскія ўладанні папе Ганорыусу III. Падобны крок быў прадказальны, і ў 1225 г. рыцары пакінулі Венгрыю.

Разам з Польшчай Венгрыя з пачатку XIII ст. прэтэндавала на паўднёва-ўсходнія землі, што ўскосным чынам уплывала на збліжэнне галіцка-валынскіх князёў з некаторымі княствамі Русі і Літвы.

Асноўным заходнім суседам Беларусі з даўніх часоў была Польшча. У канцы ХІІ-ХІІІ ст. на змену цэнтралізаванай і аб'яднанай манархіі Пястаў прыйшлі раздробленасць і размежаванне асобных зямель і княстваў. Тон палітычнаму жыццю задавалі асноўныя гістарычныя "дзельніцы" (правінцыі) і княствы: Вялікапольская (Polonia), Малапольская, Мазавецкая і інш. Аслабленне княскага прынцыпату, гаспадарчае і палітычнае развіццё асобных зямель Польшчы мела вынікам агульны спад яе ваеннай дзейнасці. Прыблізна такая ж унутраная сітуацыя складвалася на землях Заходняй Русі, памежных з Польшчай. Ідэі прымусовай хрысціянізацыі Усходу, якія доўга падтрымлівалі місіянерскую актыўнасць Захаду ў адносінах да язычніцкіх і схізматычных краін, не былі папулярнымі ў Польшчы. Бескампраміснае стаўленне прыхільнікаў рымскага універсалізму да праваслаўнага свету не надта перашкаджаЛа гандлёвым, дынастычным, палітычным зносінам Польшчы з суседнімі славянскімі княствамі.

З прычыны свайго геаграфічнага становішча, асабістай заангажаванасці некаторых польскіх князёў і духоўных іерархаў, пашырэння ўплываў Цэсарства, Брандэбургскага княства, Рыма, а таксама значных этнадэмаграфічных змен у сувязі з нямецкім асадніцтвам Польшча, аднак, стала мостам для каталіцкай і ордэнскай экспансіі. Яе стымулявалі, між іншым, частыя наезды на памежныя польскія правінцыі прусаў, ятвягаў, літоўцаў, радзей русінаў (зрэшты, набегі былі ўзаемнымі, здаўна пераважна грабежніцкімі).

У 20-х гг. XIII ст. вопыт Інфлянцкага ордэна паспрабавалі выкарыстаць мазавецкія князі. Мазавецкае княства (у той час па сутнасці незалежная краіна, кіруючыя дынастыі якой не аднойчы прэтэндавалі на кракаўскі трон), на паўночным усходзе межавала з Прусіяй, а на ўсходзе, праз рэгіён Падляшша, дзе не існавала выразных дзяржаўных граніц, - з Берасцейшчынай і іншымі заходнімі землямі Беларусі. Мазавецкі і куяўскі князь Конрад I разлічваў пры дапамоге рыцарства каланізаваць перыферыйныя ўласныя слаба заселеныя землі і рэальна падначаліць напаўзалежных ужо прусаў, якія не жадалі несці павіннасці і даймалі Мазовію набегамі. У 1226 г. у асобных артыкулах цэсарскай Залатой булы былі зацверджаны вынікі перамоў вялікага магістра Тэўтонскага ордэна Германа фон Сальза з Конрадам. Ордэн атрымаў уладанні ў Хелмшчыне і абяцаўся падпарадкаваць землі прусаў і прывесці іх да сапраўднай веры. У сувязі з удзелам Германа ў крыжовым паходзе на Блізкім Усходзе рэалізацыя пагаднення зацягнулася, і Конрад у 1228 г. асадзіў над Віслай групу рыцараў Ордэна мечаносцаў з тымі ж мэтамі. Яны атрымалі даніну на Добжынскую зямлю і сталі называцца добжынскімі крыжакамі, у 1235 г. былі ўключаны ў Тэўтонскі ордэн [5], а ў 1237 г. пераведзены ў прыгранічны Драгічын для абароны ад Русі і прусаў [6].

Такім чынам, у блізкім і больш далёкім наваколлі беларуска-літоўскага арэала ўзніклі два сталыя плацдармы рыцарскай экспансіі. Палітычная эфектыўнасць каланізацыйнай акцыі інфлянцкіх рыцараў і іх тэрытарыяльныя набыткі былі больш важкімі. Гэтай экспансіі спадарожнічала актыўнасць Рыма. Тут паралельна ўзнікалі каталіцкія біскупствы, складвалася парафіяльная структура, будаваліся касцёлы. Паміж каталіцкай іерархіяй і ордэнскімі ўладамі часам узнікалі тактычныя супярэчнасці адносна метадаў каланізацыйнай і місіянерскай дзейнасці. Ордэнскія ўлады няблага выкарыстоўвалі свой статус дваістай залежнасці: у параўнанні з царкоўнымі ўплывамі Рыма паволі ўзрастала значэнне непасрэдных сувязей Ордэна з Цэсарствам і асобнымі нямецкімі княствамі.

Нельга сказаць, што місіянерская дзейнасць Польшчы ў гэтым рэгіёне славянскай Еўропы асабліва ўражвала. Варта таксама адзначыць, што і суседнія праваслаўныя княствы Заходняй Русі не падтрымлівалі місіянерскай дзейнасці на землях Польшчы і Венгрыі нават у часы вострых ваенных сутыкненняў і грабежніцкіх наездаў. Сітуацыя з абодвух бакоў мянялася толькі пасля ўстойлівага замацавання зямель за новым князем.

Праявы цэнтрабежных і аб'яднальных тэыдэнцый на землях заходняй Русі.

У канцы XII - першай палове XIII ст. землі Беларусі, як і амаль усіх суседніх краін, знаходзілася ў стадыі палітычнай раздробленасці, якая суправаджалася пэўнымі пераўтварэннямі ў дзяржаўна-палітычным і царкоўным жыцці, узмацненнем ці аслабленнем рэгіянальных цэнтраў улады, ростам і рассяленнем насельніцтва, развіццём гаспадаркі, рамяства, гандлю [7]. Дзяржаўнасць рускіх (беларускіх) зямель захоўвалася ў новых гістарычна переходных формах, як гэта адбывалася на пэўных стадыях станаўлення амаль ва ўсіх буйных манархіях Еўропы ў эпоху Сярэднявечча і больш позні перыяд. Для літоўска-беларускага арэала гэта перыяд першага ў гісторыі літоўскага народа палітычнага аб'яднання літоўскіх зямель і, што больш істотна для суседніх зямель Русі, - закладвання асноў новага дзяржаўнага арганізму з рознай гістарычнай, палітычнай, сацыяльнай і культурней спадчынай.

Пераважна традыцыйным шляхам складваліся адносіны беларускіх зямель з іншымі княствамі Русі ў другой палове XII - пачатку XIII ст. Наіўна было б шукаць нейкай нязменнай, тым больш агульнай знешняй палітыкі для ўсіх рускіх зямель у той час, калі раздробленасць на былой тэрыторыі Кіеўскай Русі дасягнула вышэйшага ўзроўню[8] і адбівалася таксама на ўласным удзельным "паўраспадзе" і парцэляцыі старых княстваў - Полацкага, Турава-Пінскага, Валыні, Кіеўскай зямлі і інш.

У барацьбе за ўмацаванне і пашырэнне сваіх уладанняў буйныя князі выкарыстоўвалі залежнасць дробных княстваў, генеалагічныя сувязі і ўсе іншыя магчымыя сродкі, што было няпростай справай ва ўмовах генеалагічнага разрастання дынастый і аналагічных знешнепалітычных спадзяванняў суседзяў.

Знешнюю палітыку асобных беларускіх княстваў шмат у чым вызначалі іх вотчынна-прававыя прэтэнзіі, геаграфічнае і палітычнае становішча, тэрытарыяльныя памеры, узровень гаспадарчага развіцця, дэмаграфічныя і ваенныя рэсурсы, саюзныя ці варожыя адносіны з уплывовымі кнЯствамі і інш. Некаторыя княствы, у тым ліку Полацкае, Наваградскае, Валынскае, калі-нікалі ўступалі ў часовыя кааліцыі з каталіцкімі і язычніцкімі краінамі - Польшчай, Венгрыяй, Усходняй Літвой, Ордэнам, але часцей з іншымі княствамі Русі. Прычын гэтаму нямала: умяшальніцтва чужаземцаў, якое нярэдка суправаджалася тэрытарыяльна-палітычнай экспансіяй, падштурхоўвала да аб'яднання намаганняў розных княстваў, гістарычная памяць нагадвала пра іх слаўную палітычную спадчыну і пэўную этнакультурную супольнасць, якая праяўлялася ў паўсядзённых жыццёвых і духоўных сферах: мэтаэтнічная свядомасць, адзінства ці падабенства быту, мовы, культуры, агульнае веравызнанне, дынастычныя сувязі і інш. Аднак палітычны кантэкст гэтых тэндэнцый нельга пераацэньваць. Тэрытарыяльная блізкасць, ваенна-палітычныя магчымасці, адчуванне даступнасці спараджалі ва ўладных колах асабліва моцных княстваў імкненні да падначалення суседніх зямель, экспансію, часам грабеж і вынішчэнне.

Канец XII - першая палова XIII ст. былі пазначаны не толькі распадам і расчляненнем некалі буйных дзяржаўных фарміраванняў; на рэгіянальным узроўні праяўляліся і пэўныя цэнтраімклівыя працэсы. Улічваючы, што ў эпоху Сярэднявечча большасць аб'яднальных працэсаў ажыццяўлялася вымушаным шляхам, можна канстатаваць, што ў пэўнай ступені яны мелі месца на землях Беларусі і некаторых іншых тагачасных княстваў Усходняй Еўропы. Фарміравалася сацыяльная аснова гэтых аб'яднальных тэндэнцый, бо феадальнае самавольства, анархія, войны, палон і разарэнні закраналі ўсё насельніцтва, найперш сялянскі і гарадскі люд. Рост колькасці гарадоў і іх сувязі з рынкам былі адным з найбольш відавочных сведчанняў гаспадарчага ўздыму ў Беларусі. Гандлёва-прадпрымальніцкія пласты мяшчанства былі кроўна зацікаўлены ў захаванні падтрымкі з боку вярхоўнай улады, ахове шляхоў зносін, нармалізацыі шматлікіх пабораў і пошлін. Істотнае значэнне, якое надавалася ў той час асноўным гандлёвым сухапутным і водным шляхам, відавочна нават па галоўных напрамках ордэнскай і літоўскай экспансіі ў Заходняй Русі або на шматлікіх гандлёвых дагаворах Полацкай, Віцебскай, Наўгародскай і Смаленскай зямель з Рыгай і "немцамі".

У апошняй трэці XII - пачатку XIII ст. на авансцэну знешняй палітыкі выйшла некалькі новых буйных княстваў, якія стала звязвалі сваю дзяржаўнаць са сваім стольным цэнтрам, хоць і ўлічвалі гістарычны і царкоўны прэстыж Кіева: Уладзіміра-Валынскае, Ноўгарад-Северскае, Растова-Суздальскае, Смаленскае і Чарнігаўскае [9]. Змена палітычных абставін выразна прасочваецца ў падзеях 1169 г., калі вялікі ўладзімірскі князь Андрэй Багалюбскі напаў на Кіеў. Насуперак існуючай традыцыі ён не пажадаў асесці ў Кіеве, а разграбіў яго і вярнуўся ў сваю "отчину". Практычна ўсе новаўтвораныя княствы, разам з даўнімі - Кіеўскім, Валынскім, Галіцкім, Вялікім Ноўгарадам і Псковам у той ці іншай ступені былі звязаны з лёсам беларускіх зямель. Неафіцыйныя паўднёвыя межы і балоцістыя прасторы Палесся адасаблялі землі Беларусі ад Украіны. Адасабленне ўдзелаў у канцы XII - першай палове XIII ст. моцна скараціла памеры знакамітага Кіеўскага княства. Пасля мангольскага разграблення ад Кіева застаўся толькі цень былой велічы і легендарная сакральная і палітычная спадчына. Нават кіеўскія мітрапаліты, што ўзначальвалі праваслаўную царкву ў ВКЛ у ХІІІ-ХVІ ст., надзвычай рэдка наведвалі сваю галоўную кафедру.

У канцы XII - пачатку XIII ст. Галіцка-Валынская Русь стала першым асноўным пераемнікам аб'яднальных палітычных традыцый Кіеўскай Русі [10]. Новаствораная вялізная дзяржава, што прасціралася ад Дуная да Дняпра, пачала прэтэндаваць на землі суседніх княстваў, у тым ліку - Заходняй Беларусі, пазней не зусім дакладна акрэсленыя ў крыніцах як землі Чорнай Русі. Шырокім планам галіцка-валынскіх князёў перашкаджалі ўнутраная нестабільнасць, канфлікты з Польшчай, Венгрыяй і асабліва з Літвой і Наваградскім княствам за гегемонію ў Заходняй Русі. Немалыя знешнепалітычныя магчымасці Галіцка-Валынскай Русі былі падарваны мангола-татарскімі нашэсцямі і адрадзіліся толькі ў сярэдзіне XIII ст. пры князю Даніле Раманавічу.

Другім значным аб'яднальным арэалам у першай палове XIII ст. з'явіліся полацка-віцебскія і смаленскія землі. Сталыя палітычныя і гандлёва-гаспадарчыя стасункі даўно звязвалі полацкія і віцебскія землі са Смаленскім княствам, якое размяшчалася на старажытным шляху "з варагаў у грэкі" і пасрэднічала ў гандлёвых зносінах з Прыбалтыкай, наўгародска-пскоўскімі і маскоўскімі землямі. Узвышэнне Смаленскага княства прасочваецца з другога дзесяцігоддзя XIII ст., калі ў Кіеве зацвердзіўся смаленскі князь з роду Манамахавічаў, а іншыя прадстаўнікі дынастыі ў 1219 г. селі ў Смаленску, Оўручы, замацаваліся ў Галіцкай зямлі. Смаленскі князь Мсціслаў Давыдавіч памёр у 1230 г. У 1232- 1238 гг. на смаленскім прастоле сядзеў Святаслаў Мсціславіч, які дамогся сталіцы пры падтрымцы палачан, дзе, верагодна, да гэтага ён княжыў [11]. Смаленскія князі час ад часу займалі полацкі прастол, але доўга на ім не затрымліваліся. Мангола-татарскае нашэсце абмінула Смаленскую зямлю. Звесткі пра гэта сустракаюцца толькі ў Жіціі Мяркурыя Смаленскага і хутчэй за ўсё маюць легендарны характар.

Паўднёва-ўсходнім суседам Беларусі і паўднёвым - Смаленшчыны была Чарнігаўская зямля, уладанні якой распасціраліся да Тмутаракані і ўключалі нямала буйных гарадоў Русі - ад Ноўгарад-Северска да Курска. Як і іншыя землі Русі, Чарнігаўшчына таксама мела свой удзельны перыяд. Вялікім чарнігаўскім князям дзякуючы пагадненню 1190 г. і рашэнню княскага з'езда 1226 г. удалося захаваць сваё сеньёральнае становішча ва ўсёй Чарнігаўшчыне. Чарнігаўскія Ольгавічы небеспаспяхова змагаліся з Манамахавічамі за Кіеў, прэтэндавалі на галіцкую спадчыну, а ў 1239 г., карыстаючыся наездам літоўцаў на Смаленшчыну, занялі стольны горад. Не захавалася звестак аб колькі-небудзь прыкметных сувязях Чарнігаўшчыны з блізкім Турава-Пінскім княствам, апрача, мабыць, гандлёвых. Чарнігаўшчына на Русі была вядома сваім шырокім гандлёвым прадпрымальніцтвам. У 1234-1238 гг. чарнігаўскі князь Міхайла Усеваладавіч і яго сын Расціслаў захапілі Галіч [12]. Пасля вяртання Данілы Раманавіча ў Галіч Расціслаў Міхайлавіч збег у Венгрыю. У 20-30-х гг. валынска-літоўскія адносіны былі пераважна саюзніцкімі [13].

Рэдкія захаваныя крыніцы, на жаль, мала што канкрэтна гавораць пра ўзаемадзеянне ўнутрыпалітыных, сацыяльных і гаспадарчых працэсаў у арэале беларуска-літоўскіх зямель. Развіццё гаспадаркі давала насельніцтву Беларусі магчымасць няблага існаваць без пастаянных грабежніцкіх набегаў на памежныя землі ці ва ўсякім разе пры значна меншай знешняй ваенна-палітычнай актыўнасці. Зусім іншы працэс назіраўся на землях суседняй Літвы, для якой ваенныя здабыткі (спачатку без далёкіх палітычных мэт) заставаліся істотнай умовай выжывання.

У адрозненне ад зямель Беларусі, якія да XIII ст. прайшлі некалькі стадый дзяржаўна-палітычнага развіцця, Літва яшчэ толькі стаяла на парозе сваёй дзяржаўнасці. Яе ваенная дзейнасць, сістэматычныя набегі на суседнія і больш далёкія землі (як і абарона ўласнай тэрыторыі), былі жыццёвай неабходнасцю. Гэта дазваляла не адчуваць недахопу вытворчых сіл і замаруджвала іх эвалюцыю. Частае адцягненне сталага мужчынскага насельніцтва ад хатніх спраў (не кажучы ўжо пра людскія страты) далёка не заўсёды кампенсавалася трафеямі. Існаваў, праўда, іншы бок ваеннай актыўнасці. Для дасягнення сваіх мэт Літва нярэдка павінна была аб'ядноўваць намаганні некалькіх родаплемянных супольнасцей, заможных і ўплывовых князёў (кунігасаў), што спрыяла зараджэнню цэнтралізацыі на гэтай яшчэ дадзяржаўнай стадыі. Наколькі ваенныя поспехі маглі апярэджваць грамадскае і гаспадарчае развіццё краіны, сведчыць вопыт Жамойці, якая без дадатковай дапамогі нанесла некалькі моцных паражэнняў войску Тэўтонскага ордэна. Між тым яна заўсёды адставала ад другога рэгіёна Літвы, Аўкштайціі, па развіцці сацыяльных працэсаў, фарміраванні зямельнай уласнасці, колькасці гарадоў і насельніцтва і інш.

Фарміраванне літоўскай канфедэрацыі ў першай палове XIII ст. і яе пераход да новых палітычных адносін з суседнімі землямі, верагодна, спрыялі развіццю сустрэчных аб'яднальных тэндэнцый. На адносіны з Літвой уплывалі шматвекавое сумеснае жыццё заходнерускага і балцкага этнасаў, міграцыйныя працэсы, каланізацыя значнай часткі літоўскага абшару продкамі беларусаў. Невыпадкова ў Вільні і Троках і полацкіх калоніях у Герцыке і Кукейносе з даўніх часоў існавалі праваслаўныя цэрквы. Царква, як вядома, ішла поруч з пасяленцамі. Націск з паўночнага захаду і поўдня ўмацоўвала супольнасць літоўска-беларускіх зямель, якая яшчэ толькі ўсталёўвалася. Для беларускага насельніцтва пагроза мангольскага нашэсця ў 30-50-х гг. XIII ст. стала асноўнай у вызначэнні адносін з Літвой. Пра яго магчымыя драматычныя вынікі сведчылі шматлікія бежанцы з Кіеўшчыны і Усходняй Русі і непасрэдны палітычны вопыт першых сутыкненняў з Ардой. Для Літвы ўсё больш актуальнай станавілася пагроза нямецкай экспансіі, неабходнасць аб'яднання ўласных зямель, нармалізацыя і ўмацаванне адносін з беларускімі княствамі як найбольш блізкімі і рэальнымі яе саюзнікамі.©Матэрыял сайта "JiveBelarus.net"

Мангола-татарскае нашэсце 30-50-х гг. XIII ст. падарвала і ў лепшым выпадку перафарміравала палітычныя і гаспадарчыя сувязі Беларусі з усходнімі і паўднёвымі княствамі Русі, павялічыла значэнне заходняга вектара. Унутры літоўска-бёларускага арэала гэта вяло да ўзмацнення літоўска-беларускай супольнасці і захавання патэнцый да яе далейшага тэрытарыяльнага пашырэння.

Крыніцы:

  • [1] Historia dyplomacji polskiej. Warszawa, 1982. S. 153; Пашуто B.T. Внешняя политика Древней Руси. M., 1968; Греков И.Б. Очерки по истории международных отношений Восточной Европы XIV-XVI вв. М., 1963; Rowell S.C. Lithuania ascending. A pagan empire within east-central. Europe, 1295-1345. Cambridge, 1995.
  • [2] Łowmiaiiski Н. Prusy - Litwa - Krzyżacy. Warszawa, 1989. S. 408.
  • [3] Kiaupa Z., Kiaupiene J., KunceviciusA. The History of Lithuania before 1795. Vilnius, 2000.
  • [4] Пашуто B.T. Образование Литовского государства. M., 1959. С. 371; Livlandische Reimchronic / Ed. L. Mejer. Radeborn, 1876. S. 44; Liv-, Est- und Curlandisches Urkundenbuch, nebst Regesten / Ed. F.G. Bunge. Bd. 1. Reval, 1853. N. 125.
  • [5] Łouimiański Н. Prusy - Litwa - Krzyżacy. C. 436.
  • [6] Там жа.
  • [7] История России с древнейших времен до конца XVII века / Отв. ред. А.Н. Сахаров. М., 2000.
  • [8] Войтовіч Л. Удільні князівства Рюриковичів i Гедеміновичів у XII-XVI ст. Львів, 1996. С. 5.
  • [9] Коваленко В. Київська Русь добі політичноі роздрібненості: пошук нової концепції исторії. Ч. 1. Одеса, 1999. С. 63.
  • [10] Головко О. Польша в житті та діяльності галицько-волинського князя Романа Мстиславича // Украіна-Польща: історична спадщина i суспільна свідомість. Київ, 1993. С. 41-48.
  • [11] Войтовіч Л. Удільні князівства Рюриковичів i Гедеміновичів у XII-XVI ст. С. 80.
  • [12] Полное собрание русских летописей (далей - ПСРЛ). Т. 11. Ст. 776; Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. С. 374.
  • [13] ПСРЛ. Т. 11. Ст. 217, 311 i інш.; Liv-, Est- und Curlandisches Urkundenbuch... Bd. 1. N. 119.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.