Улада і кіраванне ў ВКЛ. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Беларусі

Княствы і землі. Іх дзяржаўна-прававы статус.

Ад сярэдзіны XIII да 60-70-х гг. XIV ст. нязначная, заціснутая ў сутонні дробных княстваў, пры суседстве з моцнымі дзяржавамі, Літва стала Вялікім Княствам Літоўскім і Рускім. Гэтая шматэтнічная дзяржава раскінула свае абшары на вялізнай прасторы (каля 800 тыс. кв. км) ад Прыбалтыкі да Чарнамор'я, і ад Падляшша да Смаленшчыны і Брагіншчыны [1].

Першапачатковая форма адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу, арганізацыі кіравання і ўлады на беларускіх землях у другой палове XIII-XIV ст. цалкам адпавядала сістэме, створанай яшчэ ў часы феадальнай дробнасці. Асноўнымі найбуйнейшымі адміністрацыйнымі ўтварэннямі з'яўляліся княствы. У XIII ст. на тэрыторыі Беларусі існавала каля 20 удзельных княстваў [2]. Яны ўяўлялі сабою дробныя дзяржаўныя ўтварэнні. Князі, што стаялі на чале іх, мелі ўсе правы суверэнных валадароў: распараджаліся ўнутранымі справамі, маглі надзяляць землямі сваіх васалаў, аб'яўляць войны і падпісваць пагадненні, заключаць любыя саюзы [3]. Летапісы ўпамінаюць княствы Полацкае, Віцебскае, Менскае, Друцкае, Ашмянскае, Гарадзенскае, Наваградскае, Кобрынскае, Пінскае, Клецкае, Слуцкае ды інш. Нярэдка княствы ў летапісах, дагаворных граматах і іншых тагачасных дакументах названы землямі (напрыклад, Полацкая, Віцебская, Мсціслаўская, Друцкая ды інш.) [4]. Гэтыя два тэрміны ўяўляюцца ідэнтычнымі. Землі паўстаюць сукупнасцю тэрыторый, эканамічна, палітычна і культурна звязаных з пэўным цэнтрам і адміністрацыйна яму падпарадкаваных [5]. Узаемасувязь абодвух вызначэнняў абумоўлена, відаць, тым, што першапачаткова княствы фарміраваліся на тэрыторыі ("зямлі") старажытнага рассялення таго ці іншага племянного саюзу [6]. У большасці выпадкаў пад тэрмінам "княства" выступала дзяржаўна-палітычная адзінка, пад тэрмінам "зямля" - тэрытарыяльна-геаграфічная.

Сярод адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак XIII-XIV ст. згадваюцца таксама воласці. Яны, хутчэй за ўсё, генетычна звязаны з сельскімі абшчынамі, на тэрыторыі якіх ажыццяўлялася кіраванне шэрагам сельскіх пасяленняў. Ва ўсякім выпадку з дакументаў яны паўстаюць як часткі, а то і асобныя адзінкі дзяржаўна-княжацкіх уладанняў. Так, воласці як складовую адміністрацыйна-тэрытарыяльную частку княжацкіх уладанняў згадвае, напрыклад, грамата 1229 г.: "... од Витьбеского князя Вълсти и од Полотьского князя вълсти" [7].

Усе названыя адміністрацыйныя адзінкі падпадалі пад падзел на дзве агульныя, вельмі прыкладна акрэсленыя дзяржаўныя паловы Вялікага Княства Літоўскага і Рускага: "Літву", ці "зямлю літоўскую", і "Русь", ці "землі рускія". Пад вызначэнне тэрміна "Літва" траплялі Трокская і Віленская землі, Чорная Русь (Наваградак, Гародня, Слонім, Ваўкавыск), Падляшща з Берасцейскай зямлёй, Палессе з Піншчынай, Менская зямля, воласці на Бярэзіне, а таксама воласці на сярэднім Дняпры і Сажы, якія былі адарваныя ад зямель Смаленскай, Чарнігава-Северскай і Кіеўскай, заходняя частка Полацкай зямлі з Браславам. Тэрмінам "Русь" ахопліваліся землі Полацкая, Віцебская, Смаленская, Кіеўская, княствы Чарнігава-Северскай зямлі, Валынь і Падолле [8].

На працягу другой паловы XII-XIV ст. вярхоўная ўлада Вялікага Княства Літоўскага, не парушаючы ўзнікшага раней тэрытарыяльнага-адміністрацыйнага падзелу на зямлі, княствы, воласці, кіравала беларускімі землямі праз князёў-васалаў. Сярод іх былі прадстаўнікі мясцовых княжацкіх дынастый: тыя ж князі Лукомскія, Друцкія. У наўгародскім летапісе пад 1326 г. упамінаецца менскі князь Васіль, які браў удзел у вялікакняскім пасольстве ў Ноўгарад Вялікі ў якасці васала Гедыміна [9]. Буйныя ўдзелы вялікія князі надавалі (часам са згоды мясцовага баярства) прадстаўнікам вялікакняскай фаміліі. Так, вялікі князь Гедымін яшчэ пры жыцці размеркаваў удзелы сваім сынам: "Великого князя Кгедмина Литовского было сынов 7: ... Монивиду дал отец Корачев да Слоним, Наримонту - Пинск. Олгирду - королеву отцу Крево. Евнутия осадил во Вильни на великом княжении. А Кестутию - Троки. Коръяту - Новгородом А Либорта принял володимерский князь к дотьце - во Володимер и в Луцеськ и во всю землю Волыньскую" [10].

У буйных беларускіх княствах - Полацкім і Віцебскім ужо па традыцыі спачатку запрашаліся на княжанне, а потым княжылі па волі вялікага князя асобы манаршага дому. У XIII ст. князямі полацкімі былі Таўцівіл і Гердзень. У XIV ст. у Полацку княжылі спачатку Воінь, брат Гедыміна, потым Андрэй Альгердавіч, нарэшце Скіргайла Альгердавіч. У Віцебску паслядоўна княскі пасад займалі Альгерд Гедымінавіч, ягоны сын Ягайла, затым удава Альгерда Ульяна, пасля Свідрыгайла Альгердавіч. Прычым, ніхто з удзельных князёў ці то з мясцовых дынастый, ці з вялікакняскай фаміліі не парушаў усталяванага ў папярэдні час унутранага жыцця княстваў, напрацаваных традыцый, звычаяў, веравызнанняў. Нават больш, некаторыя з князёў літоўскіх (сын Гедыміна - Нарымунт, сын Альгерда - Андрэй ды інш.) прымалі "грэцкую веру". Княскім атачэннем з'яўляліся тыя ж "рускія" (г.зн. мясцовыя) баяры, для якіх змена гаспадара не мела ніякага значэння [11].

Удзельны князь быў сапраўдным гаспадаром у сваёй вотчыне. Амаль усе ўладныя прэрагатывы: судовыя, вайсковыя, гаспадарчыя, фінансавыя, фіскальныя належалі яму. Правадыры мясцовых ("рускіх") дынастый, што захавалі сваю ўладу ў параўнальна невялікіх княствах, перадавалі свае ўладанні ў спадчыну, мелі права на вольнае распараджэнне зямлёй, раздорваючы яе цэрквам, манастырам, прыбліжаным служылым баярам.

Інакш складваліся адносіны з вярхоўнай уладай па пытаннях спадчыннасці і зямельных падараванняў у князёў, што належалі да роду Гедымінавічаў і валодалі найбуйнейшымі тэрыторыямі. Перадача гэтых уладанняў у спадчыну паўсюдна не практыкавалася. Падзел жа зямлі паміж сынамі наогул адсутнічаў. Так, напрыклад, пасля смерці ў Пінску Нарымунта Гедымінавіча, на яго месцы застаўся княжыць адзін з сыноў - Міхаіл, астатнія ж неслі службу ў іншых уладаннях ці ў іншых дзяржавах. Здараліся выпадкі змены вярхоўным уладаром аднаго княскага ўладання другім для прадстаўніка сваёй фаміліі. Не мелі князі - прадстаўнікі вялікакняскага роду і магчымасці свабодна распараджацца зямельнымі ўладаннямі. Пры вялікім князі Альгердзе, напрыклад, ні адзін з Гедымінавічаў, за выключэннем Кейстута, не карыстаўся правам надзяляць сваіх сыноў ці прыбліжаных асоб зямельнымі ўладаннямі ў межах сваіх княстваў.

Падобная практыка сведчыць, што ўладанні Гедымінавічаў не сталі для іх да канца спадчыннымі ўдзельнымі княжаннямі. Залежнасць іх ад вялікага князя была дастаткова моцнай. Праяўлялася яна і ў абавязку ваеннай службы ўсіх князёў-уладароў, а таксама ў выплаце штогадовай даніны. Абласныя князі былі хутчэй суправіцелямі вялікага князя, чым аднаасобнымі, незалежнымі ад цэнтра ўладарамі. Варта ў гэтым выпадку згадаць, што ўсе значныя, лёсавызначальныя рашэнні для дзяржавы вялікі князь прымаў з іх удзелам [12].

Тым не менш вярхоўная ўлада была толькі аб'яднальным механізмам кангламерату зямель Вялікага Княства Літоўскага і Рускага. Таму дзеля цэнтралізацыі дзяржавы і ўмацавання .вялікакняскай улады з 90-х гг. XIV ст. удзельныя княствы ліквідуюцца, а замест іх уводзяцца намесніцтвы. Інстытут намесніцтва абсалютна ніякім чынам не ламаў традыцыйнага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу і сістэмы кіравання. Намесніку належалі тыя ж самыя ўсёабдымныя функцыі галоўнага военачальніка і суддзі, гаспадарчага і фінансавага распарадцы [13]. Сутнасць у тым, што намесніцкая пасада была прызначальнай вялікім князем і цалкам перад ім адказнай. Гэта быў першы крок па ліквідацыі былых значных удзельных аўтаномій.

Каб не выклікаць паўсюднай незадаволенасці падданых падобнымі рашучымі дзеяннямі, вярхоўная ўлада знайшла амартызуючыя сродкі, першым сярод якіх трэба назваць захаванне дробных удзельных княстваў. На тэрыторыі Беларусі іх было некалькі: Кобрынскае (існавала да 1519 г.), Давыд-Гарадокскае, Пінскае, Клецкае (усе тры - да 1524 г.), Мсціслаўскае (да 1529 г.), Слуцкае (да 1592 г.). Валодалі імі ў асноўным прадстаўнікі вялікакняскай фаміліі. Гэтыя княствы мелі ўнутраную аўтаномію, але ў палітычным плане не былі вызначальнымі з-за сваёй дробнасці. Тым больш у ваенных адносінах яны падначальваліся вялікакняскаму намесніку. У астатнім валадары княстваў праводзілі ў сваіх землях самастойную падатковую палітыку, надзялялі сваіх васалаў землямі і сялянамі, чынілі суд над падданымі [14].

Другім важным сродкам захавання спакою ў дзяржаве падчас змен у адміністрацыйна-кіруючай сістэме было выданне буйным ускраінным землям прывілеяў. Такія земскія прывілеі атрымалі Полацкая і Віцебская землі.

Абласныя прывілеі.

На сённяшні дзень захаваліся віцебскія (1503, 1509, 1547, 1561) і полацкія (1511, 1547) земскія прывілеі. Але даследчыкамі ўстаноўлена, што ў сваёй старажытнай частцы дакументы XVI ст. узыходзяць да грамат Вітаўта 90-х гг. XIV ст. А тыя ў сваю чаргу звязаны з першымі дагаворамі ("рядами") мясцовага баярства з літоўскімі князямі [15]. Нават больш, са зместу дакументаў XVI ст. вынікае, што раней падобныя прывілеі выдаваліся і пацвярджаліся вялікімі князямі Вітаўтам, Свідрыгайлам, Казімірам, Аляксандрам, Жыгімонтам Старым і Жыгімонтам Аўгустам.

Земскія прывілеі тычыліся ўсіх бакоў грамадска-палітычнага і гаспадарчага жыцця зямель. Найбольш старажытная іх частка закранае мажлівасць гвалтоўнай міграцыі насельніцтва зямель у межах Вялікага Княства Літоўскага (практыка, характэрная для Маскоўскай дзяржавы). На гэты конт вялікі князь літоўскі даваў гарантыі жыхарам, для прыкладу Віцебскай зямлі, спакойнага жыцця "всякому, покуль хто всхочеть" і абавязваўся "местичов Витебских з города Витебска не вести вон". Таксама гаспадар абяцаў насельнікам Полацкай і Віцебскай зямель не пасылаць іх жыхароў "в заставу" ў іншыя гарады і да іх не ставіць "застав" з іншых месцаў "без их воли". Далей, вялікі князь абавязваўся не ўмешвацца ў царкоўныя справы, не адбіраць без прычыны маёмасць у землеўладальнікаў і мяшчан. Вызваляліся палачане і ад цяжкай падводнай павіннасці.

Прывілеі ўтрымліваюць значную колькасць заўваг і абавязацельстваў з боку вярхоўнай улады. Пастараемся выдзеліць галоўныя з іх, якія б сведчылі пра захаванне ў старажытных беларускіх дзяржаўных утварэннях элементаў аўтаноміі ва ўнутраным жыцці.

Перш за ўсё, згодна з прывілеем, выдадзеным Вітаўтам, а пазней пацверджаным усімі вялікімі князямі да Жыгімонта Аўгуста ўключна, намеснік (затым ваявода) у Полацкай і Віцебскай землях прызначаўся вялікім князем "по воли" мясцовых баяр і мяшчан. Гаспадар гарантаваў "... им давати ваяводу по старому, по их воли, и который им будет нелюб воевода, а обмовят его перед нами: ино нам воеводу им иного дати: по их воли". Намеснік павінен быў, "приехавши ... к Полоцку первого дня ... крест целовати к полочанам на том, што ж без их справы полочанина не казнити ни в чом". Такім чынам, полацкае і віцебскае баярства і мяшчанства мелі права кантролю, а значыць, і непасрэдна ўплывалі на рашэнні першай асобы ў сваёй зямлі.

Істотнай рысай мясцовага кіравання ў Полацкай і Віцебскай землях было абмежаванне судовай улады намеснікаў і ваявод. Усе справы, якія тычыліся мясцовага насельніцтва, "хотя бы смертной вине", павінны былі разглядацца намеснікамі непасрэдна ці ў Віцебску, ці ў Полацку, як сказана ў прывілеі, "по их праву с полочанами по иепросу". На намесніцкім судзе была абавязковай прысутнасць старэйшых баяр і мяшчан, што спецыяльна агаворвалася ў земскіх граматах вялікіх князёў літоўскіх: "А воевода нашому полоцкому мешчан адному не судити, судити ему с бояры и мещаны".

Шматлікія пытанні мясцовага кіравання ў Полацку і Віцебску, сярод якіх было выбранне службовых асоб, выкананне вайсковай службы, судовыя разборы, гаспадарчыя гарадскія справы, вырашаліся на мясцовых сеймах. Гэткая практыка брала пачатак ад старажытнага веча. Праўда, ва ўмовах Вялікага Княства Літоўскага XIV ст. і пазнейшага часу вядучую ролю ў традыцыйным органе мясцовай улады набылі феадальная знаць і вярхі гарадскога мяшчанства. Пра гэта сведчыць запіс гаспадара ў грамаце XV ст., адрасаванай жыхарам Полацка, у якой адзначалася, што "... без бояр мещанам и дворянам городским и черни соймов не надобе чинить"[16], хоць фармальна на мясцовыя сеймы дазвалялася збірацца ўсяму "поспоству" Полацка і Віцебска [17].

Практычна судова-фінансава-гаспадарчую незалежнасць мела ў сваіх землях полацкае і віцебскае баярства. Земскія прывілеі надавалі ім манапольнае права "держания", г.зн. кіравання і судовай улады ў валасцях. Толькі з мясцовых баяр прызначаліся служылыя людзі полацкай і віцебскай адміністрацыі, такія як цівун, ключнік, гараднічы, баброўнічы, мастаўнічы ды інш. Дакладна вядома, што полацкія баяры трымалі пад сваім кіраўніцтвам, як сказана у дакументах, "по годам" воласці Дрысяцкую і Себежскую [18]. Падобная сітуацыя заўсёды гарантавала мясцоваму баярству прыбытак, які не пакідаў межы зямлі, а таксама стабільны ўдзел у палітычным жыцці як Полацкай і Віцебскай зямель, так і Вялікага Княства Літоўскага ў цэлым. Менавіта гэтая акалічнасць дазваляла полацка-віцебскаму асяродку захаваць дастаткова значнае кола мясцовай арыстакратыі, якое перыядычна дапаўнялася буйным баярствам. Не выпадкова, а заканамерна, што адсюль выйшла абсалютная большасць знакамітых родаў беларускага паходжання, прадстаўнікі якіх займалі кіруючыя пасады ў мясцовых і цэнтральных органах улады Вялікага Княства Літоўскага. Тут было радавое гняздо князёў Друцкіх (да якіх акрамя саміх Друцкіх належалі князі Горскія, Сакалінскія, Прыхабскія, Любецкія, Азярэцкія, Красныя, Талачынскія, Пуцяцічы), князёў Лукомскіх, Адынцэвічаў. Адсюль жа пайшлі такія вядомыя фаміліі, як Глябовічы, Ільінічы, Неміровічы, Рамейкавічы, Шапкі, Алфер'евічы, Мітковічы, Аляхновічы, Копцевічы, Валадковічы, Корсакі, Зяноўевічы, Рагозы, Сялявы.

Мясцовыя органы ўлады.

Хто б ні стаяў на чале асобных буйных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак: ці то князь, ці намеснік, у яго быў у наяўнасці дастаткова значны апарат служачых-памагатых, што практычна не адрозніваўся па сваім складзе ні ў залежнасці ад віду ўладання, ні ў залежнасці ад тэрытарыяльнага размяшчэння. Так, пры намесніку берасцейскім згадваюцца такія пасады, як ключнік, баброўнічы, лоўчы, пры намесніку гарадзенскім - канюшы, гараднічы, ляснічы, цівуны асобных валасцей, пры наваградскім - канюшы, ключнік, гараднічы, валасныя цівуны. Яшчэ дакументы згадваюць сакольнічых, гаёўнікаў, мастаўнічых [19]. Ключнікі загадвалі харчовымі запасамі ва ўладаннях. У абавязкі гараднічага ўваходзіла арганізацыя будаўнічых работ агульнагарадскога характару, у першую чаргу абарончых аб'ектаў. Гаёўнікі даглядалі бортныя дрэвы, ляснічыя назіралі за тым, каб без спецыяльнага дазволу ў пушчах не білі звяроў і не гналі смалу, дзёгаць, ці не выпальвалі попел [20]. Назвы астатніх службовых асоб самі гавораць пра абавязкі выканаўцаў.

Найбольшая частка бягучай працы па мясцовым кіраванні клалася на цівуноў. У іх абавязкі ўваходзіла разнастайная адміністрацыйна-гаспадарчая дзейнасць ва ўладаннях, яны былі фінансавымі распарадцамі, а таксама абавязаны былі прысутнічаць на намесніцкім судзе і выконваць судовыя абавязкі па валасцях. На вышэйпералічаныя пасады прызначаліся намеснікам ці князем прадстаўнікі з дробнаслужылага люду - баяр, а таксама маглі быць пастаўлены сяляне "лепшых служоб" [21].

Найніжэйшым звяном мясцовай улады з'яўлялася вясковая адміністрацыя. Яна паўставала ў асобах прыставаў, сотнікаў, сарочнікаў, дзесятнікаў, старцаў. Такі доўгі пералік асоб вясковай адміністрацыі - гэта не сведчанне наяўнасці вялікага штату сялянскіх служэбнікаў; ён адлюстроўваў адметнасць у іх найменнях у розных рэгіёнах Беларусі. Так, у Радашковіцкай воласці ў наяўнасці былі прыставы, на землях Наваградчыны, Слонімшчыны, Гарадзеншчыны, Ваўкавышчыны аналагічную ролю адыгрывалі сотнікі, сарочнікі, дзесятнікі, у Падняпроўскіх і Падзвінскіх валасцях фігуравалі старцы [22]. Але нягледзячы на розніцу ў найменнях, дзейнасць названых адміністрацыйных асоб нічым істотным не адрознівалася. У іх функцыі ўваходзіла размеркаванне і збор данін і чыншаў з сялян, назіранне за сялянскай працай у панскай гаспадарцы. Вясковая адміністрацыя была прадстаўлена выключна мясцовымі сялянамі, але, як падае крыніца XVI ст. (безумоўна, яна адлюстроўвае і сітуацыю XIV ст.), каб "... старцы, приставы, сорочники обирали што з лепших служоб, верных, которым бы больше стерегли работы, пашни и инших пожитков"[23]. Хутчэй за ўсё сялянскія адміністратары былі асобамі выбарнымі. Пра гэта сведчыць той факт, што яшчэ ў першай палове XVI ст. у некаторых валасцях (Любашанская, Магілёўская, Гомельская, Барысаўская) старцаў яшчэ выбіралі сяляне [24].

У беларускіх гарадах у "дамагдэбургскі" перыяд уладу ажыццяўляла веча. У Полацку, напрыклад, веча выбірала 30 "мужов старцов", калегія якіх, хутчэй за ўсё, з'яўлялася выканаўчым і судовым органам вечавых сходаў. Падобная сістэма кіравання зафіксавана летапісам[25] у раздзеле "О Полоцкой Венеции, або свободиности". Там згадваецца час, калі палачане "волно пановали себе и жадной зверхности над собою не мели, толко 30 мужов старцов с посродку Речи Посполитое (рэспублікі. - П.Л.) своей на поточине справы, суд и яко сенаторов прекладали, а наболшей за знаком звону великого, которого впосеред места был завешоный, где все збиралися там и по справах своих по потребах ... бо держали на тот час землю Русскую сами мещане полоцкие и на колкодесят миль справуючи. То ж волности уживал на тот час Псков и Новгород Велики..."[26]. "Мужи" былі яшчэ вядомы ў Барысаве (1396), "мужи" і "старцы" захаваліся па традыцыі ў Магілёве (1447), Крычаве (канец XV ст.), "старцы" - у Глыбокім (1514). Іншымі службовымі асобамі гарадскога кіравання ў XVI ст. былі, падобна як у вёсках, сотнікі, дзесятнікі, звесткі аб якіх ёсць па многіх гарадах. Падобныя выканаўчыя ўладныя асобы захаваліся і пры сістэме гарадскога самакіравання згодна з магдэбургскім правам [27].©Матэрыял сайта "www.JiveBelarus.net"

Такім чынам, сістэма адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу і мясцовага кіравання ў другой палове XIII-XIV ст. ішла эвалюцыйным шляхам ад федэратыўнага кангламерату зямель да ўнутранага дзяржаўнага ўтварэння. Але наяўнасць такіх аўтаномных абласцей, як Полацкая і Віцебская, сведчыла пра федэратыўную аснову будовы Вялікага Княства Літоўскага і Рускага.

Крыніцы:

  • [1] Ochmański J. Histofia Litwy. Wyd. II. Wrocław, 1982. S. 60.
  • [2] Леонтович Ф.И. Очерки истории литовско-русского права. Вып 1. Образование территории Литовского государства. СПб., 1893.
  • [3] Рыбаков Б.Л. Киевская Русь и русские княжества XII-XIII вв. М., 1982. С. 475.
  • [4] Полное собрание русских летописей (далей - ПСРЛ). Т. 35. М., 1980. Ст. 42, 49, 53, 64, 70, 71, 88, 129, 223, 226 ды інш.
  • [5] Древнерусские княжества Х-ХШ вв. М., 1975. С. 203.
  • [6] Рыбаков Б.Л. Киевская Русь и русские княжества. ХІІ-ХІІІ вв. С. 474.
  • [7] Русско-литовские акты. Приложение №1.
  • [8] Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута. М., 1892. С. 3-8; Haleckl О. Litwa, Ruś i Żmudź jako części składowe Wielkiego księstwa Litewskiego. Kraków, 1916. S. 5, 9, 12, 20.
  • [9] ПСРЛ. Т. 4. Вып. 1. Пг., 1915. С. 234.
  • [10] Белоруссия в эпоху феодализма (далей - БЭФ). Т. 1. Мн., 1959. С. 88.
  • [11] Любавский М.К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. М., 1910. С. 34-35, 38.
  • [12] Там жа. С. 36-38.
  • [13] Любавский М.К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. С. 143-164.
  • [14] Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972. С. 171.
  • [15] Якубовский И.В. Земские привилеи Великого княжества Литовского // Журнал Министерства народного просвещения (далей - ЖМНП). 1903. № 5. С. 239-278; № 6. С. 245-303; Ясинский М.И. Уставные земские грамоты Литовско-Русского государства. Киев, 1889.
  • [16] Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею (далей - АЗР). Т. 1. СПб., 1846. С. 73.
  • [17] АЗР. Т. 1. С. 351-353; Т. 2. СПб., 1848. С. 86-90. Гэтая спасылка распаўсюджваецца на ўсе цытаванні з земскіх прывілеяў; Любавский М.К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. С. 136-137, 156.
  • [18] Пашуто В.Т., Флоря Б.Н., Хорошкевич А.Л. Древнерусское наследие и исторические судьбы восточного славянства. М., 1982. С. 125.
  • [19] Любавский М.К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. С. 136-137, 156.
  • [20] Там жа; Пашуто В.Т., Флоря Б.Н., Хорошкевич АЛ. Древнерусское наследие и исторические судьбы восточного славянства. С. 117-119.
  • [21] Любавский М.К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. С. 134.
  • [22] Там жа. С. 135; Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей - НАРБ). Ф. 694, воп. 4, спр. 1556, арк. 4-7, 11; Документы Московского архива министерства юстиции (далей - ДМАМЮ). Т. 1. М„ 1897. С. 80, 102, 130-138.
  • [23] АЗР. Т. 2. С. 198.
  • [24] Довнар-Заполъский М.В. Очерки по организации западнорусского крестьянства в XVI веке. Киев, 1905. С. 57-58.
  • [25] БЭФ. Т. 2. Мн., 1960. С. 440.
  • [26] Там жа.
  • [27] Копысский З.Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI - первой половине XVII в. Мн., 1975. С. 74-78.
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.