Непасрэдныя перадумовы фарміравання Вялікага Княства Літоўскага

Унутраныя і знешнія фактары.

Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага і Рускага (як афіцыйна называлася дзяржава ў XIV ст.) было абумоўлена рэзкім змяненнем ваенна-палітычных абставін ва Ўсходняй Еўропе ў сувязі з татарскім нашэсцем на Русь. Аднак з'яўленне новай двухэтнічнай дзяржавы стала магчымым толькі таму, што для гэтага склаліся неабходныя ўнутраныя перадумовы, сярод якіх можна вызначыць тры асноўныя: асаблівасці палітычнай сістэмы Русі; пачатак цэнтралізацыі і выкліканае гэтым з'яўленне моцных уладароў у суседняй Літве; працяглы вопыт міжэтнічных кантактаў у верхнім Панямонні, якое стала цэнтрам дзяржаваўтваральнага працэсу.

Сістэма перадачы ўлады ў рускіх княствах.

Кіеўская Русь XIII ст. уяўляла сабой рыхлае палітычнае ўтварэнне, пабудаванае на калектыўным сюзерэнітэце княскай дынастыі Рурыкавічаў [1]. Пры адсутнасці палітычнай цэнтралізацыі землі-княствы Русі (у тым ліку і тыя, што знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі - Полацкая, Турава-Пінская, Наваградская) мелі трывалыя гандлёва-эканамічныя і культурныя сувязі, адзіную царкоўную арганізацыю (праваслаўную мітраполію з цэнтрам у Кіеве), агульную літаратурную мову і традыцыю летапісання. Сведчаннем гэтай еднасці была агульная самасвядомасць: і ў замежных, і ў мясцовых крыніцах палітычна незалежныя адзін ад аднаго ўладары трывала называюцца "рускімі князямі", іх уладанні захоўваюць агульную назву "Русь", праваслаўная вера вызначаецца як "руская вера", а літаратурная мова - як "руський язык". У крыніцах няма доказаў таго, што мясцовая самасвядомасць і патрыятызм зямель-княстваў пераважвалі гэтую агульную самасвядомасць, хоць лакальныя адрозненні і асаблівасці безумоўна мелі месца.

Неаспрэчнае права дынастыі Рурыкавічаў на ўладу ва ўсіх без выключэння княствах было адной з прыкметных рыс палітычнай сістэмы Русі. У масавай свядомасці трывала замацавалася ўяўленне аб тым, што кожны прадстаўнік гэтага роду мае спадчыннае права на частку ("удзел") тэрыторыі, якой валодаў яго бацька (адсюль і тэрмін "вотчына" - бацькоўская спадчына). Як трапна адзначыў адзін з унукаў кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха Ізяслаў Мсціславіч, "мне отчины в Угрех нетуть, ни в Ляхох, токмо в Рускои земли" [2]. Рысы ўдзельна-вотчыннай сістэмы прасочваюцца ўжо са смерці Уладзіміра Святаславіча ў 1015 г. і былі афіцыйна замацаваны на Любецкім з'ездзе князёў у 1097 г. Да сярэдзіны XIII ст. не было ніводнага выпадку парушэння манаполіі нашчадкаў Уладзіміра на ўладу, калі не лічыць часовы (на некалькі месяцаў) захоп улады ў Галічы мясцовым баярынам Уладзіславам падчас княжацкай усобіцы ў 1209 г.

Вельмі пільная ўвага да пытання перадачы княскага пасада тлумачыцца тым, што ва ўмовах дэцэнтралізацыі, калі ні кіеўскі, ні нейкі іншы князь не мог рэальна сачыць за парадкам па ўсёй Русі, агульнапрызнаная законнасць праўлення мясцовых князёў была адзінай гарантыяй ад усобіц. Парушальнік звычаю быў непажаданай асобай у вачах як суседзяў, так і ўласных падданых, бо калі яго правы нехта мог аспрэчыць, то насельніцтва рызыкавала зведаць усе разбуральныя наступствы барацьбы за ўладу, ад якой так пакутавала Русь у тыя часы. Толькі ў выключных выпадках узурпатар мог разлічваць на падтрымку.

Таму падзел дзяржавы на паўсамастойныя вотчыны і ўдзелы адбываўся амаль дакладна ў адпаведнасці з працэсам дэмаграфічнага разрастання і драблення княскай дынастыі: кожная буйная вотчына (зямля) належала адной з радавых галін Рурыкавічаў і ў сваю чаргу падзялялася на ўдзелы прадстаўнікоў гэтай галіны. У выпадку калі, адна з галін згасала ці губляла ўладу, на яе месца.прыходзіў прадстаўнік іншай, але абавязкова прамы нашчадак уладара, ўсёй Русі Уладзіміра Святаславіча. У такім разе новы князь або прызначаўся вярхоўным суверэнам, якім працягваў лічыцца кіеўскі князь, або запрашаўся мясцовым насельніцтвам, але і ў гэтым выпадку вельмі пажаданай была хаця б фармальная згода з Кіева. Фактычна яго вяршэнства і зводзілася толькі да гэтага права распараджацца вымарачнымі вотчынамі. У астатнім землі-княствы не адчувалі патрэбы ў агульным палітычным цэнтры. Часам і сам кіеўскі князь ператвараўся ў падстаўную асобу, якой маніпуляваў уладар адной з моцных зямель-княстваў.

Такія ўмовы ў прынцыпе рабілі немагчымым у княжанне іншаземца да той пары, пакуль традыцыйная палітычная сістэма захоўвала раўнавагу. Разам з тым патэнцыяльна слабым месцам быў яе цэнтр - асоба кіеўскага князя, якая ўяўляла калектыўны суверэнітэт роду. Калі б Кіеў разам з кантралюючымі яго ўплывовымі галінамі Рурыкавічаў трапіў у залежнасць ад варожай дзяржавы (так і адбылося ў выніку мангола-татарскага нашэсця), гэтая залежнасць аўтаматычна распаўсюджвалася на ўсе княствы, нават на тыя, што дагэтуль адчувалі сябе самастойнымі і не зведалі непасрэднага заваявання. У такім (і толькі ў такім) выпадку захоўванне лаяльнасці да старой дынастыі губляла для іх сэнс. Наадварот, прыход іншай дынастыі даваў шанц ухіліцца ад агульнага лёсу - пры ўмове, што новы ўладар быў здольны супрацьстаяць непазбежным спробам аднавіць "статус-кво".

Пра тое, што тагачаснай свядомасцю пераход рускіх княстваў пад уладу літоўскіх князёў успрымаўся менавіта так, сведчаць фальклорныя матывы бітваў татар з літоўскімі князямі, зафіксаваныя ў XVI ст. У адным з паданняў, паводле польскага храніста Мацея Стрыйкоўскага, татарскі ваявода Койдан (военачальнік Кодан сапраўды быў у войску Батухана ў 1240 г.) патрабуе ад літоўскага князя Эрдзівіла (верагодна, асоба легендарная) даніны менавіта як з уладальніка Наваградчыны і Падляшша, "як ён гэта прывык рабіць з іншымі рускімі князямі". Эрдзівіл, аднак, дае яму ўзброены адпор, выступаючы такім чынам абаронцам рускіх зямель [3]. Гістарычны кантэкст гэтага падання добра адпавядае рэаліям часоў Міндоўга, у прыватнасці паходу татарскага ваяводы Бурундая ў 1258 г.

Балта-славянскія кантакты.

Верхняе Панямонне было трывала каланізавана ўсходнеславянскімі плямёнамі крывічоў і дрыгавічоў прыкладна на мяжы Х-ХІ ст. У працэсе свайго рассялення яны асімілявалі рэдкае мясцовае насельніцтва - нашчадкаў культуры штрыхаванай керамікі. На правабярэжжы Нёмана і яго прытока Бярэзіны славяне сутыкнуліся з продкамі сучасных літоўцаў[4] - носьбітамі культуры ўсходнелітоўскіх курганоў, якая, паводле сучасных уяўленняў, утварылася ў IV-V ст. шляхам асіміляцыі той жа культуры штрыхаванай керамікі прышэльцамі з захаду - носьбітамі культуры шурпатай керамікі [5]. Такім чынам, і славяне, і літвіны наслаіліся на адзін і той жа субстрат, ад якога мусілі запазычыць шмат агульных звычаяў, міфалагічных 1 фальклорных сюжэтаў, моўных рыс. Гэта не магло не спрыяць добраму паразуменню між імі.

Археалагічныя даныя сведчаць, што ў кантактнай зоне адсутнічала выразная этнічная мяжа. Рысы пахавальнага звычаю, характэрнага для ўсходнелітоўскіх курганоў (як і для каменных курганоў ятвягаў, што насялялі ваколіцы Гародні), прасочваюцца ўперамешку з чыста славянскімі рысамі ў могільніках каля Наваградка, Слоніма, Ваўкавыска і ў іншых месцах на левабярэжжы Нёмана. Славянскія помнікі былі пашыраны за Нёманам у Шчучынскім раёне, а таксама ля Крэва і Ашмян, на пераважна балцкай у той час тэрыторыі [6]. Такое змяшэнне магло адбывацца толькі пры параўнальна мірным характары адносін.

Разам з тым пэўны час Літва знаходзілася ў данніцкай залежнасці ад Русі. Польскі храніст XV ст. Ян Длугаш прыводзіць паданне аб тым, што даніна літвінаў Русі была чыста сімвалічнай - у выглядзе дубовай кары, бо больш з іх не было чаго ўзяць [7]. Магчыма, і сапраўды яна была не вельмі цяжкай. Кантроль над Літвой павінны былі ажыццяўляць гарады Браслаў, Ізяслаўль і Наваградак. Апошні быў заснаваны ў XI ст. - магчыма, пасля паходу Яраслава Мудрага ў Літву ў 1040 ці 1044 г., які, паводле В.Тацішчава, і прывёў да яе данніцкай залежнасці [8]. Функцыі непасрэднага збору даніны выконвала таксама ўмацаванае славянскае паселішча ў самым сэрцы арэала ўсходнелітоўскіх курганоў - у Вільні. Яно, паводле археалагічных даных, узнікла ў XI ст.[9] і, напэўна, было такім жа прасунутым фарпостам крывічоў на землях Літвы, як Герцыке і Кукейнос у Латыголі. Не выключала, што нейкі час там княжыў хтосьці з полацкіх Усяславічаў [10].

Каб забяспечыць рэгулярнае паступленне даніны, баярства азначаных гарадоў мусіла мець даволі цесныя сувязі з літвінамі, ведаць іх мову і звычаі. Можна меркаваць, што многія маладыя літоўскія арыстакраты пабывалі ў рускіх гарадах у якасці заложнікаў. Напэўна, былі неаднаразовыя выпадкі змешаных шлюбаў і пабрацімства. У другой палове XII ст. князі полацкай дынастыі не раз выкарыстоўвалі запрошаныя ці нанятыя літоўскія дружыны ў сваіх міжусобіцах: у 1162 г. "літву" выкарыстоўвае супраць палачан менскі князь Валадар Глебавіч, у 1180 г. - палачане супраць Друцка, у 1198 г. - зноў жа палачане супраць наўгародскай воласці Вялікія Лукі [11].

У канцы XII - пачатку XIII ст., калі літвіны не толькі цалкам вызваліліся ад данніцкай залежнасці, але і распачалі рабаўніцкія набегі на Русь, гэтыя набегі закраналі пераважна больш аддаленыя ад Літвы княствы, што непасрэдна з ёю не межавалі - Наўгародскае, Смаленскае, Уладзіміра-Суздальскае. Як падкрэслівае гісторык A. Краўцэвіч, у летапісах няма ніводнага паведамлення пра разбурэнні літвінамі Полацкага, Менскага альбо Наваградскага княства [12]. Праўда, азначаныя княствы ўвогуле практычна знікаюць у гэты час са старонак летапісаў, так што адсутнасць звестак пра набегі нельга лічыць за доказ адсутнасці саміх набегаў. Да таго ж храніст Рыжскага архібіскупства Генрых Латвійскі паведаміў пра спробы полацкага князя Уладзіміра і князя Кукейноса Вячкі заключыць мір з крыжакамі, каб "тым лягчэй супрацьстаяць літвінам" [13]. Але ў цэлым спецыфічны характар стасункаў Літвы, прынамсі з некаторымі яе бліжэйшымі суседзямі, выглядае цалкам верагодна. Прыкладам можа служыць характарыстыка князя Герцыке Усевалада, дадзеная тым жа Генрыхам Латвійскім пад 1209 г.: "Кароль Усевалад быў жанаты з дачкой аднаго з найбольш магутных літвінаў і, будучы як зяць яго для іх амаль сваім, звязаны з імі звыш таго і сяброўствам, часта кіраваў іх войскамі, аблягчаў ім пераправу праз Дзвіну і забяспечваў харчам, калі яны ішлі на Русь, Лівонію ці Эстонію" [14].©Матэрыял сайта "JiveBelarus.net"

Такім чынам, княствы на тэрыторыі Беларусі да сярэдзіны XIII ст. мелі больш чым двухсотгадовы вопыт цесных сувязей з Літвой, у працэсе якіх абодва бакі добра вывучылі адзін аднаго. У далейшым гэты вопыт суіснавання паслужыў падмуркам для ўтварэння двухэтнічнай дзяржавы. Аднак сам па сабе ён не мог бьщь дастатковай падставай для палітычнага аб'яднання беларускіх і літоўскіх княстваў пад уладай літоўскага князя. Патрэбны былі яшчэ дадатковыя ўмовы.

Крыніцы:

  • [1] Назаренко А.В. Родовой сюзеренитет Рюриковичей над Русью (X-XI вв.) // Древнейшие государства на территории СССР: Материалы и исследования, 1985 год. М., 1985. С. 149-157.
  • [2] ПСРЛ. Т. 2. Ипатьевская летопись. М., 1962. Ст. 405.
  • [3] Stryjkowski М. Kronika polska, litewska, żmódzka i wszystkiej Rusi. Т. 1. Warszawa, 1846. S. 238-239. Аналіз гэтага паведамлення з адзначэннем яго фальклорных матываў гл.: Рогов А.И. Русско-польские культурные связи в эпоху Возрождения (Стрыйковский и его хроника). М., 1966. С. 133-134.
  • [4] У сярэднявечных крыніцах жыхары Літвы называюцца, як правіла "літвінамі". Паколькі змест гэтага тэрміна часам не адпавядаў зместу этноніма "літоўцы" (быў шырэйшы альбо, наадварот, вузейшы за яго), у далейшым, каб пазбегнуць неадпаведных асацыяцый, жыхары гістарычнай Літвы будуць называцца "літвінамі", а пад "літоўцамі" разумеюцца сучасныя жыхары Літоўскай Рэспублікі.
  • [5] Ушинскас В.А. Роль культуры штрихованной керамики в этногенезе балтов // Славяне: Этногенез и этническая история. Л., 1989. С. 62-67; Медведев А.М. К вопросу о взаимоотношении западных балтов и носителей культуры штрихованной керамики в I тысячелетии н.э. // Насельніцтва Беларусі i сумежных тэрыторый у эпоху жалеза. Мн„ 1992. С. 81-83.
  • [6] Зверуго Я.Г. Верхнее Понемонье в ІХ-ХІІІ вв. Мн., 1989. С. 15, 73-76; КраўцэвічА.К. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага. Мн., 1998. С. 196 (карта 3).
  • [7] Длугош Я. Грюнвальдская битва. М.; JL, 1962. С. 15.
  • [8] Татищев В.Н. История Российская. Т.2. М.; JI.,1962. С. 78.
  • [9] Голубовичи Е. и В. Кривой город Вильно // Краткие сообщения Института истории материальной культуры. Вып. 11. М.; Л., 1945. С. 114-126.
  • [10] У 1540-я гг. у Маскве была створана версія паходжання літоўскай пануючай дынастыі ад Давіла i Маўколда Расціславічаў - міфічных полацкіх князёў, якія нібыта княжылі ў Вільні з 1129 г. Аб недакладнасці гэтых генеалагічных пабудоў, як і іншых маскоўскіх інтэрпрэтацый паходжання літоўскай дынастыі, пачынаючы з "Паслання Спірыдона-Савы" канца XV ст., гл.: Дмитриева Р.П. Сказание о князьях Владимирских. М.; Л., 1955. С. 73-109; Бычкова М.Е. Отдельные моменты истории Литвы в интерпретации русских, генеалогических источников XVI в. // Польша и Русь: Черты общности и своеобразия в историческом развитии Руси и Польши XII-XIV вв. М., 1974. С. 365-377. Разам з тым магчымасць княжання ў Вільні прадстаўнікоў Полацкага княскага роду цалкам выключыць нельга.
  • [11] ПСРЛ. Т. 2. Ст. 519, 620; Новгородская первая летопись, старшего и младшего изводов (далей - НПЛ). М.; Л., 1950. С. 44.
  • [12] Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага. С. 95.
  • [13] Генрих Латвийский. Хроника Ливонии. М.; Л., 1938. С. 102, 140-141.
  • [14] Там жа. С. 113.
Прапануем да дадзенага матэрыялу...
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Міхась напiсаў(ла) 25.11.2011 15:56
Киевский синопсис 1674 года в 66 разделе (про княжение Романа смоленского в киеве) сообщает про верховенство русских князей над Литвой: "Сей бе зело храбр и Литву порази; многих же пленивши, в жестоких узах держаше и тяжкие работы на них возлагаше, инах окованных в плуг впрягаше и ими аки волами поля окрест Киева оряше, и оттуду она притча израсе, егда един Литвин в плузе тягнущи научися языка Руска, и реч: Романе, Романе! Худым живеши, Литвою ореши".
Нальшчанскi напiсаў(ла) 09.04.2014 11:12

Нальшчаны, Нальшаны (Nalsani, Nalsen) — гістарычная вобласць сярэдневяковай Літвы. У больш познi час - тэрыторыя Рыжскага арцыбiскупства.

Успамінаецца ў «Лівонскай рыфмаванай хроніцы» пры апісанні паходаў лівонскіх рыцараў 1229 і 1247 гадоў, як зямля Nalsen, змешчаная паміж уладаннямі Лівонскага ордэна і ўласна Літоўскай зямлёй («durh Nalsen kein Litowen» — праз Нальшчаны да Літвы). Паводле найбольш пашыранага меркавання даследчыкаў, тэрыторыя Нальшчанаў прыблізна суадносіцца з абшарамі Аўкштайцкага і Свянцянскага ўзвышшаў (Łowmiański, 1983; Benninghoven, 1965)/ Дадзеная тэрыторыя ў беларуска-літоўскіх летапісах назваецца Завілейская Літва.

У сярэдзіне 13 ст. Нальшчаны былі асобным княствам, палітычна залежным ад Міндоўга. У грамаце Міндоўга ад 1260 года (лічыцца падробленай, але подпісы на ёй напэўна захаваліся з сапраўднага прататыпу) прыгадваецца Гердзень Нальшчанскі (Gerdine de Nailsa). Аўтар лацiнскамоўнага твора «Апісанне земляў» (вядомага ў гiстарычных колах як Дублінская хроніка), узгадваў Нальшчаны (Nalsani) побач з уласна Літвой, Ятвеззю і Жамойцю (землi нёманска-дзвiнскага мiжрэчча).

У Іпацьеўскім летапісе Нальшчаны прыгадваюцца двойчы — у 1258 годзе татары наступам з поўдня паслядоўна «воеваша земли Литовьскую и Нальшчаньскую», а ў 1264 годзе Войшалак, які заняў спачатку бацькоўскімі ўладаннямі ў Літве, рушыў на скарэнне мяцежных Нальшчанаў і Дзевалтвы (Лотвы альбо Латгалii)

Пасля паходу Войшалка ў 1264 годзе, Нальшчаны трапілі пад непасрэдны кантроль вялікага князя і страцілі палітычную незалежнасць. Грамата князя Гердзеня ды полацкага князя Iзяслава ад 22 снежня 1264 года сведчаць пра вяршэнства ўлады Войшалка: "а воли есми Божии и въ Молшелгове". Нальшчаны як «правінцыя» Літвыпрыгадваецца ў 1268 годзе, калі пад пратэктарат рыжскага арцыбіскупа перайшоў літоўскі нобіль Суксэ «з правінцыі Нальшчаны» (Nalsen).

У вынiку заўзятатай барацьбы ВКЛ з крыжакамi тэрыторыя Нальшчан была зруйнавана i ператварылася ў пустэчу, пра што заведчыў у сваiх падарожных нататках французскi рыцар Жыльбер дэ Ланнуа.

Герман з Вартберга ў 1375 годзе называе ў «зямлі літоўцаў» шэраг паселішчаў на тым абшары, дзе раней, магчыма, знаходзіліся Нальшчаны — Больнікі, Дубінкі, Гедройці, Малаты, Таўрагіні, Уцяну, Шашолы.

Тэадор Нарбут у 4 томе сваёй «Гісторыі літоўскага народу» (на польскай мове) піша, што Нальшанскае княства належыла Даўмонту (Арвіду) Эрдзівілавічу — пляменніку Міндоўга. Ён быў жанаты на сястры каралевы Марты, жонцы Міндоўга. Пазней ён актыўна ўдзельнічаў у забойстве самога Міндоўга. Загінуў Даўмонт Эрдзівілавіч падчас паходу на рускія землі ў 1285 годзе. На старонцы 328 Т. Нарбут апавядае, што Пялас у Нальшанскім княстве устройваў вяселле для сваёй дачкі, якое мусіла адбыцца ў замку Вяйсеяй (Wiesieje, цяпер Veisiejai ў Летуве). Аднак здраднік Пялюза, які тым часам жыў у Кёнігсбергу, прывёў крыжакоў пад замак свайго дзядзькі. Знатныя госці былі забітыя, а скарбы і палонныя вывезены ў Кёнігсберг.

Адам Кiркор меркаваў, што Нальшчаны займалi тэрыторыю Свянцяншчыны (Смаргонскi ды Мядзельскi раёны сучаснай Беларусi). Асновай для дадзенага меркавання паслужылi звесткi, што нальшчанскi князь Даўмонт заснаваў мястэчка Сьвiр. Непадалёку ад Сьвiры месцiлiся Гальшаны ды магутны мураваны замак Крэва. Аднак Кiркор не ўлiчыў той акалiчнасцi, што ў Хронiцы Стрыйкоўскага князь Даўмонт называецца занальшанскiм князем, а ў "Хронiцы Лiтоўскай i Жамойцкай" - заанальзанскiм.

Сучасныя даследчыкi з Латвii, Беларусi (В. Праўрацкi) выказваюць гiпотэзу, што Нальшчаны маглі знаходзіцца на тэрыторыі сучаснай Латвіі (гiстарычная вобласць Sellia), насупраць земляў колiшняга Герцыкскага княства:

  1. У дакуменце дацкага караля Эрыка Менведа ад 1298 года тэрыторыя пад назвай Nalexe, падуладная Рыжскаму архібіскупу, узгадваецца ў тым жа кантэксце, што і тэрыторыя пад назвай Semigallia.
  2. Пскоўскi летапіс сведчыць пра блiзкае знаходжанне Нальшчан у адносiнах да Пскова: «В лето 6876 (1368) рать Немецкая у Велья из Налесья была…» (сяло Велле месціцца на ўсход ад горада Пыталава Пскоўскай вобласці).
  3. "Сборник материалов и статей по истории Прибалтийского края".Т.1. (Рыга, 1877) змяшчае звесткi пра тое, што Нальшчаны былi адной з чатырох гiстарычных акруг (земляў) Селii:

"Селы жили къ юго-востоку отъ Семгалловъ, вдоль Двины по землямъ: Тавракенѣ, Нальзевѣ, Полоиѣ и Медевѣ и замкѣ Оельтіисѣ."

Крыніцы

  • Міндаў, кароль Літовіі, у дакументах і сьведчаньнях / НАН Беларусі, Ін-т гісторыі; уклад., пер. на бел, камент. А. Жлуткі. Мн., 2005. С.40.
  • Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmudzka i wszystkiej Rusi.- Warszawa, 1985.

Літаратура

  • Насевіч В. Нальшчаны // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя ў 2 тамах. Т.2. — Мінск: БелЭН, 2006. С. 344.
  • Вольтер Э. А. Где искать землю Нальщанскую Ипатьевской летописи // Журнал министерства народного просвещения, 1900, № 5, с. 195—201.
  • Сборник материалов и статей по истории Прибалтийского края. Т.1. - Рига, 1877.
  • Живописная Россия. Литовское и Белорусское Полесье/ репр. воспроизведение издания 1882 года. – Мн., 1993.
  • Zabiela G. Nalšia Lietuvos valstybės kūrimosi išvakarėse // Rytų Lietuva: istorija, kultūra, kalba. — Vilnius, 1992. — S. 20.
  • Łowmiański H. Geografia polityczna Bałtów w dobie plemiennej // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia Historica. I. Poznań, 1985.
  • Narbutt T. Dzieje starożytne narodu litewskiego.- Wilno 1838.

 

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.