Сельская гаспадарка ў X—XIII стст.

Земляробства

Сельскагаспадарчая вытворчасць у сярэднія вякі з'яўлялася асноўнай рысай дзейнасці ўсходніх славян. Тады галоўнай галіной сельскай гаспадаркі было земляробства. Яно знаходзілася ў непасрэднай залежнасці ад прыродна-кліматычных умоў і традыцый, якія складваліся стагоддзямі.

Важным пытаннем пры вывучэнні земляробства пэўнай гістарычнай эпохі з'яўляецца даследаванне ўзроўню землеапрацоўчай тэхнікі. У сувязі з адсутнасцю пісьмовых крыніц па стане і развіццю сельскагаспадарчай вытворчасці сярод сельскага і гарадскога насельніцтва ў X-XIII стст. надзейнымі крыніцамі па вывучэнні тагачаснага земляробства і жывёлагадоўлі з'яўляюцца археалагічныя матэрыялы [1].

Ворныя прылады ў сярэднявеччы рабілі з дрэва. Металічнымі былі толькі асобныя іх часткі. На пасяленні каля в. Хатомель Столінскага раёна знойдзены два металічныя наральнікі і чарэсла ад ворнай прылады VIII-IX стст., якая з'яўляецца папярэднікам плуга. Падобныя наральнік і чарэсла, якое разразала пласт зямлі, выяўлены каля в. Дворыцкая Слабада Мінскага раёна з матэрыялам X-XI стст. Многія даследчыкі сцвярджаюць, што ўдасканаленая ворная прылада працы з'явілася спачатку на поўдні Беларусі.

Жалезныя наканечнікі
Жалезныя наканечнікі (нарогі) ад сахі з раскопак Полацка і Пінска

Прымяняліся і больш простыя ворныя прылады без чарэсла. Аб гэтым сведчаць металічныя наральнікі XI-XIII стст., знойдзеныя на розных помніках (Брэст, Мазыр, Навагрудак, в. Збораў Рагачоўскага раёна). У Брэсце выяўлена дубовае прамаградзільнае рала ХІІІ ст. У XI-XIII стст. на тэрыторыі Беларусі выкарыстоўвалі два тыпы рал (беспалозныя і ралы з полазам), якія ўжываліся ў адпаведнасці ад віду і характару працы на працягу многіх стагоддзяў.

У сувязі з удасканаленнем земляробчых прылад у IX ст. на тэрыторыі Усходняй Еўропы з'явіўся прынцыпова новы больш дасканалы ў параўнанні з ралам від ворнай прылады - двухзубая драўляная саха з двума металічнымі сашнікамі. Яе паяўленне было значным крокам уперад у параўнанні з ралам. Саха больш прыстасаваная да ўмоў лясной паласы. У пачатку 2-га тысячагоддзя яна становіцца асноўнай ворнай прыладай. Сашнік X ст. знойдзены ў Лукомлі. Жалезныя сашнікі выяўлены пры раскопках у Лукомлі, Ваўкавыску, Гродне, Лагойску, Мінску, Оршы, Пінску, Чачэрску. Прымяненне сох было неабходнай умовай пры вядзенні папаравай сістэмы земляробства. Саха не толькі добра рыхліла зямлю, але падразала карэнне пустазелля, што надзвычай важна пры вядзенні папаравай сістэмы земляробства.

У сярэднявеччы апрача ворных выкарыстоўваліся прылады ручной апрацоўкі глебы: драўляныя рыдлёўкі з металічнымі акоўкамі і металічныя матыгі.

Ураджай збіралі металічнымі сярпамі. У Мінску іх знойдзена 17 экземпляраў. Сярпы X- XIII стст. па памерах і форме з мэтай паляпшэння іх працоўных якасцей маюць даволі доўгае (25-30 см) лязо, часта з насечкамі па краі, набліжаюцца да прылад, якімі карысталіся на Беларусі нават у пачатку XX ст.

Зерне намалочвалі драўлянымі цапамі. Лён і каноплі апрацоўвалі на ільнамялках, часалі вялікімі драўлянымі грабянямі. На муку зерне малолі пры дапамозе каменных жорнаў дыяметрам да 30 см. Крупы вырабляліся ў ручных і нажных стуах. Драўляныя нажныя ступы XII-XIII стст. знойдзены ў Мінску і Брэсце.

У X-XIII стст. на тэрыторыі Беларусі вырошчвалі амаль усе вядомыя ў наш час зернявыя культуры. Шырокае распаўсюджанне атрымала азімае жыта. Разам з тым вырошчвалі яравое жыта. На гарадзішчы каля в. Свіла-1 Глыбоцкага раёна на дне ямы IX ст. быў знойдзены гаршчок з азімым жытам. Батанічнае вывучэнне зерня дало магчымасць устанавіць, што яно вырошчвалася на стараворным полі. З XI ст. жыта становіцца вядучай зернявой культурай. Шырока вядомы быў ячмень. Зерне ячменю выяўлена ў пластах X-XI стст. на гарадзішчы ў вярхоўях Пцічы. Па колькасці ячмень займаў трэцяе месца пасля жыта азімага і пшаніцы. Радзей за іншыя культуры сустракаецца пры раскопках зерне аўса. Самая вялікая яго колькасць знойдзена ў Друцку ў пласце XI ст.

Нажная ступа XIII ст.
Нажная ступа XIII ст. з раскопак Берасцейскага гарадзішча (рэканструкцыя)

У X-XIII стст. паўсюдна вырошчвалі проса. Гэта старажытная культура была вядома на Беларусі яшчэ ў III-IV стст. да н.э. У XI-XIII стст. вытворчасць проса была пашырана паўсюдна. Пэўную вагу ў пасевах мелі бабовыя культуры. Зерне чачавіцы знойдзена ў Тураве, Ваўкавыску, Клецку. Рэдкай з'яўляецца знаходка агароднага бобу ў Мінску. З X-XIII стст. вядомы лён (Полацк, Тураў, Мінск, Пінск), каноплі (Брэст, Ваўкавыск, Мінск, Гродна).

Грэчка вядома на нашай тэрыторыі з XI ст. (Браслаў). У XII-XIII стст. яе вырошчвалі ў Гродне, Крычаве. Але колькасць знойдзенага на гэтых помніках яе зерня нязначная.

З агародных культур у гэтыя часы вядомы капуста, рэпа, цыбуля, буракі, агуркі. Аб садаводстве сведчаць знаходкі ў Полацку, Мінску, Гродне ў пластах XII-XIII стст. костачак вішні, слівы.

Вывучэнне знойдзенага разам з зернем культурных раслін пустазелля дае магчымасць меркаваць аб сістэмах земляробства, якія прымяняліся ў тыя часы. Устаноўлена, што асноўная колькасць культур была вырашчана на стараворнай раллі, калі жыта сеялі на пару. У пачатку 2-га тысячагоддзя н.э. на тэрыторыі Беларусі існавала папаравая сістэма земляробства. Ворнае земляробства з прымяненнем папаравай сістэмы можна весці ў форме двухполля або трохполля. У XI-XIII стст. асноўнай сістэмай земляробства была папаравая сістэма з прымяненнем двухполля альбо трохполля.

Уводзілася папаравая сістэма земляробства паступова, таму разам з асноўнай сістэмай земляробства існавалі і пераходныя формы апрацоўкі і выкарыстання зямлі (лясны пералог, стракатае поле, калі яшчэ не існавала правільнага чаргавання культур). Пэўную вагу мела лядная сістэма, асабліва пры павелічэнні новых ворных плошчаў. Спалучэнне папаравай сістэмы земляробства з іншымі формамі ў залежнасці ад неабходнасці і абставін сведчыць аб рацыянальным вядзенні гаспадаркі.

Жывёлагадоўля

Археалагічныя матэрыялы даюць магчымасць не толькі меркаваць аб складзе статку таго ці іншага населенага пункта ў часы сярэднявечча, але і вызначыць, якой жывёле насельніцтва аддавала перавагу, устанавіць суадносіны паміж відамі розных жывёл [2]. На пасяленнях ваеннага тыпу і феадальных замкаў у культурным пласце пераважаюць косці дзікіх жывёл. Вынік вывучэння касцей з гарадзішча і паселішча VIII-IX стст. каля в. Хатомель дае магчымасць упэўніцца, што тут аддавалі перавагу свойскай жывёле (буйны рагаты скот, конь, свіння). Той факт, што косці каня займаюць тут па колькасці другое месца пасля буйной рагатай жывёлы, тлумачыцца роллю гэтай жывёлы, якую яна адыгрывала ў жыцці дружыннага паселішча. Для яго жыхароў конь займаў яшчэ адно з вядучых месцаў сярод хатняга статку.

Палявалі на кабана, касулю, мядзведзя, лася, зубра. Удзельная вага касцей дзікай жывёлы складала 10,9% ад агульнай колькасці.

На паселішчы, размешчаным побач з гарадзішчам, жыло залежнае насельніцтва, якое павінна было забяспечыць у першую чаргу прадукцыяй жыхароў гарадзішча, таму яны разводзілі буйную рагатую жывёлу і свіней.

У гарадах пры раскопках у асноўным знойдзены косці свойскай жывёлы. Выключэнне складаюць толькі тыя гарады, якія ўзніклі як ваенныя крэпасці (Ваўкавыск, Гродна, Турыйск), дзе паляванне ў параўнанні з жывёлагадоўляй адыгрывала першарадную ролю. У сувязі з высокапрадукцыйнасцю свіней іх у той час разводзілі паўсюдна больш, чым іншых жывёл, не толькі ў гарадах (Мінску, Віцебску, Давыд-Гарадку, Клецку, Ваўкавыску), але і на ўмацаваных паселішчах (Маскавічы, Дрысвяты). У Мінску ў пластах XI-XIII стст. косці свойскай жывёлы складаюць 87%. На долю дзікай жывёлы прыходзіцца 12,9% ад агульнай колькасці. Часцей за ўсё тут палявалі на зубра, косці якога складаюць 3,1% ад агульнай колькасці касцей. За ім ідуць такія разнастайныя дзікія жывёлы, як барсук, касуля, мядзведзь, алень высакародны, воўк, лісіца, бабёр.

Вывучэнне касцей свойскай і дзікай жывёлы дае магчымасць даведацца аб тым, што ў эпоху X-XIII стст. склад статку быў тут даволі шырокі. У яго ўваходзілі ўсе вядомыя ў наш час жывёлы і менавіта яны складалі асноўны мясны рацыён насельніцтва. Выключэнне складаюць толькі тыя гарады, у якіх асноўны мясны прадукт атрымлівалі за кошт палявання (Гродна, Ваўкавыск, Турыйск). Мяса свойскай жывёлы для насельніцтва гэтых гарадоў адыгрывала другарадную ролю. Узніклі гэтыя гарады на заходніх межах усходняга славянства як ваенныя крэпасці і ўклад іх жыцця адрозніваўся ад жыцця насельніцтва іншых гарадоў.

У X-XIII стст. насельніцтва тэрыторыі Беларусі апрача жывёлагадоўлі займалася і птушкагадоўляй. У Навагрудку знойдзены косці курэй, качак, гусей, палявалі на жураўлёў. У Ваўкавыску знойдзены косці гусей і качак, якія, паводле меркаванняў спецыялістаў, маглі быць як хатнімі, так і дзікімі. На іх думку, да хатніх відаў належаць толькі чатыры віды птушак, а да дзікіх - адзінаццаць. Сярод дзікіх пераважаюць асноўныя віды паляўнічай птушкі (глухар^белая курапатка, цецярук, па два віды гусей і качак, жораў, чорны бусел). Ёсць таксама косці арлоў-беркутаў, ястрабаў, якія хутчэй за ўсё выкарыстоўваліся ў якасці лоўчых птушак. Яны знойдзены на другім археалагічным помніку Ваўкавыска, на Шведскай гары, дзе косці дзікіх птушак у параўнанні з касцямі свойскай птушкі складаюць 70%. Гэта ў сваю чаргу з'яўляецца лішнім доказам таго, што тут займаліся паляваннем на дзікую птушку з выкарыстаннем лоўчых птушак. На іншых помніках косці дзікіх птушак сустракаюцца ў нязначнай колькасці. Асаблівай увагі заслугоўвае знойдзеная ў Ваўкавыску косць паўліна ў пласце XI-XII стст. Паўлін трапіў у Ваўкавыск здалёку і належаў заможнаму жыхару горада.

У Лукомлі ў пластах XI-XIII стст. выяўлены косці курыцы і шэрага гуся. Безумоўна, хатнюю птушку ў XI-XIII стст. на тэрыторыі Беларусі разводзілі паўсюдна.

Аснову эканамічнага жыцця насельніцтва складалі земляробства і жывёлагадоўля, якая вырасла і магла развівацца толькі на падставе дасягнення значнага ўзроўню развіцця земляробства.

Паляваннем займаліся больш жыхары ваенных паселішчаў і феадальных замкаў.

Такім чынам, можна меркаваць, што к канцу 1-га - пачатку 2-га тысячагоддзя н.э. у насельніцтва Беларусі існавала даволі развітая для таго часу сельская гаспадарка, у якой вядучая роля належала земляробству. На яго падставе склалася жывёлагадоўля з развядзеннем усіх вядомых у наш час відаў хатняй жывёлы. Пэўнае месца ў гаспадарцы, асабліва для некаторых населеных пунктаў, займала паляванне на буйную дзікую жывёлу. На больш дробную дзікую жывёлу і на птушак таксама палявалі паўсюдна.

Промыслы

Апрача сельскай гаспадаркі як сельскае, так і гарадское насельніцтва займалася промысламі. Самым распаўсюджаным відам промыслу з'яўлялася рыбалоўства. Як правіла, пасяленні, у тым ліку і гарады размяшчаліся па берагах рэк, у якіх вадзіліся многія віды рыбы. Пры раскопках трапляецца шмат лускі і касцей ад рыбы. Апрача таго, знаходзяць самыя розныя прылады, сярод якіх кручкі розных памераў і форм, блёсны з каляровых металаў, гліняныя і каменныя грузілы, паплаўкі з кары сасны і бярозы, рэшткі невада (Полацк), восці, пешні. Апошнія знойдзены ў Брэсце і Ваўкавыску. Па іх можна беспамылкова сцвярджаць аб зімовай лоўлі рыбы. Косці рыбы з раскопак Брэста з'яўляюцца сведкамі таго, што ў X-XI стст. у Бугу і Мухаўцы лавілі самоў, ляшчоў, ласося, акуня, шчупакоў, плотку, яршоў. У Ваўкавыску было вядома 12 прамысловых відаў рыбы (балтыйскі асяцёр, ласось, шчупак, плотка, галаўль, краснапёрка, жэрах, лінь, лешч, сом, судак, акунь). На гарадзішчы Каля в. Маскавічы Браслаўскага раёна вызначаны наступныя віды рыбы: шчупак, лешч, сазан, карась, судак, вугор, ёрш, акунь, плотка. Вялікая колькасць знойдзеных касцей рыбы і такая колькасць відаў рыбы даюць падставу меркаваць аб тым, што лоўля рыбы дазваляла насельніцтву ў X-XIII стст. павялічыць колькасць высокакаларыйных мясных прадуктаў.

Насельніцтва займалася таксама зборам грыбоў, ягад, іншых дзікарослых пладоў лесу. Шкарлупіны лясных арэхаў часта сустракаюцца на археалагічных помніках. У Мінску ў пласце XII ст. знойдзены плады дзікай грушы.

Самымі распаўсюджанымі хатнімі промысламі былі прадзенне і ткацтва, без якіх наогул нельга ўявіць жыццё сярэднявечнага грамадства. Усюды пралі лён і шэрсць, з атрыманых нітак выраблялі тканіны. Доказам развітога ў тыя часы прадзіва з'яўляюцца знаходкі драўляных верацён на тых археалагічных помніках, дзе добра захавалася дрэва (Полацк, Віцебск, Мінск, Брэст, Пінск, Слуцк, Давыд-Гарадок, Слонім) і шыферных праслачкаў, якія сустракаюцца ў вялікай колькасці на кожным помніку гэтага часу. Аб ткацтве сведчаць знаходкі дэталяў ткацкіх станкоў (Полацк, Мінск, Віцебск, Гродна, Брэст), кавалкі тканін. У Брэсце гарызантальны ткацкі станок прадстаўлены пяццю дэталямі (падножкі, ніты, бярдо, чаўнок, цягі).

Значнае месца сярод промыслаў займала бортніцтва. Калі ўлічыць адсутнасць у тую пару цукру і ўсе спажыўныя якасці мёду, то значэнне гэтага промыслу цяжка перабольшыць. Бортніцтва давала не толькі мёд, але і другі вельмі патрэбны і каштоўны прадукт - воск. Абодва яны разам з футрам з'яўляліся для ўсходніх славян асноўным прадметам гандлю з Візантыяй і гарадамі Прычарнамор'я ў раннім сярэднявеччы. Сведчаннем заняткаў бортніцтвам з'яўляюцца знаходкі кавалкаў воску пры раскопках (Полацк, Мінск, Віцебск, Брэст). Зрэдку ў курганах знаходзяць металічныя нажы-мёдарэзкі, падобныя на сучасныя прылады гэтага тыпу.

Металургія ў тыя часы была звязана з горадам і вёскай. Жалезная руда здабывалася ў сельскай мясцовасці, таму сельскае насельніцтва было звязана з распрацоўкай, здабычай і дастаўкай у горад жалеза ў выглядзе таварных крыц. Пэўная частка жалезнай руды выкарыстоўвалася сельскімі кавалямі для вырабу прадметаў побыту, у тым ліку і прылад працы. Яны былі знаёмы не толькі з усімі працэсамі выплаўкі жалеза, але маглі прасцейшымі спосабамі атрымліваць сталь.

Самым распаўсюджаным рамяством у сельскай мясцовасці з'яўлялася ганчарства. Выраблялі пераважна пячныя гаршкі. ©Матэрыял сайта "JiveBelarus.net"

Сельскія ювеліры выраблялі шырока распаўсюджаныя ў тыя часы ўпрыгожанні з каляровых металаў (скроневыя кольцы, бранзалеты, пярсцёнкі).

Крыніцы:

  • [1] Коробушкина Т.Н. Земледелие на территории Белоруссии в X-XIII вв. Мн., 1979.
  • [2] Щеглова В.В. К вопросу о животноводстве и охоте в Белоруссии в средние века // Древности Белоруссии. Мн., 1969. С. 406-426.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.