Балты і славяне ў VI—VIII стст.

Плямёны банцараўскай культуры.

У сярэдзіне 1-га тысячагоддзя н.э. у жыцці насельніцтва Цэнтральнай і Паўночнай Беларусі адбываюцца значныя змены, якія выявіліся ў матэрыяльнай культуры. Культуры штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінская змяняюцца помнікамі тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны. Упершыню яны сталі вядомымі ў канцы 20-х гадоў па матэрыялах, атрыманых з верхняга культурнага гарызонту Банцараўскага гарадзішча пад Мінскам.

Банцараўскае гарадзішча (назва па хутару Банцараўшчына) размешчана на левым беразе р. Свіслач (цяпер вадасховішча Дразды) на гары вышынёй 20 м. Авальная пляцоўка мае памер 50 х 35 м. Гарадзішча ўмацавана валам і равамі. На гарадзішчы-сховішчы збіраліся людзі адной абшчыны, верагодна, з некалькіх неўмацаваных паселішчаў падчас ваеннай небяспекі.

Пры археалагічных раскопках Банцараўскага гарадзішча ў верхнім гарызонце, які датуецца V-VIII стст., знойдзена 20 гліняных пасудзін, вылепленых без прымянення ганчарнага круга. У некаторых гаршках было абвугленае зерне пшаніцы, гароху і проса Сярод пасудзін ёсць такія, якія маюць пашырэнне ў верхняй частцы (так званую "плячыстасць"), што характэрна для вырабаў славян, але большасць мелі форму слоіка ці былі слабапрафіляванымі і, на думку даследчыкаў, належалі балтам [1].

Атрыманы значныя і разнастайныя звесткі аб аналагічных помніках Цэнтральнай і Паўночнай Беларусі. У паўночна-заходняй частцы дняпроўскага басейна і ў Панямонні выяўлена некалькі дзесяткаў паселішчаў V-VIII стст. (Равячка, Гуры, Дзядзілавічы, Гарадзішча, Мікольцы, Хведзічы ў Мінскай вобласці). Матэрыялы гэтага ж часу і адпаведнага культурнага аблічча знойдзены ў Віцебскай вобласці на селішчах паблізу населеных пунктаў Варганы і Лукомль, на гарадзішчах у Полацку і Віцебску. Такія ж старажытнасці выяўлены на гарадзішчах каля в. Цясты Верхнядзвінскага, Пруднікі Міёрскага раёнаў, у Беларускім Падзвінні.

Спачатку насельніцтва банцараўскай культуры, відаць, пражывала толькі на паселішчах, размешчаных на берагах рэк і азёраў. Да ранніх належаць паселішчы каля вёсак Курчына і Равячка Мядзельскага, Варонеч Полацкага, Гуры і Сосенка Вілейскага, Малое Стахава Барысаўскага раёнаў. Найбольш ранні комплекс рэчаў знойдзены пры раскопках паселішча і грунтавога могільніка каля в. Равячка [2]. Тут выяўлены наземныя і паўзямлянкавыя жылыя збудаванні з печкамі-каменкамі. Да V-VI стст. н.э. можна аднесці і селішча ў в. Гуры Вілейскага раёна. Гэта помнікі першага перыяду банцараўскай культуры.

Паселішча другога храналагічнага перыяду знаходзілася ў непасрэднай блізкасці ад ранніх гарадзішчаў, ужо запусцелых да таго часу. Гарадзішчы культуры штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай былі значна перабудаваны і ператвораны ў добра ўмацаваныя сховішчы, дзе хавалася насельніцтва ў час небяспекі. Гарадзішчы-сховішчы і паселішчы каля іх выяўлены каля вёсак Дзядзілавічы Барысаўскага, Гарадзішча, Мікольцы, Некасецк Мядзельскага, Урагава Верхнядзвінскага, Буракова (Новы Болецк) Гарадоцкага раёнаў [3].

Селішча Дзядзілавічы ляжыць на схілах узгорка, на вяршыні якога знаходзілася невялікае гарадзішча, заснаванае плямёнамі культуры штрыхаванай керамікі. Тут даследаваны 54 жылыя збудаванні двух тыпаў - наземныя збудаванні слупавой і зрубавай канструкцыі. Звычайна жытло паглыблена ў грунт амаль на 0,5 м. Ацяплялася яно з дапамогай адкрытых ачагоў або пячэй-каменак, размешчаных у адным з куткоў паўзямлянак. Печы будаваліся з камянёў велічынёй 8-40 см, пры гэтым гліна не выкарыстоўвалася.

Насельніцтва Беларусі ў V—VIII стст
Насельніцтва Беларусі ў V-VIII стст. Арэалы культур: 1 - пражскай; 2 - калочынскай; 3 - банцараўскай; 4 - тушамлянскай; 5 - каменных курганоў; 6 - усходнелітоўскіх курганоў; 7 - шурпатай керамікі; А - міграцыя насельніцтва культуры тыпу Лукі Райкавецкай; Б - міграцыя носьбітаў раменскай культуры ў IX ст.; В - мяркуемая міграцыя носьбітаў культуры каменных курганоў

Значныя даныя атрыманы пры раскопках гарадзішча і паселішча ў в. Гарадзішча Мядзельскага раёна. Гарадзішча неаднаразова перабудоўвалася. Яно было заснавана старажытнейшым насельніцтвам, культура якога блізкая да мілаградскай. Паселішча апусцела ў канцы III - пачатку IV ст. н.э. У V або VI ст. каля гарадзішча ўзнікла селішча. Яго насельніцтва ператварыла пакінутае гарадзішча ў магутнае ўмацаванае сховішча. Па краі пляцоўкі была ўзведзена абарончая сцяна. Гарадзішча было абнесена валам і ровам. Але ў трэцяй чвэрці 1 -га тысячагоддзя н.э. на ім ніхто не жыў пастаянна Яно выкарыстоўвалася як сховішча, месца для захоўвання гаспадарчых прыпасаў і, відаць, як свяцілішча. Неўмацаванае пасяленне размяшчалася на пакатых схілах узгорка вакол гарадзішча, дзе пры раскопках выяўлены 42 паўзямлянкі [4].

З насельніцтвам банцараўскай культуры звязаны могільнікі V-VII стст. Грунтавыя пахаванні выяўлены на паселішчы паблізу в. Равячка. Адно трупаспаленне змешчана ў урне, два іншыя - у ямках. Падобны абрад пахавання прасочваецца на могільніках у Смал енскім Падняпроўі і Падзясенні.

Шматлікія пахаванні ў курганных могільніках гэтага часу былі выяўлены ў Паўночнай Беларусі. Курганы даследаваны ў вёсйах Янкавічы Расонскага, Дарахі Гарадоцкага, Гаравыя Полацкага, Старое Сяло Віцебскагараёнаў. Насыпы ў плане доўгія, падоўжаныя, круглыя. Пахавальны абрад падобны на рытуал апісаных вышэй грунтавых могільнікаў. У насыпы курганоў змяшчаліся рэшткі крэмацыі ў урнах ці без іх. У курганах канца V - сярэдзіны VIII ст. інвентар бедны. Сустракаюцца знаходкі дэталяў касцюма, упрыгожанні, адзінкавыя рэчы (сінія шкляныя пацеркі, невялікія бронзавыя выпуклыя бляшкі, жалезныя спражкі, цуглі, фрагменты арнаментаваных касцяных вырабаў). У якасці урн і накрываючых іх пасудзін выкарыстоўваліся ляпныя гаршкі слоікавай, слабапрафіляванай або цюльпанападобнай формы.

Скроневае бронзавае кальцо Скроневае бронзавае кальцо з гарадзішча Баронікі Віцебскага раёна

У Беларускім Падзвінні ўзнік лакальны (атокінскі) варыянт банцараўскай культуры, які характарызуецца паяўленнем побач з круглымі курганамі доўгіх валападобных насыпаў. Даследчыкі лічаць такія могільнікі крывіцкімі [5].

Археалагічныя даследаванні паказалі, што на паселішчах V -VIII стст. вядучымі галінамі гаспадаркі былі ляднае земляробства і жывёлагадоўля. Дапаможную ролю ў забеспячэнні насельніцтва харчаваннем адыгрывалі прысвойваючыя формы гаспадаркі - паляванне і рыбалоўства. Былі разві ты дамашнія рамёствы, чорная і каляровая металургія, ганчарства, апрацоўка шкур, дрэва, прадзенне, ткацтва.

Час існавання банцараўскай культуры вызначаецца V-VIII стст. Выказаны погляд, згодна якому помнікі ранняга сярэднявечча ў Сярэдняй і Паўночнай Беларусі сфарміраваліся на аснове культур штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай, пры ўдзеле элементаў кіеўскай культуры. Асаблівасці ўздзеяння паўднёвых культур праявіліся ў распаўсюджванні адкрытых паселішчаў, будаўніцтве паўзямлянак, пахавальным абрадзе, з'яўленні гарнпсоў з паверхняй, упрыгожанай так званымі расчосамі.

Банцараўская культура займала тэрыторыю Сярэдняй і Паўночнай Беларуси, а таксама некаторыя суседнія раёны. Роднаснай ёй была тушамлінская культура на Смаленшчыне. Некаторыя даследчыкі лічаць гэтыя культуры балцкімі [6]. Аднак можна назваць некалькі аргументаў на карысць таго, што славяне маюць адносіны да банцараўскай культуры: выяўленне ў некаторых выпадках на гарадзішчах славянскай керамікі, своеасаблівага жытла з печамі-каменкамі, жорнавых камянёў, нажоў з "валютападобным" навершам, трупаспаленняў у круглых курганах VI-VII стст., наяўнасць бясспрэчна славянскай гідранімікі ў Беларускім Падзвінні, культурнага пласта V-VIII стст. з керамікай тыпу Банцараўшчыны - на гарадзішчах і паселішчах старажытных гарадоў Полацка, Віцебска, Лукомля.

Верагодна, у гэты час славяне рассяліліся на землях балцкіх плямён. Археалагічныя матэрыялы дазваляюць меркаваць, што ў фарміраванні банцараўскай культуры ўдзельнічалі таксама славянскія плямёны. Яны з'явіліся на тэрыторыі, дзе раней жылі балты, і ў значнай ступені самі асіміляваліся. Пры далейшым рассяленні славяне канчаткова засялілі Верхняе Падняпроўе і Падзвінне.

Г. Штыхаў

Крыніцы:

Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.