Балты і славяне ў VI—VIII стст.

Г. Штыхаў 07.01.2011

Плямёны калочынскай культуры

Плямёны калочынскай культуры (назва паходзідь ад паселішча Калочын Рэчыцкага раёна). Яны займалі вялізную прастору паўднёвай часткі лясной зоны Усходняй Еўропы [1]. Тэрыторыя іх распаўсюджвання ўключала Беларускае Падняпроўе, Пасожжа, Падзясенне, вярхоўі Сулы і Сейма, басейн Ніжняй Прыпяці. Калочынская культура датуецца сярэдзінай V - пачаткам VIII ст.

Для пасяленчай структуры ўсяго арэала калочынскай культуры характэрна "гнездавое" распаўсюджванне паселішчаў на невялікай адлегласці адзін ад аднаго. Канцэнтрацыя паселішчаў назіраецца па р. Адроў, на праваўзбярэжжы Сожа каля вёсак Шарсцін і Прысно, па Іпуці, каля в. Дзям'янкі, каля в. Тайманава на Дняпры і інш. Селішчы плошчай ад 0,5-0,7 га да 1,5-2,5 га размяшчаліся па краі надпоймавай тэрасы, радзей - на выспах карэннага берага паблізу ад вады. З гнёздамі паселішчаў звычайна звязаны гарадзішчы-сховішчы на выпадак ваеннай небяспекі і свяцілішчы. У Беларусі даследаваны гарадзішчы Калочын, Нікадзімава, Вежкі, Чырвоная Зорка, на Сожы - Залатоміна і інш [2]. Гарадзішчы адрозніваюцца магутнай сістэмай драўляна-земляных умацаванняў, якая складаецца з валоў і драўляных сцен, што абкружалі пляцоўку.

Асноўным тыпам жытла з'яўляліся прамавугольныя ў плане паўзямлянкі плошчай 6-24 м2, са слупавой або зрубавай канструкцыяй сцен. Ацяпляльныя прыстасаванні ў выглядзе адкрытых, зрэдку абкладзеных камянямі агнішчаў размяшчаліся побач з цэнтральным апорным слупам або ў адным з вуглоў жытла. У шэрагу выпадкаў агнішча замяняла печ-каменка. Д а ліку такіх пабудоў адносіцца жытло № 1, даследаванае А. Макушнікавым на паселішчы Нісімкавічы-2. Паўзямлянка блізкая да падквадратнай формы памерамі 3,4 хЗ,5 м была паглыблена ў мацярык на 0,3 м. Уздоўж унутраных сцен на вышыню двух вянкоў захаваліся абгарэлыя бярвёны, рубленыя ў "лапу". Печ-каменка прамавугольнай формы вышынёй 0,4 м, памерамі 1,0-1,1 х 0,95-1,2 м размяшчалася ў паўночна-ўсходнім вугле на ўзроўні падлогі. Уваход у выглядзе прыступка размяшчаўся каля заходняй сценкі. Печы-каменкі знойдзены таксама ў паўзямлянкавых жылых збудаваннях у Шчаткаве, Тайманаве, Юравічах. Для гарадзішчаў-сховішчаў характэрны доўгія наземныя шматкамерныя пабудовы са слупавой канструкцыяй сцен (Калочын-1, Нікадзімава, Вежкі, Панізоўе і інш.).

Пахавальны абрад насельніцтва калочынскай культуры прадстаўлены як грунтавымі (Новы Быхаў, Ніжняя Тошчыца, Тайманава і інш, так і курганным (Колас, Вароніна) пахаваннямі па абрадзе крэмацыі. Абодва тыпы пахаванняў маюць шмат блізкіх рыс. Крэмацыя памерлага праводзілася па-за месцам пахавання разам з пахавальным інвентаром. Рэшткі крэмацыі (кальцыніраваныя косці, попел, вуглі, рэшткі пахавальнага інвентару) засыпался ў яму (грунтавыя пахаванні) або змяшчаліся на гарызонце, а потым узводзіўся курганны насып. Сярод грунтавых пахаванняў пераважаюць урнавыя. У курганах пахаванні суправадЖаліся пасудзінамі-прыстаўкамі на гарызонце або ў насыпе. У кургане каля в. Колас Жлобінскага раёна пахаванне VI-VII стст. было абкружана агароджай з вертыкальных калоў.

Важным вынікам вывучэння калочынскай культуры ў Беларусі з'яўляецца выдзяленне адміністрацыйна-гаспадарчых, племянных цэнтраў, вакол якіх канцэнтраваліся гнёзды паселішчаў. Адміністрацыйна-гаспадарчыя цэнтры прадстаўлены як адкрытымі паселішчамі плошчай да 2,5 га, якія налічвалі некалькі дзесяткаў жылых і гаспадарчых пабудоў (Тайманава), так і гарадзішчамі (Нікадзімава Горацкага, Вежкі Дубровенскага раёнаў).

Ва ўмовах перасялення плямён і каланізацыі ўзрастала пагроза рабаўнічых набегаў, што прымушала мясцовае насельніцтва будаваць гарадзішчы з магутнымі абарончымі ўмацаваннямі. Вельмі цікавым археалагічным помнікам V-VII стст., які адначасова можна разглядаць як помнік эпохі ваеннай дэмакратыі гэтага часу, з'яўляецца гарадзішча, выяўленае ў апошнія гады каля в. Нікадзімава на Магілёўшчыне, якое даследаваў А. Седзін [3].

Нікадзімаўскае гарадзішча знаходзіцца на беразе р. Быстрая, якая ўпадае ў Проню. Яно мае дзве пляцоўкі, добра ўмацавана валамі. Адна пляцоўка выконвала абарончую і, відаць, культавую функцыі. На другой пляцоўцы пры археалагічных даследаваннях з унутранага боку вала выяўлены рэшткі доўгай пабудовы слупавой канструкцыі. Такія пабудовы вядомы на гарадзішчах Смаленшчыны. Пабудова была падзелена на жылыя і гаспадарчыя памяшканні. У значнай колькасці знойдзены прыналежнасці ўзбраення воінаў і рыштунку конніка: шпоры, цуглі і іншыя дэталі конскай збруі. Своеасаблівымі ўпрыгожаннямі з'яўляюцца бронзавыя пальчатыя фібулы, якіх знойдзена 6 экземпляраў.

Паселішча каля в. Вежкі ўключала гарадзішча, пабудаванае на высокім узгорку, і прылеглае да яго з усходняга боку селішча-спадарожнік. Уздоўж краю пляцоўкі гарадзішча размяшчалася высокая драўляная сцяна. З унутранага боку пляцоўкі да яе прымыкалі наземныя драўляныя пабудовы гаспадарчага прызначэння. На гарадзішчы захоўвалася найбольш каштоўная маёмасць абшчыны (запасы харчавання, гаспадарча-бытавы інвентар і інш.). Радавыя члены абшчыны жылі на адкрытым неўмацаваным селішчы-спадарожніку, размешчаным побач з гарадзішчам. У час раскопак на селішчы былі даследаваны дзве невялікія паўзямлянкавыя жылыя пабудовы плошчай 16 м2. У цэнтры пабудоў, якія мел і зрубавую канструкцыю сцен, побач з цэнтральным апорным слупам размяшчаліся адкрытыя агнішчы. Запасы харчавання жыхары захоўвалі ў ямах-скляпах побач з жытлом.

Шматлікія знаходкі гаспадарча-бытавога інвентару (жорнаў, сярпоў, крэсіваў, шылаў і інш.), прадметаў бронзаліцейнага і ювелірнага рамёстваў (тыгляў, л'ячак) сведчаць аб адносна высокім узроўні развіцця сельскагаспадарчай прамысловасці і рамяства. Найвялікшую цікавасць уяўляе калекцыя жаночых упрыгожанняў. Упрыгожанне галавы складалі спіральныя венчыкі, скроневыя кольцы з пашыранымі серпападобнымі канцамі з бронзы і срэбра. Шыю і грудзі ўпрыгожвалі бронзавыя грыўні і маністы са шкляных і бурштынавых пацерак, невялікія ажурныя падвескі са срэбра. На запясці рук адзяваліся бронзавыя бранзалеты з філігранна выкананай арнаментацыяй.

Высокі ўзровень развіцця рамяства, арыентаванага на абслугоўванне як племянной арыстакратыі, так і простага насельніцтва прылеглай акругі, багаты і прэстыжны набор ювелірных упрыгожанняў, зброя сведчаць аб тым, што паселішчы Нікадзімава і Вежкі ў VI-VII стст. з'яўляліся важнымі племяннымі цэнтрамі, якія кантралявалі значную тэрыторыю.

Своеасаблівая гістарычная мяжа для насельніцтва калочынскай культуры Беларускага Падняпроўя прыходзіцца на канец VII - пачатак VIII ст. Асноўнай рысай гэтага перыяду з'яўляецца складанне на вялізнай прасторы лясной і лесастэпавай зон Усходняй Еўропы новых этнакультурных утварэнняў, вядомых па "Аповесці аб мінулых часах". Што тычыцца тэрыторыі Беларусі, то гэта племянныя саюзы крывічоў, радзімічаў, Дрыгавічоў. Прыток новага насельніцтва з паўднёвых раёнаў Падняпроўя прывёў да рэзкіх змен у матэрыяльнай культуры і лёсе насельніцтва рэгіёна. У выніку ваенных сутычак з прышэльцамі ў агні пажараў на мяжы VII-VIII стст. гінуць старыя племянныя цэнтры: гарадзішчы Калочын, Нікадзімава, Вежкі ў Беларускім Падняпроўі, Тушамля і Дзямідаўка на Смаленшчыне і многія іншыя. Частка насельніцтва, якое ацалела ў ходзе ваенных сутыкненняў з прышэльцамі, была выцеснена далей на поўнач, на тэрыторыю віцебскага Падзвіння, другая,-якая засталася на месцы, прыняла ўдзел у фарміраванні новых этнакультурных супольнасцей у Падняпроўі - крывічоў і радзімачаў.

Усе даследчыкі аднадушныя ў вывадах, што паходжанне калочынскай культуры звязана з помнікамі папярэдняга часу на гэтай тэрыторыі, у прыватнасці з кіеўскай культурай III-V стст. Пытанне аб этнічнай прыналежнасці калочынскай культуры застаецца дыскусійным. Некаторыя даследчыкі ўключаюць яе ў балцкі этнічны масіў. Яны ўказваюць на адсутнасць генетычных сувязяў з мясцовымі ўсходнеславянскімі старажытнасцямі наступнага перыяду і на распаўсюджанне балцкіх назваў рэк у Верхнім Падняпроўі [4], другія даследчыкі гавораць аб славянскім характары калочынскіх помнікаў. Трэція лічаць, што калочынская культура балцкая, але знаходзілася пад моцным уплывам славян. Не выключала, што менавіта гэта адпавядае сапраўднасці [5].

Ю. Каласоўскі

Крыніцы:

  • [1] Тэкст "Плямёны калочынскай культуры" напісаў Ю. Каласоўскі.
  • [2] Археалогія і нумізматыка Беларусі.
  • [3] Седин А.А. Новые городища Восточной Беларуси // Магілёўшчына. Вып. 3. Магілёў, 1992. С. 19.
  • [4] Мядзведзеў А.М. Насельніцтва Беларусі ў жалезным веку (VIII ст. да н.э. - VIII ст. н.э.) // Беларускі гістарычны агляд. 1994. Т. 1. Сш. 1.
  • [5] Нарысы гісторыі Беларусі. Мн., 1994. Ч. 1. С. 55.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Падзяліцца Зрабіць запіс у Лайвджорнал
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.