Гарады Беларусі IX—XIII стст.

Вытокі старажытных гарадоў Усходняй Еўропы бяруць свой пачатак як гістарычная з'ява ў пераходным (ваенна-дэмакратычным) перыядзе развіцця ўсходнеславянскага грамадства. Менавіта ў гэты час фарміруюцца асноўныя перадумовы ўзнікнення саслоўна-класавага грамадства, функцыяніраванне якога немагчыма без палітычнай (раннедзяржаўнай) улады і цэнтраў яе канцэнтрацыі. Таму фарміраванне дзяржаўнасці і зараджэнне сярэднявечных гарадоў-з'явы адначасовыя і ўзаемаабумоўленыя ў сваіх генезісных формах.

Шляхі ўзнікнення гарадоў.

Старажытнейшыя гарады на тэрыторыі Беларусі ўзнікалі ў найбольш развітых у эканамічным сэнсе рэгіёнах. Першаасновай гарадоў звычайна станавіліся славянскія паселішчы, якія з'яўляліся цэнтрамі сельскага асяроддзя (племяннымі, абшчыннымі) у другой палове 1-га тысячагоддзя. У розных частках тэрыторыі Беларусі пераход ад племянных княжанняў да раннедзяржаўных утварэнняў адбываўся не адначасова. Так, калі на тэрыторыі Беларускага Падзвіння ўжо існавала раннедзяржаўнае ўтварэнне полацкіх крывічоў з цэнтрам у Полацку, то дрыгавічы яшчэ знаходзіліся ў стане племяннога княжання, а радзімічы, якія ўвайшлі ў X-XI стст. у іншыя раннедзяржаўныя ўтварэнні, так і не здолелі заснаваць самастойнае княства. У выніку славянскай каланізацыі Панямоння тут таксама склаліся перадумовы ўтварэння гарадоў.

Станаўленне гарадскіх форм жыцця на тэрыторыі Усходняй Еўропы не мела адзінай сацыялагічнай схемы. Умоўна сярод разнастайных працэсаў горадаўтварэння выдзелены тры асноўныя напрамкі: 1) гандлёва-рамесны; 2) абшчынна-феадальны; 3) феадальны (дзяржаўны) [1]. Усе гэтыя напрамкі акрэсліліся прыкладна ў адзін час, але мелі розныя ўмовы развіцця і адыгрывалі неаднолькавую ролю ў сацыяльна-эканамічнай гісторыі старажытнага горада.

Гандлёва-рамесны шлях утварэння гарадоў быў абумоўлены ў першую чаргу дзейнасцю ў другой палове 1-га тысячагоддзя трансеўрапейскай гандлёва-эканамічнай супольнасці. У VIII-IX стст. да гэтай эканамічнай сістэмы, якой былі ахоплены землі Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, далучаюцца Усходняя Еўропа і арабскі рэгіён. Наяўнасць у апошнім вялікай колькасці манетнага срэбра, якое стала ўсеагульным эквівалентам для ўсіх тэрыторый, што кантактавалі паміж сабой, адыграла рашаючую ролю ва ўздыме эканомікі гандлёвых факторый. Тое, што Полацк раней за іншыя гарады на тэрыторыі Беларусі змог ператварыцца з племяннога цэнтра ў пратагорад (прагорад), можа тлумачыцца яго найбольш раннім далучэннем да паўночнаеўрапейскай супольнасці на гандлёвым шляху. Спалучэнне ўдалага размяшчэння на важным адрэзку гандлёвага міжнароднага шляху і функцый племяннога цэнтра спрыяла развіццю Полацка ў палітычных адносінах, трансфармацыі яго ў цэнтр раннедзяржаўнага ўтварэння - Полацкага княства. Такім чынам, ужо ў другой палове IX ст. Полацк пачынае набываць новую сацыяльную аснову тэрытарыяльна-палітычнага цэнтра, які аб'яднаў полацкіх крывічоў і дрыгавічоў. У X-XI стст. Полацкая дзяржава пашырае сваю тэрыторыю ў розных напрамках, умацоўвае свае рубяжы крэпасцямі, якія потым ператвараюцца ў гарады (Браслаў, Заслаўе) ці феадальныя сядзібы (Маскавічы, Дрысвяты, Рацюнкі, Пруднікі) [2].

Ва Усходняй Еўропе тым жа шляхам, што і Полацк, вылучыліся ў раннефеадальныя цэнтры Ноўгарад і Кіеў, спалучаючы эканамічную аснову цэнтра племяннога асяроддзя, тэрытарыяльнага і гандлёва-рамесніцкага развіцця ў русле шырокіх знешніх сувязяў.

Па-іншаму складваўся лёс паселішчаў, якія таксама пачалі сваё развіццё ў сістэме трансеўрапейскай эканомікі і знешне мелі рысы прагорада. Такія паселішчы атрымалі назву адкрытых гандлёва-рамесных, таму што ў іх склад уваходзілі невялікае гарадзішча (відаць, гэта цэнтр невялікай абшчыны), вялікае неўмацаванае паселішча з курганным могільнікам, які развіваўся прапарцыянальна росту паселішча, Гэтыя паселішчы размяшчаліся на галоўных водных магістралях, што звязвалі паміж сабой аддаленыя рэгіёны (Ладага, Гнёздава, Шэставіцы і т.д.).

На тэрыторыі Беларусі да паселішчаў гэтага тыпу можна далучыць селішча ў в. Гарадзішча, размешчанае за 12 км на паўночны ўсход ад Пінска, на высокай тэрасе возера Гарадзішчанскага, якое злучаецца пратокай з р. Ясельдай. Яно мела плошчу каля 4 га. Да селішча прымыкае невялікае гарадзішча (плошча 0,59 га), на якім размяшчалася язычніцкае капішча. Датуецца паселішча канцом VIII - пачаткам XI ст. Гэты буйны гандлёва-рамесніцкі цэнтр Палесся, аб чым сведчаць археалагічныя знаходкі падчас раскопак, абслугоўваў у IX-X стст. Прыпяцка-Бугскі водны шлях [3]. Рэчышча р. Піны ў сярэднявеччы падзялялася ў яе нізоўях на два рукавы. Адзін з іх ўпадаў у р. Прыпяць, дзе ў XI ст. быў пабудаваны г. Пінск. Другі каля паселішча Гарадзішча ўпадаў у р. Ясельду. З вярхоўяў Ясельды волакам праз р. Рось можна было трапіць у басейн Нёмана. Такім чынам, магістраль Дняпро-Прыпяць-Ясельда-Нёман злучала землі Кіеўскага Падняпроўя і востраў Готланд.

Трэба адзначыць, што, відаць, у глыбіні тэрыторыі ўсходніх славян на волаках, якія звязвалі паміж сабой асобныя рачныя басейны, у густа заселеных масівах таксама ўзнікалі паселішчы гандлёва-рамесніцкага напрамку. Месцазнаходжанне такіх паселішчаў можна вылучыць па канцэнтрацыі манетных кладаў, курганных могільнікаў, выразным пахавальным інвентары. Можна ўпэўнена гаварыць, што адкрытыя гандлёва-рамесніцкія паселішчы мелі месца на Друцкім волаку, дзе выяўлены шэраг курганных могільнікаў паміж вёскамі Дроздава і Скавышкі і пры раскопках знойдзены гіркі-разнавагі і дэталі шаляў у пахаванні, а таксама вялікая колькасць разнастайных пацерак, упрыгожанняў са срэбра і інш. Гэты комплекс адносіцца да X-XI стст. Падобны комплекс VIII-XI стст. зафіксаваны і на Арэхаўскім волаку з Дняпра ў Заходнюю Дзвіну праз р. Лучосу. Магчыма, паселішча такога ж прызначэння мела месцаў заходне-паўночным рэгіёне Полацкага княства, дзе выяўлена восем скарбаў IX-X стст.

Характэрнай рысай усіх гэтых паселішчаў з'яўляецца тое, што пасля буйнога росквіту ў X ст. яны прыпынілі сваё існаванне ў пачатку XI ст. Гэта сведчыць аб тым, што дадзены шлях утварэння гарадской структуры не меў перспектывы. Слушнай уяўляецца думка, што дадзеныя паселішчы сталі нежыццяздольнымі ў сувязі з фактарамі знешняга сацыяльна-эканамічнага развіцця [4]. Стабілізацыя дзяржаўных структур, усталяванне іх меж прывялі да парушэння былых сувязяў і фарміравання новых эканамічных зон. Таму нельга лічыць, што гандлёва-рамесная сфера была першай стадыяй у трансфармацыі гарадскіх форм жыцця ў раннім сярэднявеччы.

Абшчынна-феадальны і феадальны (дзяржаўны) шляхі ўтварэння гарадоў, эвалюцыя новых сацыяльных форм жыцця, якія вынікаюць з патрэбнасцей развіцця ўсходнеславянскага грамадства, прасочваюцца на беларускіх землях. На прыкладзе гарадоў з тэрыторыі Беларусі відавочна, што частка з іх утварылася на аснове племянных цэнтраў, якія ажыццяўлялі адміністрацыйна-гаспадарчае кіраванне пэўнымі тэрытарыяльнымі акругамі. Да такіх гарадоў можна аднесці Лукомль. Яго развіццю ў гарадскім напрамку спрыяла блізкасць да Друцкага волака, дзе, як ужо гаварылася, ствараліся ўмовы для гандлёва-рамеснай дзейнасці ў канцы 1-га - пачатку 2-га тысячагоддзя. Відаць, племянным цэнтрам дрыгавічоў быў Тураў, які ўзгадваецца ў летапісе пад 980 г. Ён працягваў сваё развіццё як цэнтр Тураўскага княства.

Шэраг гарадоў узнікае ў выніку цэнтралізатарскай палітыкі кіеўскіх князёў, якія падпарадкоўваюць дзяржаўнай уладзе тэрыторыі асобных плямён і племянных княжанняў. Рэформа Уладзіміра Святаславіча 988 г. па замене князёў мясцовых (племянных) на намеснікаў, прызначаных з Кіева, адкрывала новы этап у развіцці дзяржаўнасці і ўтварэнні гарадоў.

На тэрыторыі Тураўскага княства, якое знаходзілася з Кіеўскай дзяржавай у адносінах сюзерэнітэта-васалітэта, з'яўляюцца гарады - цэнтры валасцей, з якіх складваецца новае палітычнае ўтварэнне. У X-XI стст. ажыццяўляўся актыўны працэс пашырэння тэрыторый як ужо існуючых дзяржаўных утварэнняў (Полацкае, Кіеўскае, Наўгародскае княствы), так і тых, якія дасягнулі дзяржаўнага ўзроўню развіцця на аснове сфарміраваных раней племянных тэрыторый. У сувязі з гэтым шэраг славянскіХ паселішчаў, якія з'яўляліся цэнтрамі сельскага асяроддзя, ператвараецца ў памежныя крэпасці. Шэраг старажытных гарадоў Беларусі сваёй асновай мелі славянскія неўмацаваныя паселішчы, якія згарэлі ў выніку ператварэння іх тэрыторыі ў ваенна-адміністрацыйныя адзінкі дзяржаўнай улады. Прыкладам могуць быць паселішча на Шведскай Гары ў Ваўкавыску, на гарадзішчы ў в. Турыйск, дзе былі ўзведзены абарончыя валы пасля знішчэння неўмацаваных славянскіх паселішчаў. Цікавасць уяўляе спалучэнне пагранічных аб'ектаў, якія з'яўляліся спачатку пагостамі - цэнтрамі кіравання акругамі і збірання рэгламентаванай даніны з іх насельніцтва. На ўскраіне Полацкай дзяржавы на левым беразе р. Свіслачы з другой паловы X ст. фіксуецца неўмацаванае паселішча - пагост, дзе збіралася даніна на карысць кіеўскага князя Святаслава Ігаравіча (знойдзены ў раскопках клеймы гэтага князя). Побач размяшчалася ядро будучай Менскай воласці з адміністрацыйным цэнтрам - паселішчам на р. Мене (Менцы), прытоку Пцічы. Калі ў канцы X ст. Уладзімір Святаславіч перадаў свайму сыну Ізяславу і жонцы Рагнедзе Полацкае княства, то побач з пагостам ужо на правым беразе р. Свіслачы ўзнікае крэпасць (Замэчак), тою адзначана памежжа Полацкага княства.

У процівагу Заслаўю (Ізяслаўлю) на р. Мене таксама ўзводзіцца абарончая крэпасць, якая з'яўляецца цэнтрам Мёнскай воласці. Развіццё палітычных адносін паміж кіеўскімі і полацкімі князямі прыводзіць да перадачы Полацкаму княству гарадоў Віцебска, Усвята. Прыкладна ў гэты час Полацкаму княству адыходзіць і Менская воласць [5]. Гарады Віцебск, Усвят узніклі ў выніку падпарадкавання дзяржаўнай уладзе племянных тэрыторый і ўвядзення тут тэрытарыяльна-адміністрацыйных адзінак у сярэдзіне - другой палове X ст. Гэтыя гарады размяшчаліся на важным шляху палітычных і гаспадарчых зносін паміж Кіевам і Ноўгарадам і былі вялікай спакусай для Полацкага княства.

Беларускія гарады Пасожжа ўзніклі пазней і не былі аб'яднаны ў адно палітычна-тэрытарыяльнае ўтварэнне. Найбольш раннім горадам Беларускага Падняпроўя і Пасожжа з'яўляецца Гомель (Гомій), які ўтварыўся на аснове племянного цэнтра радзімічаў VIII - пачатку X ст. У X ст. ён ужо ўваходзіць у склад адміністрацыйных цэнтраў Чарнігаўскага княства, адлюстроўвае высокі ўзровень сацыяльна-эканамічнага развіцця [6]. Гарады Пасожжа выраслі ў XI ст. з паселішчаў, якія ўзніклі пры асваенні славянамі гэтай тэрыторыі (Чачэрск, Прупой, Крычаў). У гэты час на аснове славянскага паселішча ўзнікае Магілёў на Дняпры. Недастатковая вывучанасць помніка не дазваляе зрабіць больш канкрэтныя вывады аб шляху яго станаўлення.

Гарады Пасожжа падзяліліся паміж Смаленскім і Чарнігаўскім княствамі. Прычым калі ў Ніжнім Пасожжы асноўным фактарам развіцця гарадоў быў сацыяльна-эканамічны, то ў Сярэднім Пасожжы прасочваецца значны адбітак дзейнасці княжацкай адміністрацыі Смаленскай зямлі [7].

Два гарады Беларускага Падняпроўя - Орша і Копысь - выконвалі тую ж ролю супрацьстаяння па баках мяжы, што і гарады Ізяслаўль і Менск (пасяленне Менка). Копысь узнікла на аснове славянскага неўмацаванага паселішча ў XI ст., а ў канцы стагоддзя была памежнай крэпасцю Смаленскага княства. На процілеглым беразе Дняпра ў пачатку XII ст. таксама на аснове славянскага паселішча ўзводзіцца крэпасць Полацкага княства - Орша. Яе ўзвядзенне сведчыць, дакуль даходзіла мяжа Полацкага княства-зямлі ў гэты час на паўднёвым усходзе [8]. Пісьмовыя крыніцы больш позняга часу дазваляюць меркаваць, што паўднёва-ўсходні рубеж Віцебскага княства-зямлі, сфарміраванага ў складзе Полацкай дзяржавы, быў перасунуты далей на поўдзень, бо ў яго ўжо ўваходзілі Цяцерын і Магілёў.

У цеснай сувязі з пытаннем аб шляхах утварэння гарадоў стаіць пытанне аб "пераносе" гарадоў. Падчас археалагічнага вывучэння старажытных гарадоў назіраюцца з'явы перамяшчэння іх цэнтральнай часткі - дзядзінца і адпаведныя змены ў тапаграфічнай структуры горада. Яшчэ больш цікавай з'явай можна назваць узнікненне на некаторай адлегласці (да некалькіх кіламетраў) новага гарадскога ўтварэння, якое нібыта пераймае функцыі папярэдняга горада, ці пратагорада, а часам існуе з ім на працягу некаторага перыяду. У асобных выпадках да новага гарадскога ўтварэння пераходзіць назва папярэдняга. "Перанос" гарадоў некаторымі даследчыкамі ўспрымаецца як адзін са шляхоў бесперапыннага іх развіцця. Наяўнасць адначасовага суіснавання абодвух пунктаў дазволіла іншым даследчыкам убачыць у гэтым раздзяленне іх функцый, якое з цягам часу змяняецца канцэнтрацыяй гэтых функцый на адным больш жыццяздольным паселішчы [9].

Нажная ступа XIII ст.
План сярэднявечнага Менска:
1 - пасадскія паселішчы XII - XIII стст.;
2 - павелічэнне тэрыторыі пасада ў XIV - XV стст.;
3 - валы;
4 - балота;
5 - вуліцы

Здаецца, што з'ява пераносу гарадоў альбо змянення ў іх тапаграфічнай структуры на прамую звязана з усім комплексам перамен не толькі ў сферы горадаўтварэння, але і ў сферы развіцця дзяржаўнасці. Вядома, што найбольш ранні горад Полацкага княства Полацк на рубяжы X-XI стст. змяніў сваю тапаграфічную структуру. Яго цэнтр, які быў размешчаны на гарадзішчы, што выконвала ў папярэдні час ролю племяннога цэнтра, перамяшчаецца на тэрыторыю будучага Верхняга замка. У гэты час рэзка павялічваецца гарадская тэрыторыя, а ў сярэдзіне XI ст. на Верхнім замку ўзводзіцца Сафійскі сабор [10]. Прычыны гэтых перамен, відаць, звязаны з усталяваннем у Полацкім княстве самастойнай княжацкай дынастыі, уздымам яе аўтарытэту на палітычнай арэне. Гэтыя фактары садзейнічалі сацыяльна-эканамічнаму развіццю Полацка, знешне адлюстраванаму ў структурных пераменах і павелічэнні тэрыторыі. У канцы XI ст. адбываюцца змены ў тапаграфічнай структуры Заслаўя. Крэпасць, узведзеная як вотчына Ізяслава ў канцы X ст. (гарадзішча Замэчак), к канцу XI ст. страціла значэнне і функцыі гарадскога цэнтра пераходзяць да новага ўмацавання (пазней - тэрыторыя бастыённага замка). З гэтага часу горад паспяхова развіваецца па схеме планіроўкі, тыповай для старажытных гарадоў, пашырае сваю тэрыторыю [11]. Што паўплывала на такія перамены?

Ю. Заяц абгрунтаваў магчымасць выдзялення Менскага ўдзела да 1085 г. і пры гэтым зазначыў, што ва ўдзел выдзялялася тэрытарыяльная, адміністрацыйна-эканамічная і ваенная адзінка зямлі, якая ўжо склалася [12]. Такое палажэнне магло датычыцца не толькі Менскага (Мінскага) удзела. Да канца XI ст. маглі ўтварыцца і іншыя ўдзелы ў складзе Полацкай зямлі, адным з якіх быў Заслаўскі. Перамены ў тапаграфічнай структуры горада могут" быць звязаны з тым, што ён ужо выступае ў якасці цэнтра самастойнага ўдзела. Ёсць, як адзначалася, выпадкі, калі ажыццяўляўся перанос горада на іншае месца. Дыскусійным з'яўляецца пытанне аб пераносе Менска з р. Мены на р. Свіслач. Мяркуюць, што першапачатковы Менск знаходзіўся ў вярхоўях Пцічы на р. Мене [13].

Пасля пераходу Менскай воласці ад кіеўскіх князёў да Полацкага княства мяжа апошняга прасунулася на поўдзёнь. Адной з прычын пераносу цэнтра воласці з р. Мены на р. Свіслач магло быць жаданне полацкай княжацкай улады падкрэсліць прыналежнасць гэтай воласці да новай дзяржавы. Але разам з гэтай маглі быць і іншыя прычыны, якія ў сукупнасці спрыялі такому пераносу.

Другім горадам па значэнні ў Тураўскім княстве быў Пінск. Размешчаны ў цэнтры тэрыторыі княства, ён не мог быць заснаваны як памежная крэпасць. Вялікія памеры дзядзінца і ранняе засяленне вакольнага горада не дазваляюць меркаваць аб вырастанні Пінска з феадальнай сядзібы. Хутчэй за ўсё гэта быў ваенна-адміністрацыйны цэнтр акругі (воласці) на тэрыторыі княства [14].

Раней гаварылася аб існаванні на адлегласці 12 км ад Пінска адкрытага гандлёва-рамеснага паселішча ў в. Гарадзішча. Яно спыняе сваё існаванне тады, калі Пінск становіцца цэнтрам акругі. Як бачна, працэсы дзяржаваўтварэння і ўзнікнення гарадоў ідуць побач.

Крыніцы:

  • [1] Толочко П.П. Древнерусский феодальный город. Киев, 1989. С. 233.
  • [2] Дучыц Л.У. Браслаўскае Паазер'е ў IX-XIV стст. С. 87-89.
  • [3] Гістарычна-археалагічны зборнік. Мн., 1993. Ч. 1. С. 117-127.
  • [4] Толочко П.П. Древнерусский феодальный город. С. 164.
  • [5] Заяц Ю.А. Менская земля // Беларускі гістарычны часопіс. 1993. № 4. С. 11-14.
  • [6] Макушников О.А. В поисках древнего Гомия. С. 51,59-61.
  • [7] Метельскйй А.А. Города Белорусского Посожья в X-XIII вв.: Автореф. дис.... канд. ист. наук. Мн. 1992. С. 18.
  • [8] Ляўко В.М. Смаленска-Полацкае памежжа ў Верхнім Падняпроўі (па археалагічных і пісьмовых крыніцах) // Гістарычна-археалагічны зборнік. Мн., 1997. № 12. С. 172-180.
  • [9] Толочко П.П. Древнерусский феодальный город. С. 52-53.
  • [10] Тарасаў С.В. Полацк IX-XVII стст. Гісторыя і тапаграфія. С. 37.
  • [11] Заяц Ю.А. Заславль в эпоху феодализма. С. 202-204.
  • [12] Заяц Ю.А. Менская зямля. С. 6-7.
  • [13] Штыхов Г.В. Города Полоцкой земли (IX-XIII вв.). С. 63-64,81.
  • [14] Лысенко П.Ф. Города Туровской земли. С. 117.
Спадабаўся матэрыял? Падзяліцеся з сябрамі!
Каментары чытачоў
Няма каментароў. Ваш каментар будзе першы.

Вы можаце пакінуць свой каментар, уласную думку ці пытанне па выкладзенаму вышэй матэрыялу.